Шварн (1230-я — 1270) — вялікі князь літоўскі (1267—1270), князь галіцкі (1264—1270). Малодшы сын галіцка-валынскага князя Данілы Раманавіча.

Шварн
лац. Švarn
Шварн (уяўны партрэт). М. Барвіцкі, 1908 г.
4-ы вялікі князь літоўскі
1267 — 1270
Князь холмскі і галіцкі
1264 — 1270
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1230,
Памёр каля 1270[1],
Дынастыя Раманавічы
Бацька Данііл Галіцкі
Маці Ганна Наўгародзкая (пам. да 1252), дачка Мсьціслава Ўдатнага

Дасьледнікі адзначаюць незвычайнасьць імя Шварн для Рурыкавічаў[2][3]. Разам з тым, у Іпацьеўскім летапісе ўпамінаецца кіеўскі ваявода Шварн, які жыў у XII стагодзьдзі і, магчыма, паходзіў з Ноўгараду[4].

Няма адзінага меркаваньня пра паходжаньне імя. Гісторык-славіст Марфа Шчэпкіна меркавала, што Шварн — гэта галіцка-валынская форма лацінскага імя Севярын[5]. Таксама існуе вэрсія пра стараславянскае паходжаньне Шварну як варыянту імя Сварамір[6][7], корань якога паходзіць ад праславянскага слова, што азначае сварку, разлад або калатнечу (чэскае і славацкае svár — 'сварка, разлад'). Бізантыйскі гісторык Агафі Мірынейскі ўпамінае ў сваёй працы «Пра валадараньне Юстыніяна» славянскага воіна на імя Сварун, які праславіўся ў вайне 555—556 гадоў супраць паўстанцаў-місіміянаў на Каўказе[8]. Апроч таго, у заходнеславянскіх мовах, напрыклад чэскай і славацкай, ёсьць слова švarný у значэньні 'прыгожы, ладны', але асабістых імёнаў з падобным коранем не сустракаецца[9].

Формы імя князя ў гістарычных крыніцах: Шеварно (1256 год), Шьварно (1262 год), Шварно (1255, 1258, 1264 і 1268 гады)[10], Swarno (польская хроніка)[3].

Біяграфія

рэдагаваць

Каля 1253[1] ажаніўся з дачкой Міндоўга, а ўжо ў 1255 годзе браў удзел у яго выправе на Люблін.

У 1256 разам з бацькам, братамі Раманам і Львом, ваўкавыскім князем Глебам і сьвіслацкім князям Ізяславам хадзіў на яцьвягаў. Браў удзел у выправах Данілы супраць гарадоў, што прызналі татарскую ўладу.

Позна ўвесну 1262 году браў удзел у выправе Міндоўга на Мазовію. Па захопе Плоцку яны аблажылі ў Яздаве пад Варшавай мазавецкага князя Земавіта з сынам Конрадам. У выніку здрады Яздаў захапілі войскі Міндоўга і Шварна, у час штурму загінуў Земавіт, а Конрад трапіў у палон. Паводле адной з вэрсіяў, Шварн уласнаруч адсек галаву Земавіту, свайму швагру, які трапіў да яго ў палон, але гэта вельмі малаімаверна. Мазавецкае рыцарства наладзіла пагоню, але пацярпела паразу ад войскаў Міндоўга і Шварна пад Длугасёдламі 5 жніўня 1262 году.

У 1264 годзе па сьмерці бацькі атрымаў Усходнюю Галічыну з Галічам, Забужжам з Белзам, Чэрвенам, Холмам, Мельнікам і Дарагічынам. У тым жа годзе разам зь дзядзькам Васількам дапамог Войшалку вярнуць уладу ў Літве, заваяваць Нальшаны і Дзяволтву, адпомсьціць ворагам. Па гэтым на чале ўласных войскаў і войскаў ВКЛ учыніў напад на Малую Польшчу, але Баляслаў Сарамлівы ў адказ парабаваў уладаньні Шварн і нанёс паразу яго пагоне пад Бранскам, гэта пахіснула пазыцыі Шварна ў Галіцка-Валынскім княстве на карысьць яго брата і канкурэнта Льва.

У 1266 годзе войска Шварна з падмацаваньнем з аддзелаў ВКЛ і татараў напала на Сандаміршчыну, але яго разьбіў Баляслаў Срамлівы 18 ліпеня 1266 году ў бітве пад Завіхостам, бо не дачакаўся валынскіх падмацаваньняў ад свайго дзядзькі Васількі і напаў на палякаў першым, за гэта Васілька і наракаў яму.

У 1267 атрымаў ад Войшалка велікакняскую ўладу ў ВКЛ[11].

У 1270 годзе памёр не пакінуўшы нашчадкаў. Паводле іншых зьвестак, загінуў у бітве з войскамі брата Льва на раце Ясельдзе. Спачыў у Холме.

Папярэднік
Войшалк
Вялікі князь літоўскі
1267—1270
Наступнік
Трайдзень
  1. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 755.
  2. ^ Войтович Л. В. Княжа доба: Портрети еліти. — Біла Церква, 2006. С. 27.
  3. ^ а б Домбровский Д. Генеалогия Мстиславичей: Первые поколения (до начала XIV в.). — СПб., 2015. С. 395.
  4. ^ Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики. — М., 2006. С. 375—378.
  5. ^ Щепкина М. В. О происхождении Успенского сборника // Древнерусское искусство. Рукописная книга. — М., 1972. С. 70.
  6. ^ Гедеонов С. А. Варяги и Русь. — М., 2004. С. 208.
  7. ^ Curtin J. The Mongols in Russia. — Boston, 1908. P. 327.
  8. ^ Агафий Миринейский. О царствовании Юстиниана / Пер. М. В. Левченко. — М., 1996. С. 152.
  9. ^ Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики. — М., 2006. С. 374, 379.
  10. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 207.
  11. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 38.

Літаратура

рэдагаваць