Гердзень
Гердзень (каля 1190 — 1267) — князь нальшанскі, князь полацкі (1264—1267).
Гердзень | |
Князь полацкі | |
---|---|
1264 — 1267 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | каля 1190 |
Памёр | 1267 |
Імя рэдагаваць
- Асноўны артыкул: Гердзень (імя)
Імя Гердзень зьмяшчае той жа фармант (-герд-), што і імя Альгерд, якое мае поўныя германскія адпаведнікі (герцаг Альгерд з Гогенштайну)[1].
Мовазнаўца і гісторык Алесь Жлутка супастаўляе імя Гердзень з адпаведнікамі ст.-польск. Gerdin (1445), Gerden (1471), Girden (1460); ст.-чэск. Gridon (1029), Gherdon (1186), Hyrdon (1205); серб. Gerdanus (1278—1301) і тлумачыць яго як скарочаную форму (гіпакарыстык) ад двухасноўнага імя Гердобор, Gerdobor[2]. Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» таксама адзначае яшчэ адзін адпаведнік — памянёнага Козьмам Праскім чэскага вяльможу Грдоня, сына Янека[3].
Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, фармант -герд- паходзіць ад гоцкага gairdan 'падпяразваць' (пераноснае 'ахоўваць'), garda 'агароджа' (пераноснае 'ахова, бясьпека')[4]. Такім парадкам, імя Гердзень азначае «ахоўнік» і цалкам адпавядае германскаму імю Gardin (Gerting)[5]. Дасьледнік зьвяртае ўвагу на тое, што імя Гердзень (як і Трайдзень, Віцень) мае ўласьцівы для германскіх імёнаў канчатак -ен, якога няма ў балтыйскіх імёнах[6].
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Gerdine de Nailse (15 чэрвеня 1260 году)[7][8]; Гердень (1263 год[9]; Наўгародзкі першы летапіс[10], Наўгародзкі чацьверты летапіс[11], Сафійскі першы летапіс[12]); Ердень[13] або Гердень[14] (Васкрасенскі летапіс).
Біяграфія рэдагаваць
Паводле Ноўгародзкага Першага летапісу быў сынам нейкага Давыда Расьціславіча, якога некаторыя дасьледнікі лічаць смаленскім князем. Але гэта малаверагодна, бо той жа летапіс кажа пра Гердзеня як пра «літоўскага князя». У гэтым сьвятле цікава паведамленьне пазьнейшага Васкрасенскага летапісу які кажа, што Гердзень быў сынам Давіла Расьціславіча і малодшым братам Віда, згодна з гэтым летапісам Гердзень быў стрыечным братам Міндоўга. Дарэчы, некаторыя крыніцы завуць Давіла Расьціславіча Давыдам і нават Данілам, мо менавіта гэтым, ды рэдкасьцю імя, тлумачацца разыходжаньні паміж Наўгародзкім Першым і Васкрасенскім летапісамі наконт імя бацькі Гердзеня. Меў за жонку нейкую Эўпраксію, цётку Даўмонта, і зь ёй двух сыноў Андрэя і невядомага на імя.
Гердзень згадваецца як нальшанскі князь у падробленай грамаце Міндоўга ў якасьці яго сваяка і сьведкі. Падробленасьць граматы не памяншае значнасьці гэтых зьвестак, бо ніхто ня стаў бы, фальшуючы грамату, пазначаць у ёй нерэчаісных сьведак. У грамаце Гердзень запісаны чацьвертым пасьля самога Міндаўга, брата яго жонкі Лонгвіна і добра вядомага Парбуса.
Падрабязнасьці жыцьця Гердзеня да 1264 году невядомыя. У 1264 годзе па выгнаньні палачанамі з дапамогай Войшалка вылучэнца Траняты Канстанціна — заняў полацкі сталец. 23 сьнежня 1264 году ад Полацкага і Віцебскага княстваў склаў мірную дамову з Рыгай і Готляндам, якая вызначала правілы гандлю і паводле якой Гердзень адмаўляўся ад земляў ва ўсходняй Латгаліі, аддадзеных князем Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за гэта ордэн абавязваўся не нападаць на Полацкую зямлю. Гердзень ня ўвесь час знаходзіўся ў Полацку, відаць, нярэдка наведваючы Нальшаны і Літву. Верагодна, ён быў не адзіным князем у Нальшанах, а адным з тамтэйшых князёў. Таксама цікавае пытаньне, чаму Войшалк дапамог атрымаць Полацак Гердзеню не зважаючы на яго старэйшага брата Віда. Былы нальшанскі князь Даўмонт стаўшы пскоўскім князем у 1266—1267 гадох тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У час апошняга зь іх Гердзень загінуў[15], а яго жонка і сыны трапілі ў палон.
Таксама невядома ці быў ён адзіным князем у Полацку, бо яшчэ пры яго жыцьці, ў 1265 годзе, як полацкі князь згадваецца Ізяслаў, у той жа час Гердзень быў полацкім князем да сваёй сьмерці ў 1267 годзе. Некаторыя дасьледнікі лічаць, што згадваньне Ізяслава ў грамаце ёсьць памылка перапісчыка, што ён быў толькі віцебскім князем, а полацкі сталец заняў ужо па сьмерці Гердзеня.
Крыніцы рэдагаваць
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
- ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 111.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 48.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 21.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 19.
- ^ Пожалование Миндовга для Тевтонского ордена в Ливонии на всю Литовскую землю — фальсификат (1260), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 39.
- ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 58.
- ^ ПСРЛ. Т. 3. — СПб., 1841. С. 59.
- ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 40.
- ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 193.
- ^ ПСРЛ. Т. 7. — СПб., 1856. С. 253.
- ^ ПСРЛ. Т. 7. — СПб., 1856. С. 167.
- ^ Варонін В. Гердзень // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 530.
Літаратура рэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimonies / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., пер. на бел. мову, камэнт. А. Жлуткі. — Менск: Тэхналогія, 2005. — 136 с., 16 л. факсім. — ISBN 985-458-113-6.