Гарадзенская губэрня

(Перанакіравана з «Гарадзенскі губэрнатар»)


Гарадзе́нская губэ́рня — губэрня Расейскае імпэрыі з цэнтрам у Горадні.

Гарадзенская губэрня
Гродненская губернія
Агульныя зьвесткі
Краіна Расейская імпэрыя
Статус губэрня Расейскай імпэрыі[d]
Адміністрацыйны цэнтар Горадня
Дата ўтварэньня 1801
Дата скасаваньня 1918
Губэрнатары гл. Гарадзенскія губэрнатары
Насельніцтва (1891) 1 509 728
Плошча
  • 33 979 км²
Час існаваньня 1801—1917
Месцазнаходжаньне Гарадзенскай губэрні
Гарадзенская губэрня на мапе
Мэдыя-зьвесткі
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

У 1796 годзе была створаная Слонімская губэрня ў складзе 8 паветаў: Слонімскага, Наваградзкага, Гарадзенскага, Ваўкавыскага, Берасьцейскага, Кобрынскага, Пружанскага й Лідзкага. Праз год, у 1797, Слонімская губэрня была злучаная зь Віленскай, пад назовам Літоўскае губэрні, а празь пяць гадоў, паводле загаду 1801 году, аддзеленая ў ранейшым складзе ад Віленскае, зь пераназваньнем у Гарадзенскую. У такім выглядзе яна праіснавала 40 гадоў да далучэньня да яе ў 1842 годзе Беластоцкае вобласьці, якая ўключала 4 паветы: Беластоцкі, Сакольскі, Бельскі й Драгічынскі, прычым апошні злучаны быў зь Бельскім у адзін павет; Лідзкі павет адышоў да Віленскае губэрні, а Наваградзкі — да Менскае. На пачатак ХХ ст. Гарадзенская губэрня складалася зь 9 паветаў, 39 станаў, 185 воласьцяў, 2233 сельскіх грамадаў з 7992 паселішчамі сялянаў у 112663 двары. Было 16 гарадоў і 62 мястэчкі.

Геаграфія

рэдагаваць

Разьмешчаная паміж 51°30' — 54°3' п. ш. і 26°44' — 30°16' у. д., губэрня межавала: на поўначы — зь Віленскай губэрняй, на ўсходзе — зь Менскай, на поўдні — з Валынскай і на захадзе й паўночным захадзе — з Прывісьлінскім краем, ад якога адлучалася рэкамі Нёмнам, Бобрай, Наравам, Лізай, Нурцам і Заходнім Бугам.

Па займанай прасторы ў 33 979 кв. вёрст прыналежыла да ліку найменшых губэрняў у Расеі.

Уся паверхня сярэдняй, а асабліва паўднёвай часткі Гарадзенскай губэрні ўяўляла суцэльную раўніну і толькі паўночная й паўночна-ўсходняя часткі губэрні былі трохі хвалістыя, зрэшты, з спадзістымі грудамі, якія не перавышалі 924 футаў над узроўнем мора — ля фальварку Тарасавец Слонімскага павету.

 
Герб Гарадзенскай губэрні да 1845 г.

Паводле будоўлі сваёй глебы Гарадзенская губэрня належала пераважна да сыстэмы сярэдне- і ніжнятрэцічнае і толькі па Нёмане, а часткай, абмежаванымі месцамі — у паветах Беластоцкім, Бельскім і Берасьцейскім — сустракалася крэйдавая фармацыя з рэшткамі ў ёй белемнітаў. Па Заходнім Бузе — пераважаў граніт, які пераходзіў ніжэй у гнэйс. У бэльках па р. Ласосьне і каля Гародні сустракаўся тарфяны вугаль, а таксама ў шматлікіх месцах — радовішчы азёрных і балотных жалезных рудаў. Найболей распаўсюджаныя па ўсёй губэрні глебы: пяшчаная з большай або меншай прымешкай гліны або перагною, супяшчаная і суглінкавая займалі большую частку ўсёй прасторы губэрні. Сыпкія пяскі сустракаліся найболей часта ў паўночнай частцы Гарадзенскага павету, а ў іншых паветах — па плыні рэк Нараў, Нурэц, Заходні Буг і Лясна. Пяшчана-камяністая глеба займала каля чвэрці ўсяе прасторы паветаў Сакольскага й Беластоцкага. Чорныя глебы (лясная і балотная) мелі адносна невялікае распаўсюджваньне, займаючы да 140 000 дзесяцінаў, у паветах Гарадзенскім, Пружанскім, у сярэдняй частцы Берасьцейскага і на паўночным захадзе Кобрынскага. Глебы — падзолістыя (77 600 дзес.), тарфяныя (3320 дзес.) і багністыя (196 000 дзес.) найболей распаўсюджаныя ў паўднёвай частцы губэрні, прычым тарфяныя паклады сустракаліся ўва ўсіх паветах, за выключэньнем Пружанскага; іх глыбіня месцамі даходзіла да 2-3 аршынаў; яны збольшага распрацоўваліся мясцовым насельніцтвам.

 
Гарадзенская губэрня

Вялікая частка Гарадзенскай губэрні ляжала на ўскраіне Балтыйскага басэйну і толькі паўднёва-ўсходняй сваёй часткай прыналежыла Чарнаморскага. Губэрня была здавальняюча ўвільгатнёная водамі. Нёман, уваходзячы з захаду ў межы губэрні, першапачаткова цёк па малаважнай частцы Слонімскага й Ваўкавыскага паветаў, а затым прарэзваў увесь Гарадзенскі павет. Даўжыня плыні ракі па губэрні да 140 вёрстаў, шырыня яе ад 20 да 110 сажняў, глыбіня ад 3 да 12 футаў пры малаважным падзеньні ракі ад 1 да 1,5 футаў на вярсту. Замярзала рака 9 сьнежня, а выкрывалася 28 сакавіка; вольная ад лёду 256 дзён (у Гародні). Нёман суднаходны на ўсёй прасторы, але правільнаму суднаходзтву перашкаджалі мялізны. Рака мела вялікае значэньне для мясцовага гандлёвага руху, чаму спрыялі штучныя злучэньні — канал Агінскага прытоку яе р. Шчары з ркой Ясельда, якая ўпадае ў Прыпяць, і з Заходнім Бугам — Аўгустоўскім каналам. Левыя прытокі Нёмна больш значныя за правыя; іх 13, і найболей важныя: Шчара, цячэ ў межах губэрні да 207 вёрстаў, прымаючы сплаўныя рэкі — Лахозву (86 вёрст), Грыўду (100 вёрстаў) і Несу (84 вёрстаў); меней значныя левыя прытокі Нёману: Зэльва (150 вёрстаў), Кан (100 вёрстаў), Сьвіслач (120 вёрстаў) і Ласосна (55 вёрстаў). З 8 правых прытокаў найболей значныя: Котра з прытокам Пырай і Іса. Нараў, выцякае з балотаў Пружанскага павету, даўжыня плыні 248 вёрстаў, прымае справа: Супрасьль (95 вёрстаў) і Бобра (170 вёрст) з прытокамі — Сідранкай, Ласоснай і Бярозаўкай; прыняўшы раку Бобру, Нараў робіцца суднаходным; левыя яго прытокі малаважныя. Заходні Буг прыналежыць толькі правым берагам на працягу 252 вёрстаў Гарадзенскай губэрні, адлучаючы яе ад Прывісьлінскага краю. Пасродкам Дняпроўска-Бускага канала, які злучае Мухавец зь Пінай, уваходзіць у водную сыстэму Дняпра й Віслы. Заходні Буг прымае ў межах губэрні 11 прытокаў, зь якіх галоўныя з правага боку: Мухавец (83 вёрстаў) з прытокам Рытай, Лясная (100 вёрстаў), Нурэц і Пульва; зь іх апошняя і Мухавец — суднаходныя. Ясельда, левы прыток Прыпяці, берэ пачатак у шырокіх балотах на заходняй мяжы Ваўкавыскага павету; даўжыня плыні яе ў межах губэрні 130 вёрстаў; найболей важны правы прыток — р. Піна.

Азёраў было шмат, але невялікіх. Некаторыя з азёраў, як, напрыклад, Задубенскае, Белае, Малочнае і Лот, злучаныя паміж сабой і зь вяршыняй ракі Пыры прыроднымі і штучнымі воднымі каналамі (Тызэнгаўскім або Каралеўскім), уяўлялі зручныя сплаўныя шляхі. Усе наогул водныя шляхі ў Гарадзенскай губэрні прыналежылі да заходняй сыстэмы штучнага вадзянога паведамленьня, які злучае Балтыйскае мора з Чорным, прычым увесь працяг суднаходных шляхоў у межах губэрні складаў каля 1400 вёрстаў. Найболей важныя прыстані заходзіліся на Нёмне — ля Гародні і ў Мастах; на Шчары — у Слоніме, на Бабры — у Гонядзі; на Заходнім Бузе — у Берасьці, на Мухаўцы — у Кобрыні. Суднаходзтва па Нёмне, а роўна і сплаў па іншых водных шляхах, пачынаўся з другой паловы красавіка, а сканчваўся ў кастрычніку. Судны, якія плавалі па рэчках Гарадзенскае губэрні, насілі назовы: віціна (падымалі грузы да 14000 пудоў), барак — да 5000 пудоў, барліна — да 4000 пудоў, габара (жалезныя) да 1500 пудоў; больш дробныя судны: дубасы, лыжвы, камыгі, або паўбаркі, лодкі, баты і г. д.[1] Балоты займалі да 1/15 часткі ўсяе прасторы губэрні. Найболей багністыя мясцовасьці знаходзіліся: у пушчах Белавескай і Гарадзенскай, пры зьліцьці Бабра з Наравам, па плыні рэк Мухаўца, Нарава, Нурца й інш. Непраходныя балоты цягнуцца па левым беразе Піны, у Кобрынскім павеце, маючы да 70 вёрстаў даўжыні і ад 6 да 30 вёрстаў шырыні. Найбуйнейшае па велічыні — Пяткоўскае балота ў 22 кв. вёрстаў, што ляжала паміж Наравам і Лізай. Наяўныя ў губэрні мінэральныя крыніцы, салёна-бромістыя, Друскенікі, карысталіся шырокай вядомасьцю.

Клімат губэрні быў памяркоўны: бяз моцнае сьпёкі й жорсткіх, працяглых маразоў. Па назіраньнях у Беластоку, Горадні, Сьвіслачы й Берасьці, сярэдняя тэмпэратура году — 6,3°. Зь вятроў пераважаў заходні кірунак; колькасьць дзён з ападкамі 145 пры сярэдняй гадавой колькасьці выпадальнае вільгаці каля 500 мм.

Пад лясамі было занята амаль 18% прасторы губэрні, а менавіта 484 000 дзес., і пад штучнымі насаджэньнямі — 1584 дзес. У лясох пераважалі хвоя й елка; месцамі чыстымі насаджэньнямі сустракаліся дуб, бяроза, асіна, алешына; яшчэ радзей трапляліся граб, вяз, ясень і клён; узьлескі складаліся часам зь ляшчыны, дзікае яблыні, грушы й іншага. Шчоглавых дрэў было вельмі мала, будаўнічых і таварных — досыць, яны сплаўляліся збольшага ў Прусію й Прывісьлінскі край. Лясы ля Заходняга Бугу шанаваліся вышэй за нёманскія; найболей багатыя лясамі былі Гарадзенскі, Пружанскі й Слонімскі паветы; а зь лясных дач выдатныя пушчы Белавеская й Гарадзенская.

Насельніцтва

рэдагаваць

Насельніцтва губэрні ў 1891 дасягала 1 509 728 чалавек (776 191 мужчына і 733 837 жанчынаў). Шлюбаў было складзена 12 581, нарадзілася 62 180 чалавек, памерла 38 812.

Сацыяльны склад

рэдагаваць
  • Шляхта — 13,886 — 0,92%
    • спадчанныя дваране — 10,977 — 0,73%
    • асабістыя дваране — 2,909 — 0,19%
  • сьвятарства — 2,959 — 0,2%
    • праваслаўнае — 2365 — 0,156%
      • белае — 2,310 — 0,153%
      • чорнае — 55 — 0,003%
    • каталіцкае — 124 — 0,008%
    • пратэстанцкае — 20 — 0,001%
    • юдэйскае — 439 — 0,03%
    • мусульманскае — 11 — 0,001%
  • грамадзяне спадчынныя й асабістыя — 876 — 0,06%
  • купцы — 2,876 — 0,2%
  • мяшчане — 389,249 — 25,8%
  • цэхавыя — 14,437 — 1%
  • сяляне — 940,856 — 62,3%
  • каляністыя — 7,088 — 0,47%
  • аднадворцы — 48 — 0,003%
  • вайскоўцы — 129,921 — 8,6%
    • рэгулярныя вайскоўцы — 39,911 — 2,6%
    • бестэрміноваадпускныя — 49,330 — 3,3%
    • адстаўныя ніжніх чыноў — 26,339 — 1,7%
    • жаўнерскія дзеці — 14,341 — 1%
  • замежныя падданыя — 6,239 — 0,4%

Этнічная сытуацыя

рэдагаваць

У 1897 годзе[2]:

Некаторыя дасьледчыкі адзначалі таксама бужанаў і яцьвягаў.

Рэлігійная сытуацыя

рэдагаваць

У губэрні налічвалася:

  • праваслаўных — 4 манастыры, 490 царквы й 54 капліцы
  • юдэйскіх — 57 сынагогаў і 316 малітоўных дамоў (школаў)
  • каталіцкіх — 2 кляштары, 92 касьцёлы, 58 капліцаў
  • пратэстанцкіх — 7 кірхаў і 6 малітоўных дамоў
  • мусульманскіх — 3 мячэты

Асьвета й мэдыцына

рэдагаваць

Усіх навучальных установаў было ў 1891 годзе 1167 з 39 041 навучэнцамі, у тым ліку дзяўчынак 5579. У ліку навучальных установаў было: 5 сярэдненавучальных з 1206 навучэнцамі; 6 павятовых вучэльняў з 390 вучняў; 38 прыхадзкіх школаў з 2529 навучаньняў; 300 народных школаў міністэрства народнай асьветы з 19 645 вучнямі; 1 духоўная вучэльня з 158 вучнямі; 556 царкоўнапрыходзкіх школаў і школаў пісьменнасьці з 8445 вучняў; 21 прыватная вучэльня й школа з 1402 вучнямі; 3 адмысловыя навучальныя ўстановы з 219 вучнямі; 237 жыдоўскія навучальныя ўстановы з 5047 уч. Лік бібліятэк пры школах 78 з 11 190 кнігаў. Сярод сялянаў адна школа прыходзілася на 1061 чалавек і адзін навучэнец на 33,5 чалавек.

У губэрні было 87 шпітальных устаноў грамадзянскага ведамства з 812 ложкамі; у тым ліку сельскіх лякарань 17 пры 102 ложках і 36 мэдычных прыёмных пакояў; лячэбных установаў вайсковага ведамства 47 з 1450 ложкамі; лекараў грамадзянскага ведамства 129, вайсковага — 87.

Эканоміка

рэдагаваць

Сельская гаспадарка

рэдагаваць

Земляробства было галоўным заняткам большае часткі насельніцтва. З 3,574,746 дзес. зямлі ў сялянскім валоданьні ў 1890 годзе было 1,498,902 дзес., г. зн. 42,2% усяе плошчы губэрні (на душу па 2,3 дзес.); у тым ліку пад сядзібамі — 50,521, ворнае зямлі — 862,078, лугоў — 241,118, паш — 170,327, лясоў — 44,994, няёмкай — 129,863. Пераважала трохпольная сыстэма; месцамі сустракалася двухпольная і, як выключэньне, шматпольная. Ураджай збажыны ў асноўным сярэдні; поўныя неўраджаі былі вельмі рэдкія ў Гарадзенскай губэрні. Шмат сеялі бульбы дзякуючы пяшчанай глебе і значнаму патрабаваньню на броварныя заводы. Хлебазапасных крамаў 2122 з запасам зімавога хлеба 281,177 і яравога 138,860 чвэрцяў. Саслоўны харчовы капітал, створаны ў 1868 годзе, складаў агулам 47,753 руб. Жывёлагадоўля не складала асобнае галіны сельскае гаспадаркі. У 1891 годзе налічвалася коняў — 176,245, рагатага быдла — 484,107, авечак простых — 591,691, танкарунных — 93,522, козаў — 3642, аслоў і мулаў — 28, сьвіньняў — 320,701. На 100 чалавек насельніцтва прыходзілася каля 12 канёў і 32 галавы рагатага быдла, а на 100 дзес. зямлі — каля 5 канёў і каля 14 галоў рагатага быдла. Танкарунныя авечкі разводзіліся пераважна абшарнікамі; воўна паступала на мясцовыя суконныя фабрыкі. Прыватных конскіх заводаў было 13.

Зь іншых сельскіх заняткаў найболей распаўсюджанымі былі садоўніцтва і агародніцтва — у паветах Бельскім і Беластоцкім; хоць пры рэдкім маёнтку не было фруктовага саду, але гэтая галіна гаспадаркі быламоцна запушчаная. Тытуняводзтва малаважнае; разводзілася пераважна махорка; у 1890 годзе ў губэрні знаходзілася 5995 тытунёвых плянтацыяў, займалых агулам 22,25 дзес., зь якіх сабрана тытуню толькі 1101 пудоў.

Зямецтва разьвіта слаба і найболей засяроджанае ў Слонімскім і Берасьцейскім паветах, дзе сустракаліся пераважна бортневыя вульлі.

Лясныя здабычы

рэдагаваць

Галоўная лясная здабыча — рубка дроваў і лесу, які сплаўляўся ў Прусію і ў Прывісьлінскі край. Месцамі палілі вугаль, займаліся смолакурэньнем, сідкай дзёгцю і шкіпінару, найболей у Слонімскім павеце. Ў Пружанскім павеце рабілі драўляны посуд і колы, у Бельскім павеце — санкі, вобады й дугі.

Прамысловасьць

рэдагаваць

Фабрычная прамысловасьць трывала ўсталявалася ў губэрні. У першай чвэрці ХХ ст. са зьяўленьнем першых суконных і байкавых фабрыкаў, якіх тут налічвалася ў 1815 годзе дзевяць з вытворчасьцю на 300 000 руб. Колькасьць суконных фабрыкаў павялічылася з правядзеньнем у 1832 годзе мытнае лініі ўздоўж межаў Царства Польскага. У 1843 годзе было ўжо 59 фабрыкаў, што апрацоўвалі воўну, з вытворчасьцю на 1 521 498 руб.

У 1891 годзе ўсіх фабрыкаў і заводаў было 3022 з сумай вытворчасьці на 7 545 216 руб. і 14 041 працоўных, у тым ліку мужчынаў 9660, жанчынаў 3870 і непаўнагадовых 511. Заводаў было 2709 пры 4754 працоўных, з вытворчасьцю на 2 286 456 руб.; фабрыкаў было 313 з вытворчасьцю на 5 258 760 руб. Першае месца належыла суконным картовым фабрыкам, якіх было 146 пры 4772 працоўных, з сумай вытворчасьці ў 3 306 837 руб.; у вырабах гэтага роду Гарадзенская губэрня саступала толькі Маскоўскай і Сімбірскай. Тавары яе суконных фабрыкаў ішлі ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Адэсу, Варшаву і т. д., а часткай ідуць нават за мяжу. Усяго больш гэтых фабрыкаў у Беластоку і яго павеце. У апошнія гады, аднак, прыкметна памяншэньне суконна-картовае вытворчасьці. Другое месца належыла 13 тытунёвым фабрыкам, на якіх пры 2030 раб. выгандлёвана 814 517 руб. Затым ішлі 17 ваўняных фабрыкаў з абарачэньнем у 805 100 руб. пры 390 раб.; 5 шаўковых — 214 980 руб. пры 237 раб., 12 прадзільных — 102 165 руб. пры 217 раб., і 2 веташныя — 94 800 пры 106 раб.

Паміж заводамі першае месца займалі броварныя і дражджавыя, колькасьцяй 73, з вытворчасьцю бязводнага сьпірту на суму 740,989 руб. пры 540 працоўных. Піваварных заводаў было 57 з 227 працоўнымі і з вытворчасьцю ў 502,839 руб.; на 150 цагельнях працоўных 478, сума вытворчасьці 81,789 руб.; на 1,926 мукамольных заводах пры 2,139 працоўных выпрацавана на 505,636 руб. Рамесьнікаў 29,481, у тым ліку майстроў 20,703, працоўных 5,486 і вучняў 3,292; з рамесьнікаў хрысьціянаў было 12,220, жыдоў 17183 і мусульманаў 78, прычым у гарадох хрысьціяне складаюць 22%, жыды 78%, а ў паветах — хрысьціяне 49%, а жыды 51% усіх рамесьнікаў.

Гандаль і транспарт

рэдагаваць

Гандаль быў разьвіты, чаму спрыялі, акрамя вадзяных, шашэйныя шляхі зносінаў і чыгункі: Санкт-Пецярбурска-Варшаўская, Берасьцейска-Граеўская, Маскоўска-Берасьцейская, Беластоцка-Баранавіцкая, Берасьцейска-Бранская. Чыгуначныя лініі Берасьцейска-Холмская, Варшава-Цярэспальская і Віленска-Ровенская дакранаюцца толькі бакоў губэрні.

Пасярэднікамі ў гандлі, акрамя губэрнскага й павятовых гарадоў, служаць мястэчкі і пазаштатныя гарады: Луна, Масты, Зэльва, Высока-Літоўск, Цехановічы і інш. Гандаль быў пераважна накіраваны ў Прывісьлінскі край. Экспартаваліся пераважна лес і збожжавы хлеб.

У 1889 годзе па басэйне Нёману прыбыло грузаў, у тысячах пудаў, 721, адпраўлена 13 303; па басэйне Віслы прыбыло 59, адпраўлена 1364; па басэйне Дняпра — адпраўлена 279. 59 кірмашоў у 32 розных пунктах; вялікай ролі ў гандлёва-прамысловых адносінах яны не адыгрывалі.

Прыбыткі ўсіх гарадоў Гарадзенскае губэрні складалі ў 1889 годзе 403,484 руб., выдаткі — 400,783 руб.; капіталаў гарадзкіх паказана ўсяго толькі 16,367 руб., а даўгоў за гарадамі налічвалася 207,981 руб.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Пацюпа, Ю. Сякера пад лаваю, або Беларускія вадаплавы ў Фёдара Буслаева і яшчэ сёе-тое // Arche. 31 траўня 2020.
  2. ^ Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей

Літаратура

рэдагаваць
  • Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). Санкт-Петербург: 1890—1907.