До́нальд Джон Трамп (па-ангельску: Donald John Trump, нарадзіўся 14 чэрвеня 1946 году, акруга Куінз гораду Нью-Ёрку, штат Нью-Ёрк, ЗША) — амэрыканскі бізнэсмэн, мэдыямагнат, пісьменьнік. З 20 студзеня 2025 году — 47-ы прэзыдэнт ЗША, у 2017—2021 гадох быў 45-ым прэзыдэнтам ЗША.

Дональд Трамп
анг. Donald John Trump
47-ы прэзыдэнт ЗША
20 студзеня 2025 — цяперашні час
Папярэднік Джо Байдэн
45-ы прэзыдэнт ЗША
20 студзеня 2017 — 20 студзеня 2021
Папярэднік Барак Абама
Наступнік Джо Байдэн
3-і старшыня «Арганізацыі Трампа»
1971 — 20 студзеня 2017
Папярэднік Фрэдэрык Трамп
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся14 чэрвеня 1946(1946-06-14)[1][2][3][…] (78 гадоў)
Нью-Ёрк, ЗША
ПартыяРэспубліканская партыя ЗША (1987—1999, 2009—2011, з 2012 г.); былыя: Дэмакратычная партыя ЗША (да 1987 г., 2001—2009), Рэфармісцкая партыя ЗША (1999—2001)
Адукацыя
Сужэнец жонка Мэланія Трамп (з 2005 г.); былыя: Івана Трамп (1977—1992), Марла Мэйплз (1993—1999)
Дзеці сын Дональд (нар. 1977), дачка Іванка (1981), сын Эрык (1984); дачка Тыфані (1993); сын Бэран (2006)
Бацька Фрэдэрык Трамп (1905—1999)
Маці Мэры Трамп (1912—2000)
Род Трампы
Узнагароды
Прэзыдэнцкі ордэн Дасканаласьці
ордэн Мухамадыя Ордэн караля Абдэль Азіза[d] (20 траўня 2017) ордэн карала Абдэль-Азыза зорка на галівудзкай «Алеі славы»[d] (16 студзеня 2007) Jewish National Fund Tree of Life Award[d] (1983) Ellis Island Medal of Honor асоба году паводле часопіса Time[d] (2016) Doublespeak Award[d] (2016) гульнявая заля славы[d] (1995) Заля славы WWE[d] (2013) Прэмія «Залатая маліна» за найгоршую мужчынскую ролю другога пляну[d] (1991) Doublespeak Award[d] (2019) Ігнобэлеўская прэмія[d] (2020) Time 100[d] (2021) Order of Freedom Чалавек року паводле Financial Times[d] (2016) Time 100[d] (2016) Time 100[d] (2017) Time 100[d] (2018) Time 100[d] (2019) Time 100[d] (2020) асоба году паводле часопіса Time[d] (2024)
Подпіс Выява аўтографу
Сайт donaldjtrump.com (анг.)

16 чэрвеня 2015 году Дональд Трамп абвясьціў аб уступленьні ў барацьбу за пасаду прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе. 8 лістапада 2016 году Дональд Трамп быў выбраны 45-м прэзыдэнтам ЗША. Інаўгурацыя абранага прэзыдэнта адбылася 20 студзеня наступнага году, пасьля чаго абраны прэзыдэнт афіцыйна ўступіў на пасаду кіраўніка краіны.

5 лістапада 2024 году быў зноў абраны прэзыдэнтам ЗША.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў раёне Ямайка акругі Кўінз у Нью-Ёрку (ЗША). Быў 4-м з 5 дзяцей у сям’і. Гадаваўся з 2 братамі і 2 сёстрамі: старэйшы брат Фрэдэрык (пам. 1981), сёстры Мар’яна (нар. 1937) і Элізабэта, малодшы брат Робэрт. У 1981 г., калі Дональду Трампу было 35 гадоў, старэйшы брат Фрэдэрык сканаў ад алькагалізму, што прывяло да поўнай адмовы Дональда Трампа ад ужыцьця сьпіртовых напояў і паленьня цыгарэтаў. Бацька меў нямецкае паходжаньне, мацішатляндзкае. Абодва дзяды і бабулі нарадзіліся ў Заходняй Эўропе. Бацька Фрэдэрык Трамп (1905—1999) нарадзіўся ў нью-ёрскай акрузе Кўінс ад нямецкіх бацькоў зь вёскі Кальштат (акруга Пфальц, Каралеўства Баварыя, Нямецкая імпэрыя; цяпер зямля Райнлянд-Пфальц, Нямеччына) і стаўся адным з найбольшых забудоўнікаў жытла ў Нью-Ёрку. Маці Мэры Трамп (у дзявоцтве Маклаўд; 1912—2000) нарадзілася ў шатляндзкай вёсцы Тунга (востраў Лоэс і Хэрэс). У 1936 г. бацькі сустрэліся і пабраліся шлюбам у Нью-Ёрку, дзе пасяліліся ў акрузе Кўінс. Дзядзька Джон Трамп (1907—1985) 37 гадоў працаваў прафэсарам у Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце (1936—1973), дзе распрацоўваў радары падчас Другой сусьветнай вайны і рэнтгенаўскае абсталяваньне для выяўленьня рака. У 1943 г. дзядзька Джон вывучаў абсталяваньне і паперы вынаходніка Ніколы Тэслы (1856—1943) на запыт Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША пасьля яго сьмерці ў гасьцініцы «Нью-Ёркец» (нью-ёрская акруга Мангэтан). Дзед Фрыдрых Трамп (1869—1918) разбагацеў у 1890-я гг. на стварэньні страўняў і гасьцініцаў у Сіетле (штат Вашынгтон, ЗША) і затым у Бэнэце (правінцыя Брытанская Калумбія, Канадзкая канфэдэрацыя) падчас залатой ліхаманкі 1896—1899 гг. у даліне ракі Клёндайк (тэрыторыя Юкан, Канада). У Нямеччыне род Трампаў спавядаў хрысьціянства лютэранскай плыні. У ЗША бацькі Дональда Трампа ўжо былі хрысьціянамі кальвінскага кірунку (Рэфармаваная царква ў Амэрыцы).

 
Дональд Трамп у Нью-Ёрскай вайсковай акадэміі (30 чэрвеня 1964 г.)

Да 13 гадоў Дональд Трамп наведваў прыватную падрыхтоўчую школу К’ю-Форэст у нью-ёрскай акрузе Кўінс. У 1959 г. паступіў у Нью-Ёрскую вайсковую акадэмію ў Корнўоле (акруга Орандж, штат Нью-Ёрк), дзе скончыў 8-ю клясу і старэйшую школу. У жніўні 1964 г. паступіў у Фордэмскі ўнівэрсытэт у нью-ёрскай акрузе Бронкс, дзе правучыўся 2 гады. Улетку 1966 г. перавёўся ў Пэнсыльванскі ўнівэрсытэт у Філадэлфіі, дзе ў траўні 1968 г. скончыў Ўортанскую школу са ступеняй бакаляўра эканамічных навук у галіне нерухомасьці. Адначасна працаваў на будаўнічае прадпрыемства «Элізабэта Трамп і сын», заснаванае ў 1923 г. удавой дзеда. Прадпрыемства будавала арэнднае жытло ў 3 з 5 акругаў Нью-Ёрка (Бруклін, Кўінс і Востраў Стэтэн). Кіраўніцтва ажыцьцяўляў яго бацька Фрэдэрык. Яшчэ студэнтам, разам з бацькам адчыніў збанкрутавалы раней шматкватэрны дом «Вёска Сўіфтан» у Цынцынаці (штат Агаё, ЗША) пасьля $500 тыс. укладаньняў. У 1971 г. стаў кіраўніком прадпрыемства, якое перайменаваў у «Арганізацыю Трампа». У 1978 г. перабудаваў гасьцініцу «Вялікі Хаят» у Мангэтане, побач з Цэнтральным вакзалам Нью-Ёрка, за кошт $70 млн пазыкі. Цягам 1979—1983 гг. пабудаваў у Мангэтане 58-павярховы хмарачос вышынёй 202 мэтры пад назовам «Вежа Трампа», куды пераехаў жыць у пэнтгаўс і перанёс сядзібу свайго прадпрыемства.

 
Сустрэча з прэзыдэнтам ЗША Роналдам Рэйганам (1987 г.)

15 траўня 1984 г. адчыніў у Атлянтык-Сіці (штат Нью-Джэрзі, ЗША) гасьцінічнае казіно «Двор Трампа» на 906 нумароў. У 1985 г. тамсама выкупіў часткова збудаваную гасьцініцу ў прадпрыемства «Гілтан» (Тайсанз-Корнэр, штат Вірджынія) за $320 млн. Перабудаваў яе ў казіно «Замак Трампа» на 728 нумароў са стаянкай для яхтаў на прылеглым марскім беразе і перадаў пад кіраўніцтва сваёй жонкі Іваны Трамп. У 1985 г. набыў у Палм-Біч (штат Флорыда) гасьцініцу «Марэ-Лага» за $8 млн, якую перабудаваў у прыватны клюб на 58 спальняў з гадавым унёскам па $150 тысячаў з удзельніка. Тамсама набыў шматкватэрны дом, які перабудаваў у гасьцініцу «Замак Трампа». У 1988 г. набыў на Манхэтане гасьцініцу «Плаза» за $407,5 млн, якую перадаў пад кіраўніцтва жонкі. Пры канцы 1988 г. набыў у Атлянтык-Сіці казіно «Тадж-Махал» у тэлевядоўцы Мэрвіна Грыфіна (1925—2007) і прадпрыемства «Міжнародныя курорты» (Лас-Вэгас, штат Нэвада, ЗША). 2 красавіка 1990 г. адчыніў казіно на 2010 нумароў з агульным коштам перабудовы ў $1,1 млрд, што зрабіла яго найдаражэйшым у сьвеце.

 
«Вежа Трампа» ў Чыкага (17 жніўня 2015 г.)

У 1996 г. набыў офісны будынак па вул. Мура (анг. Ўол Стрыт), д. 40, які перабудаваў у 70-павярховы «Будынак Трампа». У 1999 г. атрымаў чвэрць нерухомасьці бацькі, якая ацэньвалася ў $250 млн пасьля яго сьмерці. У 2001 г. адчыніў 72-павярховы жылы хмарачос «Сусьветная вежа Трампа» праз дарогу ад галаўной сядзібы ААН. Падчас сваёй кар’еры пабудаваў таксама некалькі іншых гасьцініцаў, казіно, палёў для гольфа і хмарачосаў у ЗША і Паўднёвай Амэрыцы, Эўропе і Азіі. Некаторыя зь іх таксама носяць імя Трампа, як жылы квартал «Месца Трампа» на Мангэтане. У 2000 г. намагаўся вылучыцца ў прэзыдэнты ЗША ад Рэфармісцкай партыі ЗША, але зьняўся да пачатку галасаваньня. Пазьней амэрыканскі часопіс «Форбс» унёс яго ў сьпіс 500 найбольш заможных людзей сьвету. У 2004—2015 гг. быў выканаўчым прадусарам і вядоўцам тэлеперадачы «Вучань» (анг. «The Apprentice») на амэрыканскім тэлеканале «Нацыянальнай вяшчальнай кампаніі» (Нью-Ёрк), за што атрымаў зорку на Галівудзкай алеі славы. Граў сябе ў эпізадычных ролях ў 6 фільмах — «Адзін дома 2» (1992), «Маленькія нягоднікі» (1994), «Эдзі» (1996), «Кампаньён» (1996), «Узорны самец» (2001) і «Апавяшчэньне за 2 тыдні» (па-рас. Любоў з апавяшчэньнем; 2002) — і 6 тэлесэрыялах: «Новы князь Бэл-Эйра» (па-рас. Прынц з Бэвэрлі-Гілз; 1990—1996), «Няня» (1993—1999), «Шоў Дру Керы» (1995—2004), «Раптоўная Сюзана» (1996—2000), «Віруючы горад» (па-рас. Сьпін-Сіці; 1996—2002), «Сэкс і горад» (па-рас. Сэкс у вялікім горадзе; 1998—2004), «Праца» (2001—2002). У 1996—2015 гг. валодаў конкурсам прыгажосьці «Міс ЗША». Цягам 1987—2016 гг., за 30 гадоў, выступіў суаўтарам 18 кніг аб прадпрымальніцтве, у тым ліку «Мастацтва зьдзелкі» (1987), «Мастацтва выжываньня» (1991) і «Мастацтва вяртаньня» (1997). Некаторыя зь іх выдаваліся ў перакладзе ў Менску. На ліпень 2015 г. валодаў 18 палямі для гольфа, прыбыткі ад якіх да канца году склалі $382 млн.

 
Дональд Трамп з жонкай Меланіяй у Манчэстэры (штат Нью-Гэмпшыр, 8 лютага 2016 г.)

16 чэрвеня 2015 г. абвясьціў аб уступленьні ў барацьбу за пасаду прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі[5]. У сярэдзіне ліпеня 2015 г. стаўся фаварытам сярод 17 аднапартыйцаў[6] на вылучэньне ў кандыдаты, атрымаўшы 24% галасоў у грамадзкім апытаньні. 4 траўня 2016 г. апошні зь яго 16 апанэнтаў у партыі, губэрнатар Агаё Джон Кейсік, спыніў сваю перадвыбарную кампанію[7]. 19 ліпеня 2016 г. звыш 1237 патрэбных дэлегатаў прагаласавалі за вылучэньне Дональда Трампа ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі на нацыянальным зьезьдзе ў Кліўлэндзе (штат Агаё)[8]. 21 ліпеня 2016 г. Дональд Трамп абвясьціў на зьезьдзе Рэспубліканскай партыі ў Кліўлэндзе аб згодзе вылучыцца ў прэзыдэнты ЗША[9]. Перадвыбарчыя прапановы Трампа ўлучалі: зьніжэньне падаткаў, перагляд амэрыкана-кітайскіх гандлёвых дамоваў і адмову ад гандлёвага Пагадненьня аб Трансціхаакіянскім партнэрстве, выкананьне законаў аб прадухіленьні незаконнай іміграцыі разам з працягам будаўніцтва сьцяны ўздоўж амэрыкана-мэксыканскай мяжы, рэформу апекі над вэтэранамі, скасаваньне спагнаньня за адмову абавязковага набыцьця мэдычнай страхоўкі, зацьвярджэньне Закона аб выбары школы зь вяртаньнем магчымасьці рэлігійнага і хатняга навучаньня[10], часовую забарону перасяленьня мусульманаў у ЗША з краінаў адкуль паходзілі тэрарысты. 8 лістапада 2016 г. перамог на прэзыдэнцкіх выбарах[11] у 30 з 50 штатаў, ад якіх атрымаў 306 (57%) з 538 галасоў у Выбарчай калегіі ЗША (мажарытарныя выбары). Разам з тым, 11 лістапада 2016 г. арганізацыя «Грамадзяне за справядлівы падлік галасоў» (Цынцынаці, штат Агаё) выявіла незаконнае галасаваньне за Гілары Клінтан ад Дэмакратычнай партыі ЗША звыш 3 млн неграмадзянаў ЗША[10] пасьля праверкі базы дадзеных аб уліку 180 млн выбарнікаў. Махлярству паспрыяла тое, што 28 кастрычніка 2015 г. губэрнатар Каліфорніі Джэры Браўн, як сябар Дэмакратычнай партыі, падпісаў закон аб імгненным уліку ўсіх трымальнікаў пасьведчаньняў кіроўцы ў якасьці ўлічаных выбарнікаў, у тым ліку на выбарах прэзыдэнта ЗША без уліку адсутнасьці ў іх амэрыканскага грамадзянства. У выніку Дональду Трампу налічылі меншы агульны лік галасоў, чым бліжэйшай прайграўшай апанэнтцы. З улікам незаконнага галасаваньня за Г.Клінтан звыш 3 млн неграмадзянаў, з агульнага ліку 132 899 453 пададзеных галасоў Дональд Трамп атрымаў 61 898 584 (46,58%), тады як Г.Клінтан ад Дэмакратычнай партыі ЗША — 63 551 979 (47,82%).

Прэзыдэнцтва

рэдагаваць

20 студзеня 2017 г. прэзыдэнт Дональд Трамп падпісаў свой першы выканаўчы загад № 13765 «Аб зьмяншэньні гаспадарчага цяжару Закону аб абароне пацыентаў і даступнай мэдыцыне, да разгляду яго адмены», якім скасаваў спагнаньне і падатак за адмову набываць мэдычную страхоўку[12]. 25 студзеня 2017 г. Дональд Трамп падпісаў Выканаўчы загад № 13767 «Аб паляпшэньні памежнай бясьпекі і ажыцьцяўленьня іміграцыі», які прадугледжваў «неадкладнае будаўніцтва фізычнай сьцяны на паўднёвай мяжы (з Мэксыкай) пры наглядзе і падтрымцы адпаведнага пэрсаналу з тым, каб прадухіліць незаконную іміграцыю, гандаль наркотыкамі і людзьмі, а таксама акты тэрарызму»[13].

22 сьнежня 2017 г. Трамп падпісаў Закон «Аб скарачэньні падаткаў і працах», паводле якога зьнізіў да 2026 году падатак на даход: 1) да $38 700 за год з 15% да 12%, 2) да $82 500 з 25% да 22%, 3) да $157 500 з 28% да 24%, 4) звыш $500 000 за год з 39,6% да 37%. Паводле Закону, падатак на прыбытак скарацілі з 35% да 21%. З 2019 году Закон скасоўваў спагнаньне 2,5% даходу (ці прынамсі $695) з асобаў, у якіх адсутнічала мэдычная страхоўка[14].

Замежная палітыка

рэдагаваць

23 студзеня 2017 году Дональд Трамп падпісаў Памятку для гандлёвага прадстаўніка ЗША «Аб выхадзе ЗША зь перамоваў і Пагадненьня аб Транс-Ціхаакіянскім партнэрстве». 6 сьнежня 2017 году Трамп падпісаў Абвяшчэньне № 9683 «Аб прызнаньні Ерусаліму сталіцай Ізраілю і перамяшчэньні Амбасады ЗША ў Ізраілі ў Ерусалім»[14].

На яго загад 3 студзеня 2020 году ў Багдадзе (Ірак) зьнішчылі паветраным ударам іранскага камандзіра «Ерусалімскіх сілаў» Войска вартавых ісламскай рэвалюцыі Касема Сулеймані, які падтрымліваў тэрарызм «Руху ісламскага супраціву» ў Газе (Ізраіль) і «Партыі Алаха» ў Лібане[15]. 15 красавіка 2020 году Трамп спыніў $500 млн фінансаваньня Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ; Жэнэва, Швайцарыя) ў год за адмову 22 студзеня прызнаць заразнасьць між людзей каранавірусу цяжкага вострага рэсьпіраторнага сындрому-2[16].

Прэзыдэнцкія выбары 2024 году

рэдагаваць

Пасьля пераможных для Трампа прэзыдэнцкіх дэбатаў 27 чэрвеня 2024 году, палітычныя апанэнты зьмясьцілі ў сацыяльных сетках некалькі заклікаў да яго забойства, бо яго перадвыбарчая падтрымка стала пераважнай. Сярод іншага, такія заклікі зрабілі: 70-гадовы ангельскі эўракамуніст, які працаваў тэлевядоўцам на дзяржаўную «Брытанскую вяшчальную карпарацыю», і 66-гадовая акторка зь Іліною[17]. 14 ліпеня 2024 году Дональд Трамп атрымаў агняпальнае раненьне вуха ў выніку замаху на 50-тысячным перадвыбарчым сходзе ў Пэнсыльваніі (горад Батлер). У выніку нападу загінуў 50-гадовы пажарнік Коры Кампэратор. Яшчэ два ўдзельнікі сходу былі параненыя. Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў паведаміла, што нападнікам быў 20-гадовы Томас Крукс. Ён быў застрэлены снайпэрам Таемнай службы ЗША[18]. 5 лістапада 2016 году перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у 31 зь 50 штатаў, ад якіх атрымаў 312 (58%) з 538 галасоў у Выбарчай калегіі ЗША. За яго падалі 77 302 580 галасоў (49,8 %), што было на 2 284 967 больш, чым у апанэнткі Камалы Гарыс (48,3 %) ад Дэмакратычнай партыі ЗША[19].

Другое прэзыдэнцтва

рэдагаваць

20 студзеня 2025 году падпісаў Абвешчэньне № 9844 «Аб надзвычайным становішчы на паўднёвай мяжы ЗША». У 1-м артыкуле Абвешчаньня міністру абароны ЗША даручалася накіраваць падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў ЗША для дапамогі міністру ўнутранай бясьпекі ЗША ў атрыманьні поўнага дзейнаснага кіраваньня паўднёвай мяжой з Мэксыкай. Надалей Міністэрства абароны ЗША мела надаць месца для ўтрыманьня незаконных перасяленцаў пад вартай і самалёты для іх перавозкі праваахоўнымі органамі. Сярод 26 указаў 20 студзеня таксама падпісаў Указ № 14165 «Аб умацаваньні нашых межаў». Згодна з 6-м артыкулам Ўказу міністру ўнутранай бясьпекі ЗША даручалася аднавіць вяртаньне незаконных перасяленцаў у Мэксыку ў чаканьні парадку выдаленьня з краіны[20].

Таксама 20 студзеня 2025 году падпісаў Абвешчаньне «Аб наданьні памілаваньня і зьмяншэньні выракаў за пэўныя правапарушэньні, датычныя падзеяў у або пры амэрыканскім Капітоліюме 6 студзеня 2021 году». Абвешчаньне прадугледжвала зьмяншэньне выракаў з вызваленьнем на наступны дзень для 14 асобаў, у тым ліку для заснавальніка апалчэньня «Захавальнікі прысягі» Элмэра Сьцюарда Родса і сябра баявой арганізацыі «Гордыя хлопцы» Дамініка Пэцолы. Рэшта з амаль 1500 абвінавачаных, сярод якіх было больш як 1100 асуджаных, у тым ліку каля 600 адбыўшых зьняволеньне, атрымала поўнае і безумоўнае памілаваньне[21].

Сярод іншага, 20 студзеня падпісаў Мэмарандум «Аб часовым адкліканьні ўсіх абшараў на вонкавай мацерыковай водмелі з прыбярэжных ветравых наймаў». Зацьвердзіў Указ № 14153 «Аб раскрыцьці рэсурсных магчымасьцяў Аляскі», якім дазволіў бурэньне прыроднага газу і нафты ў Арктыцы з наступнай пабудовай трубаправода для экспарту звадкаванага прыроднага газу. Падпісаў Указ № 14154 «Аб раскрыцьці амэрыканскай энэргіі», якім скасаваў перашкоды для выведкі і вытворчасьці энэргіі ў фэдэральных землях і водах, у тым ліку ў вонкавай мацерыковай водмелі. У 3-м артыкуле Ўказу прадугледжвалася выяўленьне неналежных перашкодаў для распрацоўкі такіх энэргарэсурсаў, як нафта, прыродны газ, вугаль, гідраэнэргія, біяпаліва, рэдкія мэталы і крыніцы ядзернай энэргіі. Тым самым Указам скасоўваліся «мандат» і субсідыі на электрамабілі. У 7-м артыкуле Ўказу згадвалася спыненьне дзяржаўных выплатаў на пабудову зарадных станцыяў для электрамабіляў[21].

На пачатку ж падпісаў Указ № 14148 «Аб першапачатковым скасаваньні шкодных указаў і захадаў», якім адмяніў 67 указаў і 11 мэмарандумаў папярэдняга прэзыдэнта Джозэфа Байдэна, у тым ліку ўказ пра адмову ад пераважнай высылкі іншаземцаў, якія ўчынілі цяжкія злачынствы, несьлі пагрозу дзяржаўнай бясьпецы і былі затрыманыя на мяжы. Затым падпісаў Указ № 14149 «Аб аднове свабоды слова і спыненьні фэдэральнай цэнзуры». Таксама падпісаў Указ «Аб аднове сьмяротнага пакараньня і абароне грамадзкай бясьпекі», якім абавязаў галоўнага пракурора ЗША дамагацца ў судах сьмяротнага пакараньня за: 1) забойства праваахоўнікаў, 2) учыненыя незаконнымі перасяленцамі забойствы. Указам № 14172 «Аб аднове назваў, якія ўшаноўваюць амэрыканскую веліч» вярнуў назву гары Макінлі ў Алясцы ў гонар 25-га прэзыдэнта ЗША Ўільяма Макінлі. Тым самым Указам перайменаваў Мэксыканскую затоку ў Амэрыканскую, працягласьць берагавой лініі ЗША ўздоўж якой перавышала 1700 міляў[22].

Урэшце, 20 студзеня 2025 году падпісаў Указ № 14158 «Аб заснаваньні і ўвасабленьні прэзыдэнцкага "Ведамства ўрадавай эфэктыўнасьці"» на чале зь мільярдэрам-праграмістам Іланам Маскам на аснове Лічбавай службы ЗША. Паводле 3-га артыкула Ўказу ў Ведамстве (ВУЭ) ўтваралі Часовую арганізацыю з тэрмінам дзеяньня да 4 ліпеня 2026 году. Цягам 30 дзён у кожнай з сотняў урадавых службаў ЗША мелі стварыць па дружыне ВУЭ з 4-х супрацоўнікаў, кожная зь якіх улучала кіраўніка, інжынэра, кадравіка і праўніка. Паводле 4-га артыкула Ўказу, задачай ВУЭ было асучасьніваньне дзяржаўнага апраграмаваньня і сеткавай інфраструктуры дзеля міжведамаснай сынхранізацыі ўрадавых дадзеных і скарачэньня выдаткаў[23].

Замежная палітыка

рэдагаваць

20 студзеня 2025 году зацьвердзіў Указ № 14155 «Аб выхадзе ЗША з Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя» паўторна. Урэшце, падпісаў Указ № 14162 «Аб пастаноўцы Амэрыкі на першае месца ў міжнародных экалягічных пагадненьнях», якім паўторна вывеў ЗША з Парыскага пагадненьня 2015 году да Рамачнай канвэнцыі ААН аб зьмяненьні клімату 1992 году[21].

2 красавіка 2025 году Дональд Трамп падпісаў Указ «Аб рэгуляваньні ўвозу з дапамогай узаемных мытаў, каб выправіць гандлёвую практыку, якая спрыяе вялізнаму і пастаяннаму штогадоваму дэфіцыту ў амэрыканскім гандлі таварамі». Паводле 2-га артыкула Ўказу, уводзілася прынамсі 10 % мыта на ўвозімыя тавары з усіх краінаў, якое набывала моц 5 красавіка. Ва Ўказе адзначалася, што пастаянны дэфіцыт гандлёвага балянсу ўвёў амэрыканскі вайскова-прамысловы комплекс у залежнасьць «ад замежных супернікаў»[24]. У Дадатку 1 да Ўказу згадваліся вышэйшыя мыты на тавары з 27 краінаў Эўразьвязу ў памеры 20 %, а таксама зь 56 іншых краінаў у памеры ад 11 % для Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Камэруну да 50 % для Лесота. На тавары з краінаў Азіі, якія ўтваралі найбольшую долю адмоўнага сальда ЗША, уводзіліся наступныя стаўкі ўзаемных мытаў: 34 % — Кітай, 46 % — Віетнам, 32 % — Тайвань, 24 % — Японія, 25 % — Паўднёвая Карэя, 26 % — Індыя, 36 % — Тайлянд, 24 % — Малайзія, 17 % — Ізраіль і Філіпіны. Урэшце, на тавары са Швайцарыі накладалася мыта ў 31 %[25].

27 сакавіка 2020 году А. Лукашэнка згадаў захады адміністрацыі Трампа супраць пандэміі каронавірусу: «калі Трамп аб’явіў надзвычайнае становішча, я гэта вызначыў як надзвычайную недальнабачнасьць і глупства, скажу шчыра, з боку кіраўніцтва ЗША. Але Трамп, як чалавек, які некалі займаўся бізнэсам, хутка зарыентаваўся. Апошняя яго заява мне вельмі спадабалася. Ён сказаў так: калі мы неадкладна ня вернемся на прадпрыемствы і не пачнем працаваць, то празь беспрацоўе, праз тое, што мы не пачнем працаваць, памрэ больш амэрыканцаў, чым ад каронавірусу»[26].

15 чэрвеня 2024 году ў Вільні (Летува) каардынатар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк адзначыў: «Я заўсёды падтрымліваў Трампа, лічу, што для Амэрыкі гэта адзін з найлепшых прэзыдэнтаў. Ён калясальна панізіў беспрацоўе — такога ўзроўню беспрацоўя ў ЗША ніколі не было, — спрыяў амэрыканскаму бізнэсу». Таксама Пазьняк заявіў, што перамога Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах спрыяла б хутчэйшаму канцу расейска-ўкраінскай вайны[15].

У культуры

рэдагаваць

За 1989—2016 гг. імя Дональда Трампа згадвалася ў песьнях звыш 50 амэрыканскіх сьпевакоў у стылі гіп-гоп. 8 лютага 2011 г. амэрыканскі рэпэр Мак Мілер выдаў песьню «Дональд Трамп», якая заняла 75 месца ў сьпісе гітоў часопіса «Дошка абвестак».

19 сакавіка 2000 г. у 243-й сэрыі «Барт у будучыні» амэрыканскага мультсэрыяла «Сымпсаны» згадваецца перамога Дональда Трампа ў прэзыдэнцкіх выбарах ЗША. Таксама вобраз Дональда Трампа станавіўся прадметам пародыі 4 камэдыйных тэлеперадачаў у ЗША: «Суботні вечар ужывую» (1988 г., красавік 2004 г., лістапад 2015 г.), «Джымі Кімэл ужывую» (2015 г.), «Апошні тыдзень за вечар» (28 лютага 2016 г.) і «Позьні паказ» (2016 г.).

  1. ^ а б IMDb (анг.) — 1990.
  2. ^ а б The Jamaica Hospital Certificate of Birth
  3. ^ а б Certificate of Birth Registration
  4. ^ Bush says Trump was a Democrat longer than a Republican 'in the last decade' — 2015.
  5. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Мільярдэр ідзе ў палітыку // Белтэлерадыёкампанія, 17 чэрвеня 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  6. ^ Трамп гарантаваў сабе вылучэньне ў прэзыдэнты ЗША // БелТА, 26 траўня 2016 г. Архіўная копія ад 26 траўня 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  7. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Дональд Трамп застаецца адзіным кандыдатам ад рэспубліканцаў // Белтэлерадыёкампанія, 5 траўня 2016 г. Архіўная копія ад 5 траўня 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  8. ^ Трамп афіцыйна стаў кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 ліпеня 2016 г. Архіўная копія ад 20 ліпеня 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  9. ^ Трамп афіцыйна згадзіўся стаць кандыдатам ад рэспубліканцаў на пасаду прэзыдэнта ЗША // БелТА, 22 ліпеня 2016 г. Архіўная копія ад 22 ліпеня 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  10. ^ а б Зянон Пазьняк. Хай Бог беражэ Амэрыку // Народная перамога, 17 лістапада 2016 г. Архіўная копія ад 15 лістапада 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  11. ^ Сяргей Кізіма. Чыстая перамога Дональда Трампа // Зьвязда : газэта. — 10 лістапада 2016. — № 217 (28327). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  12. ^ Зянон Пазьняк. Беларусь перад усім // Народная перамога, 25 студзеня 2017 г. Архіўная копія ад 22 студзеня 2017 г. Праверана 18 лютага 2017 г.
  13. ^ Зянон Пазьняк. Няма адказу на галоўнае пытаньне // Беларуская салідарнасьць, 31 студзеня 2017 г. Архіўная копія ад 2 лютага 2017 г. Праверана 18 лютага 2017 г.
  14. ^ а б Непусканьне прывідаў зла // Зянон Пазьняк, 14 студзеня 2018 г. Архіўная копія ад 16 студзеня 2018 г. Праверана 31 студзеня 2018 г.
  15. ^ а б Вера Белацаркоўская. Пазьняк выступіў у Вільні — расказаў пра будучыню Беларусі // Партал «Наша ніва», 15 чэрвеня 2024 г. Праверана 15 ліпеня 2024 г.
  16. ^ Зянон Пазьняк. Лапідарная інфармацыя // Партал «Беларуская салідарнасьць», 16 красавіка 2020 г. Праверана 20 красавіка 2020 г.
  17. ^ Ліз Сторэр. Левыя пагражаюць Дональду Трампу «забойствам» пасьля тыдня дэбатаў (анг.) // Тэлеканал «Нябесныя навіны Аўстраліі», 4 ліпеня 2024 г. Архіўная копія ад 4 ліпеня 2024 г. Праверана 15 ліпеня 2024 г.
  18. ^ «Эўранавіны». Дональд Трамп паранены на перадвыбарным мітынгу // Газэта «Зьвязда», 14 ліпеня 2024 г. Праверана 15 ліпеня 2024 г.
  19. ^ Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2024 году (анг.) // Фэдэральная выбарчая камісія ЗША, 16 студзеня 2025 г. Праверана 3 красавіка 2025 г.
  20. ^ ТАСС. Адміністрацыя Трампа дазволіла дэпартацыю нелегальных мігрантаў без суда // Газэта «Зьвязда», 22 студзеня 2025 г. Праверана 3 красавіка 2025 г.
  21. ^ а б в Дональд Трамп памілаваў удзельнікаў штурму Капітолію // Беларуская служба Радыё «Свабода», 21 студзеня 2025 г. Праверана 4 красавіка 2025 г.
  22. ^ У першыя гадзіны на пасадзе прэзыдэнта ЗША Трамп скасаваў 78 рашэньняў Байдэна // Беларуская служба Радыё «Свабода», 21 студзеня 2025 г. Праверана 4 красавіка 2025 г.
  23. ^ Зянон Пазьняк: аб сутнасьці мірнай палітыкі прэзыдэнта Трампа // Беларускае нацыянальнае мэдыя «Варта», 12 сакавіка 2025 г. Праверана 4 красавіка 2025 г.
  24. ^ ТАСС. Трамп аб’явіў надзвычайнае становішча ў ЗША з-за эканамічнай сытуацыі // Газэта «Зьвязда», 3 красавіка 2025 г. Праверана 3 красавіка 2025 г.
  25. ^ Дадатак 1 да Ўказу «Аб рэгуляваньні ўвозу з дапамогай узаемных мытаў, каб выправіць гандлёвую практыку, якая спрыяе вялізнаму і пастаяннаму штогадоваму дэфіцыту ў амэрыканскім гандлі таварамі» (анг.) // Белы дом, 2 красавіка 2025 г. Праверана 3 красавіка 2025 г.
  26. ^ Марыя Дадалка, Вольга Мядзьведзева. «Нашыя магчымасьці ў тым, што мы не спыняем вытворчасьць» // Зьвязда. — 28 сакавіка 2020. — № 61 (29175). — С. 1, 2.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць