Бітва пад Ашэрадэнам
Бітва пад Ашэрадэнам — бітва, якае адбылася 5 сакавіка 1279 году паміж войскамі крыжакоў Лівонскага ордэна й войскамі Вялікага княства Літоўскага пад камандаваньнем князя Трайдзеня. Ордэн пацярпеў вялікую паразу: загінуў гросмайстар ордэна Эрнст фон Рацэнбург, правадыр рыцараў з дацкай Эстляндыі рэвельскі намесьнік Эйларт фон Обэрг і яшчэ 71 рыцар ордэна. Гэта была другая па маштабе параза ордэна ў XIII стагодзьдзі. Пасьля гэтай бітвы правадыр земгалаў Намэйсіс прызнаў Трайдзеня сваім сюзэрэнам.
Бітва пад Ашэрадэнам | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Мапа Лівонскага Ордэна (1260 год) зь месцазнаходжаньнем Ашэрадэну | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Вялікае Княства Літоўскае, Полацкае княства | Лівонскі ордэн, Дацкая Эстляндыя | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Вялікі князь Трайдзень | Эрнст фон Рацэнбург† | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
невядома | невядома | ||||||||
Страты | |||||||||
невядома | Вялікі магістр, 71 братоў ордэна, мноства рыцараў і простых воінаў, амаль усё дацкае войска | ||||||||
Пачатак вайны
рэдагавацьУ 1275 годзе крыжакі пад кіраўніцтвам новага магістра Эрнста фон Рацэнбурга пабудавалі Дынабургскі замак на землях, якія прыналежалі Трайдзеню. Замак быў заснаваны на правым беразе Заходняй Дзьвіны, таму меў важнае стратэгічнае значэньне: перад крыжакамі адкрывалася магчымасьць рабіць паходы ў самы цэнтар Вялікага княства Літоўскага, да таго ж Трайдзень быў бы вымушаны спыніць аказываць падтрымку земгалам, якія змагаліся супраць Ордэна. Разьлік крыжакоў быў на тое, што ліцьвіны, саслабленыя барацьбой з галіцкім князем Львом Данілавічам, ня змогуць аказаць супраціўленьне Ордэну, але ўжо каля 1277 году Трайдзень узяў у аблогу Дынабургскі замак. Як вядома з наўгародзкіх берасьцяных грамат хаўрусьнікамі ліцьвінаў стала Полацкае княства, Полацак быў апорным пунктам паходу, таксама ў войске Трайдзеня было шмат палачан, пераважна лучнікаў. Штурм доўжыўся бесьперапынна на працягу месяца. Ліцьвіны пабудавалі чатыры вялізарныя рухомыя абложныя вежы для штурму, балісты, што кідаюць каменьне, але намаганьні атакуючых посьпехам не ўвянчаліся: ім прыйшлося зьнішчыць аблогавыя прылады й адступіць за Дзьвіну. Шмат у чым аблога была зьнята з прычыны ўварваньня галіцка-татарскіх войскаў на чале з Мамшынам у межы Вялікага княства Літоўскага, але й гэтая галіцка-татарская выправа скончылася няўдала з прычыны сварак паміж удзельнікамі кампаніі. У адказ на паход на Дынабург, напрыканцы 1278 году лівонскія войскі ўварваліся ў Аўкштайцію, парабавалі яе й пайшлі далей углыб ВКЛ. У студзені 1279 году яны аблажылі Кернаў.
Аблога Кернавы
рэдагавацьНапрыканцы 1278 году Ордэн сабраў войска для паходу ўглыб Літвы. У войска ўваходзілі атрады зь земляў самога Ордэна, з Рыскага архібіскупства, з дацкай Эстляндыі, а таксама дружыны земгалаў і куршаў. Паход узначаліў асабіста магістр Эрнст фон Рацэнбург. Незадоўга да гэтага Трайдзень паслаў брата Сірпуція (свайго гарадзенскага намесьніка) з войскам на дапамогу яцьвягам, якія ваявалі Мазовію і Ўсходнюю Польшчу, таму сілаў для адпору крыжакам у ліцьвінаў першапачаткова не было. У студзені 1279 году яны аблажылі Кернаў. Ордэнскія крыніцы кажуць аб ім, як аб «горадзе ў зямлі Традзеня» ці «горадзе Трайдзеня». На гэтай падставе некаторыя дасьледнікі лічаць Кернаў нават тагачаснай сталіцай ВКЛ ці горадам, якім валодаў Трайдзень да таго, як стаў вялікім князям, але варта адзначыць, што на той момант сталай сталіцы ў ВКЛ да часоў Гедыміна не было наогул, таму што цэнтрам ці рэзыдэнцыяй Вялікага князя зьяўляўся горад, які адпавядаў вэктару яго зьнешняй палітыкі, так для Трайдзеня галоўнай небясьпекай быў крыжацкі націск з поўначы. Аблога Кернава была беспасьпяховай, у лютым крыжакі, парабаваўшы яго ваколіцы, пайшлі зь вялікімі лупамі ў Лівонію. Трайдзень, сабраўшы войска, наладзіў за імі пагоню й дагнаў іх ля Ашэрадэну 5 сакавіка 1279 году. Перад гэтым магістр адпусьціў дружыны земгалаў і куршаў дадому са сваёй часткай здабычы.
Бітва
рэдагавацьВялікі князь літоўскі Трайдзень вырашыў разьбіць лівонска-дацкае войска на дзьве часткі й разграміць іх па адзіночцы. Спачатку бітва была роўнай, лівонцы добра трымалі абарону, але ў нейкі момант частка войска ВКЛ кінулася ва ўяўныя ўцёкі (у 1410 годзе ў бітве пад Грунвальдам большая частка войска ВКЛ таксама нібыта кінулася ва ўцёкі, у выніку чаго войскі крыжакоў былі акружаны й разьбіты). Дацкія войскі пачалі перасьлед «уцекачоў», але, страціў значны час, яны ня здолелі дагнаць ліцьвінаў і вырашылі вяртацца да свайго войска. Калі датчане вярнуліся да месца бітвы, астатнія войскі ўжо былі разьбітыя, а яны самі трапілі ў пастку й амаль усе былі зьнішчаныя. У гэтай бітве загінуў лівонскі магістар, 71 ордэнскі брат, амаль усё дацкае войска з рэвельскім намесьнікам Эйлартам фон Обэргам і гэта ня лічачы астатніх рыцараў і простых вояў. Посьпех пры Ашэрадэне быў замацаваны складаньнем у тым жа 1279 годзе міру і хаўрусу паміж Мазовіяй і ВКЛ. Мазавецкі князь Баляслаў II ажаніўся з Трайдзеневай дачкой Гедзіміндай. Новы хаўрус скіроўваўся як супраць Тэўтонскага ордэна, так і супраць Польшчы. Да гэтага ж году Мацей Стрыйкоўскі адносіць другі шлюб Трайдзеня — з мазавецкай князёўнай Ганнай.
Наступствы
рэдагавацьКрыжакі страцілі ўсе свае дасягненьні за апошнія некалькі гадоў. Земгалы паднялі чарговае паўстаньне й зьвярнуліся за падтрымкай да Трайдзеня, правадыр земгалаў Намэйсіс прызнаў Трайдзеня сваім сюзэрэнам. У 1281 годзе Трайдзень захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі і прымусіў крыжакоў аддаць яму гэты замак узамен захопленага Герцыке. Аднак у 1282 годзе Трайдзень быў забіты двума наймітамі: Стумандам і Гірдзелай, якія пасьля гэтага зьбеглі ў Тэўтонскі ордэн. Вялікае княства Літоўскае не змагло цалкам скарыстацца пладамі гэтай перамогі. Лівонскі ордэн жа вынес вызначаны ўрок і вырашыў выбіраць агульнага вялікага магістра з Тэўтонскім ордэнам для таго, каб у будучыні наносіць адначасовыя ўдары з захаду й з поўначы.
Літаратура
рэдагаваць- В. Насевіч — «Непасрэдныя перадумовы фарміраваньня Вялікага княства Літоўскага» // Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 2. Беларусь у пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касьцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Экапэрспэктыва, 2008. — 688 с; іл. — ISBN 978-985-513-317-0
- Вольфганг Акунов — История Тевтонского ордена / 2012 г.. — 336 с. — ISBN 978-5-9533-5257-4 (рас.)
- Вільям Урбан — Тэўтонскі ордэн / Пераклад з ангельскай мовы П. Румянцаў; 2010 г.. — 416 с. — ISBN 978-5-17-067798-6, ISBN 978-5-271-30513-9 (анг.) (рас.)