Польская кампанія 1939 году

(Перанакіравана з «Нямецка-польская вайна»)

Уварваньне ў Польшчу, Польская кампанія 1939 року, у Польшчы вядомая як Абарончая вайна 1939 року (па-польску: Wojna obronna 1939 roku) або Верасьнёўская кампанія (па-польску: Kampania wrześniowa), у Нямеччыне Польская кампанія (па-нямецку: Polenfeldzug) — першая ваенная кампанія Другой сусьветнай вайны, баявыя дзеяньні ўзброеных сілаў нацысцкай Нямеччыны, Савецкага Саюзу і невялікага славацкага кантынгенту па акупацыі Польшчы. Баявыя дзеяньні пачаліся 1 верасьня і скончыліся 6 кастрычніка 1939 падзелам Польшчы між Трэцім райхам і Савецкім Саюзам.

Польская кампанія 1939 году

Напярэдадні кампаніі

рэдагаваць

Плян нападу на Польшчу «Вайс» («Белы») быў распрацаваны нямецкім вярхоўным камандаваньнем у красавіку 1939, сыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны» і меў на мэце раптоўным уварваньнем сарваць мабілізацыю і сканцэнтраваньне польскай арміі, канцэнтрычнымі ўдарамі з Сылезіі, Памяраніі і Ўсходняй Прусіі разьбіць яе галоўныя сілы, што знаходзіліся на захад ад рэк Вісла і Нараў.

Нямецкія сілы ўварваньня пад агульным камандаваньнем генэрала В. фон Браўхіча налічвалі 54 (з рэзэрвамі 62) дывізіі, зь іх 6 танкавых і 4 матарызаваныя (усяго 1,6 млн чал.), каля 10 тыс. артылерыйскіх гарматаў і мінамётаў, 2,5—2,8 тыс. танкаў, 1,3 тыс. самалётаў, 18 баявых караблёў. Польшча мела каля 30 пяхотных дывізій, 16 брыгад (зь іх 11 кавалерыйскіх і 2 бронематарызаваныя, разам каля 1 млн чал.), 4,3 тыс. гарматаў і мінамётаў, 870 танкаў і танкетак, каля 400 баяздольных самалётаў, 16 баявых караблёў.

Пачатак вайны

рэдагаваць
 
Разьмяшчэньне войскаў па стане на 14 верасьня

Зачэпкай, якую Нямеччына выкарыстала для нападу на Польшчу 1 верасьня 1939, паслужыла правакацыя ў прыгранічным нямецкім месьце Гляйвіц (цяпер горад Глівіцы, Польшча), калі група службоўцаў СС інсцэнавала напад польскіх вайскоўцаў на мясцовую радыёстанцыю (апэрацыя «Гімлер»).

У той жа дзень у Польшчы пачалася поўная мабілізацыя, у тым ліку ў Заходняй Беларусі (тут было мабілізавана каля 100 тысячаў беларусаў).

Польскае камандаваньне на чале з маршалам Эдвардам Рыдзь-Сьміглым плянавала весьці абарончыя баі на захад ад Віслы з разьлікам на хуткую дапамогу заходніх хаўрусьнікаў — Вялікабрытаніі і Францыі. 3 верасьня гэтыя краіны абвясьцілі вайну Нямеччыне, але рашучых ваенных дзеяньняў супраць яе не разгарнулі. Пад час баявых дзеяньняў 1-8 верасьня, якія пачаліся з абстрэлу паўвострава Вестэрплятэ (ягоны гарнізон на чале з маёрам Г. Сухарскім супраціўляўся да 7 верасьня) нямецкія войскі прарвалі польскую абарону на рубяжох уздоўж мяжы і хутка наблізіліся да Варшавы. 7 верасьня Рыдзь-Сьміглы са штабам эвакуяваўся ў Берасьцейскую крэпасьць. 9—16 верасьня нямецкія войскі акружылі польскія часткі на ўсход ад Варшавы, ліквідавалі вынікі польскага контрудару паміж рэкамі Вісла і Бзура. 14 верасьня немцы захапілі акружаную імі вайскова-марскую базу Гдыня (яе паўночны ўчастак Аксыўе капітуляваў 18 верасьня). Да 16 верасьня 1939 году залаты запас Польшчы пераправілі ў Румынію[1].

Паход савецкіх войскаў супраць Польшчы

рэдагаваць
 
Разьмяшчэньне сілаў пасьля савецкага ўварваньня

Нямецкае кіраўніцтва падштурхоўвала савецкі бок хутчэй выступіць супраць Польшчы, каб ускласьці адказнасьць за вайну і на СССР. Але Сталін, каб стварыць уражаньне нэўтралітэту, адцягваў выступленьне. 17 верасьня 1939 году ўрад Савецкага Саюзу перадаў ноту польскаму амбасадару Гржыбоўскаму за подпісам народнага камісара замежных справаў Вячаслава Молатава пра тое, што «спынілі свае дзеяньні дагаворы, заключаныя паміж Польшчай і СССР». У якасьці прычыны прыводзіліся вынікі нямецкага наступу ў ходзе Польска-нямецкай вайны: «На працягу 10 дзён ваенных апэрацый Польшча страціла ўсе свае прамысловыя раёны і культурныя цэнтры. Варшава, як сталіца Польшчы, не існуе больш». Тым часам, з 13 верасьня ўрад Польскай Рэспублікі знаходзіўся ў Залешчыках (Тарнопальскае ваяводзтва) на мяжы з Румыніяй. У ноце ўрада СССР адзначалася, што «ў сувязі з такой абстаноўкай Савецкі ўрад аддаў распараджэньне Галоўнаму камандаваньню Чырвонай арміі даць загад войскам перайсьці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыцьцё і маёмасьць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі»[2]. Такім чынам, толькі калі польская армія ў цэлым была разьбітая, савецкі ўрад аддаў распараджэньне камандаваньню Чырвонай Арміі перайсьці мяжу і заняць Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну. 18 верасьня 1939 году беларуская газэта «Зьвязда» выйшла пад агульным загалоўкам «Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»[3].

Сканчэньне вайны

рэдагаваць

У ноч на 18 верасьня польскі ўрад пакінуў краіну.

Нямецкія войскі завяршылі заваяваньне Польшчы. 28 верасьня капітулявалі абаронцы Варшавы, 29 верасьня — цьвердзі Модлін, 2 кастрычніка — паўвострава Хель. Пасьля абарончых баёў 2-5 кастрычніка пад горадам Коцк 6 кастрычніка капітулявала самадзейная апэратыўная група «Палесьсе» пад камандаваньнем генэрала Ф. Клеебэрга, у склад якой уваходзілі маракі польскай Пінскай флятыліі.

Вынікі кампаніі

рэдагаваць
 

У ходзе Польскай кампаніі Нямеччына страціла каля 45 тыс. чал. забітымі і параненымі, каля 1 тыс. танкаў і бронемашынаў, 700 самалётаў і іншую тэхніку. Польшча страціла каля 200 тыс. чал. забітымі (звыш 7 тыс. беларусаў)[4] і параненымі, каля 700 тыс. палоннымі (зь іх было 70 тыс. беларусаў).

  1. ^ Лукашэнка: Беларусь ня будуць дзяліць і рэзаць, калі мы будзем шанаваць сваю зямлю і сьвята захоўваць сувэрэнітэт // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 верасьня 2022 г. Праверана 18 верасьня 2022 г.
  2. ^ Вячаслаў Молатаў. Нота ўрада СССР, уручаная польскаму паслу ў Маскве раніцай 17 верасьня 1939 году // Зьвязда : газэта. — 18 верасьня 1939. — № 215 (6492). — С. 1.
  3. ^ «Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь» // Газэта «Зьвязда», 15 верасьня 2021 г. Праверана 19 верасьня 2021 г.
  4. ^ Уладзімер Давыдаў. Цярністы шлях узьяднаньня // Беларуская думка : часопіс. — Верасень 2009. — № 9. — С. 19-27. — ISSN 0023-3102.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Польская кампанія 1939 годусховішча мультымэдыйных матэрыялаў