Сьвіцязь

возера ў Гарадзенскай вобласьці Беларусі

Сьвіцязь — возера ў Беларусі, у басэйне ракі Моўчадзі, на водападзеле басэйнаў Нёману і Шчары. Знаходзіцца на мяжы Наваградзкага і Карэліцкага раёнаў Гарадзенскай вобласьці, за 20 км на паўднёвы ўсход ад Наваградку, за 3 км на поўдзень ад гістарычнага мястэчка Валеўкі. Плошча паверхні возера 2,24 км². Даўжыня 1,7 км, найбольшая шырыня 1,6 км. Найбольшая глыбіня дасягае 15 м, сярэдняя складае 3,5 м. Аб′ём вады 7,84 млн м³.

Возера
Сьвіцязь
лац. Śviciaź
Панарама Сьвіцязі
Панарама Сьвіцязі
Пахіленая яліна на беразе Сьвіцязі
Краіна Беларусь
Плошча 2,24 км²
Плошча вадазбору 14 км²
Максымальная глыбіня 15 м
Найбольшая даўжыня 1,7 км
Найбольшая шырыня 1,6 км
Даўжыня берагавой лініі 4,5 км
Аб’ём вады 7,84 млн м³
Каардынаты 53°26′ пн. ш. 25°55′ у. д. / 53.433° пн. ш. 25.917° у. д. / 53.433; 25.917Каардынаты: 53°26′ пн. ш. 25°55′ у. д. / 53.433° пн. ш. 25.917° у. д. / 53.433; 25.917
Сьвіцязь на мапе Беларусі
Сьвіцязь
Сьвіцязь
Сьвіцязь
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Выкарыстоўваецца выняткова дзеля рэкрэацыі, на беразе возера месьціцца пансіянат «Сьвіцязь»[1]. Уваходзіць у склад Сьвіцязянскага заказьніку[2].

Гідронім «Сьвіцязь» супастаўляюць з германскім асабовым імем «Hviting», дзе «h» суадносіцца з балтыйска-славянскім «š/s»[3].

Апісаньне

рэдагаваць

Знаходзіцца на паўднёвым схіле Наваградзкага ўзвышша на вышыні 258 мэтраў над узроўнем мора. Вадазбор буйнаўзгорысты, пераважна складзены зь лёсападобных суглінкаў. Паходжаньне карставае, утварылася ў выніку прасадкі глебы ў падземныя пускі. Катлавіна суфазійнага тыпу, мае форму варонкі, слаба выцягнутая з поўначы на поўзень. Рэльеф дна роўны, доля глыбіняў большых за 10 мэтраў складае толькі 2% плошчы. Дно каля берагоў пясковае. Схілы катлавіны парасьлі лісьцевым, месцамі іглічным лесам, на поўдні і паўднёвым захадзе забалочаныя, тарфяністыя.

З возера выцякае рака Сваротва, прыток Моўчадзі. Практычна заўсёды ўзровень вады ў возеры аднолькавы.

Флёра і фаўна

рэдагаваць

У возеры растуць лабэлія Дортмана і палушнік азёрны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сустракаюцца каўлінія гнуткая і рэдкі від прыбярэжнік аднакветкавы.

У возеры водзяцца платва, краснапёрка, карасі, шчупакі, пескары, акуні, але пераважаюць ліні. Перавага апошніх тлумачыцца іхнай здольнасьцю разводзіцца ва ўмовах асяродзьдзя з паніжанай рэакцыяй вады, што для іншых відаў рыбаў ёсьць фактарам стрымліваньня.

 
Сьвіцязь, здымак канца XIX ст.

Народнае паданьне расказвае, што некалі даўно на месцы возера быў горад Сьвіцязь, дзе князяваў ці то князь Мірскі, ці то князь Тугай, хаўрусьнік вялікага князя Міндоўга, сталіца якога была ў Наваградку. У часе вайсковай кампаніі з рускімі (валынскімі) князямі хаўрусьнікі пацярпелі паразу і над горадам навісла небясьпека, дзе заставаліся адныя жанчыны і дзеці. Каб пазьбегнуць варожага зганьбаваньня, яны зьвярнуліся да багоў і іх голас быў пачуты — горад праваліўся пад зямлю, а на яго месцы ўтварылася прыгожае возера[3].

З душаў няскораных жанчын утварыліся прыгожыя кветкі-цары — легендарныя белыя вадзяныя кветкі, якія зацьвітаюць на возеры як вечны напамін пра тыя падзеі[4].

Паданьне кажа, што і дагэтуль на возеры можна пачуць стогны сьвіцязянак — мітычных насельніц возера, якія ўяўляюцца белатварамі дзяўчынамі з даўгімі распушчанымі валасамі. Злоўленая ў невад сьвіцязянка апавядала сумную гісторыю свайго гораду[5].

У літаратуры і мастацтве

рэдагаваць

Сюжэт пра затоплены горад актыўна выкарыстоўваўся паэтамі—філяматамі ў XIX стагодзьдзі для сваіх балядаў. Першым, хто ў вершаванай форме апавёў мясцовы сюжэт стаў паэт Ян ЧачотСьвіцязь»)[6], за ім — Адам Міцкевіч, а потым — і Тамаш ЗанСьвіцязь-возера»)[6]. Лічыцца, што менавіта апошні распавёў Яну Чачоту, пачутае ў мясцовых жыхароў паданьне пра затоплены горад[6]. Усе яны назвалі свой балядавы варыянт распрацоўкі тэмы паводле аднайменнай назвы возера — «Сьвіцязь». Адам Міцкевіч працягнуў тэму чароўнага возера ў балядзе «Сьвіцязянка».

  1. ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. С. 472.
  2. ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. С. 471.
  3. ^ а б Свіцязь // Беларуская міфалогія: Энцыклапедыя. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выд., дап.. — Менск: Беларусь, 2006. — С. 459. — 599 с.
  4. ^ Кветкі-цары // Беларуская міфалогія: Энцыклапедыя. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выд., дап.. — Менск: Беларусь, 2006. — С. 245. — 599 с.
  5. ^ Свіцязянкі // Беларуская міфалогія: Энцыклапедыя. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выд., дап.. — Мн.: Беларусь, 2006. — С. 459. — 599 с.
  6. ^ а б в Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Менск: 1998. — С. 383. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).

Літаратура

рэдагаваць
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — 598 с.