Галендры

эўрапейскі народ

Гале́ндры (па-польску: Holendry) — народ, які ў часе Рэчы Паспалітай пасяліўся на ўзьбярэжжы Заходняга Бугу, пазьней расьсяліўшыся па тэрыторыі Валынскай і Горадзенскай губэрняў. Ад пачатку яны мелі лютэранскае вызнаньне.

У часе сталыпінскае рэформы галендры перасяліліся ў Сыбір, дзе заснавалі вёскі Навіны, Замастэчча, Дагнік і Тулусін. Апошняе паселішча ўжо не існуе, астатнія вядомыя пад назвамі Піхтынск, Сярэдне-Піхтынск і Дагнік[1]. Жыхары гэтых вёсак размаўляюць на беларуска-ўкраінскім піджыне[1].

Мінуўшчына

рэдагаваць

Зьяўленьне

рэдагаваць

Адказу на пытаньне «хто такія галендры?» не знаюць ні дасьледнікі, ні сам народ.[2]

Паводле адной з вэрсіяў, гэта галяндцы, якія невядома калі прыйшлі ў Прусію, германізаваліся мясцовымі прусакамі, а потым з Прусіі, з ваколіц Аленштайна (цяперашняга Ольштына), прыйшлі на Буг. Назву галендры атрымалі ад нямецкага holländer — «галяндзец». Паводле другой вэрсіі, галендры — немцы, а haulander са старанямецкай — чалавек, што высякае лес пад апрацоўку зямлі. Прозьвішчы галендраў ёсьць тыпова германскія, напрыклад: Людвіг, Гільдэбрант, Віт, Зелент, Баўм, Ота, Келт. Ёсьць і трэцяя вэрсія: нібыта галендры — нашчадкі славян-кашубаў, якія жылі ў ваколіцах Гданьска і ў XVI стагодзьдзі пераехалі на ўсход, на землі Радзівілаў. Разабрацца тут паможа хіба толькі генэтычны аналіз і добрае этналягічнае дасьледаваньне.[2]

Адкуль бы ні прыйшлі галендры, іх першыя паселішчы ў Рэчы Паспалітай дакладна вядомыя: гэта Нэйдорф і Нэйброў, заснаваныя 400 гадоў таму на поўдзень ад Берасьця. Нэйдорф — за 5—6 км на паўночны захад ад мястэчка Дамачава, Нэйброў — за 2—3 км на захад. Цяпер там палі і лугі, апошнія сьляды галендраў — калодзежы — зруйнавалі 30 гадоў таму. Усё, што засталося, — 10 каменных надгробкаў ды ржавыя прылады для апрацоўкі зямлі, якія вясной тырчаць з разоры.[2]

3 чэрвеня 1617 року магнат Рафал Ляшчынскі даў чатырнаццаці сялянскім сем’ям з Усходняе Прусіі прывілей сяліцца на ягонай зямлі ля ракі Заходні Буг. Іхняе паходжаньне цалкам ня высьветленае; паводле аднае з вэрсіяў, гэта былі нашчадкі галяндцаў, якія эмігравалі ў Прусію з-за рэлігійнага перасьледу; паводле іншых вэрсіяў, гэта былі немцы з Прусіі або зь нізінаў Райну. Вядома толькі, што яны мелі нямецкія прозьвішчы і былі раньнімі лютэранамі.

Перасяленцы заснавалі дзьве калёніі за 30 км на поўдзень ад Берасьця, каля Дамачава: Нойбраў і Нойдарф. Неўзабаве паселішча аб’ядналася й атрымала назву Нойбраў-Нойдарф. У Рэчы Паспалітай перасяленцы асыміляваліся і сталі карыстацца ў побыце зьмяшанай беларуска-ўкраінскай гаворкай, аднак не мянялі веравызнаньня. Набажэнствы, якія напачатку ладзіліся па-нямецку, ужо з 1720 року былі пераведзеныя на польскую. Да канца XVIII стагодзьдзя нямецкая мова канчаткова выйшла з разраду агульнаўжывальных у гэтай грамадзе.

Зь цягам часу колькасьць галендраў памножылася, яны расьсяліліся ў новыя пасяленьні на тэрыторыі дыямэтрам 150 км, аднак у асноўным працягвалі трымацца веры і шлюбам браліся пераважна ўнутры сваіх. Але пэўная частка галендраў паступова сталі ўжо каталікамі. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя ўздоўж Бугу і на Валыні вядомыя наступныя калёніі: Нойбраў-Нойдарф, Замастэчча, Навіны, Забускія Галендры, Сьвяржэўскія Галендры, Юзэфін, Аляшковічы, Аляксандраўка.

Расейская імпэрыя

рэдагаваць

У часе Сталыпінскай рэформы бужанскія галендры, якія ўжо цярпелі ад нястачы зямлі, выправіліся ў Сыбір. У асноўным гэта былі насельнікі Гушчанскае воласьці Ўладзімер-Валынскага павету Валынскай губэрні і Дамачаўскай воласьці Берасьцейскага павету Гарадзенскай губэрні[3]. Першая партыя ў 200 чалавек пасялілася на Піхтынскім участку Балаганскага павету Іркуцкай губэрні і заснавала вёскі Навіны, Замастэчча і Дагнік. Большая іх частка мелі прозьвішчы Кунц і Людвіг, сустракаліся таксама прозьвішчы Гільдэбрант, Зелент, Гімбарг, Пастрык, Бэндык, Бытаў, Розін. Вера захавалася лютэранская, а мову сваю яны называлі «хахлацкай» (што мае паралелі з падляскай сваёй мовай, адна з саманазваў якой — хахлацка, хахлацька), адрозьніваючы яе ад украінскай і польскай. У набажэнствах і пры навучаньні выкарыстоўвалася таксама польская мова.

Другая Рэч Паспалітая

рэдагаваць

За польскім часам адбылася частковая палянізацыя галендраў, паколькі ўсё справаводзтва і навучаньне ў школах вялося па-польску. Паселішча Нойбраў-Нойдарф было перайменаванае на Масьціцы ў гонар прэзыдэнта Масьціцкага.

Пасьля падзелу Польшчы між Трэцім райхам і Савецкім Саюзам шмат галендраў запісалася немцамі і зьехала ў Нямеччыну. Агулам з тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны перасяліліся 2280 бужанскіх галендраў.

Рэшту галендраў, якія трапілі пад юрысдыкцыю СССР, пасьля пачатку Вялікай Айчыннай вайны дэпартавалі ў Сыбір.

Савецкі Саюз

рэдагаваць

Сыбірскія галендры захавалі «хахлацкую» мову, паступова забыўшыся на польскую. Паколькі па прыезьдзе ў Сыбір іх запісалі немцамі, на пачатку 1940-х, пасьля выбуху вайны зь немцамі, усё працаздольнае насельніцтва галендраў было накіраванае ў працоўныя лягеры. У сярэдзіне 1950-х, калі вяскоўцам дазволілі мець пашпарты, большасьць піхтынцаў запісаліся ўкраінцамі ці расейцамі.

Трэці райх

рэдагаваць

Галендрам, якія пакінулі тэрыторыю Берасьцейшчыны і Валыні ў 1940 року, вызначылі месца жыхарства пад Познаньню ў былых хатах палякаў, а неўзабаве ўсіх мужчынаў мабілізавалі. Тут яны пачалі вывучаць нямецкую мову і мяняць імёны на нямецкія, спрабуючы прыставацца да пануючай ідэалёгіі.

У 1944, з надыходам Савецкай арміі, галендры зьехалі разам зь нямецкім насельніцтвам і аселі часткова пад Бэрлінам, часткова далей на захад.

  1. ^ а б Алена Дуберштэйн (16 чэрвеня 2006) Поселение редкой народности (рас.) Байкальский край — информационно-краеведческий портал. Праверана 3 студзеня 2014 г.
  2. ^ а б в https://nashaniva.com/?c=lr&i=218318
  3. ^ Н.Г. Галеткина. «Пихтинские голендры»: поиски исторической родины // Мигранты и принимающее общество в Байкальской Азии: сборник научных статей / Юрий Базарович Рандалов. — IMBT, 2011. — ISBN 9785792503144

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць