Дрэваапрацоўчая прамысловасьць

галіна эканомікі

Дрэваапрацо́ўчая прамысло́васьць — галіна хіміка-мэханічнай апрацоўкі драўніны.

Улучае 3 галіны вытворчасьці:

У 1997 годзе найбольшымі пастаўнікамі дрэваапрацоўчых вырабаў былі ЗША, Швэцыя, Фінляндыя, Нарвэгія, Канада, Расея і Ўкраіна. Асноўнымі перапрацоўнікамі прывазной сыравіны былі Нямеччына, Японія, Італія, Францыя, Вялікабрытанія, Аўстрыя, Швайцарыя, Данія, Бэльгія і Славенія. На ўласнай сыравіне разьвівалася дрэваапрацоўка ў Чэхіі, Славаччыне, Польшчы, Румыніі, Вугоршчыне, Баўгарыі, Латвіі і Летуве[1].

Беларусь

рэдагаваць

У 1913 годзе лесапілаваньне склала 59,1% вырабаў дрэваапрацоўчай прамысловасьці Беларусі. Звыш паловы лясной сыравіны і паўфабрыкатаў паставілі за мяжу. Працавалі Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя заводы. Таксама дзейнічалі запалкавыя і фанэрныя фабрыкі ў Барысаве, Гомлі і Пінску. У 1920—1930-я гады «Менскі дрэваапрацоўчы завод», «Гомельскі лесакамбінат», «Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат», «Бабруйскі лесакамбінат», «Бабруйскі фанэрна-дрэваапрацоўчы камбінат» і «Віцебскі фанэрны завод». На пачатак 1941 году ў Беларусі дзейнічала 26 лесапільных заводаў, 16 фанэрных заводаў, 5 мэблевых фабрык, 4 запалкавыя фабрыкі і 3 дрэваапрацоўчыя камбінаты. У 1940 годзе на Беларускую ССР прыпала 34,8% выпуску клеенай фанэры ў Савецкім Саюзе і 28,6% выпуску запалак. У 1989 годзе на Беларусь прыпадала 0,7% лясоў СССР. Пры гэтым у Беларусі выпусьцілі 10,6% фанэры ў СССР, каля 8% драўнянавалакністых (ДВП) і каля 7% драўнянастружкавых плітаў (ДСП), 6% мэблі і 3,4% паперы[1].

У 1997 годзе прадпрыемствы канцэрну «Беллеспаперапрам» выпусьцілі каля 70% дрэваапрацоўчых вырабаў Беларусі, большасьць якіх паставілі за мяжу, пераважна ў Расею. На 1998 год найбольшымі дрэваапрацоўчымі прадпрыемствамі Беларусі ў складзе «Беллеспаперапраму» былі: «Бабруйская мэблевая фабрыка» (Магілёўская вобласьць), «Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат», «Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат» (Гомельская вобласьць), «Мазырская мэблевая фабрыка», «Менскпраектмэбля», «Пінская дрэваапрацоўча-фанэрная фабрыка», «Івацэвічдрэў» (Берасьцейская вобласьць), «Мастоўскі фанэрна-дрэваапрацоўчы камбінат» (Гарадзенская вобласьць) і «Рэчыцадрэў». Таксама дзейнічала звыш 100 прыватных мэблевых прадпрыемстваў, у тым ліку сумесных. Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт, навукова-вытворчае аб’яднаньне «Менскпраектмэбля» і найбольшыя дрэваапрацоўчыя аб’яднаньні Беларусі канструявалі мэблю, распрацоўвалі дрэваапрацоўчае абсталяваньне і драўняныя матэрыялы, для чаго дасьледавалі фізыка-хімічныя ўласьцівасьці драўніны[1].

За 2020 год прадпрыемствы Беларусі перапрацавалі звыш 20 млн кубамэтраў драўніны, зь якой выпускалі каля 75 відаў вырабаў. Пагатоў, 81% вырабаў паставілі за мяжу ў 65 краінаў сьвету. За 2015—2021 гады лік вытворцаў мэблі падвоіўся да больш як 1300 прадпрыемстваў. Сярэднемесячны заробак працаўнікоў галіны складаў 1247 рублёў (491 даляр)[2].

  1. ^ а б в г Аляксандар Барташэвіч. Дрэваапрацоўчая прамысловасьць // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 230231. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
  2. ^ Дрэваапрацоўчая прамысловасьць Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 11 лістапада 2021 г. Праверана 14 сьнежня 2021 г.