Наваградзкае ўзвышша

Наваградзкае ўзвышша — узвышша ў Наваградзкім, па захадзе Карэліцкага, усходзе Зьдзецельскага, поўдні Слонімскага (адгор’і) раёнаў Гарадзенскай вобласьці, поўначы і паўночным — захадзе Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці Беларусі, зьяўляецца часткай Беларускай грады. Вышыня да 323 м (гара Замкавая). Плошча 3550 км², працягнулася з поўначы на поўдзень на 72 км, з захаду на ўсход па 45—50 км.

У фармаваньні ўзвышша ўдзельнічалі ледавікі чатырох зьледзяненьняў, у тым ліку апошняга для гэтай тэрыторыі — сожаўскага. У час паазерскага зьледзяненьня на паверхні намнажаліся лёсападобныя суглінкі, якія лёгка размываюцца сьнегавымі водамі і залевамі. Тут утварыліся шматлікія яры. У цэнтры ўзвышша градава-ўзгорыстыя краявыя ўтварэньні з абсалютнымі вышынямі 300—320 м; адносныя перавышэнні 30—60 м. На большай частцы ўзвышша ўзгорыста-марэнавы рэльеф з абсалютнымі вышынямі 170—250 м; адносныя перавышэньні 10—30 м. Заходнія схілы ўзвышша нешырокай паласой аблямоўвае водна-ледавіковая раўніна. Карысныя выкапні: крэйда, керамічная гліна, пяскова-жвіровы матэрыял, жалезныя руды (Навасёлкаўскае радовішча).

Тэрыторыю ўзвышша дрэнуюць больш за 110 вадасьцёкаў. Рачная сетка належыць да басэйну Нёману. Найвялікшая рака — Моўчадзь. На паўднёвых схілах вытокі рэчак Іса, Мышанка, Шчара, на ўсходніх — вытокі рэчак Сэрвач, Нёўда, Валоўка, на поўдзень ад Наваградку знаходзіцца возера Сьвіцязь, якое ўваходзіць у Сьвіцязянскі заказьнік.

Пад ральлёй 41%, пад лесам 28% тэрыторыі. Заходнія схілы, надабалонавая тэраса Моўчадзі і прылеглыя да іх дзялянкі займаюць хваёвыя боры. Каля мястэчак Зьдзецелу і Казлоўшчыны і далей на ўсход да Карэлічаў пашыраныя яловыя лясы. Значныя плошчы займаюць таксама дубровы. Невялікімі дзялянкамі трапляюцца хвойнікі. Лугавая расьліннасьць па далінах рэчак і сухадолах.

Літаратура

рэдагаваць
  • Навагрудскае ўзвышша // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992. — С. 63—64.
  • Новогрудская возвышенность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.