Жыгімонт
Жыгімонт — мужчынскае імя.
ПаходжаньнеРэдагаваць
Жыгімонт — літоўская (беларуская) форма старажытнага пашыранага германскага (гоцкага) імя Sigimunt, якое трапіла ў хрысьціянскі іменаслоў[1]. Фармант -монт- празь імёны Альгімонт, Монтгерд і Гердзімонт зьвязвае Жыгімонта зь імём Альгерд, якое таксама мае поўныя германскія адпаведнікі (герцаг Альгерд з Гогенштайну[2]). Увогуле, гэты фармант даволі часта сустракаецца ў імёнах літоўскіх князёў і баяраў: Валімонт, Відзімонт, Гаўдымунда, Даўмонт, Мінімонт, Нарымонт, Скаламонт, Скірмунт, Судзімонт, Талімонт, Эйсмонт, Ямонт, Монтвід, Монтвіл, Монтгайла, Монтрым, Монтаўт ды іншыя. Той жа фармант — як і поўныя адпаведнікі пералічаных літоўскіх імёнаў — можна сустрэць у старажытных германскіх (гоцкіх) імёнах: Alhmund, Walmund, Witmund, Gaudemund, Damundus, Munimund, Nordmund, Scaramunt, Eumund, Willmant, Teutmunt, Herimont, Gesimundus, Sidimundus, Mundila, Mondericus ды іншых[3].
Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» прыводзіць дакладныя германскія адпаведнікі імёнаў Альгерда і Любарта. Апроч таго, да германскага паходжаньня ён меркавана залічвае імёны Вітаўт (Вітольд), Уладзімер (Вальдэмар), Рагвалод (Рэгінальд), Рагнеда (Райнільда) ды некаторыя іншыя[4].
Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда, які адзначае імавернасьць повязі ліцьвінаў з палабскімі люцічамі, аднак больш імаверным лічыць іх германскае паходжаньне, разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў. Паводле Алёхны Дайліды, імя Жыгімонт складаецца з двух фармантаў, пашыраных ва ўсходнегерманскіх імёнах: -жыг- (-зіг-) (імёны Sigeberto, Sigisvultus, Sigismer), які тлумачыцца ад бургундзкага і гоцкага sigus 'перамога', і -монт- (-мунт-, -мунд-) (імёны Damundus, Gesimundus, Sidimundus, Mundila, Mondericus), які тлумачыцца ад гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[5]. Такім парадкам, імя Жыгімонт азначае «перамога гарлівасьці»[6].
Славянская і германская формы гэтага імя атаясамліваліся з даўніх часоў, пра што сьведчыць, сярод іншага, напісаньне імя Жыгімонта Люксэмбурскага ў выкананым на загад караля і вялікага князя Казімера Ягайлавіча кірылічным надпісе ў Сьвятакрыскай капліцы Кракаўскага каралеўскага замка[7][8]:
К ухвале іменя найвышшага Бога Айца ўсемагушчага, пабудавана касьцёлу сяя капліца, павяленьнем вялікага а праслаўнага Караля, прасьветнага Казіміра з Боскай міласьці Польскага і Вялікага Князя Літоўскага, Троцкага і Жамойцкага, і Княжаця Прускага, Пана і дзедзіча тых і іных многа земь Гаспадара, і яго каралевяй пранайясьнейшай паняй Элізабэты з пакаленьня Цэсарскага продка пранайясьнейшага Жыгімонта Пана земь Ракускай, Чэскай, і Вугорскай | ||
НосьбітыРэдагаваць
- Жыгімонт Кейстутавіч (каля 1365 — 1440) — вялікі князь літоўскі (1439—1440)
- Жыгімонт (Сігізмунд) Люксэмбурскі (1368—1437) — імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі (1410—1437)
- Жыгімонт Карыбутавіч (каля 1385 — 1435) — кароль чэскі, вайскавод Вялікага Княства Літоўскага
- Жыгімонт Стары (1467—1548) — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (1506—1548)
- Жыгімонт Аўгуст (1520—1572) — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (1548—1572, фармальна з 1529)
- Янаш II Жыгімонт (Жыгманд) Заполья (1540—1571) — кароль вугорскі (1540—1570) і князь сяміградзкі (1570—1571)
- Жыгімонт Ваза (1566—1632) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі 1587—1632), кароль швэдзкі (1592—1599, тытулярны кароль да 1632)
- Жыгімонт Караль Радзівіл (1591—1642) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Крайчы (1633—1638) і падчашы вялікі літоўскі (1638—1642), ваявода наваградзкі (1642)
- Крыштап Жыгімонт Пац (1621—1684) — вайсковы і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Харунжы (1646—1856), падканцлер (1656—1658) і канцлер вялікі літоўскі (з 1658)
- Жыгімонт Казімер Ваза (1640—1647) — адзіны сын караля польскага і вялікага князя літоўскага Ўладзіслава Вазы і яго першай жонкі Цэцыліі Рэнаты Габсбург
Глядзіце таксамаРэдагаваць
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 16—26.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 23.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 213.
- ^ Дашкевич Н. П. Заметки по истории Литовско-Русского государства. — Киев, 1885. С. 108.