Камароўскі рынак
Каардынаты: 53°55′11″ пн. ш. 27°34′38″ у. д. / 53.91972° пн. ш. 27.57722° у. д.
Камароўскі рынак — рынак Менску, заснаваны ў траўні 1980 году ў мікрараёне Камароўка.
наркам. Мінскі Камароўскі рынак | |
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 20 траўня 1980 (44 гады таму) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Савецкі раён, вул. Веры Харужай, д. 8[1] |
Ключавыя фігуры | Мікалай Хмяльніцкі |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | арэнда памяшканьняў і складзкое захоўваньне |
Матчына кампанія | Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт |
Даччыныя кампаніі | філія «Курасоўшчынскі рынак», УП «Чыжоўскі рынак», «Купалаўскі» гандлёвы цэнтар, падразьдзяленьне «Ўзьлянка» (Мядзельскі раён) |
На 2020 год Камароўскі рынак улучаў крыты павільён плошчай 1,3 гектару і сэзонны рынак зь 5 частак. Першыя 3 часткі сэзоннага рынку зьмяшчалі 700 гандлёвых месцаў для гародніны і садавіны. У 4-й частцы было 100 месцаў продажу сьвежамарожанай рыбы і прэсэрваў. У 5-й знаходзіліся фірмовыя крамы вытворцаў. Рынак працаваў з аўторка па нядзелю зь 9-й па 19-ю гадзіну. Таксама на Камароўскім рынку працавалі радыёвузел для абвестак, пункт аховы здароўя і дзіцячы пакой. Пры рынку дзейнічалі майстэрні ключоў, акуляраў і рамонту вопраткі, аптэка, цырульня і абменьнікі валюты. Камароўскі рынак меў уласную страўню «Камароўка» і кандытарскі цэх. У склад УП «Менскі Камароўскі рынак» уваходзілі: філія «Курасоўшчынскі рынак» (Кастрычніцкі раён, вул. Каржанеўскага, д. 2), УП «Чыжоўскі рынак» (Заводзкі раён, Ташкенцкі праезд, д. 4), «Купалаўскі» гандлёвы цэнтар (Кастрычніцкая плошча, д. 2) і падразьдзяленьне «Ўзьлянка» ў Мядзельскім раёне (в. Пузыры) Менскай вобласьці[2].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1972 годзе пабудавалі кіраўніча-гаспадарчы корпус Камароўскага рынку. У 1979 годзе адчынілі Камароўскі цэнтральны калгасны рынак. На пачатку 1980 годц паводле праекту Вальмена Аладава ўзьвялі крыты рынак з купалам са зборных бэтонных панэляў. Краі даху сьцягнулі 37 канатамі дыямэтрам 4 см. Кожны канат зьмяшчаў па 124 драты са сталі. Разрыўная магутнасьць каната складала 300 тонаў. 20 траўня 1980 году адкрылі будынак Камароўскага рынку з гандлёвай плошчай 1,3 гектару. Ягоны купал меў вышыню 26 мэтраў[3]. 27 студзеня 1997 году Менскі гарвыканкам зацьвердзіў Рашэньне № 55 аб стварэньні ўнітарнага прадпрыемства «Менскі Камароўскі рынак». У 2002 годзе на плошчы перад рынкам узьвялі вадаграй з трыма бронзавымі скульптурамі Ўладзімера Жбанава «Конь і верабей», «Паненка з сабакам» і «Фатограф», а таксама скульптуру Алега Купрыянава «Гандлярка насеньнем»[4]
На лістапад 2013 году Камароўскі рынак займаў 5,4 гектару і налічваў каля 2000 гандлёвых месцаў. Рынак меў уласную страўню «Камароўка» на 60 месцаў, кавярню «Любавушка» на 30 месцаў, кандытарскі цэх і краму «Камароўскія ласункі». Сярод 50 найменьняў штодзённай выпечкі (батоны, булачкі, караваі, печыва і пірожныя) 90% выраблялі безь хімічных напаўняльнікаў. У склад прадпрыемства «Менскі Камароўскі рынак» уваходзілі ўласна Камароўскі рынак, «Курасоўшчынскі рынак», «Менскі вернісаж», «Чыжоўскі рынак» і сельская гаспадарка «Ўзьлянка» ў Мядзельскім раёне (в. Пузыры). На крытым рынку Камароўкі прадавалі бакалею, булкі і хлеб, мясныя і малочныя вырабы, у тым ліку масла, сыр, тварог і сьмятану з асабістых падворкаў. У 3-х частках сэзоннага рынку прапаноўвалі гародніну, грыбы, садавіну і ягады. У 4-й частцы сэзоннага рынку прадавалі сьвежамарожаную рыбу і прэсэрвы. У 5-й частцы месьцілася 50 фірмовых крамаў вытворцаў харчаваньня. Пры рынку працаваў бясплатны «Дзіцячы пакой» з выхавальніцамі для догляду дзяцей ва ўзросьце 3-7 гадоў на час пакупак[3]. У 2019 годзе каля рынкавага вадаграю ўсталявалі скульптуру Мікалая Байрачнага «Карова».
-
Сэзонны рынак гародніны і садавіны
-
З-за прылаўка
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты (рас.) // УП «Менскі Камароўскі рынак», 2020 г. Праверана 20 лютага 2020 г.
- ^ Рынак сёньня (рас.) // УП «Менскі Камароўскі рынак», 2020 г. Праверана 20 лютага 2020 г.
- ^ а б Вікторыя Целяшук, Валяр'ян Шкленьнік, Аляксандар Фурсаў. Месца, куды хочацца вяртацца // Зьвязда : газэта. — 12 лістапада 2013. — № 212 (27577). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
- ^ Гісторыя (рас.) // УП «Менскі Камароўскі рынак», 2020 г. Праверана 20 лютага 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьКамароўскі рынак — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Электронны зварот грамадзянаў (рас.) // УП «Менскі Камароўскі рынак», 2020 г. Праверана 20 лютага 2020 г.
- Схема рынку (рас.)
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |