Дзьмітры Баскаў
Дзьмі́тры Ю́р’евіч Ба́скаў (нар. 1978, Менск, цяпер Беларусь) — беларускі хакеіст, бізнэсмэн і палітык.
Дзьмітры Баскаў | |
Пэрсанальная інфармацыя | |
---|---|
Поўнае імя | Дзьмітры Юр’евіч Баскаў |
Нарадзіўся | 25 жніўня 1978 (46 гадоў) Менск, Беларуская ССР, СССР |
Грамадзянства | Беларусь |
Прафэсійная інфармацыя | |
Спэцыялізацыя | хакей з шайбай |
Прафэсійная кар’ера | 1998—2010 гады |
Дзяржаўныя ўзнагароды | Падзяка прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, мэдаль «За працоўныя заслугі»[1] |
Сябар Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі «па квоце прэзыдэнта» (ад 13 верасьня 2021 году). Галоўны трэнэр хакейнай каманды Аляксандара Лукашэнкі[2][3][4]. Майстар спорту. Чэмпіён Беларусі па хакеі, 2-кратны пераможца Кубку Беларусі па хакеі. 9-ы старшыня Фэдэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь(be) (2020—2021).
Жыцьцяпіс
рэдагавацьПачынаў гуляць брамнікам у хакейным клюбе «Юнацтва». Затым выступаў за канадзкую каманду «Астравіцяне Брэтонскага мысу» (Сыднэй, правінцыя Новая Шатляндыя), гарадзенскі клюб «Нёман» (1998—2001) і «Берасьце» (2001—2003). У 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «правазнаўства». Пазьней выступаў за хакейны клюб «Віцебск» (2003—2005), зноў «Нёман» (2005—2006), «Берасьце» (чэрвень—лістапад 2006, Найвышэйшая ліга), «Юнацтва» (2006—2007) і «Берасьце» (2007—2010, Беларуская экстраліга). Атрымаў званьне майстар спорту. Станавіўся чэмпіёнам Беларусі па хакеі і двойчы выйграваў Кубак Беларусі. Выступаў за зборную Беларусі па хакеі ў таварыскіх гульнях. У 2009 годзе скончыў Інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры па спэцыяльнасьці «трэнэрская праца» (па хакеі). Па сканчэньні хакейнага сэзону 2009/2010 гадоў пачаў працаваць трэнэрам брамнікаў клюбу «Берасьце». У 2010—2011 гадах быў трэнэрам брамнікаў клюбу «Менскія зубры», які гуляе з Моладзевай хакейнай лізе і належыць ЗАТ «Хакейны клюб «Дынама Менск». У 2011—2013 гадах працаваў трэнэрам у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў зімніх відах спорту «Раўбічы», дзе рыхтаваў юнацкую і моладзевую зборныя Беларусі па хакеі да чэмпіянатаў сьвету[5].
У 2013—2018 гадах узначальваў Менскую спэцыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзэрву (СДЮШАР) па хакеі з шайбай, якая належыць Беларускаму фізкультурна-спартоваму таварыству «Дынама». У траўні 2017 году абраны сябрам Выканаўчага камітэту Нацыянальнага алімпійскага камітэту Рэспублікі Беларусь[5]. 7 чэрвеня 2017 году абраны намесьнікам старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі на пазачарговай канфэрэнцыі[6]. У 2018 годзе скончыў Бізнэс-школу Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту. 27 кастрычніка 2018 году Назіральная рада ЗАТ ХК «Дынама Менск» прызначыла яго кіраўніком клюбу ў 40-гадовым веку замест Анатоля Курыльца[5]. 9 верасьня 2020 году пазачарговая канфэрэнцыя Фэдэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь абрала яго кіраўніком замест Генадзя Савілава, які падаў у адстаўку. Пры абраньні заявіў пра сыход з пасады кіраўніка «Дынама Менск»[7]. 15 верасьня 2020 году абраны старшынёй Назіральнай рады ХК «Дынама Менск»[8].
Паводле рассьледаваньняў журналістаў, падазраецца ў датычнасьці да зьбіцьця менчука Рамана Бандарэнкі, які пасьля гэтага памёр у лякарні[9]. 16 лістапада 2020 году яму забаронілі ўезд у Латвію[10], 20 лістапада — ў Летуву ды ў Эстонію[11]. Міжнародная фэдэрацыя хакею на лёдзе ініцыявала незалежнае расьсьледаваньне інцыдэнту з Баскавым[12]. З гэтай нагоды Баскаў адхілены ад Алімпійскіх гульняў і іншых мерапрыемстаў Міжнароднага алімпійскага камітэту[13].
Станам на вясну 2021 году валодаў актывамі ня менш як на некалькі мільёнаў даляраў ЗША (акцыі кампаніяў, нерухомасьць, траспартныя сродкі), частка іх была аформлена на жонку[14].
8 верасьня 2021 году Міжнародная фэдэрацыя хакею на лёдзе дыскваліфікавала старшыню фэдэрацыі хакею(be) на 5 год: па выніках дзесяцімесячнага расьсьледаваньня было ўсталявана, што Баскаў дыскрымінаваў атлетаў і пагражаў ім за іхнія палітычныя погляды[15]. 13 верасьня 2021 году А. Лукашэнка прызначыў Баскава сябрам Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі «па квоце прэзыдэнта» і пры гэтым адзначыў: «Яшчэ ў нас 4 вакансіі там»[16].
2 сьнежня 2021 году Дзьмітры Баскаў трапіў у сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША[17].
У сьнежні 2021 году Аб’яднаньне сілавікоў Беларусі выпусьціла расьсьледаваньне аб дарагіх аўтамабілях, якія дарылі Аляксандру Лукашэнку. Па дадзеных аўтараў расьсьледаваньня, Дзьмітры Баскаў падарыў яму ГАЗ 20(ru) 2008 году выпуску, які каштуе ня менш як 52 тысячы даляраў ЗША[18].
Баскаў зьяўляецца таксама сябрам Савету Рэспублікі восьмага скліканьня[19].
Асабістае жыцьцё
рэдагавацьЖонка – Аляксандра Баскава (Шышко), дачка генэральнага дырэктара кампаніі «Брэстэнэрга» й сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ўладзімера Шышко(be)[20].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Басков Дмитрий Юрьевич
- ^ Басков Дмитрий Юрьевич на сайте НОК Беларуси
- ^ У Гомлі хакейныя заўзятары асьвісталі гендырэктара «Дынама» Дзьмітрыя Баскава (рас.) // Беларускі партызан, 31 жніўня 2020 г. Праверана 15 траўня 2021 г.
- ^ В 42 года Басков занимает главные должности белхоккея. Как он прошел этот путь (рас.) TUT.BY Архіўная копія ад 2021-02-09 г.
- ^ а б в Зьміцер Баскаў - новы генэральны дырэктар ЗАТ ХК «Дынама-Менск» // Газэта «Зьвязда», 27 кастрычніка 2018 г. Праверана 15 траўня 2021 г.
- ^ Выбраныя новыя намесьнікі старшыні ФХБ // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 7 чэрвеня 2017 г. Праверана 15 траўня 2021 г.
- ^ Зьміцер Баскаў аднагалосна абраны новым старшынёй Фэдэрацыі хакею // Газэта «Зьвязда», 9 верасьня 2020 г. Праверана 15 траўня 2021 г.
- ^ Зьміцер Баскаў абраны старшынёй Назіральнай рады хакейнага клюбу «Дынама-Менск» // Газэта «Зьвязда», 15 верасьня 2020 г. Праверана 15 траўня 2021 г.
- ^ Месяц после гибели Романа Бондаренко. Что мы выяснили за это время? (рас.) TUT.BY Праверана 2020-12-12 г. Архіўная копія ад 2020-12-12 г.
- ^ Баскову и Шакуте запретили въезд в Латвию (рас.) TUT.BY Архіўная копія
- ^ Разное. Ковальчук, Портной, Базанов, Басков, Шакута попали в санкционный список стран Балтии (рас.) Прессбол Праверана 2021-12-13 г. Архіўная копія ад 13 снежня 2021 г.
- ^ Q&A with the IIHF President (анг.) Міжнародная фэдэрацыя хакею на лёдзе Праверана 2021-01-15 г.
- ^ Der Auftritt beim Diktator ist „etwas blöd gelaufen“ (ням.) Frankfurter Allgemeine Zeitung(be) Праверана 2021-01-14 г.
- ^ Марина Волкова (2021-04-22) Подпольный миллионер Дмитрий Басков. Откуда у «тренера» Лукашенко целое состояние — читайте в расследовании KYKY (рас.) KYKY.ORG Праверана 2021-05-15 г. Архіўная копія ад 2021-05-15 г.
- ^ Дзмітрыя Баскава дыскваліфікавалі на пяць гадоў (бел.) Наша Ніва Праверана 2021-09-08 г.
- ^ Дзьмітры Баскаў прызначаны сябрам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 14 верасьня 2021 г. Праверана 15 верасьня 2021 г.
- ^ ЗША і Вялікая Брытанія пашырылі санкцыі адносна Беларусі Радыё Свабода Праверана 2021-12-12 г.
- ^ Аўтапарк на $6 млн: названы ТОП-10 "хабарадавальнікаў Лукашэнкі" (бел.) Эўрапейскае радыё для Беларусі Праверана 2024-05-04 г.
- ^ Басков Дмитрий Юрьевич (рас.) Савет Рэспублікі
- ^ Что журналисты и блогеры узнали о недвижимости члена ОПГ Лукашенко Баскова (рас.) Хартыя’97 Праверана 2021-05-15 г.