Сьвір (возера)
Сьвір — возера ў Беларусі, у басэйне ракі Страчы. Знаходзіцца ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці, за 27 км на паўднёвы захад ад Мядзелу. Належыць да групы Сьвірскіх азёр. Плошча паверхні возера 22,28 км². Даўжыня 14,1 км, найбольшая шырыня 2,27 км. Найбольшая глыбіня возера дасягае 8,7 м, сярэдняя складае 4,7 м. Аб’ём вады 104,3 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 31,2 км.
Возера
Сьвір
лац. Śvir
Сьвір | |||||||||||||||||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
На берагох возера стаяць мястэчка Сьвір і гістарычнае мястэчка Засьвір.
Назвы
рэдагавацьНазва возера Сьвіру, гэтак жа як і ракі Сьвіру ў Расеі, тлумачыцца на аснове фінскіх моваў як «глыбокае» (па-фінску syveri — «паглыбленьне», «глыбокае месца ў вадзе», «глыбіня», па-фінску syvä — «глыбокі»).
Апісаньне
рэдагавацьКатлавіна лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Заходнія схілы вышынёй 12—15 м, на асобных дзялянках вышыня сягае 25 м, разараныя альбо знаходзяцца пад хмызьняком. Схілы на ўсходзе маюць вышыню 3—5 м і парасьлі лесам. Берагавая лінія ўтварае некалькі слабавыразных затокаў і мысаў. Берагі высокія, але месцамі зьліваюцца з схіламі. На ўсходзе берагі нізкія, забалочаныя. На ўсходзе і поўначы абалона выразная, яе шырыня складае да 200 м, знаходзіцца пад зрэджаным хмызьняком, забалочаная і зрэзаная сеткай мэліярацыйных каналаў. Дно да глыбіні 4 м пясковае, на большых глыбінях высьцілаецца сапрапэлем. У цэнтры і на поўдні мае пясковыя мелі, глыбіня на якіх складае 2 і 3,4 м.
Возера эўтрофнае, праточнае. Упадаюць рэкі Смолка, Вялікі Перакоп, некалькі ручаёў. На поўначы выцякае рака Сьвірыца. Моцна зарастае ўздоўж берагоў.
Выкарыстоўваецца як месца адпачынку, непадалёк працуе санаторыя «Сьвір».
Флёра і фаўна
рэдагавацьШырыня палосы трысьнягу ў вытоку Сьвірыцы і месцы ўтоку Смолкі сягае 200 м.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, акунь, карась, сом, лінь, плотка, краснапёрка ды іншыя віды рыбаў[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Рачэўскі А. Свір // Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. С. 466.
Літаратура
рэдагаваць- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — 598 с.
- Świr (jezioro) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. — S. 713