Брусьні́цы (па-лацінску: Vaccinium vitis-idaea) — від кветкавых расьлінаў сямейства верасовых, шматгадовазялёны кустарнічак вышыні 10—25 см з доўгім паўзучым карэнішчам, прамастойным ці ўзыходным галінастым сьцяблом. У Беларусі трапляюцца часта ў лясах, хмызьняках, на высечках, мохавых балотах.

Брусьніцы
(Vaccinium vitis-idaea L.)

Шарападобныя чырвоныя ці белавата-ружовыя сакавітыя салодкія ягады з прыемнай кісьлінай і лёгкім гаркаватым прысмакам даспяваюць у жніўніверасьні (ураджайнасьць 150—200 кг/га). Утрымліваюць бялкі, арганічныя кіслоты (бэнзойную, яблычную, лімонную, воцатную, мурашыную, шчаўёвую і іншыя), да 9 % цукроў (фруктоза, цукроза, глюкоза), пэкціны, мінэральныя і дубільныя рэчывы, гліказіды арбуцын, вакцынін, вітаміны C, B9, PP, карацін, катэхіны, фітанцыды, антацыяны і іншыя. Брусьніцы багатыя марганцам.

Ягады спажываюць сьвежыя і мочаныя (залітыя вадой ягады захоўваюцца да вясны, бо ўтрымліваюць натуральны кансэрвант — бэнзойную кіслату); выкарыстоўваюць у кандытарскай прамысловасьці, для квашаньня капусты. Зь ягад гатуюць варэньне (у тым ліку зь яблыкамі, грушамі), джэм, павідла, марынады, кісель, морс, пасьцілу, начынку для цукерак і пірагоў. З брусьніц таксама робяць узвары, настойваюць на гатаванай астуджанай вадзе з цукрам і мёдам. Лісьце выкарыстоўваюць як сурагат гарбаты. Даўней нарыхтоўка ягад у запас мела вялікае гаспадарчае значэньне: брусьніцы парылі ў гаршках, ссыпалі ў кадушкі і бочкі, дадаючы прыправы; зь іх рабілі сок, сыроп, павідла (на мёдзе) і іншыя.

У скандынаўскіх краінах папулярныя як гарнір да мясных страў. Такі ж ужытак мелі і ў беларускай кулінарыі: да смажаніны брусьніцы запякалі ў гаршках або варылі ва ўласным саку.

Брусьніцы (лісьце і сьпелыя ягады) — каштоўная лекавая расьліна: мачагонны, антысэптычны, вяжучы, проціцынготны сродак.

Выкарыстаньне ў філятэліі

рэдагаваць
  • У 1964 годзе ў СССР была выпушчаная паштовая марка з выявай брусніц (ЦФА № 3136).
  • У 2004 годзе ў Беларусі была выпушчана паштовая марка з выявай брусьніц
  • Выява брусьніц зьмешчана на гербе Шаркаўшчыны

Літаратура

рэдагаваць

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».