Гадзюка звычайная
Гадзюка звычайная (Vipera berus) — ядавітая зьмяя сямейства гадзюкавых.
Звычайная гадзюка | |
Звычайная гадзюка | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Паўзуны |
Атрад | Лускаватыя |
Падатрад | Зьмеі |
Сямейства | Гадзюкавыя |
Род | Сапраўдныя гадзюкі |
Від | Гадзюка звычайная |
Бінамінальная намэнклятура | |
Vipera berus | |
Апісаньне
рэдагавацьДаўжыня цела 35-62 см, разам з хвастом 42-72 см, самкі даўжэйшыя за самцоў, маса 30-180 г. Цела ў адрозьненьне ад іншых зьмей адносна кароткае й тоўстае, з кароткім хвастом. Колькасьць лускавін вакол цела 19-21, брушных шчыткоў 131—162. Галава трохвугольнай формы, выразна адмежавана ад шыі й пакрыта дробнымі шчыткамі, а таксама трыма буйнымі — лобным і двума цемяннымі. Морда круглаватая, тупая. Ноздры прарэзаны пасярэдзіне насавых шчыткоў. Зрэнка вэртыкальная (шчылінападобная). Зьверху на галаве — своеасаблівы Х-падобны малюнак, ад вачэй да вугла рота цягнуцца цёмныя палоскі. На сьпіне зігзагападобны малюнак. Кончык хваста жаўтаваты альбо чырванавата-аранжавы. Для віду характэрна вялікая разнастайнасьць варыянтаў афарбоўкі й малюнка галавы, сьпіны, бруха, хваста; пераважаюць шэрыя й карычневыя тоны з рознымі адценьнямі (зеленаватым, блакітнаватым, чырванаватым), часам трапляюцца асобіны выключна чорнай афарбоўкі. Яд гадзюкі выпрацоўваецца ў відазьмененых сьлінных залозах, разьмешчаных у скроневай частцы галавы. Ядавітая залоза зьвязана пратокай зь верхняй сківіцай, і яд паступае да зубоў. Ядавітыя зубы даўжынёй да 5 мм, трубчастыя й мацуюцца на верхнясківічнай косьці; у стане спакою знаходзяцца ў складзеным становішчы (прыціснуты, канцы накіраваны назад), а пры ўкусе разам з адкрываньнем пашчы высоўваюцца ўперад і ўстаюць вэртыкальна.
Літаратура
рэдагаваць- Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. даведнік. - Мн.: БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6
- Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 4. - Мн.: БелЭн, 1997.