Згуртаваньне беларусаў сьвету Бацькаўшчына
Згуртава́ньне белару́саў сьве́ту «Ба́цькаўшчына» — міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне беларускай дыяспары, заснаванае ў верасьні 1991 году.
Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» лац. Zhurtavańnie biełarusaŭ śvietu „Baćkaŭščyna“ | |
5-ы зьезд (Менск, 2009 г.) | |
Абрэвіятура | ЗБС «Бацькаўшчына» |
---|---|
Дата ўтварэньня | 10 верасьня 1991 (33 гады таму) |
Тып | міжнароднае |
Юрыдычны статус | грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | захаваньне беларускага народу і беларускай дыяспары |
Штаб-кватэра | Менск, Першамайскі раён, вул. К. Чорнага, д. 31 |
Месцазнаходжаньне | Беларусь |
Дзейнічае ў рэгіёнах | 24 краіны Амэрыкі і Эўразіі |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Кіраўніца | Алена Макоўская |
Старшыня | Ніна Шыдлоўская |
Кіроўны орган | Рада |
Зьвязаныя кампаніі | «Будзьма беларусамі!» |
Сайт | zbsb.org |
На 2016 год улучала 135 таварыстваў беларускай дыяспары ў 24 краінах: 4 краінаў Азіі (Грузія, Ізраіль, Казахстан, Узбэкістан), 3 краінаў Амэрыкі (Аргентына, ЗША, Канада), 16 краінаў Эўропы (Баўгарыя, Брытанія, Бэльгія, Вугоршчына, Латвія, Летува, Малдова, Нямеччына, Польшча, Расея, Украіна, Францыя, Чэхія, Швайцарыя, Швэцыя, Эстонія) і Аўстраліі. Выдае бюлетэні «Беларусы ў сьвеце» і «Кніганоша», кніжную сэрыю «Бібліятэка Бацькаўшчыны» па беларускай культуры і гісторыі беларускай дыяспары ў сьвеце. Праводзіць дасьледчыя канфэрэнцыі. У 1997 годзе ажыцьцявіла аднаўленьне вобраза Крыжа сьвятой Эўфрасіньні Полацкай.
Кіраўнікі
рэдагаваць- Васіль Быкаў (10 верасьня 1990 — 10 ліпеня 1993)
- Радзім Гарэцкі (10 ліпеня 1993 — 17 ліпеня 2005)
- Аляксей Марачкін (17 ліпеня 2005 — 19 ліпеня 2009)
- Алена Макоўская (з 19 ліпеня 2009 г.)
Задачы
рэдагаваць- Наладжваньне пастаянных сувязяў зь беларускай дыяспарай.
- Дапамога ў абароне правоў беларускай дыяспары.
- Заахвочваньне беларусазнаўства.
- Прыцягненьне беларускай дыяспары да пераадоленьня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі.
- Прыцягненьне ў Беларусь замежных укладаньняў і новых распрацовак.
- Дабрачыннасьць на карысьць беларускай дыяспары ў мясьцінах, закранутых бедзтвам.
- Пашырэньне беларускай культуры і мовы ў беларускай дыяспары.
- Папярэджаньне беларусафобіі.
Мінуўшчына
рэдагаваць1990—2005
рэдагаваць10 верасьня 1990 г. адбылася Ўстаноўчая канфэрэнцыя Згуртаваньня беларусаў сьвету зудзелам 300 дэлегатаў з усіх вобласьцяў і большасьці раёнаў Беларускай ССР, ад беларускіх суполак Латвіі (Рыга), Летувы (Вільня) і Эстоніі (Талін), Казаскай ССР (Алма-Ата) і Расейскай СФСР (Пецярбург, Масква, Мурманск, Якуцк). Канфэрэнцыя зацьвердзіла Статут Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», выбрала кіраўніком Васіля Быкава і старшынём Яўгена Лецку. У 1991 г. у Беластоку (Польшча) ЗБС «Бацькаўшчына» правяло прэзэнтацыю кнігі Міколы Ермаловіча «Старажытная Беларусь», 1000 асобнікаў якой перадалі ў мясцовыя школы. На будаўніцтва Музэю беларускай культуры ў Гайнаўцы (Беластоцкае ваяводзтва, цяпер Падляскае ваяводзтва, Польшча) перадалі абліцовачны карэльскі мармур на суму звыш $20 000.
2 красавіка 1992 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 184 «Пытаньні Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“», паводле якой даручыў:
- «Менскаму гарвыканкаму забясьпечыць вылучэньне памяшканьняў для разьмяшчэньня стваранага культурнага цэнтра і кіроўных органаў Згуртаваньня»;
- «Міністэрству рэсурсаў і Міністэрству гандлю аказваць дапамогу Згуртаваньню беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“ і яго рэлігійным арганізацыям у вылучэньні паперы, мэблі, аргтэхнікі, іншых матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў»;
- «Выканкамам абласных, гарадзкіх і раённых Саветаў народных дэпутатаў аказваць дапамогу Згуртаваньню беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“ і ствараным ім арганізацыям у правядзеньні гаспадарчай і фінансава-эканамічнай дзейнасьці, а таксама ў вылучэньні неабходных памяшканьняў»;
- «Міністэрству інфармацыі аказваць дапамогу Згуртаваньню беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“ ў яго выдавецкай дзейнасьці, а таксама прапагандаваць сродкамі масавай інфармацыі працу Згуртаваньня»[1].
29 кастрычніка 1992 г. ЗБС «Бацькаўшчына» перадала мэдычнае абсталяваньне і лекі ад хрысьціянскіх цэркваў ЗША ў Рэспубліканскую рэабілітацыйную лякарню ў в. Аксакаўшчына (Менскі раён) і Беларускаму таварыству інвалідаў па зроку (Менск, вул. Амуратарская, д. 7). Ажыцьцявілі факсімільнае выданьне кнігі Натальлі Арсеньневай «Пад сінім небам».
8—10 ліпеня 1993 г. у Менску прайшоў 1-ы зьезд беларускаў сьвету з удзелам 510 прадстаўнікоў зь Беларусі і 486 дэлегатаў з 22 іншых краінаў: 4 краінаў Азіі (Казахстан, Кыргыстан, Туркмэністан, Узбэкістан), 3 краінаў Амэрыкі (Аргентына, ЗША, Канада), 14 краінаў Эўропы (Ангельшчына, Аўстрыя, Бэльгія, Латвія, Летува, Малдова, Нямеччына, Польшча, Расея, Украіна, Францыя, Чэхія, Швайцарыя, Эстонія) і Аўстраліі. Зьезд абраў кіраўніком ЗБС «Бацькаўшчына» Радзіма Гарэцкага і старшынёй Ганну Сурмач. У чэрвені 1994 г. стварылі сумеснае прадпрыемства «Міжнародны цэнтар прадпрымальнікаў беларускай дыяспары». 26-27 ліпеня 1997 г. у Менску адбыўся 2-і зьезд беларусаў сьвету з удзелам 64 прадстаўнікоў ад Беларусі і 123 дэлегатаў з 17 краінаў, у тым ліку Італіі. У верасьні 1997 г. мастак-ювэлір Мікалай Кузьміч узнавіў Крыж Эўфрасіньні Полацкай паводле дамовы з ЗБС «Бацькаўшчына» ад красавіка 1993 году. Крыж перадалі ў Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр у Полацку (Віцебская вобласьць, Беларусь). У траўні 1998 г. выдалі кнігу «Жыватворны сымвал Бацькаўшчыны» Ўладзімера Арлова і фільм «Шлях да сьвятыні» Віктара Шавялевіча аб аднаўленьні крыжа. У чэрвені 2001 г. выдалі кнігу «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (440 с.). 5-6 ліпеня 2001 г. 3-і зьезд беларусаў сьвету прайшоў з удзелам 144 прадстаўнікоў ад Беларусі і 139 прадстаўнікоў 72 згуртаваньняў беларускай дыяспары ў 18 краінах. Працу зьезда асьвятлялі 45 інфармацыйных агенцтваў. У лістападзе 2001 г. стварылі ўласны вэб-сайт са зьвесткамі аб грамадзкіх аб’яднаньнях беларускай дыяспары. У сьнежні 2001 г. выдалі першы бюлетэнь «Беларусы ў сьвеце» і кнігу дзіцячых апавяданьняў і вершаў «Беларусь — мая Бацькаўшчына» на грошы Ірыны Каляды-Сьмірновай (ЗША). Таксама паспрыялі выпуску альбома «Вір» гурта «Стары Ольса», як і папярэдняга альбома «Келіх кола».
У красавіку 2002 г. выдалі кнігу Фёдара Дастаеўскага «Аповесьці, апавяданьні» ў перакладзе Андрэя Каляды. У лістападзе падпісалі расейскія бібліятэкі на беларускія газэты і часопісы. У сьнежні 2002 г. выдалі кнігу дзіцячых вершаў «Мой родны кут, як ты мне мілы» і альбом «Verbum» гурта «Стары Ольса». У студзені 2004 г. выдалі кнігу дзіцячых твораў «Я — беларус, і тым ганаруся». У лютым 2004 г. выпусьцілі «Выбраныя творы» Ф.Дастаеўскага ў перакладзе А.Каляды (сэрыя «Беларускі кнігазбор») і стварылі бібліятэку выданьняў беларускай дыяспары. У сакавіку 2004 г. прэзэнтавалі кнігу «Месца выдання — Парыж» у сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». У чэрвені 2004 г. зладзілі запіс альбома «Скарбы літвінаў» гурта «Стары Ольса», які выйшаў у лістападзе. У жніўні 2004 г. выдалі кнігу дзіцячых твораў «Нашчадкі змагарнай славы» і склалі бібліятэку для Беларускага цэнтру ў Бэльгіі. У сьнежні 2004 г. выпусьцілі кнігу Юрыя Грыбоўскага «Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна» ў сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». У студзені 2005 г. выдалі кнігу Натальлі Гардзенкі(be) «Беларусы ў Аўстраліі». У сакавіку 2005 г. Лявон Юрэвіч выдаў дасьледаваньне «Мэмуары на эміграцыі» ў сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». У чэрвені 2005 г. выпусьцілі кнігі Марыі Ганько «Каб сьведчылі пра Беларусь» і Ірыны Верабей «Там, дзе сэрца маё». Стварылі суполкі ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць; старшыня Андрэй Саладоўнікаў), Магілёве (Мікола Яцкоў) і Пінску (Аляксандар Яўсеенка), таксама моладзевую суполку «Рэй» у Менску (Ніна Шыдлоўская).
З 2005 году
рэдагаваць16—17 ліпеня 2005 г. 5-ы зьезд беларусаў сьвету адбыўся з удзелам 144 прадстаўнікаў ад Беларусі і 134 прадстаўнікоў 69 згуртаваньняў беларускай дыяспары ў 21 краіне, у тым ліку Армэніі, Гішпаніі і Коста-Рыкі. Зьезд абраў новым кіраўніком Аляксея Марачкіна і старшынёй Алену Макоўскую[2]. Падзею асьвятлялі 16 газэтаў і часопісаў, 7 інфармацыйных агенцтваў («Аб’яднаная прэса», БелаПАН, Брытанская вяшчальная карпарацыя, «Інтэрфакс», «Ройтэрз») і 6 тэлеканалаў: «АНТ», «Лад», «Сталічнае тэлебачаньне», «НТБ» (Расея), «Рэн ТБ» (Расея) і «ТБ Цэнтар» (Расея). У верасьні 2005 г. выдалі кнігу Аўгіньні Кавалюк «Адклікаюцца рэхам гады». У кастрычніку 2005 г. сабралі беларускамоўную царкоўную літаратуру для праваслаўных беларусаў Падляскага ваяводзтва Польшчы, каб захаваць беларускамоўныя набажэнствы ў Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царкве. У сакавіку 2006 г. выдалі 3 кнігі: зборнік ваеннай прозы эміграцыі «Каханы горад», «Летапісны звод сусьвету чалавека сьведамага» (Лявон Юрэвіч) і «Беларускае літаратурнае вымаўленьне» Андрэя Каляды з 3 картамі памяці па артаэпіі і дыкцыі. У жніўні 2006 г. выдалі кнігі «Успаміны сэрца майго» Надзеі Дземідовіч. У кастрычніку 2006 г. перадалі кнігі і падручнікі для беларускай нядзельнай школы ў Празе (Чэхія) пры суполцы «Пагоня», нядзельнай школы ў Лёндане (Ангельшчына) пры Згуртаваньні беларусаў у Вялікай Брытаніі, бібліятэкі Таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» (Рыга, Латвія) і беларускай школы ў Латвіі, беларускіх школаў у Гайнаўцы (Польшча) і Беларускага культурнага таварыства ў Калінінградзе (Расея). Выдалі дзіцячы зборнік «Радзіма вялікая і малая» і кнігу «Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ стагодзьдзя» (Алег Латышонак, Станіслаў Акінчыц). У сьнежні 2006 г. прэзэнтавалі падручнік «Сцэнічная мова» Андрэя Каляды з наступнай рассылкай па ВНУ Беларусі ў студзені 2007 году.
У студзені 2007 г. Андрэй Каляда выдаў зборнік «Лялечны дом» зь перакладамі п’есаў, які разаслалі па тэатраў Беларусі. У студзені-лютым 2007 г. зладзілі канцэртны тур па гарадах Беларусі барда Віктара Шалкевіча, гуртоў «Стары Ольса» і «Testamentum Terrae». У красавіку 2007 г. выдалі 2 кнігі: «Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў» Аляксандра Адзінца і «Адзін Госпад, адна Вера, адзін Хрост» (уклад. Андрэй Любіч). 20 красавіка 2007 г. ажыцьцявілі прэм’еру фільма «Старыя інструмэнты Беларусі» (рэжысэр Зьміцер Сасноўскі)[3]. У чэрвені 2007 г. выдалі 2 кнігі: «Мы стваралі сваю Беларусь» (Вольга Грыцук) пра старшыню Згуртаваньня беларусаў Канады Аляксея Грыцука, дзіцячай кнігі-маляванкі «Прыгоды Какоса-Маракоса» (Серж Мінскевіч). 21 лістапада 2007 г. Уладзімер Хільмановіч прэзэнтаваў «Беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень». У лістападзе-сьнежні 2007 г. зладзілі канцэртны тур па 10 найбольшых гарадах Беларусі барда Зьмітра Бартосіка. У лютым-красавіку 2008 г. зладзілі тур на 15 найбольшых гарадах Беларусі Зьмітра Бартосіка, гуртоў «Рэха» і «Стары Ольса». У сакавіку 2008 г. выдалі дзіцячы зборнік «Беларусь маёй будучыні» на грошы кіраўніцы фонду «Этнічны голас Амэрыкі» Ірыны Каляды-Сьмірновай. У красавіку 2008 г. выдалі па-беларуску раман Кастуся Акулы «Заўтра ёсць учора». 1 кастрычніка 2008 г. заснавалі кампанію «Будзьма беларусамі!».
18—19 ліпеня 2009 г. 5-ы зьезд беларусаў сьвету адбыўся з удзелам 252 прадстаўнікоў звыш 50 аб’яднаньняў з 18 краінаў сьвету. Кіраўніцай абралі Алену Макоўскую, старшынёй — Ніну Шыдлоўскую[4][5]. У 2012 г. ЗБС «Бацькаўшчына» пераехала на цяперашнюю сядзібу (Менск, вул. К. Чорнага, д. 31). 23—24 ліпеня 2013 г. 6-ы зьезд беларусаў сьвету сабраў 239 прадстаўнікоў з 18 краінаў. За 2014 г. выдалі каляровую «Чытанку для маленькіх», зборнік дакумэнтаў «Рада БНР (1970—1982)» і раман Віктара Марціновіча «Мова». Таксама правялі прэзэнтацыі кніг «Маё мястэчка» Васіля Стомы (2 жніўня, в. Лужкі, Шаркоўшчынскі раён) і «Ян Ялмужна» Антона Брыля. За 2015 г. выдалі 7 кніг.
24 верасьня 2021 году судзьдзя Вярхоўнага суду Беларусі Рыма Філіпчык задаволіла пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі аб закрыцьці Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Прычынамі пазову назвалі перанос 7-га зьезду беларусаў сьвету зь 2021-га на 2022 год і непадачу дадаткова запатрабаваных дакумэнтаў пра сяброў Згуртаваньня, хоць сядзібу ЗБС «Бацькаўшчына» апячаталі пасьля ператрусу 14 ліпеня[6]. Папярэдне, 23 жніўня старшыня ЗБС «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская адзначыла: «Ужо ўзімку было відавочна, што з прычыны пандэміі шматлюднае мерапрыемства будзе немагчыма правесьці. Мы патэлефанавалі ў Мінʼюст, атрымалі дакладныя тлумачэньні, што кіруючы орган паміж зьездамі мае права прыняць рашэньне аб пераносе тэрміну. То бок, паводле статуту склікаць і пераносіць зьезд можа Вялікая Рада. Яна і выказалася за перанос зьезду на 2022 год. Адпаведны пратакол быў накіраваны ў Мінʼюст. Гэта быў чэрвень». Наконт 2-га патрабаваньня прадставіць сьпісы сяброў «Бацькаўшчыны» зь іх прыватнымі зьвесткамі і асабістымі подпісамі старшыня ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская заявіла: «заканадаўства Беларусі патрабуе прадстаўляць асабістыя дадзеныя толькі сябраў кіруючых структур, што і было зроблена, а ня ўсіх сяброў арганізацыі. Аднак мы ня маем права бяз згоды кожнага сябра разгалошваць іх асабістыя дадзеныя — паводле беларускага ж заканадаўства»[7].
Літаратура
рэдагаваць- Vitali Silitski, Jan Zaprudnik The A to Z of Belarus (The A to Z Guide Series) (нев.). — Lanham: Scarecrow Press, 2010. — С. 23–224. — 470 с. — ISBN 978-0810872004
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Вячаслаў Кебіч. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь № 184 «Пытаньні Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына"» (рас.) // Валер Леванеўскі, 28 сакавіка 2007 г. Праверана 24 чэрвеня 2016 г.
- ^ Alyaksei Marachkin Elected Head of “Batskaushchyna” (анг.). Хартыя’97 (2005-07-20). Праверана 2020-02-29 г. Архіўная копія ад 2006-02-25 г.
- ^ Зьміцер Сасноўскі. Старыя інструменты Беларусі // Nonprofit educational channel, 9 сакавіка 2011 г. Праверана 24 чэрвеня 2016 г.
- ^ Alyaksei Marachkin: “Congress of Belarusians of the world sometimes reminded Communist party rally” (анг.). Хартыя’97 (2009-07-20). Праверана 2020-02-29 г. Архіўная копія ад 2009-09-17 г.
- ^ VI з'езд беларусаў свету (бел.) / Беларускае Радыё Рацыя // Наша слова : газэта. — 2013. — № 31 (1130).
- ^ Вярхоўны суд ліквідаваў ЗБС «Бацькаўшчына» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 24 верасьня 2021 г. Праверана 14 лістапада 2021 г.
- ^ «Нам сказалі правесьці зьезд аб пераносе зьезду» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 23 жніўня 2021 г. Праверана 14 лістапада 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Жывы часопіс
- Сац.сеткі: Фэйсбук, У кантакце