Усевалад Сьцебурака

Усе́валад Мікала́евіч Сьцебура́ка (нар. 17 ліпеня 1981, Жлобін) — беларускі паэт, шоўмэн, тэлевядоўца. Ляўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2004).

Усевалад Сьцебурака
лац. Usievaład Ścieburaka
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 17 ліпеня 1981 (43 гады)
Жлобін, Гомельская вобласьць, БССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці гісторык, прафэсар, пісьменьнік, паэт, празаік,
Мова беларуская мова
Прэміі «Залаты апостраф», «Прэмія імя Міхася Стральцова»
Узнагароды
Творы на сайце Kamunikat.org

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і дактароў Мікалая і Інэсы Сьцебуракаў. Малодшы брат — Анатоль Сьцебурака — беларускі гісторык, дацэнт БДУ. У дзяцінстве жыў у Жлобіне і вёсцы Амговічы Слуцкага раёну Менскай вобласьці. У 1990 годзе сям’я пераехала ў Вялейку, дзе атрымаў сярэднюю адукацыю ў гарадзкой гімназіі. Скончыў гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка ў 2003 годзе, асьпірантуру па спэцыяльнасьці «Гісторыя Беларусі» БДТУ ў 2006 годзе. З 1998 году жыве ў Менску.

Працаваў на пасадзе навуковага супрацоўніка ў Дзяржаўным музэі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. У 2003—2010 гадах выкладаў гістарычныя дысцыпліны ў БДТУ і БДПУ. З 2012 году працуе ў ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» (ГА СБП). У 2012—2017 гг. на пасадзе памочніка старшыні, з сакавіка 2017 году — намесьнік старшыні ГА СБП [1].

З 2015 супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат» у якасьці вядучага праграмы «Размова» (2015—2019 гг.). З 2018 г. як вядучы і сцэнарыст працуе ў сатырычным праекце тэлеканала «Белсат»«Хай так ТВ», што стаў пілётнай айчыннай вэрсіяй папулярнага фармату Late night show. У працы над першым у гісторыі беларускага тэлебачаньня вечаровым шоў таксама бяруць удзел многія вядомыя дзеячы культуры (кліпмэйкер Мацей Сабураў, бард Яўген Барышнікаў, актор Дзьмітры Есяневіч, Віталь Рыжкоў і інш.)

Як шоўмэн вядзе розныя культурныя мерапрыемствы, сярод якіх беларускія літаратурныя прэміі: «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, «Лепшая паэтычная кніга года» імя Натальлі Арсеньневай, «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова, прэзэнтацыі культурніцкай кампаніі Будзьма беларусамі і іншае[2]. Разам з народнай артысткай Рэспублікі Беларусь Зінаідай Бандарэнка вёў урачыстую частку вялікага сьвяточнага канцэрту «БНР-100» у Менску, 25 сакавіка 2018 году[3]. Неаднаразова працаваў вядоўцам на сьвяткаваньнх дзён нацыянальных культур Швэцыі і Польшчы ў Менску.

З 2017 году ўваходзіць у Раду ГА СБП і Вялікую Раду Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»

Творчасьць

рэдагаваць

Пачаў друкавацца ў 1999 годзе на старонках «Нашай Нівы». Яго паэзія і проза зьяўлялася ў газэтах і альманахах: «Рэгіянальнай газэце», «Родзічах», «ЛіМ», «Літаратурная Беларусь», часопісах «Куфэрак Віленшчыны», «Дзеяслоў», ARCHE, у перакладзе на польскую мову ў часопісе «Pobocza», проза перакладалася таксама на ўкраінскую мову[4].

Ляўрэат прэміі «Залаты апостраф» часопісу «Дзеяслоў» у намінацыі «Лепшы дэбют» 2004 году. Прызэр Астравецкага паэтычнага слэму ў 2012 годзе[5]. Ляўрэат прэміі «Залаты апостраф» часопісу «Дзеяслоў» у намінацыі «Паэзія» 2022 году. Ляўрэат «Прэміі імя Міхася Стральцова» 2023 году[6]. Удзельнік шматлікіх літаратурных фэстаў: «Бязьмежжа» (Польшча), паэтычнага фэсту памяці імя Міхася Стральцова, памяці Анатоля Сыса, памяці Ніны Мацяш «Бабіна лета» (Беларусь) і інш. Браў удзел у папулярных паэтычных праектах: «Начная чытанка», «Галасы паэтаў», «Чорна-белыя вершы»[7]

Першая кніга вершаў і малой прозы «Крушня»[8] выйшла ў бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў», другая — «Бег па самаадчуваньні»[9] ў выдавецкай сэрыі «Кнігарня пісьменьніка». Трэцяя кніга вершаў «Сны дарог» (Менск, 2017 г.).

Шэраг вершаў паэта сталі песьнямі беларускіх музыкаў — менскага гурту «S°unduk» (Сундук)[10], магілёўскага гурта «Zatoczka»[11].

Сябра ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» з 2010 году.

Бібліяграфія

рэдагаваць
  1. ^ Структура ГА "СБП"
  2. ^ Таццяна Гусева. 5 парадаў вясельнага маршалка // Салідарнасць
  3. ^ Стала вядома, хто будзе вядучымі на Дзень Волі(недаступная спасылка) // Наша Ніва
  4. ^ Як риба об лід. Антологія учасного білоруського оповідання. Київ, 2015.
  5. ^ Астравецкі паэтычны слэм
  6. ^ Адкрыццё фестывалю «Вершы на асфальце» і Прэмія імя М. Стральцова Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка: Kamunikat. Суполка беларускіх пісьменнікаў. — 2024-02-16 21:05.
  7. ^ Чорна-белыя вершы. Усевалад Сцебурака
  8. ^ Крушня на kamunikat.org
  9. ^ Абранец лёсу, або «Бег па самаадчуванні» Усевалада Сцебуракі
  10. ^ Сёння ня мой дзень
  11. ^ ZATOCZKA «Kachańnie»

Літаратура

рэдагаваць
  • Arnold McMillin Spring Shoots: Young Belarusian Poets in the Early Twenty-First Century. — Cambridge, 2015.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць