Першая Славацкая Рэспубліка

(Перанакіравана з «Славацкая рэспубліка (1939—1945)»)

Слава́цкая Рэспу́бліка (па-славацку: Slovenská republika), да 21 ліпеня 1939 Слава́цкая дзяржа́ва (па-славацку: Slovenský štát), у гістарычнай літаратуры выкарыстоўваецца назва Пе́ршая Слава́цкая Рэспу́бліка (па-славацку: Prvá slovenská republika) — дзяржаўнае ўтварэньне на частцы тэрыторыі сучаснай Славаччыны ў 1939—1945 роках. Займала амаль усю тэрыторыю Славаччыны за выключэньнем паўднёва-ўсходніх абласьцей, якія адышлі, згодна зь Венскімі арбітражамі, да Вугоршчыны, і задунайскай, якая адышла да Нямеччыны ў выніку падзелу Чэхаславаччыны ў 1939 годзе.

Першая Славацкая Рэспубліка
Slovenská republika

14 сакавіка 1939 — 4 красавіка 1945
Сьцяг Першай Славацкай Рэспублікі Герб Першай Славацкай Рэспублікі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Верныя сабе, разам наперад!
Дзяржаўны гімн: «Гэй, славяне»
Месцазнаходжаньне Першай Славацкай Рэспублікі
Афіцыйная мова славацкая
Сталіца Браціслава
Найбуйнейшы горад Браціслава
Форма кіраваньня Рэспубліка
Ёзэф Ціса
Плошча
 • агульная

38 055 км²
Насельніцтва
 • агульнае (1940)

2 655 053
Этнічны склад славакі
Канфэсійны склад каталіцтва
Валюта Славацкая крона
Незалежнасьць
абвяшчэньне незалежнасьці
14 сакавіка 1939

Гісторыя

рэдагаваць

Славацкая глінкаўская партыя наладзіла супрацоўніцтва з Гітлерам задоўга да падзеньня Чэхаславаччыны і ставіла мэтай выхад Славаччыны са складу Чэхаславаччыны, таму немцы разглядалі яе як сваіх хаўрусьнікаў. Умераны лідэр Славацкай глінкаўскай партыі Ёзэф Ціса стаў прэзыдэнтам Славаччыны, а ў процівагу яму і па «настойлівай рэкамэндацыі» гітлераўцаў пасты прэм’ер-міністра і міністра ўнутраных справаў занялі лідэры радыкальнага крыла партыі — Войцех Тука і Аляксандар Мах.

Славацкая рэспубліка была дыпляматычна прызнаная Нямеччынай, а таксама шэрагам ейных хаўрусьнікаў і нэўтральных краінаў (агулам 27): Італіяй, Японіяй і праяпонскімі ўрадамі ў Кітаі (у тым ліку Маньчжоў-го), Харватыяй, Гішпаніяй, Савецкім Саюзам (да 1941), Летувой, Эстоніяй, Швайцарыяй, Сальвадорам і Ватыканам.

18 сакавіка 1939 у Вене прэзыдэнт Славаччыны Ёзэф Ціса падпісаў зь нямецкім канцлерам Адольфам Гітлерам Ахоўную дамову, паводле якой «Трэці райх браў на сябе абавязкі аховы палітычнай незалежнасьці Славаччыны і цэласнасьцю ейнае тэрыторыі»[1]. Наўзамен Славаччына прадастаўляла Нямеччыне частку сваёй заходняй тэрыторыі (г. зв. Нямецкая ахоўная зона) дзеля разьмяшчэньня вайсковых аб’ектаў, а таксама абавязвалася весьці сваю замежную і ваенную палітыку «ў шчыльнай згодзе з нямецкімі ўзброенымі сіламі». Дамова была заключаная на тэрмін 25 гадоў.

23 сакавіка ў Бэрліне з удзелам міністра замежных справаў Нямеччыны Ёахіма Рыбэнтропа быў падпісаны пратакол пра эканамічнае і фінансавае супрацоўніцтва між дзяржавамі, які забясьпечыў Славаччыне ўласную валюту, мытную самастойнасьць, дапамогу Нямецкага імпэрскага банку ў стварэньні Славацкага нацыянальнага банку, а таксама прэфэрэнцыі для славацкіх тавараў на нямецкім рынку. Аднак за кошт неадэкватнага абменнага курсу валюты Славаччыны панесла вялізныя эканамічныя страты[2].

У гэты час нямецкі ўплыў у Славаччыне быў адносна нязначны. Але пасьля Зальцбурскіх перамоваў 28 ліпеня 1940 у краіне паступова пачала разьвівацца ідэалёгія нацыянал-сацыялізму[3]. Гітлер запатрабаваў ад Ціса замены міністраў унутраных і замежных справаў, на месцы якіх былі пастаўленыя прыхільнікі нацыянал-сацыялістаў Аляксандар Мах і Войцех Тук. На запрашэньне Тука Рыбэнтроп накіраваў у Славаччыну новага амбасадара Манфрэда фон Кільлінгера, зь якім узгадніў прызначэньне дарадцаў па справах паліцыі, жыдоўскага пытаньня, прапаганды, эканомікі і Глінкавае гвардыі.

Славацкая рэспубліка далучылася таксама да пагадненьняў, на якіх грунтавалася нямецка-італьянска-японскае супрацоўніцтва: 24 лістапада 1940 яна прыняла Пакт трох дзяржаваў(de); 25 лістапада 1941 Войцех Тука падпісаў у Бэрліне далучэньне Славацкай рэспублікі да пакту супраць Камуністычнага інтэрнацыяналу.

Рэжым у Славаччыне быў адносна мяккі ў параўнаньні з краінамі, акупаванымі Гітлерам. Аж да Славацкага нацыянальнага паўстаньня на тэрыторыі Славаччыны знаходзілася толькі невялікая колькасьць нямецкіх войскаў. Тым ня менш, як і ў іншых краінах-сатэлітах Гітлера, у Славаччыне ўжываліся «расавыя законы», прыкладна 75% жыдоўскага насельніцтва Славаччыны было дэпартавана ў лягеры сьмерці і загінула цягам вайны.

Першая Славацкая рэспубліка спыніла існаваньне па сканчэньні Другой сусьветнай вайны, ейная тэрыторыя была зноў уключаная ў склад Чэхаславаччыны ў сувязі з ануляваньнем Мюнхэнскіх дамоваў. Сучасныя славацкія палітыкі, як правіла, ня лічаць сучасную Славаччыну пераемнікам Першай Славацкай рэспублікі, хоць цяперашняя сымболіка (герб і сьцяг) амаль цалкам запазычаная з таго пэрыяду. Праўда, на новы сьцяг Славаччыны дададзены герб рэспублікі, каб адрозьніць гэты сьцяг ад сьцягу сучаснай Расеі.

Славацкія войскі бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на баку Нямеччыны паводле ўмоваў Ахоўнага пагадненьня 1939 року.

Славацка-вугорская вайна

рэдагаваць

23 сакавіка 1939 году вугорскія войскі без абвяшчэньня вайны па трох кірунках увайшлі з Падкарпацкай Русі на тэрыторыю Славацкай дзяржавы. Славацкае кіраўніцтва накіравала ў Будапэшт дыпляматычную ноту з пратэстам і зьвярнулася да Нямеччыны па дапамогу. Міністар нацыянальнае абароны ў той самы дзень абвясьціў контратаку. Дзякуючы хуткай мабілізацыі Глінкавае гвардыі і дабраахвотнікаў прасоўваньне вугорцаў было спыненае. На другі дзень вугорская авіяцыя бамбавала аэрапорт ля Сьпіскай Новай Вэсі, забіўшы 13 чалавек. Агульныя страты ў вайне склалі 36 асобаў.

У выніку канфлікту славацкая ўлада была вымушаная прыняць ультыматум пра «ўпарадкаваньне межаў», страціўшы вялікую тэрыторыю з насельніцтвам 70 000 чалавек, зь якіх вугорцы складалі меней чым 4000.

Вайна з Польшчай

рэдагаваць

Нямеччына, войскі якой разьмяшчаліся і на славацкай тэрыторыі, запрасіла Славаччыну да ўдзелу ва ўварваньні ў Польшчу ў верасьні 1939 року, за што абяцала гарантаваць граніцу з Вугоршчынай і вярнуць землі, адабраныя Польшчаю ў 1920 і 1938 роках.

Славацкі ўрад прыняў гэтую прапанову, і 1 верасьня 1939 славацкія войскі перайшлі граніцу з Польшчай (без аб’яўленьня вайны) разам зь нямецкімі хаўрусьнікамі, разьвязаўшы Другую сусьветную вайну. Большасьць славацкіх злучэньняў дзейнічала на вышэй згаданых тэрыторыях, якія адышлі да Польшчы ў 1920 і 1938.

Пасьля капітуляцыі Польшчы Славаччына атрымала тэрыторыі, страчаныя ў 1918—1920, 1924 і 1938 роках. Гітлер прапаноўваў Цісу таксама й Закапанэ, аднак той адмовіўся са словамі, што там не жывуць славакі і тая тэрыторыя ніколі не належала Славаччыне.

Вайна з СССР

рэдагаваць

Ужо на наступны дзень пасьля нямецкага ўварваньня ў СССР Славацкая рэспубліка абвясьціла пра разрыў дыпляматычных стасункаў з СССР, а 24 чэрвеня 1941 накіравала на ўсходні фронт гэтак званую «Хуткую групу». Такая хуткая падтрымка нямецкага ўварваньня была матываваная намерам апярэдзіць вугорцаў і паказаць сваю адданасьць Нямеччыне, каб у будучым спадзявацца на перагляд Венскага арбітражу.

Неўзабаве славацкае падразьдзяленьне было пераўтворанае ў дывізію, мела матарызаваны батальён, таксама дзейнічала авіяцыя. Дзякуючы сваёй матарызацыі Хуткая дывізія ў 1942 року першай з адзінак Восі падышла да Растова-на-Доне і хутка накіравалася да паўночных перадгор’яў Каўказу.

30 кастрычніка 1943 року каля Мелітопалю частка падразьдзяленьняў дывізіі (2000 славацкіх жаўнераў) перайшла на савецкі бок. Некалькі падразьдзяленьняў Другой ахоўнай дывізіі ўвосень 1943 перайшлі са зброяй на бок партызанаў у раён Менску і змагаліся супраць немцаў са зброяй у руках.

У 1944 годзе, у сувязі з набліжэньнем Савецкай Арміі да межаў Славаччыны, была створаная Ўсходнеславацкая армія. Істотнай дапамогі нямецкім войскам яна не аказала, бо пасьля пачатку Славацкага нацыянальнага паўстаньня 29 жніўня вялікая частка арміі была раззброеная вэрмахтам, астатнія далучыліся да паўстанцаў.

Палітыка

рэдагаваць

Кіроўнаю партыяй была Глінкава славацкая народная партыя — Партыя славацкага нацыянальнага адзінства (ГСНП — ПСНА) на чале зь Ёзэфам Цісам — прэзыдэнтам дзяржавы. У канцы 1938 року ў гэтую партыю фармальна ўліліся ўсе асноўныя славацкія і чэхаславацкія партыі, за выняткам камуністычнай і сацыял-дэмакратычнай, хоць яна й дагэтуль была найбольшаю партыяй. ГСНП мела два крылы — радыкальнае прафашысцкае на чале з Войцехам Тукам і ўмеранае на чале зь Ёзэфам Цісам. Пасьля Зальцбурскіх перамоваў 27-28 ліпеня 1940 на нямецкі загад ад улады быў адхілены міністар унутраных і замежных справаў Фэрдынанд Дзюрчанскі, які намагаўся праводзіць меней залежную ад Райху палітыку. Наўзамен пасты міністраў унутраных і замежных справаў занялі радыкалы, і на Славаччыне пачалі ўправодзіцца нямецкія парадкі. У жыдоўскім пытаньні радыкалы дабіліся поўнага пазбаўленьня правоў і дэпартацыі.

У кастрычніку 1942 року ў ГСНП да ўлады прыйшло ўмеранае крыло палітыкаў. Ад 1943 пачаў мацнець рух супраціву, арыентаваны на ангельска-амэрыканскіх і савецкіх хаўрусьнікаў. Зьявіліся ідэі аднаўленьня Чэхаславацкай рэспублікі.

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць
 
Адміністрацыйны падзел Славацкай рэспублікі

Да 1 студзеня 1940 былі створаныя наступныя жупы:

Зьнікненьне

рэдагаваць

Улетку 1944 року, калі ваенная сытуацыя пагоршылася і лёс нацысцкае Нямеччыны і ейных хаўрусьнікаў быў вырашаны, частка насельніцтва расчаравалася ў існуючым рэжыме, які ўсё яшчэ заставаўся ляяльным Восі. Найбольш спрыяльныя ўмовы былі ў цэнтральнай частцы краіны, дзе пачалі спантанна стварацца партызанскія аддзелы. 12 жніўня ўлады ўвялі на ўсёй тэрыторыі Славаччыны ваеннае становішча, аднак неўзабаве страцілі кантроль над большай часткаю краіны. Асабліва гэты працэс паскорыла Славацкае нацыянальнае паўстаньне. Ужо ўвосені 1944 на ўсходніх і паўночна-ўсходніх граніцах Славацкай рэспублікі адбываліся бітвы між нямецкімі аддзеламі і наступаючымі часткамі Чырвонай арміі.

На пачатку 1945 Чырвоная армія, румынскія войскі і Першы чэхаславацкі армейскі корпус паступова праніклі на славацкія землі. 19 студзеня яны аблажылі Кошыцы (ад лістапада 1938 акупаваныя Вугоршчынай). Немцы, адступаючы, нішчылі транспартную інфраструктуру, што запавольвала прасоўваньне. Там, дзе наступ хаўрусьнікаў затрымліваўся, у выніку цяжкіх бітваў населеныя пункты зазнавалі значныя пашкоджаньні.

Яшчэ ў сьнежні 1944 року савецкія войскі падышлі ў вобласьць Шагаў, Левіцаў і Штурава, аднак пасьля бітвы за Будапэшт былі адтуль адкінутыя. Паступова гэты рэгіён быў заваёваны Саветамі да канца сакавіка 1945. Таксама цяжкія бітвы адбываліся на Ліптаве. 3 сакавіка 1945 Чырвоная армія і Першы чэхаславацкі армейскі корпус ўвайшлі ў Ліптаўскі Мікулаш, аднак у выніку контранаступу нямецкія войскі адваявалі яго 11 сакавіка. Немцы пакінулі рэгіён толькі 4 красавіка, калі места, якое за гэты час было амаль цалкам зьнішчанае, канчаткова перайшло пад кантроль хаўрусьнікаў.

У канцы сакавіка — пачатку красавіка са Славаччыны на захад эмігравалі каля 5000 славакаў, нязгодных з прысутнасьцю савецкіх войскаў і аднаўленьнем ЧСР. Акрамя славацкага ўраду і прэзыдэнта, сярод гэтых асобаў, аднесеных да калябарантаў, былі й выбітныя культурніцкія дзеячы, напрыклад кіраўнік Славацкай маціцы Ёзэф Цыгер Гронскі, паэт Андрэй Жарнаў, гісторык Францішак Грушаўскі, літаратурны крытык Станіслаў Мэч’яр, пісьменьнікі Мікулаш Шпрынц, Канстанцін Чулен, Рудальф Дзіланг, Міла Урбан, Горазд Звоніцкі, рэктар Славацкага тэхнічнага інстытуту Антон Буган і іншыя[4].

У сакавіку 1945 савецкія войскі вызвалілі Банску Шцьяўніцу, Зволен, Банску Быстрыцу, Комарна і Нова Замкі, а 4 красавіка дасягнулі Браціславы. Вызваленыя тэрыторыі аўтаматычна ўключаліся ў склад адноўленай чэхаславацкай дзяржавы. 3 траўня савецкія войскі зьнішчылі апошнія нямецкія падразьдзяленьні на тэрыторыі Славаччыны (у Белых Карпатах і Яварніках) і перайшлі на тэрыторыю Маравіі. Пра папулярнасьць пануючага рэжыму і стаўленьне да яго насельніцтва сьведчыць той факт, што з боку славацкага насельніцтва Чырвоная армія не зазнала сур’ёзнага ўзброенага супраціву.

Адмоўным бокам прыходу Саветаў былі дэпартацыі. Ужо ў 1945 року з маўклівае згоды чэхаславацкага ўраду сілы НКУС арыштавалі 7422 грамадзянаў Чэхаславаччыны, большасьць зь якіх зьмясьцілі ў працоўныя лягеры на Данбасе і Каўказе. Падставамі для іхняга арышту часта зьяўлялася праца альбо служба пад нямецкай акупацыяй.

  1. ^ Slovenský zákonník č. 226/1940.
  2. ^ Viliam Plevza a kolektív, Dejiny Slovenského národného povstania 1944, 5. zväzok. Bratislava, Nakladateľstvo Pravda 1985, s. 484—487
  3. ^ Katarína Hradská. Prípad Dieter Wisliceny: Nacistickí poradcovia a židovská otázka na Slovensku. — Bratislava: Academic Electronic Press, 1999. — С. 13—15. — ISBN 80-88880-29-7
  4. ^ Milan Stanislav Ďurica: Dejiny Slovenska a Slovákov. Bratislava: Lúč, 2003, s. 542

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць