Від (вялікі князь літоўскі)
Від (каля 1190—1270) — легендарны[1] вялікі князь літоўскі (1268—1270). У хрышчэньні імаверна меў імя Раман, ад людзей атрымаў мянушку Воўк. Заходнім крыніцам невядомы, узгадваецца толькі ў позьнім Васкрасенскім летапісе.
Згодна з Васкрасенскім летапісам зьяўляецца сынам Давіла Расьціслававіча, нашчадкам полацкіх князёў, але шмат хто з дасьледнікаў лічыць гэткую генэалёгію хібнай паводле храналягічных падставаў. Аднак адмаўляць гістарычнае існаваньне Віда немагчыма, бо ён узгадваецца ў 1266 годзе, калі выдаў сваю дачку за кастрамскога князя Васіля Яраслававіча.
Узгаданы ў тым жа Васкрасенскім летапісе, як малодшы брат Віда, Гердзень безумоўна гістарычная асоба. Гердзень жа завецца сынам Давіла Расьціслававіча ў сучасным яму Наўгародзкім летапісе, што хоць і ўскосна пацьвярджае сьведчаньні Васкрасенскага летапісу. Таксама Від пад імем Давыд II прыгадваецца ў «Записках» расейскай імпэратрыцы Кацярыны II. Гэтыя акалічнасьці патрабуюць пільнага разгляду.
На час заняцьця вялікакняскай пасады Від быў састарэлага ўзросту, мо нават меў за 80 гадоў, таму ўсё, што кажуць пра яго дзейнасьць відаць трэба адносіць наконт яго сына — Трайдзеня, які пасьля сьмерці бацькі заняў вялікакняскі пасад.
НашчадкіРэдагаваць
- Трайдзень (1220-я — 1282), вялікі князь літоўскі (1270—1282)
- Борза (1220-я — да 1271)
- Лесі (1230-я — да 1271)
- Свелкені (1230-я — да 1271)
- Сірпуці (1230-я — пасьля 1278), намесьнік гарадзенскі
- NN дачка (1240-я — пасьля 1266), жонка Васіля Яраслававіча, князя кастрамскога (1247—1276), вялікага князя ўладзімерскага (1272—1276), князя ноўгародскага (1273—1276)
Папярэднік Шварн |
Вялікі князь літоўскі 1268 - 1270 |
Наступнік Трайдзень |
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Від // ВКЛ. Энцыкл. Т. 3. — Менск, 2010. С. 110.
ЛітаратураРэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 3: Дадатак А — Я. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — 690 с.: іл. ISBN 978-985-11-0487-7.