Да Злучэньня!

(Перанакіравана з «Да злучэньня»)

«Да Злучэньня!» — беларускі рэлігійны часопіс, прысьвечаны справам Уніі, які заснавалі і выдавалі ў 1932—1937 гг. беларускія айцы-езуіты з Усходняй місіі ў Альбэртыне пад Слонімам.

«Да Злучэньня!»
Тэматыка рэлігійная
Пэрыядычнасьць штомесячнік
Краіна Польшча
Адрас Альбэртын, з 1934 — Вільня, Айцы Езуіты
Заснавальнік Таварыства Ісуса
Выдавец Выдавецтва Таварыства Ісусавага
Галоўны рэдактар а. Антон Неманцэвіч
Дата заснаваньня 1932
Дата закрыцьця 1939
Мова беларуская
Аб’ём 20 палосаў фармату А5

Рэдакцыя і супрацоўнікі

рэдагаваць

Часопіс «Да Злучэньня!» быў адзіным беларускамоўным пэрыядычным выданьнем, якое выдавалася ў межах неаўнійнага руху ў першай палове ХХ ст. Друкаваўся звычайна на 20 палосах фармату А5 у Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні (вул. Завальная, 1). Адзін асобнік часопісу каштаваў 20 грошаў, кошт падпіскі на год складаў 2 злотыя.

Рэдактарам часопісу быў а. Антон Неманцэвіч — вядомы дзяяч беларускага каталіцкага адраджэньня пачатку ХХ ст. і адзін з самых яркіх прадстаўнікоў усяго ўнійнага руху. Свае матэрыялы ён часьцей за ўсё падпісваў як «Злучэнец», «а. Антоні» або зусім бяз подпісу. Дапамагалі рэдагаваць таксама маладыя беларускія сэмнарысты-езуіты. Сярод аўтараў, чые матэрыялы друкаваліся ў штомесячніку «Да Злучэньня!», былі: грэка-каталіцкі сьвятар а. Баляслаў Пачопка, беларускі марыянін бізантыйскага абраду а. Язэп Германовіч (Вінцук Адважны), кс. Пётра Татарыновіч, вядомы польскі езуіт а. Ян Урбан і інш.

Зь лістападу 1934 г. (з № 35), пасьля накіраваньня а. Антона Неманцэвіча на выкладчыцкую працу ў Папскую духоўную сэмінарыю ў м. Дубна (сёньня — Ровенская вобл., Украіна), месцам выданьня часопісу замест Альбэртыну стала пазначацца Вільня. Пры гэтым рэдактар часопісу «Да Злучэньня!» а. Антон Неманцэвіч адрас рэдакцыі падаваў у Папскай сэмінарыі ў м. Дубна.[1]

Аўдыторыя і тэматыка

рэдагаваць

Часопіс «Да Злучэньня!» быў скіраваны на папулярызацыю ідэі Уніі ў шырокіх колах беларускага грамадзтва. На яго старонках зьмяшчаліся папулярныя катэхетычныя апавяданьні; урыўкі з чарговых нядзельных эвангельскіх чытаньняў, якія друкаваліся ў адпаведнасьці з календаром Царквы бізантыйскага абраду; артыкулы, якія знаёмілі з рэлігійнымі практыкамі і дактрынай Каталіцкай Царквы ўсходняга абраду. У часопісе друкаваліся рэпартажы і гістарычныя артыкулы, якія знаёмілі чытача з гісторыяй і тагачаснай практыкай каталіцтва ўсходняга абраду. Друкаваліся тут і артыкулы, якія выказвалі розныя погляды на шляхі і мэтады разьвіцьця ўнійнай дзейнасьці ў Заходняй Беларусі ў тыя часы, а таксама палеміка зь непрыхільнымі да Уніі і Каталіцкай Царквы выказваньнямі з польска-шавіністычнага ці праваслаўнага боку. Фактычна штомесячнік «Да Злучэньня!», акрамя зьдзяйсьненьня інфармацыйна-прапагандысцкай функцыі, выконваў яшчэ й функцыю фармаваньня ідэяў у беларускай плыні неауніі[2].

Сярод матэрыялаў часопісу асаблівае і сталае месца займалі матэрыялы дзіцячай скіраванасьці — «Куток для дзяцей».

На апошняй старонцы часопісу традыцыйна зьмяшчаўся царкоўны каляндар на месяц зь сьвятамі «грэка-славянскага абраду» (паводле старога стылю) і паралельна — лацінскага абраду (паводле новага стылю).

Мэты і рэдакцыйная палітыка

рэдагаваць

Мэты, якія ставіла перад сабой рэдакцыя і якія падзяляліся колам людзей, згуртаваных вакол часопісу, дэкляраваліся ў праграмным артыкуле «Ад рэдакцыі», які быў зьмешчаны ў першым нумары часопісу, які выйшаў у 1932 годзе. Галоўнай мэтай часопісу «Да Злучэньня!» ставілася задача пашырэньня сярод беларусаў думкі і пажаданьня Ісуса Хрыста пра рэлігійную (царкоўную) еднасьць хрысьціянаў, што была выяўленая ў словах Хрыста: «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21). Гэтае волевыяўленьне называлася ў артыкуле «найвялікшым і найглыбейшым пажаданьнем» Ісуса Хрыста.

У адрозьненьне ад іншых масавых выданьняў, прысьвечаных Уніі, якія былі даступныя ў Заходняй Беларусі, часопіс «Да Злучэньня!» меў выразна нацыянальны беларускі характар. Такая скіраванасьць была закладзена ўжо ў праграмным рэдакцыйным артыкуле. Аўдыторыяй, да якой было накіраванае пасланьне праграмнага артыкулу, ёсьць увесь беларускі народ. Гэта можна прасачыць ужо ў першых словах артыкулу: «Да злучэньня мы клічам усіх беларусаў, сыноў-дачок аднае нашае Бацькаўшчыны, разьбітых на часткі ў найбольш чуткім месцы свае душы, у сазнаньні свае рэлігійнае прыналежнасьці».[3] Хоць паводле практыкі неаўнійнай дзейнасьці галоўным «аб’ектам» гэтай дзейнасьці былі вернікі бізантыйскага абраду, зьяднаныя або незьяднаныя з Рымскім Пасадам, рэдакцыя часопісу «Да Злучэньня!» пераходзіла гэтыя межы і зьвярталася ў сваіх матэрыялах да ўсяго беларускага народу, лічачы ўвесь народ ахвярай рэлігійнай разьдзеленасьці.

Згодна з думкай рэдакцыі, гістарычныя перадумовы рэлігійнага расколу сярод беларусаў палягалі ў ліквідацыі Ўніяцкай Царквы, як часткі Каталіцкай Царквы ў Беларусі: «Расійскія цары і іх прыслужнікі накінулі сілком сінадальнае праваслаўе».[4]

Рэдакцыя заставалася на пазыцыях вернасьці Каталіцкай Царкве, лічачы яе адзінай праўдзівай Царквой. Сьведчаньнем гэтага былі матэрыялы з спасылкамі на асобу апостала Пятра як на падмурак Царквы; гістарычныя адсылкі на тое, што «шмат беларусоў адарвалі расейскія цары ад адзінай Хрыстовай усесьветнай Царквы».[3]

Рэлігійная еднасьць для рэдакцыі часопісу была зарукай еднасьці нацыянальнай: «бо сам Хрыстос запэўніў, кажучы: „Шукайце насамперш Каралеўства Божага, а ўсё астатняе дадасца вам“».[5]

На старонках часопісу крытыкавалася распаўсюджанае блытаньне нацыянальнай і рэлігійнай самаідэнтыфікацыі, калі людзі беларускага паходжаньня акрэсьлівалі сябе як «палякаў» ці «рускіх» на падставе сваёй рэлігійнай прыналежнасьці.

Для рэдактара часопісу а. Антона Неманцэвіча было вельмі важным практычнае супрацоўніцтва хрысьціянаў розных дэнамінацыйяў. Яркі прыклад сумеснага выступленьня праваслаўнага і каталіцкага сьвятара на дыспуце з бальшавіцкімі атэістамі прыводзіцца ім у артыкуле «Наш адказ» у дзявятым нумары за 1932 год.[2]

Рэдакцыя часопісу высока ацэньвала стойкасьць беларуса ў веры, якую засьведчыў у сваіх творах Францішак Багушэвіч.

Матэрыялы часопісу «Да Злучэньня!» сустракалі насьцярожанае стаўленьне польскіх уладаў. У выніку часопіс у 1937 быў нават зачынены.[6] Усяго выйшла 60 нумароў часопісу.[7]

Працягам часопісу «Да Злучэньня!» з 1938 стаў часопіс з трохі зьмененай назвай — «Злучэньне», які выдаваўся беларускай лацінкай і ўжо не ў Альбэртыне, а ў Варшаве.[6]

  1. ^ Да Злучэньня! — 1934. — № 11.
  2. ^ а б Яўген Усошын. Ідэйныя пастулаты неаунійнага руху паводле праграмнага рэдакцыйнага артыкула ў часопісе «Да злучэння» (№ 1 за 1932 г.)
  3. ^ а б Ад рэдакцыі // Да Злучэньня! — 1932. — № 1. — С. 2-5.
  4. ^ Ад рэдакцыі // Да Злучэньня! — 1932. — № 1. — С. 4.
  5. ^ Ад рэдакцыі // Да Злучэньня! — 1932. — № 1. — С. 2.
  6. ^ а б Юры Туронак. Спробы адраджэння Уніяцкай Царквы на Беларусі ў ХХ стагодзьдзі / Ю. Туронак // Мадэрная гісторыя Беларусі / пад рэд. В. Булгакава. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 436.
  7. ^ Глеб Бабкін. Да злучэння / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 184.

Літаратура

рэдагаваць
  • Яўген Усошын. Ідэйныя пастулаты неаунійнага руху паводле праграмнага рэдакцыйнага артыкула ў часопісе «Да Злучэння» (№ 1 за 1932 г.)