Кляштар
Кля́штар (ад лац. claustrum — замак, закрытае месца) — каталіцкі манастыр.
Кляштары належалі да пэўных манаскіх ордэнаў. Каталіцкія манахі-місіянэры і першыя адзінкавыя кляштары вядомыя на тэрыторыі сучаснае Беларусі зь сярэдзіны XIII стагодзьдзя. Многія ўзьніклі неўзабаве пасьля хрышчэньня Літвы ў 1387 годзе.
Найбольш старажытныя кляштары:
- францішканаў у Пінску (1396) і Ашмянах (1505);
- аўгустынаў у Быстрыцы (цяпер Астравецкі раён), Берасьці і Горадні (заснаваны Вітаўтам);
- бэрнардынаў у Вільні (1471), Горадні і Полацку (1498).

Большасьць кляштараў заснаваная ў пэрыяд Контрарэфармацыі, іх фундатарамі былі каралі Рэчы Паспалітай і вялікія князі літоўскія, магнаты (Сапегі, Глябовічы, Радзівілы, Пацы і інш.), шляхта. Напрыканцы XVIII стагодзьдзя на беларускіх землях (акрамя Вільні) дзейнічалі кляштары ды рэзыдэнцыі:
- аўгустынаў — 4,
- баніфратаў — 4,
- бэрнардынаў — 27,

- дамініканаў — 50,
- капуцынаў — 2,
- кармэлітаў — 22,
- картэзіянаў — 1,
- марыянаў — 1,
- місіянэраў — 4,
- рохітаў — 1,
- трынітарыяў — 6,
- францішканаў — 23,
- цыстэрыянаў — 3.
Таксама існавалі жаночыя кляштары:
- бэнэдыкцынак — 5,
- бэрнардынак — 4,
- брыгітак — 2,
- цыстэрцыянак — 1.

Мэтаю заснаваньня кляштараў фундатары звычайна называлі місіянэрства; асаблівае становішча займалі езуіцкія ды піярскія(be) калегіюмы, якія вырашалі адукацыйныя задачы. Пры шматлікіх калегіюмах працавалі невялікія шпіталі.
Клясычны тып кляштару выпрацаваны ордэнам бэнэдыктынаў. Гэта быў замкнёны ансамбль буды або памяшканьняў для жыцьця манаскае суполкі. Цэнтрам ансамблю быў касьцёл. Каля яго рабіліся абкружаныя крытаю галерэяю (клуатрам) чатырохкутны двор, сад. З усходу да клуатра далучалася заля капітула, з захаду — кельлі, або дарміторыюм. Насупраць касьцёла будавалі трапэзную залю (рэфэкторыюм). Астатнія будынкі (дом абата, шпіталь, школа, гаспадарчыя пабудовы) разьмяшчаліся на тэрыторыі ў межах кляштарных муроў. Бэнэдыктынскі тып кляштару быў запазычаны большасьцю каталіцкіх ордэнаў і прыстасаваны адпаведна характару іх дзейнасьці.

Пераважная большасьць кляштараў зачыненая пасьля паўстаньняў 1830—1831 гадоў і 1863—1864 гадоў па абвінавачаньню ў нелаяльнасьці манахаў да ўладаў. Апошнія кляштары дзейнічаюць у 1880—1890-я. Іх жылыя будынкі найчасьцей прыстасоўвалі пад шпіталі, казармы, лякарні; іх касьцёлы ператвараліся ў парафіяльныя або перараблялі ў праваслаўныя храмы.
Глядзіце таксама Рэдагаваць
Літаратура Рэдагаваць
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі Рэдагаваць
Кляштар — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў