Груша

род пладовых дрэваў

Грушарод пладовых дрэваў сямейства ружавых.

Груша
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваРасьліны
ПадцарстваЗялёныя расьліны
ГрупаСудзінкавыя расьліны
РазьдзелНасенныя расьліны
ТыпНайвышэйшыя расьліны
АддзелКветкавыя
КлясаДвухдольныя
ПадклясаСапраўдныя двухдольныя
АтрадРужакветныя
СямействаРужавыя
ПадсямействаСьлівавыя
ТрыбаЯблыневыя
Бінамінальная намэнклятура
Pyrus Карл Лінэй
ITIS 25294 ·

Засухаўстойлівае і сьвятлалюбнае дрэва. Служыць меданосам і мае каштоўную драўніну. Вядома каля 60 відаў. Пашыраная ва ўмераным і субтрапічным клімаце. Пачынае пладаносіць на 6—8 год пасьля пасадкі. Выкарыстоўваецца ў гаспадарцы да 50—60 гадоў. Размнажаецца прышчэпкамі. Найлепш расьце на дрэнажаваных суглініках. Звычайная або лясная груша служыць родапачынальніцай шматлікіх культурных гатункаў. У Беларусі лясная груша расьце ў лісьцевых і зрэдку хвойных лясах, на ўзьлесках і ў хмызьняках[1]. Найбольш пашыранае пасьля яблыні пладовае дрэва. Таксама культурныя гатункі грушы паходзяць з такіх яе відаў, як лахалістая, усурыйская, вербалістая і каўкаская груша. Пераважна перакрыжаванаапыляльная культура, але ёсьць самаплодныя гатункі (Віндзорская і Юратэ)[2].

Груша мае вышыню да 15 мэтраў і пірамідальную крону. Скурыстае і бліскучае, яйцападобнае або круглае лісьце бывае востразубчастае або суцэльнакрайняе. Кветкі ў шчытках бываюць белыя і ружаватыя. Мясістыя плады з камяністымі клеткамі маюць жоўтае або зялёнае адценьне, часам румянае, і вагу 25—300 грамаў[1]. Стрыжнявы корань зь невялікай колькасьцю разгалінаваньняў у ходзе росту дасягае вялікай глыбіні, што дазваляе пераносіць нястачу вільгаці і спрыяе марозаўстойлівасьці[2].

Вырошчваньне

рэдагаваць

Дрэва грушы патрабуе разьмяшчэньня ў сонечнай мясьціне для хуткага разьвіцьця. Яно пасьпяхова расьце на добра пранікальнай глебе, што дазваляе кораню разрастацца ўглыб. Паводле тэрмінаў высьпяваньня грушы падзяляюць на летнія, восеньскія і зімовыя гатункі. Плады летніх і восеньскіх гатункаў здымаюць за 7—10 дзён да сьпеласьці ў выглядзе пасьвятленьня афарбоўкі скуркі. Плады захоўваюць у халаднаватым памяшканьні. Мякаць дасьпелых пладоў становіцца больш сакавітай, чым у пасьпелых на дрэве пладоў. Плады позьневосеньскіх і зімовых гатункаў здымаюць у верасьні. Дрэвы грушы фармуюць і абразаюць прышчэпленымі на моцнарослых прышчэпках[2].

У харчаваньні

рэдагаваць

У пладах зьмяшчаюцца распушчальныя цукры (глюкоза, фруктоза і цукроза), арганічныя кісьлі, дубільныя рэчывы і вітаміны А, Б і Ц[1]. Таксама ў грушах ёсьць азоцістыя, фарбавальныя і пахучыя рэчывы, пэктын і фэрмэнты. У залежнасьці ад гатунку і геаграфічных умоваў доля цукру вагаецца ад 5 да 15 %, а кісьляў ад 0,1 да 0,7 %. У сярэднім плады грушы зьмяшчаюць: 83 % вады, 8,3 % цукру, 4,3 % нераспушчальных у вадзе рэчываў, 3,5 % пэктыну, 0,31 % попелу, 0,3 % бялку і 0,2 % вольных кісьляў[2].

Каштоўнасьць грушы ў магчымасьці спажываньня круглы год у сьвежым і перапрацаваным выглядзе. Дэсэртныя гатункі грушы цэняць за сакавітую мякаць і прыемнае спалучэньне кісьлі і цукру. Найбольшую вартасьць сярод перапрацаваных вырабаў маюць сухафрукты з грушы, пасьціла, мармэляд, бекмес і напоі. У народнай мэдыцыне грушы выкарыстоўваюць як скрапляльнік, мачагоньнік, абеззаражвальнік, гарачкапаніжальнік і сродак супраць кашлю. Гэтыя ўласьцівасьці маюць сьвежыя і сушаныя плады, сок і кісель, адвары сьвежых і сухіх пладоў. Таксама іх карысна ўжываць пры мачакаменнай хваробе. Сярод іншага, грушы зьмяшчаюць багата фляваноідаў і фэнолакісьляў, чым павышаюць трываласьць крывяносных судзінаў і спрыяюць папярэджаньню запаленьня і склерозу. Празь вялікую колькасьць соляў калю грушы садзейнічаюць выдаленьню з арганізма вады і кухоннай солі, што тлумачыць мачагоннае ўзьдзеяньне. Урэшце, грушы багатыя на клятчатку, таму падчас абвастрэньня хваробы страваваньня варта пазьбягаць іх ужываньня[2].

Найбольшую пагрозу для грушы ўяўляюць такія хваробы, як парша, бактэрыяльны рак і белая плямістасьць лісьця. Таксама шкоднікамі выступаюць грушавы кветаед, пладажэрка, грушавы галавы клешч і баярышніца[2].

Беларусь

рэдагаваць

У Беларусі лясная груша вырошчваецца найбольш на паўднёвым захадзе краіны. Асноўныя раянаваныя гатункі: летнія — Беларуска, Дзюшэс летні, Лімонка, Прыгожая Яфімава і Тальсінская прыгажуня; восеньска-зімовыя — Бэра лошыцкая і слуцкая, Масьляністая лошыцкая і Беларуская позьняя[1]. Іншыя летнія гатункі грушы: Віндзорская, Бэргамотная, Бэра залатая (Цукроўка двайная), Ільлінка (Кабак армунд, Палаціўка), Касьмічная, Любіміца Клапа, Масьляністая летняя і Мліеўская раньняя. Астатнія восеньска-зімовыя гатункі: Мармуровая, Юратэ, Калгасьніца, Канфэрэнцыя і Любіміца асеньняя. У Беларусі сустракаліся мясцовыя гатункі грушаў векам звыш 100 гадоў, якія давалі высокі ўраджай па 200—300 кг з дрэва. Плады пазьнейшых гатункаў драбнейшыя і горш захоўваюцца, калі не стае вільгаці. У залежнасьці ад гатунку груша пачынае пладаносіць на 4—12 год пасьля пасадкі. Усе мясцовыя гатункі распрацаваў «Інстытут пладаводзтва» ў Самахвалавічах (Менскі раён)[2].