Юлія Цімафеева
Ю́лія Цімафеева (нар. 12 студзеня 1982, в. Сьпярыжжа, Брагінскі раён) — беларуская літаратарка, перакладчыца.
Юлія Цімафеева | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 12 студзеня 1982 (43 гады) |
Сужэнец | Альгерд Бахарэвіч |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтэса, перакладчыца |
Жанр | верш, пераклад |
Мова | беларуская мова[1] і ангельская мова[1] |
Прэміі | Узнагарода ГА “СБП” «Экслібрыс» (2012) |
Узнагароды | |
Скончыла факультэт ангельскай мовы МДЛУ, Беларускі Калегіюм, наведвала Перакладніцкую майстэрню. Адна з заснавальніц і рэдактарак інтэрнэт-часопісу перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет».
Аўтарка зборніка "Кніга памылак" ("Галіяфы", 2014), у які ўвайшлі ня толькі вершы, але і пераклады замежнай паэзіі, пераважна ангельскамоўнай (Ўолт Ўітмэн, Стывэн Крэйн, Чарлз Букоўскі, Эдрыен Рыч). Перакладала таксама з партугальскай (Албэрту Каэйру) і гішпанскай (Актавіё Пас) моваў.
У 2014 годзе ў выдавецтве Зьмітра Коласа выйшла яе другая кніга паэзіі "Цырк", якая трапіла ў кароткі сьпіс прэміі Натальлі Арсеньневай.
У 2020 годзе выйшаў трэці паэтычны зборнік паэткі — "ROT" (выдавецтва "Янушкевіч", Менск; выдавецтва "Вясна" (Прага), а ў 2022 годзе — чацверты: «Воўчыя ягады» (выдавецтва «Вясна» (Прага), 2022).[2]
У 2020-21 гадах Юля Цімафеева напісала па-ангельску свой “Менскі дзёньнік” — хроніку паўсядзённага жыцьця ў беларускай сталіцы падчас масавых пратэстаў 2020 года. Дзёньнік выйшаў асобнай кнігай у Швэцыі[3], Германіі[4], Нідэрландах[5] і Нарвегіі[6], у выглядзе часопісных публікацый друкаваўся ў Літве. У 2023 годзе кніга зьявілася ў аўтарскім перакладзе па-беларуску (выдавецтва «Skaryna Press» (Лондан))[7].
Яе паасобныя вершы перакладаліся на ангельскую, нямецкую, чэскую, славенскую, францускую, літоўскую, швэдзкую, нарвежскую і іншыя мовы. Люблінскае выдавецтва «Warsztaty Kultury» выдала дзьве паэтычныя кнігі Цімафеевай па-польску «Cyrk i inne wiersze» (2018) і «Autoportret w postaci pestki awokado» (2024) у перакладзе Богдана Задуры. У бэрлінскім выдавецтве edition.fotoTAPETA зьявіліся дзьве паэтычныя кнігі Юлі Цімафеевай «Zirkus» (2019) і «Der Angststein» (2022)[8].
У 2022 годзе ў ЗША ў выдавецтве Deep Vellum выйшла кніга Юлі Цімафеевай “Motherfield: Poems and Belarusian Protest Diary”[9] у перакладзе на ангельскую паэтаў Вальжыны Морт і Ханіфа Абдуракіба. Кніга трапіла ў кароткі сьпіс прэміі Дэрэка Ўолката і доўгі сьпіс прэміі за паэтычны пераклад ад PEN America.
Яе ўласныя пераклады прозы і паэзіі розных аўтараў зьяўляліся ў часопісах «pARTizan», «ПрайдзіСвет», «Паміж», «ARCHE», «Дзеяслоў», газэце «Літаратурная Беларусь».
У 2018 разам з Ганнай Комар і Натальляй Бінкевіч стала ляўрэаткай прэміі «Дэбют» за паэтычныя пераклады з кнігі Чарлза Букоўскі "сьвятло, і паветра, і месца, і час".
Удзельніца шматлікіх міжнародных літаратурных фэстываляў у Летуве, Славеніі, Польшчы, Нямеччыне, Украіне, Фінляндыі, Швэцыі, фэстываляў "Вершы на асфальце" і "Прадмова" ў Менску, выступала на міжнародных кніжных кірмашах ў Гётэборгу (Швэцыя), Франкфурце-на-Майне (Нямеччына). Пераможца ў прозе конкурсу для маладых пісьменьнікаў «Экслібрыс», арганізаванага ГА «СБП» у 2012 г. Вершы і эсэі Юлі Цімафеевай публікаваліся ў часопісах "Poetry International", "Przekroj", "Воздух", у газэце "Financial Times", на сайтах Literary Hub, lyrikline і ў іншых выданьнях.
Былая вядоўцай культурніцкай тэлеперадачы "Рэмарка" на тэлеканале Белсат (разам зь Сяргеем Харэўскі і Аляксеем Стрэльнікавым).
Жонка пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча. З канца 2020 года жыве за межамі Беларусі.
Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Cìmafejeva, Julja // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ https://vesnabooks.eu/cimafiejeva_jahady/
- ^ https://www.norstedts.se/bok/9789113122014/dagar-i-belarus
- ^ https://www.edition-fototapeta.eu/minsk-tagebuch
- ^ https://www.atlascontact.nl/boek/dagen-in-minsk/
- ^ https://forlagethof.no/katalog/minskdagbok/
- ^ https://skarynapress.com/kniharnia/9781915601230/?srsltid=AfmBOooAO1qlIdedNruQYCK3goq2oQjU-D-eVVAroiLD6oS6C80VWbph
- ^ https://www.edition-fototapeta.eu/angststein
- ^ https://store.deepvellum.org/products/motherfield
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Юля Цімафеева ў каталёгу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
- Алена Карп на Радыё Свабода пра кнігу "Цырк" Юлі Цімафеевай
- Ціхан Чарнякевіч на Радыё Свабода пра "Кнігу памылак" Юлі Цімафеевай(недаступная спасылка)
- Старонка Юлі Цімафеевай на сайце Літрадыё
- Кніга памылак" Юлі Цімафеевай на сайце bookster
- «Распранайся!» Юлія Цімафеева Камунікат
- Інтэрвію на сайце budzma.org