Дзераўная (Дарагічынскі раён)

вёска ў Драгічынскім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі

Дзераўна́я[1] — вёска ў Беларусі, каля Дзятлавіцкага каналу. Уваходзіць у склад Імянінскага сельсавету Дарагічынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Ляжыць на адлегласьці 18 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Антопалю, 25 км на паўночны захад ад Дарагічыну, 30 км на поўдзень ад Бярозы і 7 км на поўнач ад Імяніну.

Дзераўная
лац. Dzieraŭnaja
Плян вёскі
Плян вёскі
Першыя згадкі: XVII стагодзьдзе
Мясцовая назва: Дырывная
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Дарагічынскі
Сельсавет: Імянінскі
Вышыня: 150 м н. у. м.
Насельніцтва: 296 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1644
Паштовы індэкс: 225852
СААТА: 1220839016
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°18′0″ пн. ш. 24°54′0″ у. д. / 52.3° пн. ш. 24.9° у. д. / 52.3; 24.9Каардынаты: 52°18′0″ пн. ш. 24°54′0″ у. д. / 52.3° пн. ш. 24.9° у. д. / 52.3; 24.9
Дзераўная на мапе Беларусі ±
Дзераўная
Дзераўная
Дзераўная
Дзераўная
Дзераўная
Дзераўная
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

У Дзераўной працуе васьмігадовая школа, дзее сельскі дом культуры з кіназаляй і сельскай бібліятэкай, ёсьць свая крама, пошта і лазьня, каля школы месьціцца мэдычны пункт — Дзераўнянскі ФАП. За школай раскінуўся вясковы парк, абсаджаны ўжо шматгадовымі таполевымі дрэвамі на яго ўскрайку і маладымі рабінамі з дубам уздоўж акраю. У цэнтры парку разьмяшчаецца футбольнае поле і валейбольная пляцоўка. Таксама на тэрыторыі парку ляжыць кацельня, якая топіць школу і сельскі клюб у халодны пэрыяд году.

Раней Дзераўная мела сваю царкву, якая стаяла на невялікім узгорку ў колішнім цэнтры вёскі, які звалі і яшчэ сёньня завуць Цвынтаром. Але з прыходам савецкай улады яе расьцягнулі бульдозерамі і спалілі. Па гэтым царкву ніхто не аднаўляў, а вяскоўцы едуць у суседнія вёскі Дзеткавічы, Зёлава, Субаты на вялікія царкоўныя сьвяты.

Зь Дзераўной паходзіць івацэвіцкі паэт Віктар Радынь (сапраўднае імя — Віталь Краўчук), які піша вершы на беларускай і расейскай мовах.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Ганчар Піліп Пешка. Фота Д. Геаргіеўскага, 1933 г.

Раньнія часы

рэдагаваць

Дакладная рэканструкцыя гістарычнага мінулага вёскі дастаткова цяжкая і ў некаторыя пэрыяды магчымая толькі з ускосных крыніцаў. Вядома, што ў старажытныя часы тэрыторыю засялялі плямёны дрыгавічоў.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Дзераўная ўпершыню ўпамінаецца як маёнтак і місійная станцыя айцоў-езуітаў, якія належылі калегіюму езуітаў у Берасьці-Літоўскім у 1623—1773 гадох. Фундацыйны маёнтак быў выкуплены ў Цывінскіх і запісаны ў 1623 годзе канцлерам Львом Сапегам калегіюму езуітаў у Берасьці[2]. За адносна кароткі час дзякуючы падатковым прывілеям, фундушам і каралеўскім дарам езуіты сталі ўласьнікамі 269 сялянскіх гаспадарак Берасьцейскага павету.

Падчас мору ў 1710 у маёнтку памерла 170 асобаў[2].

У XVIII ст. езуіты мелі ў Дзераўной свой місійны пункт пры касьцёле з цудоўным абразом Маці Божай. У 1721, дзякуючы фундацыі Антаніны Завадзкай, у езуіцкіх пабудовах быў збудаваны новы невялікі касьцёл у гонар Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі [2].

Па скасаваньні Ордэну езуітаў маёнткам Дзераўная і Менявеж з 1781 валодаў Ляскоўскі, берасьцейскі чашнік, які штогод плаціў 5600 злотых у якасьці чыншу[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Дзераўная апынулася ў Расейскай імпэрыі, у складзе Кобрынскага павету Слонімскай губэрні. З 1797 году вёска ў складзе Літоўскай губэрні, а з 1801 году — у Гарадзенскай.

У Дворскім лесе паблізу дарогі на Дзеткавічы было каля 12 курганоў, якія мясцовы люд называў «швэдзкімі магіламі». Падчас раскопаў у 1890 годзе ў адным з курганоў выявілі выкладзеныя камяні, а пад імі вугаль і попел. На глыбіні каля 1 сажня знайшлі шкілет чалавека[3].

У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у вёсцы Дзераўной было 56 дамоў, 577 жыхароў, царква і школа[3]. У гэты пэрыяд існаваў таксама фальварак Дзераўная, які належаў да ўладаньняў Стары Двор.

Найноўшы час

рэдагаваць
 
Народны дом, 1934 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дзераўная абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі.1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі вёска ўвайшла ў склад Беларускай ССР[4]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Дзераўная апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе была абшарніцкім маёнткам. Каля лесу пачаў будавацца бровар (магчыма, сьпіртзавод), але па зьмене ўлады яго будаўніцтва было прыпынена, а цэглу жыхары вёскі разьнесьлі на будаўніцтва ўласных хат. За польскім часам у месцы, якое сёньня на вясковым дыялекце завецца Двор, быў закладзены батанічны сад з рэдкімі для Беларусі пародамі дрэваў. Непадалёку ад Двара ў сасоньніку знаходзіцца капліца-пахавальня пані Стэфаніі фон Вольф з Завадзкіх (23.06.1851 — 24.02.1936). Невялікі бярозавы гай на правы бок ад Сукацкай дарогі носіць яе назву і завецца Паніна Бярэзіна (мясцовы дыялект: Паніна Бырызына).

У 1939 годзе Дзераўная ўвайшла ў БССР, у склад Імянінскім сельсавеце Дарагічынскага раёну Берасьцейскай вобласьці.

У 2012 году ў Дзераўной пачалі будаваць царкву ў гонар Сьвятога Прарока Божага Ільлі.

Насельніцтва

рэдагаваць
 
На мапе раёну
  • 1999 год — 329 чалавек
  • 2010 год — 296 чалавек

Навакольле

рэдагаваць

Наабапал амаль што кожнай прасёлачнай дарогі ў навакольлі вёскі цягнуцца ірвы, узьніклыя ў выніку асушэньня балот у гэтай мясцовасьці. Па навакольлі вёскі раскідана шмат невялічкіх сажалак і азёраў, назвы якіх вядомыя толькі на мясцовым дыялекце: Одырванцы, Кар’еры, Лужкы. З поўдня і захаду да самай вёскі падступае лес: хвойны (пераважна сасновы зь невялікімі бярозавымі гайкамі) у кірунку дарогі на Сукачы, асінавы лісьцьвянік наабапал лясной дарогі на Дзеткавічы, бярозавы гай непадалёку ад Новага Сяла (частка і раён Дзераўной). Праз выганы і палі праходзіць Цэнтральны канал.

Флёра і фаўна

рэдагаваць

Тыповыя жыхары навакольнага лесу — воўк, дзік, ліса, заяц, лось, рысь, эўрапейская казуля, гадзюка звычайная, вуж, мядзянка. На палях шмат буслоў, курапатак. Буслы ўюць свае гнёзды на вясковых хатах і электрычных слупах. У невялікіх навакольных сажалках водзіцца пераважна срэбны карась.

 
Красьнюкі

Большая частка навакольных лясоў — хваёвыя. Пераважныя пароды дрэваў — сасна, бяроза, елка і дуб. Сасновы лес перамяшваецца зь невялікімі па памерах дубровамі, ельнікамі і бярозавымі гаямі. Пачатак лесу па Дзеткаўскай дарозе сяляне называюць Гай (густы цёмны непраходны векавы лес з асінавым ускрайкам, які пераходзіць у ельнік). У гэтую частку лесу менш за ўсё ступае нага вяскоўцаў. Сёньня гэта адзінае месца ў навакольлі, дзе засталіся лясныя балоты. Але менавіта непраходны Гай хаваў насельніцтва вёскі ад нямецкіх карнікаў у час Вялікай Айчыннай вайны і шмат каму выратаваў жыцьцё.

Летам у лесе зьяўляюцца лясныя ягады: чарніцы, брусьніцы, суніцы, маліна. Растуць ня ўсюды, а толькі на асобных, аблюбаваных расьлінамі мясьцінах. Брусьнічныя паляны — у беразьнячках пад Менявежам, за Сасноўкай і на Пагарэлым, маліна — у Двары альбо ўздоўж зарослых хмызьняком і чаротам каналаў. Бліжэй да восені пачынаецца грыбны сэзон у вёсцы.

Геалягічныя зьвесткі

рэдагаваць

У Дзераўной сустракаюцца ўсе тыпы звычайнай для Дарагічынскага раёну глебы[5]: дзірванова-падзолістыя, сугліністыя, пяшчаныя, супяшчаныя і тарфяныя. Тарфянікі ляжаць на паўднёвым усходзе вёскі за лазьняй на Выгане, паабапал Цэнтральнага і меншых каналаў бяз назваў. Цяпер гэтую зямлю выкарыстоўваюць як выган для жывёлы і як пасяўную плошчу для нарыхтоўкі сена і некаторых іншых кармоў. На Глінках за вясковым паркам — сугліністая глеба з высокай канцэнтрацыяй гліны. Пяшчанікі і супяшчанікі сустракаюцца ў сасновых лясах, напрыклад у Двары. У самой вёсцы пераважна дзірванова-падзолістая глеба.

Эканоміка

рэдагаваць
 
Заход сонца над Дзераўной, від з дарогі на Імянін

Дзераўная ўваходзіць у калгас «Радзіма». Асноўны від дзейнасьці жыхароў вёскі — сельская гаспадарка. У калгасе ёсьць свая жывёлагадоўчая фэрма, з кароўнікам і сьвінарнікам. На калгасным двары месьцяцца канюшня, ток. На ўскрайку вёскі стаіць млын.

Амаль што кожная сялянская сям’я трымае сваю карову. Большую частку малака сяляне здаюць за адпаведную аплату на перапрацоўку дзяржаўным прадпрыемствам. Частку малака малакавозы возяць раніцай і ўвечары на Бярозаўскі малочнаперапрацоўчы камбінат, частку адвозяць на перапрацоўку ў Дарагічын.

У калгасе вырошчваецца бульба, збожжа, кармавыя і цукровыя буракі, лён, кукуруза, рапс. Лён вывозіцца на перапрацоўку на Кобрынскі ільнозавод, збожжа на перапрацоўку ў Дарагічын. Вядуцца лясныя вырубкі, некаторыя пароды дрэваў ідуць на экспарт за мяжу, а таксама ў дрэваапрацоўчыя камбінаты і мэблевыя фабрыкі вобласьці.

У вёсцы няма цэнтральнай сыстэмы апалу, хаты топяць пры дапамозе звычайных цагляных печак. Амаль што ў кожным жылым будынку стаіць дзьве печы: груба і вялікая печ з прыпечкам, комінкам і запечкам. Топяць пераважна дровамі, клопаты па загатоўцы якіх ляжаць на плячах самога вяскоўца. Дровы прывозяць з навакольнага лесу канём, на дровы ідзе сухастой і гальлё. Сёй-той выпісвае дровы ў лясьніцтве сельсавету. У якасьці паліва таксама выкарыстоўваецца торф.

Транспарт

рэдагаваць

Дзераўная не ляжыць на буйных транспартных шляхах. За пяць кілямэтраў ад вёскі (Дзеткавіцкі напрамак) праходзіць раённая дарога Антопаль — Бяроза. З раённым цэнтрам Дзераўная зьвязаная аўтобусным маршрутам Дарагічын — Мосткі, аўтобус ходзіць двойчы ў суткі, на досьвітку і ўвечары. Звычайна гэта аўтобус ЛАЗ-695. Зь нядаўняга часу па выхадных ўведзена маршрутнае таксі Берасьце — Дзераўная. Зь Дзераўной ідуць дарогі на Мосткі (?) (1 км), Сукачы (3 км), Субаты (6 км) і Імянін (10 км), Дзеткавічы (5 км). Лясныя дарогі вядуць на Менявеж, Адзірванцы, Рашынь.

Назвы вясковых мясьцінаў

рэдагаваць
 
Возера пад Адзірванцамі

Некаторыя назвы мясьцін у навакольлі вёскі немагчыма знайсьці на мапах, яны перадаюцца вяскоўцамі вусна з пакаленьня ў пакаленьне. Гэта Лужкі (Лужкы) — месца за могілкамі, магчыма некалі там стаяў хутар; Двор (Двір) — ускраек і пачатак лесу паабапал Сукацкай дарогі зь лясной палянай, былая панская сядзіба; Рашынь — сёньня поле ў Імянінскім напрамку, магчыма таксама ранейшы хутар; Бровар — месца ў лесе за Дваром, дзе за польскім часам пачалі будаваць бровар; Курачы — месца за калгасным комплексам; Сабачыя могілкі (Собаччы моглыцы) — частка лесу па правы бок Сукацкай дарогі; Паповая гара (Попова гора); Паніна Бярэзіна (Паніна Бырызына); Сасноўка (Сосныўка) — частка сасновага лесу наабапал лясной дарогі на Рашынь; Серанец (Сырынэц) — месца за могілкамі да Лужак, дзе таксама хаваліся вяскоўцы ў час Вялікай Айчыннай вайны ад немцаў; Глінкі (Глынкы) — месца з гліністай глебай за вясковым паркам каля Новага Сяла, дзе жыхары вёскі бралі і ўсё яшчэ бяруць гліну на пабудову хат і іншых будынкаў; Канец (Конэц) — заходні ўскраек вёскі да скрыжаваньня Дзеткаўскай і Сукацкай дарогі; Пагарэлае (Погорілэ) — беразьняк каля лясной дарогі на Адзірванцы і Менявеж, дзе раней стаяў хутар; Маразы (Морозы) — частка вёскі ад Цвынтару да выгану на ўсходзе; Поплаў (Поплав); Кладка — месца каля драўлянай кладкі праз Цэнтральны канал; Пясок (Пысок) — частка сасновага лесу зь пяшчанай глебай пад Сукачамі да Сукацкіх кар’ераў, грыбное месца, на якім восеньню зьбіраюць зялёнкі і падзялёнкі.

Экалягічная сытуацыя

рэдагаваць

Пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Дарагічыншчына раптоўна апынулася ў сьпісе небясьпечных раёнаў з павялічаным радыеактыўным фонам. Сёньня пляма радыеактыўнага забруджаньня цягнецца па Дарагічынскім раёне трыма кроплямі з поўдня на поўнач. Пачынаецца яна з 5—7-кілямэтровай паласы ў Радаставе, звужаецца каля Дняпроўска-Бускага каналу, зноў пашыраецца каля Палескай чыгункі і потым клінам ідзе ў Белаазёрска-Бярозаўскім напрамку[6]. Усё гэта зямля, забруджаная цэзіем-137. Вёску Дзераўная гэтая пляма абступала ў 1990-я гады з усіх бакоў, але саму вёску не пакрывала, паселішча нібыта астраўком стаяла ў кальцы радыяцыйнай забруджанасьці. Згодна з аналізам навукова-дасьледчага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут радыялёгіі», у Дарагічынскім раёне толькі Дзераўная і Галоўчыцы належаць да населеных пунктаў з самай невялікай ступеньню ёдадэфіцыту[7].

 
Адзірванскае возера

Цэнтральная вуліца вёскі — асфальтаваная. Таксама асфальтаваная дарога з Мостак да цэнтру сельсавету — Імяніну. Лясныя дарогі на Дзеткавічы і Сукачы пасыпаны гравіем.

Месцамі адпачынку вяскоўцаў (асабліва моладзі), а таксама тых, хто прыязджае ў вёску проста так ці да сваіх бацькоў, зьяўляюцца Імянінскае возера і Адзірванскае возера. На вялікія сьвяточныя падзеі — Дзень вёскі, Дажынкі, Новы год — вяскоўцы зьбіраюцца ў Дзераўнянскім сельскім клюбе.

Насельніцтва вёскі пераважна беларускага паходжаньня, ёсьць таксама шмат перасяленцаў з Расеі, Украіны. Летам на заробкі ў вёску прыяжджаюць украінцы з Валыні і іншых мясьцінаў.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Капліца могілкавая
  • Сядзіба (пасьля 1939)
  • Царква (1967)
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 120.
  2. ^ а б в г Derewna // Encyklopedia wedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564-1995. Opracował Ludwik Grzebień SJ. Wydawnictwo WAM, Kraków, 1996. S.123
  3. ^ а б Derewna // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo. — Warszawa, 1900. S. 404.
  4. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  5. ^ Дрогичинский район на Брестчина туристическая: Туристические маршруты Брестчины
  6. ^ Брестская область: Обзор радиационно-гигиенической и социально-экономической ситуации. — Гомель, 2005 [1]
  7. ^ Брестская область: Обзор радиационно-гигиенической и социально-экономической ситуации. — Гомель, 2005. С. 32 [2]

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць