Гайнаўка
Га́йнаўка (па-польску: Hajnówka, па-падляску: Гайнувка, Hájnuvka) — горад ува ўсходняй Польшчы, на этнічнай тэрыторыі беларусаў, цэнтар павету ў Падляскім ваяводзтве. Адміністрацыйна горад выдзелены ў асобную гарадзкую гміну, тут жа разьмешчаная сядзіба сельскай гміны Гайнаўка. Насельніцтва на 2012 год — 22 031 чалавек[1].
Гайнаўка лац. Hajnaŭka | |||||
польск. Hajnówka | |||||
Сабор Сьвятой Тройцы | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | XVII стагодзьдзе | ||||
Горад з: | 1951 | ||||
Краіна: | Польшча | ||||
Ваяводзтва: | Падляскае | ||||
Павет: | Гайнаўскі | ||||
Плошча: | 21,29 км² | ||||
Насельніцтва (2012) | |||||
колькасьць: | 22 031 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 1034,81 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +48 85 | ||||
Паштовы індэкс: | 17-200 | ||||
TERYT: | 3202605011 | ||||
Нумарны знак: | BHA | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°44′0″ пн. ш. 23°34′0″ у. д. / 52.73333° пн. ш. 23.56667° у. д.Каардынаты: 52°44′0″ пн. ш. 23°34′0″ у. д. / 52.73333° пн. ш. 23.56667° у. д. | ||||
Гайнаўка | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
www.hajnowka.pl |
Гайнаўка — асяродак беларускай нацыянальнай меншасьці, якая паводле перапісу 2002 року складае тут 26,41% жыхароў. З 3 сьнежня 2007 году беларуская мова мае ў горадзе статус дапаможнай мовы. Дзейнічае Музэй беларускай культуры.
Гайнаўка знаходзіцца на Бельскай раўніне, на заходнім краі Белавескай пушчы, з-за чаго атрымала мянушку «брамы ў Белавескую пушчу».
Геаграфія
рэдагавацьЗнаходзіцца на Бельскай раўніне. Найбліжэйшыя месты — Бельск-Падляскі (27 км), Кляшчэлі (28 км) і Беласток (62 км).
59% тэрыторыі Гайнаўкі складаюць сельскагаспадарчыя надзелы, яшчэ 3% — лясныя надзелы. Места займае 1,31% плошчы павету.
Гайнаўка знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці да Белавескай пушчы, найбуйнейшага некранутага лесу Эўропы. Празь места працякае рака Правая Лясная.
Назва
рэдагавацьПаводле адной з вэрсіяў, назва паходзіць ад размоўнага «угай», або месца ў лесе (паляна), дзе пасьвілі скаціну[2].
Гісторыя
рэдагавацьРэч Паспалітая
рэдагаваць- 1589 — тэрыторыя ўвайшла ў склад сталовых уладаньняў караля Рэчы Паспалітай
- 1639 — Сеймавая ардынацыя пастанавіла заснаваць каралеўскія вартоўні дзеля аховы пушчы
- 1670 — ва ўрочышчы Скарбаслаўка паўстала варта (цяпер раён Гайнаўкі Пляцоўка)
- 1679 — у варце несьлі службу 7 егераў і 2 асочнікі, якія таксама пільнавалі Каралеўскі тракт да каралеўскага двара ў Белавежы
- XVIII стагодзьдзе — ва ўрочышчы Скарбаслаўка служыў каралеўскі вартаўнік іменем Гейна або Гайна — імаверна, немец з паходжаньня.
Расейская імпэрыя
рэдагаваць- 1795 — пасьля III падзелу Рэчы Паспалітай да падпісаньня Тыльзіцкае дамовы 1807 року па тэрыторыі сучаснага места праходзіла граніца між Прускім і расейскім падзеламі
- XIX стагодзьдзе — каля сядзібы вартаўніка паўстае вёска
- 23 траўня 1831 каля Гайнаўшчыны паўстанцкі аддзел генэрала Дэзыдэрыя Хлапоўскага атрымаў перамогу ў бітве з расейскімі войскамі
- 1846 — утворанае Гайнаўскае лясьніцтва
- 1863 — у ваколіцах адбываюцца бітвы Студзеньскага паўстаньня
- 1888 — Белавеская пушча ўвайшла ў склад царскіх уладаньняў
- 1894 — да Гайнаўкі пракладзеная чыгунка зь Бельску-Падляскага
- 1897 — чыгунка працягнутая да палацу ў Белавежы
- 1900 — будаўніцтва шашы Бельск-Падляскі — Белавежа
- 1909 — будова чыгуначнай лініі на адцінку Седльцы — Ваўкавыск. Гайнаўка налічвае 600 мяшканцаў
- 1915 — адступленьне расейскага войска і эвакуацыя частку насельніцтва, гайнаўская варта спаленая
- 1915—1918 — немцы займаюцца вывазам драўніны; збудаваныя два тартакі, пякарня, пральня, лазьня, казіно, кінатэатар, фабрыка сухой дыстыляцыі драўніны, дэпо і сеткі вузкакалейных чыгунак
Міжваенная Польшча
рэдагаваць- люты 1919 — Гайнаўка ўвайшла ў склад Польшчы. Насельніцтва — 118 мяшканцаў
- 1920 — польска-савецкая вайна, 27 жніўня ля дарогі да Белавежы адбылася сутычка разьведаддзелу 1-е беларуска-літоўскае дывізіі генэрала Яна Жандкоўскага з савецкім бронецягніком 48-й стралковай дывізіі
- 3 траўня 1923 — заснаваньне каталіцкае парафіі і прыстасаваньне нямецкага кінатэатру пад капліцу
- 1924 — ангельская фірма «The Century European Timber Corporation» набывае тартакі і лясныя чыгункі. У Гайнаўку адбываецца вялікі наплыў працаўнікоў
- 24 сакавіка 1924 — першы страйк на тэрыторыі хімічнае фабрыкі распачаў хвалю выступаў працаўнікоў, якая трывала зь перапынкамі да верасьня 1939
- 1925 — першая праваслаўная капліца. У Гайнаўцы налічваецца каля 4000 мяшканцаў, 70% зь якіх складаюць палякі, астатнія — беларусы, жыды, расейцы, немцы
- 1929 — польскія ўлады касуюць дамову з ангельскай «Цэнтурай» з прычыну рабаўніцкай эксплюатацыі пушчы
- 1930 — чатыры гайнаўскія фабрыкі забясьпечваюць працай амаль 2000 супрацоўнікаў
- 1934 — асада становіцца сядзібай гміны ў складзе Бельскага павету
- 9 сакавіка 1936 — капліца спаленая бальшавікамі; пачатак будаўніцтва новай
- 1939 — у Гайнаўцы налічваецца 17 тысячаў мяшканцаў. Дзейнічаюць Дзяржаўная школа драўнянай прамысловасьці, 3 сярэднія школы, гімнастычнае таварыства «Сокал», гатэль, два кінатэатры, аптэка, бібліятэка, тэатральная суполка
- 17 верасьня 1939 — бітвы зь немцамі падчас Верасьнёўскай кампаніі, бамбаваньне ваколіц пілётамі Люфтвафэ чыгуначнага вакзалу. Празь некалькі дзён Гайнаўка перададзеная СССР
- 27 верасьня 1939 — аддзелы 10-й арміі бальшавікоў захапілі склады ўзбраеньня ў раёне Гайнаўкі, узялі ў палон 125 польскіх жаўнераў і двух афіцэраў
- кастрычнік 1939 — чэрвень 1941 — савецкая акупацыя
- 10 лютага 1940 — дэпартацыя ў Сыбір 462 жыхароў Гайнаўкі
- 25 чэрвеня 1941 — Гайнаўка занятая нямецкімі войскамі. Адразу была спаленая сынагога, кінатэатар «LUX», рэстарацыя і гатэль Гурскага
- верасень 1941 — перасяленьне жыдоў у пружанскае гета
- 17 верасьня 1943 — расстрэл 104 мяшканцаў Гайнаўкі (у тым ліку жанчын зь дзецьмі)
- ліпень 1944 — немцы зьнішчылі чыгуначны вакзал[3] і воданапорныя вежы
- 18 ліпеня 1944 — Чырвоная армія заняла Гайнаўку.
Польская народная рэспубліка
рэдагаваць- 1944 — у Гайнаўцы засталося 8 тысячаў мяшканцаў
- красавік — травень 1945 — у ваколіцах дзейнічаў аддзел 5-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай пад даводзтвам маёра Зыгмунта Шэндэляжа «Лупашкі»
- 20 красавіка 1945 — жаўнеры Грамадзянскай АК раззброілі пастарунак камуністычнай міліцыі
- 15 траўня 1945 — патруль 1 швадрону 5-й Віленскай брыгады АК раззброіў пастарунак чыгуначнай аховы ля помпы на чыгуначнай станцыі
- 28 студзеня 1946 — 3-я Віленская брыгада Нацыянальнага вайсковага задзіночаньня захапіла места і раззброіла пастарунак Грамадзянскае міліцыі і Чырвонай арміі
- 23 чэрвеня 1946 — уведзеная ў эксплюатацыю зьнішчаная за нямецкай акупацыяй чыгунка да Белавежы
- 1948 — пачатак пабудовы каталіцкага касьцёлу, скончанага толькі ў 1965 з прычыны супраціву камуністычных уладаў
- 1951 — атрыманьне статусу места
- 1954 — Гайнаўка стала цэнтрам павету
- 1975 — места перастала быць цэнтрам павету
- 1979 — запушчаная першая аўтобусная лінія
- 1981 — будоўля праваслаўнай Траецкай царквы
- 3 сьнежня 1984 — адкрытае чыгуначнае злучэньне да Белавежы
- верасень 1985 — адкрыты помнік абаронцу места ў 1939 року Баляславу Бервячонку
- 9 верасьня 1986 — уведзены ў эксплюатацыю новы чыгуначны вакзал
- 1989 — распушчаныя камітэты Польскай аб’яднанай работніцкай партыі і Аб’яднанай народнай партыі.
Сучасная Польшча
рэдагаваць- 1993 — ліквідацыя чыгуначнага злучэньня са станцыямі Белавежа-Палац і Бельск-Падляскі
- 1995 — пачатае будаўніцтва яшчэ двух праваслаўных храмаў: Нараджэньня сьвятога Яна Хрысьціцеля і сьвятога Дымітрыя Салунскага
- 1 студзеня 1999 — Гайнаўка ізноў стала цэнтрам павету
- 2000 — пачатак будаўніцтва касьцёлу пад тытулам сьвятых Кірылы й Мятода
- 2003 — пачатак будаўніцтва касьцёлу і кляштару Аб’яднаньня сёстраў-клярысак
- 2004 — ліквідацыя пасажырскіх цягнікоў на чыгунцы Гайнаўка — Цісаўка
- 21 чэрвеня 2007 — меская рада прыняла ўхвалу пра ўвядзеньне беларускай мовы ў якасьці дапаможнай
- 2008 — адкрыты касьцёл сьвятых Кірылы і Мятода
- жнівень 2010 — адкрыты касьцёл Аб’яднаньня сёстраў-клярысак
- 18 жніўня 2012 — візыт патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы I ў Сабор Сьвятой Тройцы.
Гаспадарка
рэдагавацьСёньняшняя Гайнаўка — значны прамысловы цэнтар, вузел чыгунак і аўтамабільных дарог.
Шмат фірмаў, вялікіх і дробных, займаецца тут дрэваапрацоўкай. Сярод іх: буйнейшае прамысловае прадпрыемства Гайнаўкі — дрэваапрацоўчы камбінат «Furnel», мэблевая фабрыка «Nikom» і інш. Гэтыя прадпрыемствы вырабляюць піламатэрыялы, разнастайную мэблю, летнія домікі, будаўнічыя дэталі, драўляны вугаль, тару, а таксама драўляную галянтарэю. Шмат што з гэтай прадукцыі служыць прадметам экспарту. Прадпрыемствы машынабудаваньня вырабляюць машыны і абсталяваньне для лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасьці, абагравальнае абсталяваньне, трактары. Прадпрыемства будаўнічай керамікі «Lewkowo» зьяўляецца буйнейшым вытворцам керамікі на Падляшшы. Гайнаўскі павет добра вядомы экалягічна чыстымі харчовымі прадуктамі: малочнымі, мяснымі, кандытарскімі.
Дзякуючы прыгранічнаму становішчу Гайнаўскага павету і наяўнасьці чыгуначных шляхоў, што вядуць у Беларусь, у павеце працуюць гандлёвыя фірмы, якія займаюцца імпартам угнаеньняў, дрэва, прыроднага газу.
Разьмяшчэньне Гайнаўкі ля самай мяжы Белавескай пушчы спрыяла таму, што ў 2001 тут адкрыўся філіял Беластоцкага політэхнічнага інстытуту, дзе рыхтуюць адмыслоўцаў у галіне аховы прыроды і гаспадарчай дзейнасьці на ахоўваемых прыродных тэрыторыях.
Насельніцтва
рэдагаваць- 2009 год — 21 583 чал.[4]
Беларусы ў Гайнаўцы
рэдагавацьПаводле вынікаў перапісу насельніцтва 2002 году ў Гайнаўцы самая вялікая ўдзельная вага беларусаў сярод усіх гарадоў Польшчы.
У шэрагу школ і гімназіяў Гайнаўкі сотні дзяцей як дадатковы прадмет вывучаюць беларускую мову (комплекс школаў з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы(pl)). Акрамя таго, у Гайнаўцы дзейнічаюць гімназія і ліцэй з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы, дзе гэты прадмет зьяўляецца абавязковым.
Гайнаўка — адзін з найбольш значных цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. У 1990 годзе была адкрыта першая экспазыцыя Гайнаўскага музэю помнікаў беларускай культуры. Цяпер музэй мае 3 будынкі, 6 экспазіцыйных заляў, кіназалю, бібліятэку, гатэль. У музэйнай экспазыцыі прадстаўлены сельскагаспадарчыя прылады працы, творы народнага мастацтва і культурныя здабыткі беларусаў у Польшчы.
Турыстычная інфармацыя
рэдагаваць- Фабрычныя будынкі пач. ХХ ст.
- Касьцёл Узьнясеньня Сьвятога Крыжа (ХХ ст.) са знакамітым арганам з ХІХ ст.
- Царква Сьвятой Тройцы (канец ХХ ст.) — адзін з найцікавейшых паводле архітэктурнага вырашэньня храмаў. Лічыцца самым вялікім праваслаўным храмам на тэрыторыі Польшчы (адначасова можа зьмясьціць 5000 вернікаў).
Ураджэнцы
рэдагаваць- Міхал Андрасюк (нар. 1959) — дзяяч беларускай меншасьці ў Польшчы
- Міра Лукша (нар. 1958) — беларуская пісьменьніца
- Кацярына Бонда (нар. 1977) — польская пісьменьніца беларускага паходжаньня
- Натальля Герасімюк(d) (нар. 1967) — беларуская журналістка
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ а б GUS-Główny Urząd Statystyczny (пол.). stat.gov.pl. Праверана 25 студзеня 2013 г.
- ^ Witold Tatarczyk. Dzieje Hajnówki do 1944 roku. — Hajnówka: Miejska Biblioteka Publiczna w Hajnówce, Towarzystwo Przyjaciół Hajnówki, 2000. — ISBN 83 905048-2-0
- ^ Hajnówka / 01 (пол.) Wyburzone.pl Праверана 14 лютага 2013 г. Архіўная копія ад 29 ліпеня 2011 г.
- ^ Ludność w Hajnówce (пол.) Праверана 31 сьнежня 2009 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйная старонка
- Гайнаўка: «Мы размаўляем па-свойму». Радыё Свабода. Праверана 14 лютага 2013 г.