Яўге́н Рыго́равіч Ле́цка (псэўданім Я. Варанец; нар. 20 красавіка 1944, вёска Пабрэзьзе Наваградзкі гэбіт, Генэральбецырк Беларутэнія, Райхскамісарыят Остлянд, Нямецкі райх, цяпер у Наваградзкім раёне Гарадзенскай вобласьці) — беларускі празаік, крытык, перакладнік. Сябар Саюзу пісьменьнікаў БССР (з 1977), кандыдат філялягічных навук (1980).

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і: бацька, Рыгор Іванавіч, у маладыя гады чалец Сялянска-работніцкай Грамады, маці, Надзея Сільвестраўна, працавала ў калгасе. Паводле сямейнага паданьня род Лецкаў паходзіў з Каўказу: мужчыны зь іх роду пасьля разгрому паўстаньня пад кіраўніцтвам Шаміля былі перабітыя, а малых дзяцей з бабулямі выселілі ў Налібоцкую пушчу, а адтуль, пасьля паўстаньня 1863-1864 гг., на Наваградчыну.

У 1962 г. скончыў Нягневіцкую сярэднюю школу і паступіў на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту БДУ, адначасова працаваў электракаршчыкам на шарыка-падшыпнікавым заводзе, грузчыкам на станцыі Менск-Пасажырскі, у складзе будаўнічага атраду, гідам-перакладнікам у турыстычных групах (нямецкая мова), настаўнікам ва Ўшанскай школе Бярэзінскага раёну.

Пасьля заканчэньня БДУ (1967), працаваў у Карэлічах інструктарам райкаму камсамола, карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчаньня. У 1968 г. паступіў ў асьпірантуру пры катэдры беларускай літаратуры БДУ. Потым працаваў у інстытуце літаратуры АН БССР (1971—1986). З 1986 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура» — старэйшы рэдактар рэдакцыі прозы, загаднік рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства, драматургіі.

Скончыў БДУ (1967). Кандыдат філялягічных навук (1980). У 1971—1986 гадах працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР. З 1986 году старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Быў старшынём Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

У верасьні 1991 г. сп. Я. Лецка, акторка Тацьцяна Мархель, фальклёрны ансамбль «Рунь», народны майстра па кераміцы, Сымон Саўрыцкі, наведалі сваіх землякоў у Якуцку дзеля азнаямленьня зь дзейнасьцю мясцовай суполкі «Суродзіч».

Творчасьць

рэдагаваць

Аўтар аповесьцяў «Па цаліку», «Дарога ў два канцы», манаграфіі «Выхаваўчая роля літаратуры» і інш. Аўтар сцэнарыяў дакумэнтальных фільмаў пра Янку Купалу, Браніслава Тарашкевіча («Зямля Тарашкевіча», у суаўтарстве з Арсенем Лісам) і інш.

Стваральнік і Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (з 1990), (потым на гэтай пасадзе яго зьмяніла Ганна Сурмач), адзін са стваральнікаў аб’яднаньня «Наваградцы сьвету».

  • Беларуская літаратура за гады савецкай улады. Метадычныя парады лектарам. 1973. 22 с.
  • Па цаліку. Аповесць. Мінск. 1977. 175 с.
  • Вялікая Айчынная вайна ў беларускай прозе. Матэрыял у дапамогу лектару. Мінск. 1979. 18 с.
  • Современная белорусская проза. (Проблемы идейно-нравственного воспитания личности). Автореферат диссертации … кандидата филологических наук. Минск. 1980.
  • Выхаваўчая роля літаратуры. 1980. Мінск. 206 с.
  • Дарога у два канцы. Аповесць. Мінск. 1981. 174 с.
  • Хараство і боль жыцця. Нарыс творчасьці Вячаслава Адамчыка. Мінск. 1985. 128 с.

Літаратура

рэдагаваць
  • Баркоўскі А. Імам Шаміль і Яўген Лецка. // Байрам. Татары на зямлі Беларусі. Менск. № 4. 1994. С. 47-48.
  • Гарэлік Л. М., Пяткевіч А. М. Лецка Яўген. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах.Т. 4. Мінск. 1994. С. 35-36.
  • Гарадніцкі Я. А. Лецка Яўген. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах.Т. 4. Мінск. 1994. С. 36-37.
  • Прысутны. Госьці з Беларусі ў Якуцку. // Голас часу. Лондан. № 1 /16/. 1992. Б. 26.