Хуткая дывізія (па-славацку: Rýchla divízia) — матарызаваная славацкая дывізія, якая ваявала на ўсходні фронце на баку Восі. Была пераўтвораная з «Хуткай брыгады», якая ў сваю чаргу была сфармаваная з «Хуткай групы», створанай ужо 23 чэрвеня 1941, на другі дзень вайны. Кіраваў дывізіяй палкоўнік Рудальф Пілфаўсак.

Эмблема «Хуткай дывізіі»

Арганізацыя

рэдагаваць

Склад «Хуткай групы» 25 чэрвеня 1941 пры пераходзе савецкай граніцы: 59 афіцэраў, 27 унтэр-афіцэраў, 1824 жаўнеры.

  • Камандаваньне
  • 2-і мэханізаваны разьведны аддзел — раварысцкая рота, рота цяжкага ўзбраеньня, кулямётны зьвяз
  • Матарызаваны пяхотны батальён — 2-і батальён 6-га пяхотнага палку, 3 роты пяхоты, кулямётная рота, зьвяз супрацьтанкавых гарматаў, батарэя 75 мм гарматаў, інжынэрны зьвяз
  • 1-ы артылярыйскі аддзел — 1-ы аддзел 11-га артылярыйскага палку, 3 батарэі 100 мм гарматаў, радыёзьвяз
  • Рота сувязі
  • Батальён аўтаматычнай зброі — 2 роты супрацьтанкавых гарматаў (9 адзінак 37 мм супрацьтанкавых гарматаў), штабная рота, 2-я і 3-я танкавыя роты (агулам 30 танкаў LT-35, 10 танкаў LT-38 і 7 танкаў LT-40)

Склад па стане на 22 жніўня 1941 па рэарганізацыі ў дывізію: 301 афіцэр, 90 унтэр-афіцэраў, 8060 жаўнераў.

  • Камандаваньне
  • 20-ы пяхотны полк
  • 21-ы пяхотны полк
  • 11-ы артылярыйскі полк (16 адзінак 100 мм гарматаў, 4 105 мм гарматы)
  • 11-я разьведная рота
  • 2-і батальён сувязі
  • 11-ы інжынэрны зьвяз
  • 11-я горная батарэя (4 75 мм гарматы)
  • 11-я супрацьтанкавая рота (12 37 мм супрацьтанкавых гарматаў)
  • Зэнітная група (12 20 мм супрацьпаветраных гарматаў і 4 88 мм супрацьпаветраныя гарматы)
  • аўтамабільная майстэрня і службы пастаўкі

Аднак бронемашыны адсутнічалі, паколькі на той час яны ўсе былі адпраўленыя на рамонт у Славаччыну. 29 кастрычніка 1942 да дывізіі была далучаная адна танкавая рота (6 танкаў LT-38 і 6 танкаў LT-40).

Дзеяньні

рэдагаваць

Хуткая група, падпарадкаваная г. зв. Славацкай групе войскаў на чале з Фэрдынандам Чатлашам, сьпярша выступіла на польскі Санак, аднак пазьней была перанакіраваная на Львоў і Віньніцу. Прыкладна 8 ліпеня 1941 падразьдзяленьне пакінула тэрыторыю, якая адносілася да славацкай мяжы ўплыву, і трапіла ў падпарадкаваньне нямецкай 17-й арміі, дзейнічаючы пад яе кіраваньнем да самага ўварваньня на тэрыторыю СССР. Першая інтэнсіўная бітва супраць Чырвонай арміі адбылася пад Ліпаўцам. Пасьля група ўдзельнічала ў нямецкім наступе на паўднёвую Ўкраіну. Больш як паўгады трымала абарончую пазыцыю ля Азоўскага мора, Таганрогу і ракі Міус.

У чэрвені 1942 дзякуючы сваёй матарызаванасьці адзінка вельмі хутка перасоўвалася і 22 чэрвеня дасягнула Растову-на-Доне. Удзельнічала ў бітвах за места і стала першаю адзінкаю войскаў Восі, якая паставіла пляцдарм на ўсходнім беразе Дону[1].

Адтуль да лістапада 1942 перайшла на Каўказ. У выніку контранаступу савецкіх войскаў, аднак, адступіла да Крыму. У гэты час маральны дух славацкіх жаўнераў быў ужо ня той, што на пачатку вайны, многія ня мелі болей жаданьня ваяваць супраць Савецкага Саюзу і разумелі, што стаяць на няправільным баку. Уночы з 29 на 30 кастрычніка 1943 дывізія ўдзельнічала ў бітве пад Мелітопалем, дзе Чырвоная армія паланіла каля 2300 славацкіх жаўнераў і 45 афіцэраў[2]. Болей нямецкае камандаваньне не выкарыстоўвала «Хуткую дывізію» на фронце, а ў сакавіку 1945 ейныя рэшткі былі ўзятыя ў палон у Аўстрыі каля Вінэр-Нойштату.

  1. ^ Mičianik, P., 2009, Rýchla divízia v nemeckej ofenzíve na Rostov. Vojenská história, 2, 13, s. 43-70
  2. ^ Cséfalvay, F., 2007: Nemecký dokument o zlyhaní slovenskej 1. pešej divízie v októbri 1943 (I. časť). Vojenská história, 1, s. 128—144

Літаратура

рэдагаваць
  • Арушанян, Б.: Боевые действия 12-й армии в нчальный период войны. In: Военно-Истоический журнал, 1973, No. 6.
  • Каминский, В.: Для долговременной обороны. У: Техника молодёжи, 1989, No. 8, str. 42.
  • Bajtos, I.: História slovenského Pluku útočnej vozby 1939—1944. Košice, 1987.
  • Gajdos-Breza, J.: Krvavá zem (Po stopách vojny na východe). Bratislava: MNO, 1941.
  • Jamriska, D.: Zaisťovacia divízia v ZSSR. Martin, júl 1967.
  • Charles Kliment: Slovenská armáda 1939—1945. Pilzno, 1996.
  • Korcek, F.: Obrázky z Ukrajiny (Dojmy vojenského dopisovateľa). Bratislava: MNO, 1941.
  • Padli za vlasť. w : Kalendár slovenského vojska (1943). Bratislava: MNO, 1943.
  • Padzev, M. G.: V prvej i druhej línii (Pohraničníci vo vojne). Bratislava: Pravda, 1982.
  • Pysny, E.: Oceľ a myšlienka (Články, reči a úvahy o prvej kapitole bojov slovenského národa proti boľševizmu). Žilina: MNO, 1941.
  • Rudin, F. K.: Slovenská armáda na Ukrajine. Bratislava: MNO, 1941.