Сьвінагадоўля
Сьвінагадо́ўля — разьвядзеньне сьвіньняў на мяса і сала ды іншыя вырабы.
Сьвініну выкарыстоўваюць у якасьці харчовага вырабу. Са скуры сьвіньняў вырабляюць абутак і іншыя рэчы. З крыві — кілбасу, альбумін і крывяную муку. Са шчаціньня — шчоткі і пэндзлі. З костак — касьцявую муку. Кішкі ідуць на выраб кілбасы і струнаў. Сьвіньні рана дасягаюць плоцевай сьпеласьці і ўжо ў гадавым узросьце могуць мець прыплод. Высокая пладавітасьць (10—12 парасятаў за апарос) разам з кароткім зародкавым пэрыядам даюць магчымасьць атрымліваць ад кожнай сьвінаматкі да 2,5 тоны сьвініны ў жывой масе за год. Рэалізацыйнай жывой масы 100—120 кг сьвіньні дасягаюць за 5—7 месяцаў пры сярэднясодневай прывазе 600—800 грамаў (пры ўраўнаважаным кармленьні да 1—1,2 кг) пры спажываньні на 1 кг прыбаўленьня ў масе 3,5—4,5 кг корму. Сьвіньні маюць высокую забойную масу (да 75—85% ад жывой масы), у якой да 52% мяса і да 32% падскурнага тлушчу. Са сьвінога мяса гатуюць харчовыя вырабы для працяглага захоўваньня[1].
Гісторыя
рэдагавацьЛюдзі пачалі займацца сьвінагадоўляй у нэаліце (5—3-е тысячагодзьдзе да Н.Х.). У старажытных Эгіпце, Грэцыі і Рыме ўжо існавалі пароды сьвіньняў. У фэадальнай Заходняй Эўропе сьвінагадоўля разьвілася ў сувязі з ростам гарадоў. У 19 стагодзьдзі вывелі новыя высокапрадукцыйныя пароды, некаторыя зь якіх выкарыстоўваюць дасюль (буйная белая парода з Ангельшчыны). Найбольшае разьвіцьцё сьвінагадоўля атрымала ў Эўропе, Усходняй Азіі, Паўднёвай і Паўночнай Амэрыцы. На 2002 год каля паловы сусьветнага пагалоўя знаходзілася ў Азіі (Кітай, Японія, Індыя і Віетнам). Каля 25% пагалоўя прыпадала на Эўропу (Нямеччына, Францыя, Італія, Брытанія, Расея, Украіна і Польшча). Яшчэ каля 10% пагалоўя было ў ЗША. Па рэлігійных матывах сьвінагадоўля не атрымала разьвіцьця ў мусульманскіх краінах. У міжнародным гандлі асноўнае месца займалі Нідэрлянды, Бэльгія, Данія, Кітай і Канада[1].
Беларусь
рэдагавацьДа пачатку 20 стагодзьдзя сьвінагадоўля была адной з разьвітых галінаў жывёлагадоўлі Беларусі. Гадаваліся пераважна мясцовыя пароды. У памешчыцкіх гаспадарках былі палепшаныя пароды. У 1916 годзе налічвалася 2,4 млн сьвіньняў. У 1920-я гады пачала разьвівацца племянная і таварная сьвінагадоўля. У час калектывізацыі ўзьніклі таварныя сьвінарнікі (звыш 4000 у 1934 годзе). На 1 студзеня 1941 году налічвалася 2,5 млн сьвіньняў. З 1970-х гадоў у калгасах і саўгасах пабудавалі буйныя мэханізаваныя сьвінарнікі, на якіх укаранілі паточна-цэхавую вытворчасьць. У 2000 годзе налічвалася 100 сьвінакомплексаў і звыш 1000 фэрмаў 3-х відаў: адкормачных, рэпрадукцыйных і з закончаным абаротам статку. У дзяржаўнай уласнасьці знаходзіліся буйныя сьвінакомплексы па 108 000 галоваў гадавога адкорму сьвіньняў і сярэднія — на 54 000 галоваў. У 2000 годзе сьвініна склала 47,7% вырабленага ў Беларусі мяса. Асноўнымі пародамі былі: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская бэконная і ляндрас. Племянную працу праводзілі адмысловыя заводы, саўгасы і раённыя племянныя станцыі. Навуковыя дасьледаваньні ладзілі Беларускі навукова-дасьледчы інстытут жывёлагадоўлі і лябараторыі пры ВНУ. У 2000 годзе налічвалася 3,6 млн сьвіньняў, зь іх 1,3 млн (36%) у падсобных гаспадарках насельніцтва. Выніковасьць сьвінагадоўлі ўпала да 6,6 кг корму на 1 кг прывагі, у тым ліку 6 кг кармавога канцэнтрату[1].
16 траўня 2013 году Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь ухваліла Пастанову № 15 «Аб зацьвярджэньні Вэтэрынарна-санітарных правілаў вырошчваньня сьвіньняў». Паводле 50-га пункту Правілаў, «Забараняецца утрыманьне сьвіньняў на асабістым падворку работнікаў, якія абслугоўваюць пагалоўе сьвіньняў комплексу». Згодна з 52-м пунктам «У радыюсе 10 км ад комплексаў усё пагалоўе падвяргаюць вэтэрынарнаму абсьледаваньню і прафіляктычным апрацоўках супраць заразных хваробаў у адпаведнасьці з плянам проціэпізаатычных мерапрыемстваў і з улікам эпізаатычных абставінаў». У сваю чаргу паводле артыкула 15.38 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях 2003 году, «Парушэньне... вэтэрынарна-сантарных... правілаў цягне за сабой папярэджаньне або накладаньне штрафу ў памеры да 20 базавых велічыняў» (2 млн рублёў = $223). Пагатоў згодна з 284-м артыкулам Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь 1999 году «Парушэньне вэтэрынарных... правілаў, што пацягнула па неасьцярожнасьці распаўсюд заразных хваробаў жывёлаў..., караецца штрафам, або выпраўленчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам, або абмежаваньнем волі на тэрмін да 2 гадоў, або пазбаўленьнем волі на той самы тэрмін»[2].
На жнівень 2013 году ў прыватных падворках гадавалі каля 900 000 сьвіней, што складала звыш 20% пагалоўя сьвіней у Беларусі[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Генадзь Смалякоў. Сьвінагадоўля // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 257-258. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
- ^ Сяргей Куркач. Вызначана санітарная зона вакол сьвінагадоўчых комплексаў // Зьвязда : газэта. — 8 жніўня 2013. — № 146 (27511). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Няўважліва ставіцца да людзей пры барацьбе з АЧС — недапушчальна // Зьвязда : газэта. — 23 жніўня 2013. — № 157 (27522). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьСьвінагадоўля — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |