Слонім — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Росквіт паселішча адбыўся ў XVIII ст. за часамі Міхала Казімера Агінскага, які заснаваў тут некалькі ўстановаў (капэлю, балетную і музычную школы, опэрны тэатар) і прамысловых прадпрыемстваў, а таксама збудаваў Агінскі канал. Высокі культурны статус Слоніму прычыніўся да таго, што сучасьнікі звалі яго «Палескімі Атэнамі». Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, аўстэрыя Агінскіх, палац Пуслоўскіх у Альбэртыне, комплексы кляштараў бэрнардынак з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і бэрнардынаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Тройцы, касьцёл Сьвятога Андрэя, капліца Сьвятога Дамініка, кляштар бэнэдыктынак і сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся палац і тэатар Агінскіх, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама касьцёл Божага Цела пры кляштары канонікаў лятэранскіх, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Раньнія часы

рэдагаваць

У ХІІ—ХІІІ стагодзьдзяў старажытны Слонім (рус. Вслонимъ) быў горадам з высокай матэрыяльнай культурай, разьвітымі рамёствамі і гандлем. Ужо ў ХІІ ст. на Замчышчы (правы бераг Шчары), імаверна, існаваў драўляны замак.

Паводле некаторых дасьледнікаў, першы магчымы пісьмовы ўпамін пра Слонім мае зьвязкі зь бітвай паміж паўднёварускімі дружынамі і мясцовымі абаронцамі і датуецца 1102 годам[1]. Аднак згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі, паселішча ўпершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам[2]. Менавіта ад гэтай даты места афіцыйна вядзе сваю гісторыю[3]. У пэрыяд гэтага стагодзьдзя ўяўляў сабою цэнтар аднаго з удзельных княстваў былога Гарадзенскага княства.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

У другой палове[2] ХІІІ ст. Слонім далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1281 годам упамінаецца «князь васлонімскі» Васілька[a]. За Гедымінам аднесены да ўладаньняў ягонага сына Манівіда, але праз чатыры гады па сьмерці Гедыміна Слонім трапляе ў склад заходняй часткі ВКЛ, кіраванай Кейстутам.

 
Мескі герб, 1792 г.
 
Харугва Слонімскага павету

15 ліпеня 1410 году Слонімская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве. У 1413 годзе места ўвайшло ў склад Троцкага ваяводзтва. У 1490 годзе вялікі князь Казімер заснаваў у Слоніме першы касьцёл (у 1775 годзе на яго месцы збудавалі мураваны касьцёл Сьвятога Андрэя). У 1506 годзе места зруйнавалі татары, стары замак больш не аднаўляўся. З 1507 году Слонім перайшоў пад адміністрацыю навастворанага Наваградзкага ваяводзтва. У 1520 годзе за намесьнікам Янам Радзівілам, у асноўным завяршылася ўзьвядзеньне новага замку.

20 студзеня 1532[2] году вялікі князь Жыгімонт Стары надаў Слоніму Магдэбурскае права (пацьвярджалася ў 1591 і 1679 гадох, скасаванае ў 1776 годзе). У 1558 годзе згодна з прывілеем вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ў месьце штогод праводзіліся 2 кірмашы. У 1560 годзе маёнтак перайшоў у валоданьне маршалка надворнага Р. Валовіча, у 1586 годзе — канцлера Льва Сапегі, пазьней — падканцлера Казімера Льва Сапегі. З XVI ст. стала вядомым прадмесьце Замосьце, з 1560-х гадоў згодна з утварэньнем межаў паветаў мястэчка пераходзіць у склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва.

Па складаньні Люблінскай (1569 год) і Берасьцейскай (1596 год) уніяў у Слоніме зьявіліся рымска-каталіцкія манаскія ордэны — бэрнардыны, бэрнардынкі, бэнэдыктынкі, францішканы, дамініканы, езуіты і іншыя, вялося актыўнае кляштарнае будаваньне. 4 студзеня 1591 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зацьвердзіў мескі герб: «залаты леў з падвойным срэбным крыжом са стрэлкай на блакітным полі»[4].

 
Знак паштовай станцыі
 
Міхал Казімер Агінскі

У 1597—1685 гадох у Слоніме праводзіліся перадсоймавыя генэральныя соймікі Вялікага Княства Літоўскага. У 1605 годзе Леў Сапега заснаваў у месьце першы ткацкі цэх.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Слоніму і ваколіцаў ліцьвінамі: у сьпісе студэнтаў Замойскай акадэміі пад 1624/1625 годам значыцца Theophilus Nicolai Tryzna, Lithuanus, distr Slonimensis[5]. Паводле каталёгу студэнтаў Грэцкай калегіі ў Рыме, Захар Ількоўскі (Zacharius Ilkouski) азначаецца як Lithuanus, ex distrisctu Slonimiensi (1640 год), а Амброзі Растоцкі — як Lithuanus ex civitate Slonim (1792 год)[6]. У запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Оламаўцу значацца Georgius Bulhac Lituanus Slonimensis (1720—1721 гады), Marcellus Warzatzky Lythvanus Slonimensis (1736—1740 гады)[7].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў верасьні 1655 году маскоўскія захопнікі пад камандай А. Трубяцкога зруйнавалі Слонім, забілі або ўзялі ў палон каля паловы месьцічаў. На пэўны час места заняпала.

Па аднаўленьні ўчыненых у часе войнаў разбурэньняў, у XVIII ст. распачаўся эканамічны і культурны ўздым Слоніму, зьвязаны зь дзейнасьцю гетмана вялікага Міхала Казімера Агінскага (1728—1800), які заснаваў тут рэзыдэнцыю і адкрыў друкарню. У гэты час у месьце пачалі працаваць прадпрыемствы-вытворцы ядвабовых тканін, дываноў і шэраг іншых, прыстань для рачных судоў. У 1784 годзе адкрылася Слонімская габэленавая мануфактура.

З 1765 году ў Слоніме дзеялі капэля і тэатральная трупа, пры якой працавалі балетная і музычная школы. У 1775 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі запрасіў ансамбль мясцовай опэры на выступы ў Варшаву. У 1777—1788 гадох з ініцыятывы М. К. Агінскага ў месьце збудавалі «Дом Опэры» («Опэрнгаўз») (зруйнаваны расейскімі ўладамі па 1804 годзе).

У 1767—1783 гадох з ініцыятывы і на сродкі М. К. Агінскага вялося будаваньне Агінскага каналу, працягласьць якога складала 47 км (разам з Выганашчанскім возерам — 54 км). Канал злучыў Шчару з Ясольдай (вялікі канал), а ў межах Слоніму выпраставаў рукаў Шчары (малы канал). На 1771 год на канале Агінскага функцыянаваў «плывучы» тэатар на баржах.

На канец XVIII ст. кампаноўку Слоніму вызначаў Замкавы пляц (цяпер плошча Льва Сапегі) з радыяльнымі трактамі на Менск, Вільню (Моўчадзкі тракт) і Горадню (з XV ст. Замкавы, потым Дзярэчынскі тракт, злучаў зь мескім цэнтрам праз масты на Шчары левабярэжную частку Слоніму і прымескую вёску Панасоўку).

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Войцех Пуслоўскі
 
Панарама места з боку Шчары

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Слонім апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам губэрні (з 1801 году — цэнтар павету Гарадзенскай губэрні). У 1796 годзе ў Слоніме ўжо існавалі і значыліся на мескім пляне будынкі палацавага комплексу М. К. Агінскага. У 1804 годзе на Агінскім канале распачалося суднаходзтва. У 1806 годзе Войцех Пуслоўскі заснаваў папяровую фабрыку «Альбэртын». На 1810 год у Слоніме было 658 жылых дамоў (у тым ліку 4 мураваныя), на 1825 год — 700 дамоў (14 мураваных), на 1857 год — 811 дамоў (66 мураваных). У 1886 годзе праз Слонім прайшла чыгунка Баранавічы — Беласток, пры будаваньні якой цалкам зрэзалі замкавае ўзвышша на правым беразе Шчары і суседні юдэйскі могільнік (найстарэйшы ў месьце). Фальклярыст і этнограф Міхал Федароўскі, які зьбіраў этнаграфічную беларушчыну ў 1877—1904 гадох, засьведчыў пра Слонімскі павет: «называе люд [беларускі]: сябе — ліцьвінамі, жмудзінаў — гіргатунамі»[8].

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Слоніме было 1312 жылых дамоў, у тым ліку 333 мураваныя; працавалі 5 піваварных, 4 ганчарныя 2 гарбарныя заводы, 2 канатныя фабрыкі, некалькі млыноў; дзеялі 2 клясная павятовая, прыходзкая і пачатковая габрэйская вучэльні, а таксама прыватны жаночы пансіён; 2 касьцёлы, 2 царквы, 7 сынагогаў, мячэт. У пачатку XX ст. адкрыліся слонімскія гімназіі і Слонімская рэальная вучэльня. Вялікую ролю ў разьвіцьці прамысловасьці места адыгралі буйныя зямяне графы Пуслоўскія, якія ў прадмесьці Слоніму — Альбэртыне адкрылі медную, дывановую лесапільную мануфактуры, Альбэртынскую суконную фабрыку ды іншыя.

За часамі Першай Сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Слонім занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Слонім абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Дварэцкай, Жыровіцкай і Міжэвіцкай воласьцяў Слонімскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[9]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Слонім увайшоў у склад Беларускай ССР[10]. 14 студзеня 1919 году места ўзялі бальшавікі, 2 сакавіка 1919 году — польскае войска, 20 ліпеня 1920 году — зноў бальшавікі, 27 верасьня 1920 году — палякі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Слонім апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Вядучую ролю ў гаспадарцы пачала выконваць дрэваапрацоўчая прамысловасьць, разьвівалася меская інфраструктура — шырылася сетка вадаводаў, запрацавала энэргетычная сетка, адкрыліся два шпіталі, і некалькі паліклінікаў. У 1932—1937 гадох у Альбэртыне на беларускай мове выдаваўся вуніяцкі рэлігійны часопіс «Да злучэньня!». 25 сьнежня 1938 году выйшаў першы нумар «Газэты Слонімскай».

18 верасьня 1939 году войскі СССР увайшлі ў Слонім, неўзабаве места далучылі да БССР. У 1940 годзе Слонім стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1954 году Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 10 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ ПСРЛ. Т. 2. — СПб, 1843. С. 209.
  1. ^ Грипич А. Слоним: история, факты // «Слонімскі веснік» № 152—153, 2002.
  2. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 584.
  3. ^ История, Слонимский районный исполнительный комитет
  4. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  5. ^ Šedvydis L. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės valdančiojo elito rengimas viešajam valstybės gyvenimui XVI a. — XVII a. viduryje: disertacija. — Kaunas, 2016. P. 157.
  6. ^ Надсан А. Беларусы ў Грэцкай калегіі // Запісы БІНіМ. Т. 30. — New York — Miensk, 2006. С. 170, 176.
  7. ^ Blažejovskyj D. Ukrainian and Armenian pontifical seminaries of Lviv (1665—1784) (Analecta OSBM. Vol. 29). — Rom, 1975. P. 59.
  8. ^ Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 4. — Warszawa, 1935. S. 453.
  9. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  10. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура

рэдагаваць