Жыгімонт Караль Радзівіл
Жыгімо́нт Ка́раль Радзіві́л (4 сьнежня 1591, Нясьвіж — 5 лістапада 1642, Асызі) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Крайчы (1633—1638) і падчашы вялікі літоўскі (1638—1642), ваявода наваградзкі (1642).
Жыгімонт Караль Радзівіл | |
Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 4 сьнежня 1591 Нясьвіж |
Памёр | 5 лістапада 1642 Асызі |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Мікалай Радзівіл «Сіротка» Альжбета Яўхімія зь Вішнявецкіх |
Дзейнасьць | палітык |
Валодаў Дзераўной, Хотавам, Крашынам, Калдычэвам і Бярозаўцам у Наваградзкім ваяводзтве, Шыдлоўцам у Польшчы. IV ардынат на Нясьвіжы (з 1636).
Імя
рэдагавацьЗігімунд, Зігімунт, Зігісмунд або Зігісмонд, пазьней Зыгмунд, Зыгмант або Жыгмант (Sigimund, Sigimunt, Sigismund, Sigismondus[1], Siegmund, Zygmont[2], Żygmont[2]) — імя германскага паходжаньня[3]. Іменная аснова сіг- (зыг-, зег-) (імёны ліцьвінаў Зігібут, Зыгел, Зыгер; германскія імёны Sigibot, Sigel, Siger) паходзіць ад гоцкага і бургундзкага sigus 'перамога'[4], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Скірмунт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sciremunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[5] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[4]. Такім парадкам, імя Жыгімонт азначае «перамога гарлівасьці»[6].
Адпаведнасьць імя Жыгімонт германскаму імю Sigimund сьцьвердзілі францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[7], і амэрыканскі лінгвіст Альфрэд Зэн[8].
Біяграфія
рэдагавацьЗь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Мікалая «Сіроткі», ваяводы віленскага, і Альжбеты Яўхіміі зь Вішнявецкіх. Меў братоў Альбрэхта Ўладзіслава, Аляксандра Людвіка, Крыштапа Мікалая, Мікалая і Яна Юрыя.
Навучаўся ў Нясьвіскім езуіцкім калегіюме, унівэрсытэце Балёньні. У 1612 року ўступіў у рыцарскі Мальтыйскі ордэн і ваяваў з туркамі ў Міжземнамор’і. У 1614 року ўзначаліў заснаваную для яго бацькам Сталовіцкую камандорыю ордэну ў складзе маёнткаў Сталовічаў і Пацейкаў у Наваградзкім ваяводзтве.
Браў удзел у бітве з туркамі пад Хоцінам 1621 року. У час Трыццацігадовай вайны 1618—1648 рокаў з 1622 року ў арміі Габсбургаў ваяваў супраць пратэстанцкіх нямецкіх князёў, з 1623 року камандуючы лісоўчыкаў у імпэрскім войску. У 1625 року ўзначаліў таксама Познанскую камандорыю Мальтыйскага ордэну.
На вайну Рэчы Паспалітай з Швэцыяй 1600—1629 рокаў у 1628 року выставіў уласны полк. Браў удзел у баёх пад Смаленскам у час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1632—1634 рокаў.
У 1614 року атрымаў урад падкаморага сталовіцкага, у 1617 року — крайчага кароннага, у 1633 року — крайчага вялікага літоўскага, у 1638 року — падчашага вялікага літоўскага, у 1642 року — ваяводы наваградзкага. Абіраўся паслом на соймы 1625, 1626, 1632, 1633, 1635, 1637 і 1639 рокаў.
Збудаваў у Сталовічах касьцёл Яна Хрысьціцеля з мураваным «ларэтанскім домікам» Панны Марыі, у іншых сваіх уладаньнях — 4 уніяцкія царквы, касьцёл у Дзераўной, шпіталі ў Сталовічах і Крошыне. У канцы жыцьця падтрымліваў каралеўскі плян арганізацыі ў Рэчы Паспалітай асобнага прыярату Мальтыйскага ордэну, які меўся ўзначаліць.
Галерэя
рэдагаваць-
Gortzius Geldorp, 1619 р.
-
Невядомы мастак, 1646—1653 рр.
-
З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Г. Ляйбовіч, 1758 р.
-
М. Старкман, 1857 р.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 198.
- ^ а б Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 179.
- ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1330.
- ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
- ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 180.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 23.
- ^ Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 102.
- ^ Senn A. Zur Bildung litauischer Gewässernamen // Annali. Sezione Slava. Istituto Universitario Orientale di Napoli. 2 (1959). P. 46.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Мн.: Беларусь, 2007.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8