Станіслаў Суднік
Станісла́ў Ва́цлававіч Су́днік (нар. 24 верасьня 1954, в. Сейлавічы, Нясьвіскі раён, Менская вобласьць) — беларускі пісьменьнік, журналіст, вайсковы інжынэр, падпалкоўнік.
Станіслаў Суднік | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 21 верасьня 1954 (70 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, паэт, журналіст |
Мова | беларуская мова |
Узнагароды |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Суднік.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 24 верасьня 1954 году ў в. Сейлавічы Нясьвіскага раёну Менскай вобласьці.
У 1977 годзе скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню, у 1992 годе скончыў завочна Цьвярскую ваенна-камандную акадэмію імя Жукава[1]. Служыў на Урале Расеі ў зэнітна-ракетных дывізіёнах (1997—1993), на палігоне супрацьпаветранай абароны ў Казахстане (1983—1992). Прыняў удзел у больш за 300 баявых пусках ракет. У 1992 годзе пераведзены ў Беларусь, камандаваў зэнітна-ракетным дывізіёнам у Мастах і Росі (1992). Зволены ў запас у 1994 годзе.
З 1994 году пражывае ў Лідзе.
Творчасьць
рэдагавацьЗнаходзячыся на вайсковай службе ў Казахстане, у 1988 годзе ўзначаліў беларускі нацыянальны рух у Прыазёрску, дзе выдаваў беларускую газэту «Рокаш» (1990—1992). Адначасова спрабаваў сябе ў паэзіі. У 1992 годзе выдаў першы зборнік вершаў. Друкаваўся ў часопісах «Полымя» і «Маладосьць».
Пасьля звальненьня ў запас шмат часу аддае журналісцкай і грамадзкай дзейнасьці. Старшыня Лідзкай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Сябра сойму ГА БНФ «Адраджэньне» і партыі БНФ. У 1997 годзе аднавіў у Лідзе выпуск газэты Таварыства беларускай мовы «Наша слова» (раней выходзіла ў Менску) і з тае пары зьяўляецца яе рэдактарам. Ініцыятар стварэньня і рэдактар краязнаўчага часопісу «Лідзкі летапісец».
Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 2001 году. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Выдаў «Кароткі расейска-беларускі вайсковы слоўнік», «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік» на 8000 словаў (сумесна з С. Чыславым), «Шыхтавы статут Беларускага войска», паэтычныя зборнікі «Пагоня за мову», «Мой Грунвальд».
Узнагароды
рэдагаваць- мэдаль «За баявыя заслугі»,
- ордэн «За службу Радзіме».