Віленскі ўнівэрсытэт

Віленскі ўнівэрсытэт (польск. Uniwersytet Wileński, лет. Vilniaus universitetas) — дзяржаўны ўнівэрсытэт у Вільні, заснаваны ў 1579 годзе Стэфанам Баторыем. Галоўная навучальная ўстанова Вялікага Княства Літоўскага, трэці найстарэйшы ўнівэрсытэт на землях Рэчы Паспалітай і адзін з найстарэйшых ва Ўсходняй Эўропе. Найстарэйшы ўнівэрсытэт Беларусі[2], цяпер найбуйнейшы ўнівэрсытэт у Летуве.

Віленскі ўнівэрсытэт
лац. Vilenski ŭniversytet
Vilniaus universitetas, Uniwersytet Wileński
Лягатып
Лягатып
па-лацінску: Universitas Vilnensis
Дэвіз Hinc itur ad astra
Заснаваны 1 красавіка 1579
Рэктар prof. Rimvydas Petrauskas
Факультэтаў 12
Колькасьць пэрсаналу 3761[1]
Колькасьць студэнтаў 21 593[1] (2013)
Месцазнаходжаньне
Геаграфічныя каардынаты 54°40′57″ пн. ш. 25°17′14″ у. д. / 54.6825° пн. ш. 25.28722° у. д. / 54.6825; 25.28722Каардынаты: 54°40′57″ пн. ш. 25°17′14″ у. д. / 54.6825° пн. ш. 25.28722° у. д. / 54.6825; 25.28722
Горад Вільня
Краіна Летува
Кампус гарадзкі
Былыя назвы Віленская акадэмія і ўнівэрсытэт;
Унівэрсытэт Стэфана Баторыя (1919—1939)
Знаходзіцца ў складзе EUA, Утрэхцкая сетка
Вэб-сайт www.vu.lt (лет.) (анг.)
Віленскі ўнівэрсытэт на мапе Летувы
Віленскі ўнівэрсытэт
Віленскі ўнівэрсытэт
Віленскі ўнівэрсытэт

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Вышэйшую навучальную ўстанову ў Вільні заснавалі ў 1579 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы (першы прывілей ад 7 ліпеня 1578 году, другі — ад 1 красавіка 1579) і папа рымскі Грыгорыюс XIII (була ад 30 кастрычніка 1579 году) як Акадэмію і ўнівэрсытэт Віленскага таварыства Езуса (лац. Almae Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu). Акадэмія ўтварылася на аснове езуіцкага калегіюму, адчыненага ў 1569 годзе[2]. Першым рэктарам стаў Пётар Скарга, які добра ведаў беларускую мову і напісаў на ёй шэраг твораў[3].

Ад пачатку складаўся з двух факультэтаў — філязофскага і тэалягічнага. У 1632 годзе тут навучалася каля 1200 юнакоў[4]. У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў прывілей на заснаваньне мэдычнага і юрыдычнага факультэтаў. У 1753 годзе адкрылася абсэрваторыя, а пры ёй — фізычны і астранамічны факультэты.

Шчодрыя ахвяраваньні рабіла шляхта і магнаты Вялікага Княства Літоўскага: Казімер Леў Сапега падараваў багатую бібліятэку і стаў фундатарам юрыдычнага факультэту, на сродкі Альжбеты Пузыны тут заснавалі адну зь першых у Эўропе навуковых астранамічных абсэрваторыяў, Мікалай Радзівіл «Сіротка» перадаў акадэміі друкарскае абсталяваньне і шрыфты[5].

Адчыненая ў 1586 годзе акадэмічная друкарня выдавала на некалькіх эўрапейскіх мовах падручнікі, слоўнікі, філязофскую, юрыдычную літаратуру, гістарычныя дасьледаваньні, мастацкія творы. З друкарняй супрацоўнічалі гравэры Тамаш Макоўскі, Аляксандар і Лявон Тарасевічы[5].

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655—1660 гадох ня дзейнічаў праз маскоўскую акупацыю. Гуманітарны курс аднавіўся ў 1660 годзе, філязофскі — у 1662 годзе, тэалягічны — 1666 годзе[6].

Па скасаваньні ордэну езуітаў (1773 год) у 1781 годзе ў выніку рэформы, праведзенай Адукацыйнай камісіі, пераўтварыўся ў Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага (лац. Schola Princips Magni Ducatus Lithuaniae) — сьвецкую вышэйшую навучальную ўстанову. У гэты час пашыраецца назва ўнівэрсытэт замест ранейшай акадэміі і адзначаецца найбольшы росквіт навучальнай установы, якая мела найлепшы ў Рэчы Паспалітай мэдычны факультэт.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) улады Расейскай імпэрыі перайменавалі Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага ў Галоўную віленскую школу (рас. Главная виленская школа). 16 красавіка 1803 году згодна з актам маскоўскага гаспадара Аляксандра I Галоўную віленскую школу перайменавалі ў імпэратарскі Віленскі ўнівэрсытэт. У юрысдыкцыю ўнівэрсытэту перадаваліся адукацыйныя ўстановы Віленскай навучальнай акругі, якая ахоплівала восем губэрняў Расейскай імпэрыі: (Віленская, Гарадзенская, Менская, Магілёўская, Віцебская, Валынская, Падольская, Кіеўская). У 1803 годзе апекуном Віленскай навучальнай акругі быў прызначаны князь Адам Чартарыйскі (1770—1861), спрыяў росквіту ўнівэрсытэту. Адам Чартарыйскі займаў пасаду апекуна на працягу дваццаці гадоў (у 1803—1823 гадох), сумяшчаючы яе з пастамі таварыша міністра замежных справаў (1802—1804) і міністра замежных справаў (1802—1807).

У адпаведнасьці з зацьверджаным 18 траўня 1803 году «Статутам або агульнай пастанове імператарскага Віленскага ўнівэрсытэту і вучэльняў яго акругі» ўнівэрсытэт быў адначасна навучальнай, навуковай і навучальна-адміністрацыйнай мясцовай установай, якая абірае дырэктараў гімназіяў, наглядчыкаў павятовых вучэльняў і іншыя службовыя асобы, якія кантралявалі навучальна-мэтадычную, дысцыплінарную, гаспадарчую дзейнасьць акруговых навучальных установаў, выдаваў і цэнзураваў навучальную і мэтадычную літаратуру. У настаўніцкай сэмінарыі пры ўнівэрсытэце рыхтаваліся кваліфікаваныя школьныя пэдагогі.

У 1804 годзе Віленскі ўнівэрсытэт прызначыў спэцыяльных візытарараў у школы Віленскай і Гарадзенскай губэрняў, сярод абавязкаў якіх значылася (пункт 10): «Візытатар у абедзьвюх гэтых губэрнях мае даведацца падрабязна пра Самагіцкую (Жмудзкую) мову, дзе і як далёка сягае яе ўжываньне, заўважаючы асаблівыя пра яе зьвесткі; таксама мае даручыць і школьным станам старанна зьбіраць усе падрабязнасьці, якія маглі б растлумачыць паходжаньне гэтай мовы і яе ўласьцівасьці, праз што можна было б выразьней даведацца пра гісторыю таго народа, якому гэта мова была прыродная; сабраныя ж заўвагі пра яе, пісаньні, песьні ды іншае на гэтай мове маюць быць дасыланыя ва Ўнівэрсытэт»[a][7][8].

 
Аўла Віленскага ўнівэрсытэту

Віленскі ўнівэрсытэт быў найбольш багатым сярод усіх унівэрсытэтаў Расейскай імпэрыі: акрамя штатнай сумы ў 130 тысячаў рублёў у год, якія вылучаліся ўсім унівэрсытэтам, дадатковыя сродкі складалі штогадовыя паступленьні ў 105 тысячаў рублёў з даходаў былых езуіцкіх маёнткаў, а таксама аднаразовыя асыгнаваньні. Колькасьць студэнтаў вырасла ад 290 у 1804 годзе ў да 1321 у 1830 годзе. Да 1823 году ён стаў найбуйнейшым унівэрсытэтам Расейскай імпэрыі і Эўропы, колькасьцю студэнтаў пераўзыходзячы Оксфардзкі ўнівэрсытэт.

Ад пачатку ў Віленскім унівэрсытэце надаваліся доктарскія і магістарскія ступені ў шырокім коле навуковых дысцыплінаў — пісьменстве, кіраваньні дзяржаўнымі даходамі і гандлем, замежных дзяржаўных дачыненьнях, правазнаўстве, архітэктуры і іншым. У 1819 годзе расейскія ўлады пазбавілі ўнівэрсытэт права наданьня навуковых ступеняў магістра і доктара; выпускнікі маглі атрымаць ступень кандыдата. У 1821 годзе забаранілі выдаваць і кандыдацкія дыплёмы.

У Віленскім унівэрсытэце дзейнічалі таемныя студэнцкія патрыятычныя арганізацыі (філяматы, філярэты, «прамяністыя»). У 1823 годзе паводле справы аб прыналежнасьці да іх расейскія ўлады арыштавалі дзясяткі выхаванцаў унівэрсытэту, у тым ліку Адам Міцкевіча. 108 зь іх атрымалі выракі ў расейскіх судох. Па доўгім знаходжаньні ў зьняволеньні падчас сьледзтва і суду 20 чалавек выслалі ў розныя гарады Расеі. Адама Чартарыйскага адхілілі ад пасады. Яго месца заняў Мікалай Навасільцаў (1768—1838). У сувязі з працэсам філяматаў з ініцыятывы Навасільцава з унівэрсытэту пастановай 14 жніўня 1824 году дзеля «стрыманьня шкоднага ўплыву, якое атрымала супрацідзейная ўнівэрсытэцкаму кіраўніцтву партыя», звольнілі і выслалі зь Літвы прафэсараў Юзэфа Галухоўскага, Ігната Даніловіча, Яўхіа Лялевеля і Міхала Баброўскага.

З прычыны беспасярэдняга ўдзелу або ўскоснай датычнасьці студэнтаў і выкладчыкаў да вызвольнага паўстаньня 1831 году маскоўскі гаспадар Мікалай I сваім рэскрыптам ад 1 траўня 1832 году зачыніў Віленскі ўнівэрсытэт. Застаўся толькі мэдычны факультэт, ператвораны ў Мэдычна-хірургічную акадэмію.

З 1855 году ў будынках Віленскага ўнівэрсытэту разьмяшчаўся Музэй старажытнасьцяў, пазьней Публічная бібліятэка, архіў, а таксама дзьве мужчынскія гімназіі. У розны час у іх навучаліся літаратар і калекцыянэр Аляксандар Жыркевіч (1857—1927), польскі дзяржаўны дзеяч Юзэф Пілсудзкі (1867—1935), савецкі дзяржаўны дзеяч Фэлікс Дзяржынскі (1877—1926), актор Васіль Качалаў (1875—1948), тэарэтык літаратуры Міхаіл Бахцін (1895—1975).

Найшоўшы час

рэдагаваць
 
Камітэт адбудовы Віленскага ўнівэрсытэту, 7 траўня 1919 г. Ад левага боку стаяць: Зыгмунт Нагродзкі, праф. Людвік Каляноўскі, праф. Станіслаў Пташыцкі, праф. Станіслаў Владычка, праф. Фэрдынанд Рушчыц, Уладзіслаў Умястоўскі
 
Хор Беларускага студэнцкага саюзу пры Віленскім унівэрсытэце на чале з Рыгорам Шырмам і з удзелам Міхася Забэйды-Суміцкага, 1931 г.

11 кастрычніка 1919 году з ініцыятывы Юзэфа Пілсудзкага ў будынках Віленскага ўнівэрсытэту адбылося ўрачыстае адкрыцьцё ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя (польск. Uniwersytet Stefana Batorego w Wilnie). Навучаньне ва ўнівэрсытэце адпавядала палітыцы міжваеннай Польскай Рэспублікі. Студэнты-беларусы стварылі Беларускі студэнцкі саюз, які выдаваў часопісы Наш Шлях і Студэнцкая думка. У 1932—1936 гадох традыцыю студэнцкіх арганізацыяў Віленскага ўнівэрсытэтут працягнуў «Фронт» (Студэнцкая левіца «Фронт») — легальная арганізацыя. Працавала пад уплывам Кампартыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), аб’ядноўвала каля паловы польскіх, беларускіх, летувіскіх студэнтаў, уплывала на інтэлігенцыю і нацыянальныя арганізацыі. Друкаваны орган Фронту — газэта «Zew» («Заклік»); выдавала папулярныя ў Польшчы газэты «Po prostu» («Папросту») і «Karta» («Карта»), у якіх супрацоўнічалі Максім Танк, Ежы Путрамент; нелегальныя рэвалюцыйныя ўлёткі. Польскія ўлады забаранілі дзейнасьць арганізацыі, кіраўнікоў пасадзілі ў турму.

Па тым, як Сталін увосень 1939 году перадаў Летуве Вільню, унівэрсытэт на кароткі час летувізавалі. Яго назву зьмянілі на лет. Vilniaus Universitetas, а летувіскую мову ўпершыню абвясьцілі афіцыйнай мовай выкладаньня. У 1940 годзе па далучэньні Летувы да СССР адбылася саветызацыя ўнівэрсытэту. Аднак у адрозьненьне ад БССР і УССР, савецкае кіраўніцтва дазволіла Летуве, як і Латвіі з Эстоніяй, мець унівэрсытэт на мове тытульнай нацыі. Гэты летувіскамоўны Віленскі ўнівэрсытэт хутка стаў «раем для балцкіх дасьледаваньняў»[9]. Пры гэтым беларусы пры прыёме ў гэтую ВНУ дыскрымінаваліся: колькасьць студэнтаў-беларусаў не перавышала 1%[10].

У 1990 годзе Віленскі ўнівэрсытэт атрымаў аўтаномны статус, а па аднаўленьні незалежнасьці Летувы адбылася яго паўторная летувізацыя.

Структура

рэдагаваць
 
Двор Скаргі

Гістарычна складаўся з чатырох факультэтаў — фізыка-матэматычнага, мэдычнага, маральна-палітычнага (з багаслоўем) і літаратурнага з вытанчанымі мастацтвамі. Налічваў 32 катэдры, дзе выкладалася 55 прадметаў. Меў батанічны сад, анатамічны музэй, клініку, фізычную і хімічную лябараторыі, бібліятэку ў 60 тысячаў тамоў.

Да сярэдзіны XVII ст. мовамі навучаньня, як і ўва ўсіх езуіцкіх навучальных установаў Вялікага Княства Літоўскага, былі беларуская і лацінская[2][11]. З 2-й паловы XVII ст. у зьвязку з працэсамі палянізацыі адбыўся пераход ад беларускай да польскай мовы. Па адхіленьні Адама Чартарыйскага (1823 год) улады Расейскай імпэрыі паступова ўводзілі чытаньне асобных прадметаў на расейскай мове.

Вядомыя навучэнцы

рэдагаваць
 
Адам Міцкевіч

Сярод выхаванцаў унівэрсытэту:

і многія іншыя.

Нобэлеўскія ляўрэаты

рэдагаваць
  1. ^ рас. «Визитатор в обоих сих губернях не оставит в продолжение своего обозрения осведомляться подробно о Самогитском (Жмудском) языке, где и как далеко простирается его употребление, замечая сам особенные об нем известия; равным образом имеет препоручить и училищным сословиям прилежно собирать все подробности, кои могли бы объяснить происхождение сего языка и его собственность или свойство, чрез что можно бы явственнее узнать историю того народа, коему оный язык был природный; собранные жа замечания об нем, писания, песни и проч. на сем языке имеют быть присылаемы в Университет»
  1. ^ а б Facts and Figures (анг.). Vilnius University.
  2. ^ а б в Жлутка А. Калі быў заснаваны першы ўніверсітэт на Беларусі? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 40.
  3. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 170.
  4. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 171.
  5. ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 173.
  6. ^ Пазднякоў В. Віленская акадэмія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 411.
  7. ^ Сборник распоряжений по Министерству народного просвещения. Т. 1. — СПб., 1866. С. 36.
  8. ^ Алфавитный указатель к Сборнику распоряжений по Министерству народного просвещения. — СПб., 1867. С. 78.
  9. ^ Snyder T. The Reconstruction of Nations. — Yale Univ. Press, 2003. P. 93.
  10. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 386.
  11. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 168.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць