Менскі завод колавых цягачоў
Каардынаты: 53°51′19″ пн. ш. 27°39′58″ у. д. / 53.85528° пн. ш. 27.66611° у. д.
«Ме́нскі заво́д ко́лавых цягачо́ў» («МЗКЦ») — дзяржаўнае аўтамабілебудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў ліпені 1954 году ў Менску ў якасьці Спэцыяльнага канструктарскага бюро № 1 (СКБ-1) па цяжкіх колавых артылерыйскіх цягачах. Унесены ў чорны сьпіс Эўразьвязу, санкцыйныя сьпісы шэрагу іншых краінаў.
«Менскі завод колавых цягачоў» | |
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 23 ліпеня 1954 (70 гадоў таму) |
Заснавальнікі | «Менскі аўтамабільны завод» |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Заводзкі раён, Партызанскі прасп., д. 150[1] |
Ключавыя фігуры | Ігар Летаў, Андрэй Галавач[2] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | аўтацягнік, аўтобус, прычэп, цягач і шасі |
Абарачэньне | ▼291,709 млн руб.[3] (2018 г.; $142,981 млн) |
Апэрацыйны прыбытак | ▼50,718 млн руб. (2018 г.; $24,859 млн) |
Чысты прыбытак | ▼37,644 млн руб. (2018 г.; $18,451 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 5000 (2019 г.) |
Матчына кампанія | Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь[4] |
Даччыныя кампаніі | «Волаттранссэрвіс», аўтазавод «Нёман» (Ліда) |
Аўдытар | «ЭвэртанАўдыт» (в. Ждановічы, Менскі раён)[5] |
Прадпрыемства выпускае седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, пазадарожныя самазвалы, аўтацягнікі для трубаў, колавыя шасі для кранаў падымальнасьцю да 50 тонаў, экскаватарнага абсталяваньня і нафтагазавай прамысловасьці, прычэпы і паўпрычэпы[6] пад таварным знакам «Волат». На 2019 год ААТ «МЗКЦ» улучала 10 вытворчых і 3 дапаможныя цэхі, 25 кіраўніцтваў і 10 аддзелаў, а таксама аўтазборачную вытворчасьць «Нёман» (АЗВ «Нёман») у Лідзе (Гарадзенская вобласьць)[7]. У Беларусі налічвалася 4 дылеры завода — у Гомелі, Смаргоні (Гарадзенская вобласьць), Менскім раёне (в. Азярцо) і Менску. Замежнае прадстаўніцтва працавала ў сталіцы Расеі: Паўночная адміністрацыйная акруга, Бегавы раён, 3-я вул. Ямскога поля, д. 18[8]. Таксама за мяжой дзейнічала 17 дылераў «МЗКЦ» у 2 краінах Азіі і 3 суседніх краінах Эўропы: Азэрбайджан (Баку), Казахстан (Уральск), Польшча (Варшава), Украіна (Кіеў) і Расея (13) — Екацярынбург, Краснадар, Курган, 4 у Маскоўскай вобласьці (Балашыха, пас. Зарэчча Адзінцоўскага раёну, Краснагорск і Мыцішчы), Вялікі Ноўгарад, 4 у Санкт-Пецярбургу і Чалябінск[9].
Вырабы
рэдагавацьНа 2019 году ААТ «Менскі завод колавых цягачоў» вырабляла:
- 5 відаў аўтобусаў «Нёман» — гарадзкі, міжгародні, прыгарадны, турыстычны і школьны[10];
- 12 відаў прычэпаў — ад 2 да 6 восяў грузападымальнасьцю ад 29 да 73 тонаў[11];
- 8 відаў цягачоў «Волат» — поўнапрывадныя ад 3 да 4 восяў грузападымальнасьцю ад 13 да 29 тонаў[12];
- 6 відаў шасі «Волат» пад аўтакраны — ад 4 да 5 восяў падымальнасьцю ад 30 да 44 тонаў[13];
- 6 відаў шасі «Волат» пад мабільныя буравыя ўстаноўкі — ад 3 да 7 восяў падымальнасьцю ад 22 да 56 тонаў[14];
- 13 відаў шасі «Волат» для ўсталёўкі абсталяваньня — ад 2 да 5 восяў падымальнасьцю ад 10 да 136 тонаў[15];
- 5 відаў аўтацягнікоў «Волат» — поўнапрывадныя 4-восевыя ад 50 да 136 тонаў[16];
- 6 відаў дэталяў — апорна-хадавы модуль, гідрамэханічная перадача, двухбарабанная лябёдка, дыяпазонная гідраперадача, мост і седлава-счэпная прылада[17];
- 6 сямействаў шасі «Волат» для ўзбраеньня — 543 (3 віды 4-восевых поўнапрывадных падымальнасьцю ад 18 да 22 тонаў)[18], 6001 (3 віды поўнапрывадных ад 2 да 4 восяў падымальнасьцю ад 3 да 17 тонаў)[19], 6527 (3 віды поўнапрывадных ад 3 да 4 восяў падымальнасьцю ад 9 да 18 тонаў)[20], 6922 (5 відаў поўнапрывадных 3-восевых падымальнасьцю ад 4 да 14 тонаў для зэнітных ракетных комплексаў)[21], 7930 (3 віды 4-восевых поўнапрывадных падымальнасьцю ад 17 да 22 тонаў для ракетных комплексаў)[22] і 8021 (3 віды поўнапрывадных ад 2 да 3 восяў падымальнасьцю ад 6 да 20 тонаў)[23];
- 8 відаў шасі «Волат» для ўсталёўкі спэцабсталяваньня — поўнапрывадныя ад 2 да 6 восяў падымальнасьцю ад 6 да 55 тонаў[24].
Мінуўшчына
рэдагаваць23 ліпеня 1954 году кіраўнік «Менскага аўтамабільнага заводу» падпісаў Загад № 15сс аб стварэньні Спэцыяльнага канструктарскага бюро № 1 (СКБ-1) па цяжкіх колавых артылерыйскіх цягачах і рухавіках да іх з досьледнай базай[25]. 1 верасьня 1954 году пры «СКБ-1» стварылі Цэх досьледнай вытворчасьці. У 1955 годзе першай распрацоўкай стаў колавы цягач «МАЗ-528», аснашчаны 10-ю перадачамі наперад і 10-ю назад. Цягач прызначаўся для буксаваньня і штурханьня навяснога абсталяваньня і прычэпаў[26]. У 1957 годзе стварылі першы 4-восевік «МАЗ-535»(ru), які прызначаўся для перавозу артылерыі вагой да 10 тонаў. Гэты цягач меў гідрамэханічную трансьмісію, паўаўтаматычнае пераключэньне перадачаў без разрыву магутнасьці, тарсійную незалежную падвеску, цэнтралізаванае напаўпоўваньне шынаў і 7 дыфэрэнцыялаў у сілавым прывадзе. «МАЗ-535» абсталёўваўся рухавіком «Д12А-375» магутнасьцю 375 конскіх сілаў (к.с.) і рухаўся з хуткасьцю да 40 км/гадзіна. У 1958 годзе пачалі яго сэрыйную вытворчасьць. Балясны цягач «МАЗ-535А» знайшоў выкарыстаньне ў перавозцы ракетаў. У выніку яго ўдасканаленьня зьявіліся седлавыя цягачы «МАЗ-535В» і МАЗ-537(ru) з паўпрычэпам МАЗ-5247 для перавозу танкаў і вусенічных самаходных гарматаў. У 1958 годзе «СКБ-1» перадало тэхнічную дакумэнтацыю самазвала «МАЗ-525» на «Беларускі аўтамабільны завод» (Жодзіна)[27]. У 1958 годзе першым сэрыйным цягачом стаў аднавосевы «МАЗ-529В» з падрыхтаванай вагой 9 тонаў. Ён мог буксаваць прычэп вагой да 25 тонаў, меў рухавік магутнасьцю 180 к.с. і разьвіваў хуткасьць да 40 км/гадзіна. На ім сталі перавозіць устаноўшчыкі ракетных комплексаў стратэгічнага прызначэньня[28]. У 1959 годзе адчынілі мэханазборачных цэх № 3 для вырабу вузлоў. У 1960 годзе на «Магілёўскі аўтамабільны завод» перадалі тэхдакумэнтацыю для выпуску скрэпэра «МАЗ-529»(ru)[27]. У 1961 годзе стварылі досьледны ўзор «МАЗ-543» для пускавой ракетнай устаноўкі з ракетай «Тэмп», што мела далёкасьць лёту 600 км. Базавае шасі мела дызэльны рухавік «Д12А-525А» магутнасьцю 525 к.с. і забясьпечвалася аўтаматычнай трансьмісіяй з 4-ступеньчатай каробкай перадач (3 неперад і 1 назад). Шасі мела колавую формулу 8х8, грузападымальнасьць 19 тонаў і поўную вагу 39 тонаў. Радыюс павароту складаў 13,5 мэтру. Дарожны прасьвет — 44 см. Машына магла пераадолець пад’ём да 30° і брод глыбінёй 1,1 мэтру. «МАЗ-543» разьвіваў хуткасьць да 60 км/гадзіна і меў 4 вядучыя масты з аднасхільнымі коламі, аснашчанымі шырокапрофільнымі шынамі з пратэктарам высокай таўшчыні. Сэрыйная вытворчасьць цягача «МАЗ-543» пачалася ў 1962 годзе і працягнулася ў ХХІ стагодзьдзі[29]. У 1963 годзе выпуск грузавікоў «МАЗ-537» перанесьлі на «Курганскі завод колавых цягачоў» (Расейская СФСР)[27].
У 1970 годзе «СКБ-1» пад кіраўніцтвам Барыса Шапашніка пачалі распрацоўку шасі 3-га пакаленьня «Аплот» для ўстаноўкі ўзбраеньня. У выніку зьявіліся шасі «МАЗ-7911» грузападымальнасьцю 22 тоны, седлавыя цягачы «МАЗ-7410» грузападымальнасьцю аўтацягніка 52 тоны (нагрузка на сядло 27 тонаў) і балясны цягач МАЗ-7311. Грузавікі сямейства «Аплот» мелі рухавікі магутнасьцю 650 к.с. і ўзмоцненую падвеску задняй і пярэдняй восяў. «МАЗ-74101» меў дадатковую кабіну[30]. У 1972 годзе «СКБ-1» займела ўласны выпрабавальны палігон «Уцёс» плошчай 3 кв.км[31]. У 1974 годзе выпусьцілі «МАЗ-547В» для ракетнага комплексу «Піянэр-ПТТХ» з балістычнымі ракетамі стратэгічнага прызначэньня[32]. У 1978 годзе пачалі стварэньне 7-восевага шасі «МАЗ-7912» (14х12) пад ракету «Таполя». У выніку распрацавалі рамнае колавае шасі «МАЗ-7917»(ru) з кіраванымі коламі першых 4-х восяў і 2-ма кабінамі — левай 2-мясцовай і правай 1-мясцовай. Гэтае шасі сталі выкарыстоўваць для перавозу і пуску «Таполяў», а таксама для ракетаносцаў з касьмічнымі спадарожнікамі ў комплексе «Старт-1». Шасі прыстасавалі для працы пры тэмпэратуры ад −40 да +50°С і вільготнасьці да 98% на вышыні да 2000 мэтраў[33]. 10 красавіка 1975 году кіраўнік «Менскага аўтазаводу» падпісаў Загад № 183 аб пераўтварэньні спэцыяльнай вытворчасьці «СКБ-1» у Вытворчасьць спэцыяльных колавых цягачоў (ВСКЦ) на гаспадарчым самастойным разьліку. У 1979 годзе для ВСКЦ дабудавалі мэханазборачны корпус № 2 (МЗК-2) плошчай 10,8 га, здатачны корпус плошчай 1,85 га, корпус выпрабаваньня тармазоў плошчай 0,4 га і адміністрацыйна-побытавыя корпусы № 1 і 2. У МЗК-2 разьмясьцілі 7 цэхаў: мэханазборачныя № 3, 4 і 6, рамна-прэсавы № 2, тэрмічны № 3, ЦЗВА-2 і рамонтны. У адміністрацыйна-побытавых корпусах — службы цэхаў і службу кіраваньня спэцвытворчасьцю. У 1985 годзе пабудавалі 1-ю чаргу канструктарска-экспэрымэнтальнай базы (КЭБ) ВСКЦ плошчай 1,32 га, дзе разьмясьцілі экспэрымэнтальны цэх № 2 і інжынэрна-побытавы корпус плошчай 0,8 га, у якім разьмясьцілася УГК-2. У сакавіку 1985 году пабудавалі досьледны ўзор 12-восевага шасі «МАЗ-7907»(ru) для самаходнай пускавой устаноўкі па праграме «Цаліна-2». Самаход выкарыстоўваў электратрансьмісію ТЭ 660-24 і складаўся з двух 6-восевых поўнапрывадных зьвёнаў, злучаных вузламі з шарнірамі. Па 4 пярэдніх і задніх восяў зрабілі кіраванымі, што пры даўжыні шасі ў 28,1 мэтру дало радыюс павароту ў 27 мэтраў. Шырыня «МАЗ-7907» была 4,1 мэтру, а вышыня — 4,41 м. Уласная падрыхтаваная вага складала 65,8 тоны, грузападымальнасьць — 150 тонаў. Ракетаносец прыводзілі ў рух газатурбінным рухавіком ГТР-1000ТФМ магутнасьцю 1250 к.с. У верасьні 1987 году выпрабавалі колавыя транспартэры «МАЗ-7906» і «МАЗ-7907». Хуткасьць склала 25 км/гадзіна. Самаход мог пераадольваць брод глыбінёй да 1,1 мэтру[34]. У 1986 годзе ўвялі ў дзеяньне мэханазборачны корпус № 3 (МЗК-3) плошчай 4,45 га і адміністрацыйна-побытавы корпус № 3. У МЗК-3 разьмясьцілі адпаведныя цэхі № 4 і 7, а таксама цэх гнуткіх вытворчых сыстэмаў, абсталяваны 39 апрацоўвальнымі асяродкамі з кампутарамі.
7 лютага 1991 году кіраўнік ВА «БелаўтаМАЗ» падпісаў Загад аб утварэньні «Менскага заводу колавых цягачоў» («МЗКЦ») у складзе падразьдзяленьняў ВСКЦ, УГК-2, ЭЦ-2 і ОГН. У 1992 годзе на «МЗКЦ» пачалі распрацоўку 8-восевага поўнапрываднога шасі «МАЗ-79221»(ru) для пускавой устаноўкі ракетнага комплексу «Таполя-М» і яго транспартна-разгрузачнага апарату[35]. У 1993 годзе на плошчы 2-й чаргі КЭБ разьмясьцілі дасьледчы асяродак і цэх запасных частак. У 1996 годзе «МЗКЦ» і «Кітайская карпарацыя касьмічнай прамысловасьці» стварылі ў Сіагані (правінцыя Хубэй) сумесны аўтазавод «Санцзян-Волат»(be). У 1996 годзе 12-восевы цягач «МАЗ-7907», які застаўся ва ўласнасьці «МЗКЦ», здавалі ў арэнду для перавозу рачнога катэра вагой 88 тонаў зь Бярэзіны на Нарач[36]. У 1997 годзе вырабілі 4-восевы седлавы цягач «МЗКЦ-74135»(be) з колавай формулай 8х8. Кіраваныя колы 2 пярэдніх восяў забясьпечылі радыюс павароту 16 мэтраў. «МЗКЦ-74135» прызначаўся для перавозу ў складзе аўтацягніка вусенічнай тэхнікі. Восевая нагрузка магла складаць да 13,1 тоны. Экіпаж налічваў 7 чалавек. Упершыню на «МЗКЦ» выкарысталі капотную кампаноўку з разьмяшчэньнем рухавіка перад кабінай. На цягачы «МЗКЦ-74135» усталявалі 12-цыліндровы V-падобны рухавік «Дойц ТБД 234» магутнасьцю 788 к.с. (Кёльн, Нямеччына) і гідрамэханічную перадачу «Элісан М6600» (Індыянапаліс, ЗША), што мела 6 перадачаў пярэдняга і 2 — задняга ходу. За кабінай паставілі нямецкую лябёдку «Ітаг» (Цэле, зямля Ніжняя Саксонія), седлавую прыладу «SK386-1» і францускія шыны «Мішлен» 23,5 R25 (Клермон-Фэран, дэпартамэнт Пюі-дэ-Дом)[37]. У сакавіку 1999 году на заводзе выпусьцілі 20-тысячную машыну[38].
22 сакавіка 2005 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 143 «Аб захадах дзяржаўнай падтрымкі вытворчага РУП «МЗКЦ», паводле якога вызначыў: «1. Аказаць у 2005—2006 гадах… фінансавую дапамогу ў выглядзе субсыдыі ў суме да 19,9 млрд рублёў ($9,2 млн), зь іх у 2005 годзе — да 10 млрд рублёў, у 2006 годзе — да 9,9 млрд рублёў за кошт сродкаў рэспубліканскага каштарысу»; «2. Менскаму гарвыканкаму разглядзець пытаньне аб аказаньні ў 2005 годзе ва ўсталяваным парадку зь мясцовага каштарысу… фінансавай дапамогі ў выглядзе субсыдыі ў суме да 3 млрд рублёў» ($1,4 млн); «3. Надаць… падатковы крэдыт на суму падлеглых сплаце ў рэспубліканскі каштарыс з 1 сакавіка 2005 г. па 31 сьнежня 2007 г. падатку на дададзеную вартасьць, падатку на прыбытак, надзвычайнага падатку для ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і падатку за выкарыстаньне прыродных рэсурсаў». Пагатоў падатковая пазыка мела пагашацца на 25% цягам 2008 году і на 75% цягам 2009-га «штомесячна роўнымі далямі са сплатай адсоткаў за карыстаньне ім ў памеры 1/4 стаўкі рэфінансаваньня Нацыянальнага банку, дзейнай на дзень сплаты крэдыту»[39]. У 2007 годзе вырабілі досьледны ўзор корпуснага шасі «МЗКЦ-6922»(de), што прызначалася для супрацьпаветранай абароны «Тор». Пазьней на «МЗКЦ-6922» паставілі зэнітныя ракетныя комплексы «Бук», «Аса» і «Штылет»[40]. У 2007 годзе «Гянджынскі аўтамабільны завод» у Азэрбайджане пачаў зборку цягачоў «МЗКЦ»[41]. 24–28 лістапада 2008 году ў Карачы (Пакістан) на Міжнароднай абароннай выставе і сэмінары (МАВС) паказалі пускавы грузавік для крылатых ракетаў «Бабур»(en) на шасі «МЗКЦ-79292»[42]. 25 красавіка 2009 году старшыня ўраду Беларусі Сяргей Сідорскі паведаміў, што ўрад вылучыць «МЗКЦ» 15 млрд рублёў ($5,4 млн). Пагатоў завод меў кантракты на 167,3 млрд рублёў ($59,7 млн), што складала 70% гадавой вытворчасьці[43]. 2 верасьня 2009 году «МЗКЦ» і кітайскае прадпрыемства «Санцзян» заключылі ўстаноўчую дамову сумеснага ТАА «Волат-Санцзян» для вытворчасьці гідрамэханічных перадачаў у Менску. Статутны фонд меў скласьці $22,2 млн з унясеньнем па 50% ад «МЗКЦ» і «Санцзяна». Укладаньні прызначаліся на закупку станкоў[44]. У 2010 годзе адмыслоўцы ААТ «Менскі завод колавых цягачоў» стварылі прадстаўніцтва заводу ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (ААЭ)[45].
26 траўня 2011 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 669 «Аб Дзяржаўнай праграме інавацыйнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады», паводле якой ААТ «Менскі завод колавых цягачоў» вылучылі 750 млрд рублёў ($133,8 млн) на стварэньне вытворчасьці гідрамэханічных трансьмісіяў[46]. У 2011 годзе каля 280 прадпрыемстваў Расеі паставілі на «Менскі завод колавых цягачоў» дэталі і матэрыялы. Назад у Расею «МЗКЦ» паставіў звыш паловы сваіх вырабаў, у тым ліку шасі для ракетнага комплексу «Іскандэр» і РСЗА «Ураган-1М». Таксама на заводзе распрацавалі шасі для ракетнага комплексу «Бастыён»[47]. 17 траўня 2012 году галоўны канструктар «МЗКЦ» Юры Нікалаеў паведаміў, што «вядуцца працы ў інтарэсах Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня (Расеі) па стварэньні новага тыпу шасі пад ракетныя комплексы»[48], і дадаў пра цывільныя цягачы: «Мы ўжо стварылі элемэнтную базу, якая дазваляе ствараць аўтамабіль грузападымальнасьцю ад 3 да 130 тонаў»[49]. Мадэльны шэраг складаў да 260 машынаў[50]. 30 кастрычніка 2012 году намесьнік старшыні ўраду Беларусі Анатоль Тозік паведаміў пра ажыцьцяўленьне на «МЗКЦ» сумеснай распрацоўкі з кітайскім бокам[51]. 9 верасьня 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 401 «Аб прысуджэньні Дзяржаўных прэміяў Рэспублікі Беларусь 2012 году», паводле якога пастанавіў узнагародзіць 3 канструктараў «МЗКЦ» — Андрэя Галавача, Юрыя Нікалаева і Яўгена Гарко — за распрацоўку і асваеньне вытворчасьці колавых шасі і цягачоў 4-га пакаленьня вайскова-тэхнічнага і двайнога прызначэньня[52]. 25-28 верасьня 2013 году ў Ніжнім Тагіле (Сьвярдлоўская вобласьць, Расея) ААТ «МЗКЦ» паказала шасі 7930-300 і бартавы аўтамабіль 6001 на 9-й Міжнароднай выставе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў (МВУВТБ)[53]. У 2014 годзе 80% вырабаў збылі за мяжой і распрацавалі аўтамабіль «МЗКЦ-5002» сямейства «Застава»[54]. Сярод 20 краінаў найбольшыя пастаўкі ажыцьцявілі ў Расею, ААЭ, Турэччыну і Кітай[55]. На люты 2014 году на заводзе працавала 270 канструктараў, большасьць якіх скончыла Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт. «МЗКЦ» выпускаў цягачы для перавозу грузаў вагой да 250 тонаў[56].
У студзені 2015 году скончыліся выпрабаваньні бронеаўтамабіля «Ліс»(be) вытворчасьці «МЗКЦ», які распрацавалі для Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Узброеных сілаў Беларусі[57]. 9 траўня 2015 году на парадзе ў Менску ўпершыню паказалі баявыя і зараджальныя машыны РСЗА «Палянэз» на шасі «МЗКЦ»[58]. На жнівень 2015 году «МЗКЦ» быў забясьпечаны кантрактамі па некаторых вырабах да 2020 году[55]. 9 сьнежня 2015 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1023, якой унёс у Дзяржпраграму інавацыйнага разьвіцьця пашырэньне мадэльнага шэрагу адмысловых грузавікоў «МЗКЦ» на суму 560 млрд рублёў ($34,5 млн)[59]. У 2015 годзе ў памежныя войскі Беларусі пачалі пастаўляць бартавы аўтамабіль «МЗКЦ-500200» сямейства «Застава»[60]. Таксама ў 2015 годзе «Менскі завод колавых цягачоў» набыў аўтазборачную вытворчасьць «Нёман» (АЗВ «Нёман») у Лідзе (Гарадзенская вобласьць)[7]. 17 лютага 2016 году А. Лукашэнка заявіў пра стварэньне на «МЗКЦ» 2 узораў бронеаўтамабіляў, якія могуць перавозіць той жа лік людзей, што і бронетранспартэр[61]. 22—26 лютага 2015 году ў Абу Дабі (ААЭ) «МЗКЦ» паказаў поўнапрывадное 4-восевае шасі «МЗКЦ-600201» на 12-й міжнароднай выставе ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі[62]. У сакавіку 2015 году на «МЗКЦ» распрацавалі першы беларускі бронетранспартэр «Умка» і шасі «МЗКЦ-69221» пад расейскі ЗРК «Бук-МЗ». Таксама завод удзельнічаў у кітайскай распрацоўцы колавых шасі для міжкантынэнтальных балістычных ракетаў[63]. 31 кастрычніка 2016 году ў Абу Дабі амбасадар Беларусі ў ААЭ Раман Галоўчанка паведаміў пра пастаўку вайсковых цягачоў «МЗКЦ» па выніках перамоваў А. Лукашэнкі і спадчыннага прынца Абу-Дабі Мухамэда Нахаяна: «Увага была ўдзеленая кантракту МЗКЦ на пастаўку высокапраходных аўтамабіляў. Гэта даволі знакавы кантракт, рэалізацыя якога павінная пачацца ўжо ў наступным годзе. Цяпер тэхніка праходзіць апошнія выпрабаваньні на тэрыторыі Арабскіх Эміратаў»[64]. На сьнежань 2016 году ўкладаньні за 5 гадоў у асноўны капітал ААТ «МЗКЦ» склалі каля $100 млн, за якія закупілі каля 400 станкоў на $62 млн. На амаль 100 станках зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК) асвоілі вытворчасьць звыш 2000 дэталяў і распрацавалі звыш 3000 кіраўнічых праграмаў. Пачалі выпускі поўнапрывалных аўтамабіляў сямейства 6001 з 2, 3 і 4 восямі[65]. 18 студзеня 2017 году ААТ «МЗКЦ» прадставіла новае пакаленьне аўтобусаў «Нёман-4202» на італьянскім шасі «Івэка Дэйлі 70С17» (Турын)[66]. У траўні 2017 году на 8-й Міжнароднай выставе ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі прадставілі бронеаўтамабіль «МЗКЦ-4901»[67]. Падчас вучэньня «Захад-2017» на «МЗКЦ-4901» разьмясьцілі станцыю радыёэлектроннай барацьбы «Навальніца-С», што перашкаджала спадарожнікавай навігацыі бесьпілётнікаў[68].
У 1-й палове 2018 году ва Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь паставілі бронеаўтамабіль «МЗКЦ», а таксама ў 120-ю асобную мэханізаваную брыгаду (Першамайскі раён Менску) паставілі батарэйны камплект мінамётаў 2С12Б на шасі «МЗКЦ»[69]. 24 чэрвеня 2018 году ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка паведаміў пра вытворчасьць радыёлякацыйнай станцыі «Іскра» ў Запарожжы на шасі «Волат» ад «МЗКЦ», распрацоўка якога вялася 3 гады. Дагэтуль шасі «Волат» пастаўлялі пад 9 ракетных комплексаў Расеі — «Іскандэр», «Сьмерч», «Тарнада», «Таполя», «Таполя-М», «Ярс», «Рубеж», С-300 і С-400[70]. 17 ліпеня 2018 году выпрабавалі колавае шасі «МЗКЦ-7930-313» з гідрамэханічнай перадачай (ГМП), створанае для мадэрнізаванай РСЗА «Палянэз-М». На шасі ўсталявалі паліўныя бакі павялічанай ёмістасьці. Радыятары гідрамэханічнай перадачы (ГМП) і рухавіка ўсталявалі паралельна. Канструкцыю бункераў зьмянілі для адводу нагрэтага паветра, што ахалоджвала радыятары ГМП і рухавік. Таксама павысілі грузападымальнасьць і зьнізілі мэталаёмістасьць шасі за кошт узмоцненай рамы з высокатрывалай сталі і падвескі з узмацняльнымі элемэнтамі ў папярочных рычагах. Шыны абсталявалі сыгналізацыяй праколу і рэгулятарам ціску паветра[71].У 2018 годзе 70% экспарту колавых шасі «МЗКЦ» прыпала на Расею[72]. Пагатоў завод заставаўся асноўным пастаўшчыком колавых шасі пад усе сыстэмы ўзбраеньня Расеі[73]. 7 лютага 2019 году старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі Раман Галоўчанка заявіў: «За гады незалежнасьці Беларусі ў прадпрыемства ўкладзена $150 млн»[74]. На 2019 год у выпрабавальным цэху «МЗКЦ» цывільныя цягачы «Волат» абкатвалі 200 км, а вайсковыя — 400 км[31].
Санкцыі ЭЗ й іншых краінаў
рэдагаваць17 снежня 2020 году завод быў уключаны ў чорны сьпіс Эўразьвязу[75][76]. Таксама ў свае санкцыйныя сьпісы МЗКТ ўключылі Вялікабрытанія[77] ды Швайцарыя[78][79]. 26 студзеня 2021 году да санкцыяў ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[80].
У 2022 годзе завод, яго дырэктар Аляксей Рымашэўскі і намеснік дырэктара Аляксандр Вецяневіч былі ўнесеныя ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША[81], а таксама ў санкцыйныя сьпісы Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Канады, Новай Зэляндыі ды Украіны. Акрамя таго, Японія ўвяла санкцыі супраць МЗКТ[82][83][84].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Барыс Шапашнік(be) (1954—1975)
- С. П. Паршын (1975—1978)
- Р. А. Ісаевіч (1978—1980)
- В. І. Грос (1980—1985)
- П. П. Саўчыц (1985—1986)
- В. А. Воўкаў (1986—2002)
- Генадзь Сінягоўскі (2002 — 1 ліпеня 2011)
- Віталь Воўк (верасень 2011 — сьнежань 2014)
- Ігар Летаў (з 16 сакавіка 2015 году)[85]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Кіраўніцтва // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Ігар Летаў, Р.Н. Семіжон. Справаздача аб прыбытках і стратах на 31.12.2018 году (рас.) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 18 сакавіка 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Адно акно // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ В.Г. Дэмбскі, Т.Г. Астроўская. Аўдытарскае заключэньне па бухгальтарскай справаздачнасьці 2018 году (рас.) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 20 сакавіка 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Мінскі завод колавых цягачоў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10. — С. 439. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
- ^ а б Пра нас // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Афіцыйнае прадстаўніцтва ў РФ // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Дылеры // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Аўтобусы // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Прычэпы і паўпрычэпы // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Цягачы // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Шасі пад аўтакраны // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Шасі пад МБУ // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Спэцпраекты // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Аўтацягнікі // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Каплектуючыя // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Сямейства 543 // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Сямейства 6001 // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Сямейства 6527 // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Сямейства 6922 // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Сямейства 7930 // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Сямейства 8021 // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Спэцпраекты (тэхніка спэцыяльнага прызначэньня) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Гісторыя // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Як усё пачыналася (1954) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ а б в Першы чатырохвосевік (1957) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 18 ліпеня 2019 г.
- ^ Першая сэрыйная мадэль (1958) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Зьяўленьне легенды (1962) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 18 ліпеня 2019 г.
- ^ Распрацоўка сямейства «Аплот» (1970) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ а б Дзяніс Буркоўскі. МЗКЦ — 65 гадоў. Даведаліся, чым зараз займаецца беларускі флягман (рас.) // Tut.by, 25 ліпеня 2019 г. Праверана 24 жніўня 2019 г.
- ^ Шасі для «Піянэра» (1974) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Шасі для «Таполі» (1978) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 18 ліпеня 2019 г.
- ^ Тытан на «Цаліне» (1985) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Адказ «Зорным войнам» (1992) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Васіль Сямашка. На МЗКЦ іржавее ўнікальная «сараканожка», выпушчаная для ракетнага комплексу ў часы СССР // БелаПАН, 17 траўня 2012 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Цягач «МЗКЦ-74135» быў высока ацэнены ў ААЭ (1997) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Пераадоленьне чарговага рубяжу (1999) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 сакавіка 2005 г. № 143 «Аб захадах дзяржаўнай падтрымкі ВРУП «Менскі завод колавых цягачоў» (рас.) // Валер Леванеўскі, 1 лютага 2009 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Шасі для «Тора» (2007) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Тацяна Паляжай. Беларусь прапануе Азэрбайджану пастаўкі аўтобусаў і паяздоў // БелТА, 30 лістапада 2015 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Беларусь стварае ўласныя крылатыя ракеты «Бусел» // Радыё «Рацыя», 24 лістапада 2015 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. Сяргей Сідорскі: Прадпрыемствы павінныя працягваць мадэрнізацыю сваёй вытворчасьці // БелаПАН, 25 красавіка 2009 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Марына Носава. Менскі завод колавых цягачоў стварае ў сталіцы сумеснае прадпрыемства з кітайскай кампаніяй «Санцзян» // БелаПАН, 3 верасьня 2009 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Ганна Кот. Беларусі і ААЭ трэба пераходзіць ад гандлёвага супрацоўніцтва да інвэстыцыйнага - М.Мясьніковіч // БелТА, 24 красавіка 2013 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Міхаіл Мясьніковіч. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 траўня 2011 г. № 669 «Аб Дзяржаўнай праграме інавацыйнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 1 чэрвеня 2011 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Асноўным стратэгічным партнэрам у абаронным сэктары эканомікі Беларусі застаецца Расея - Дзяржкамваенпрам // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 траўня 2012 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Васіль Сямашка. На Менскім заводзе колавых цягачоў дагэтуль стаіць гіганцкае шасі для ракетнага комплексу «Цаліна-2» // БелаПАН, 17 траўня 2012 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Васіль Сямашка. Галоўны канструктар Менскага завода колавых цягачоў: Невырашальных задач для нашага прадпрыемства няма // БелаПАН, 17 траўня 2012 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Васіль Сямашка. Прадстаўнік канцэрна СПА «Адмаз-Антэй»: МЗКЦ вызначаецца моцным канструктарскім бюро, салідным мадэльным шэрагам машын // БелаПАН, 17 траўня 2012 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Аліна Грышкевіч. У Беларусі рэалізуецца больш як 20 буйных інвэстпраектаў з Кітаем на суму каля $5,5 млрд // БелТА, 30 кастрычніка 2012 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Ляўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2012 года сталі 16 чалавек // БелаПАН, 9 верасьня 2013 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Дзяржкамваенпрам Беларусі прыме ўдзел у міжнароднай выставе РВУ-2013 ў Ніжнім Тагіле // Газэта «Зьвязда», 23 верасьня 2013 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Уладзімер Каралёў. Новае ўзбраеньне айчыннай вытворчасьці будзе прадэманстравана 9 мая // Белтэлерадыёкампанія, 30 студзеня 2015 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ а б Усе прадпрыемствы Дзяржкамваенпрама забясьпечаны заказамі і працуюць без страт // БелТА, 14 жніўня 2012 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. Рыхтуецца праект указа прэзыдэнта аб будаўніцтве новага завода гідрамэханічных перадач для МЗКЦ і іншых прадпрыемстваў // БелаПАН, 19 лютага 2014 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Яраслаў Лыскавец. Празь Свіслач — на бронетранспартэры // Зьвязда : газэта. — 30 ліпеня 2015. — ISSN 1990-763x.
- ^ Найноўшыя беларускія сыстэмы залпавага агню «Палянэз» упершыню былі паказаныя на парадзе ў Менску // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 9 траўня 2015 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Андрэй Кабякоў. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 сьнежня 2015 г. № 1023 «Аб унясеньні зьмяненьняў у Пастанову Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 траўня 2011 г. № 669» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 12 сьнежня 2015 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Запуск новай лінейкі «Застава» (2015) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Пры перааснашчэньні УС Беларусь аддае прыярытэт павышэньню мабільнасьці // Газэта «Зьвязда», 17 лютага 2016 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. МЗКЦ прадставіў у Абу-Дабі два аўтамабілі пэрспэктыўнага пакаленьня мнагамэтавых уніфікаваных шасі // БелаПАН, 25 лютага 2015 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Аляксандар Гелагаеў. Ракетчыкі РФ не змаглі адмовіцца ад шасі МЗКЦ // Газэта «Наша ніва», 31 сакавіка 2015 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Уладзімер Мацьвееў. МЗКЦ паставіць у ААЭ найноўшыя высокапраходныя цягачы // БелТА, 31 кастрычніка 2016 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. Дзяржкамваенпрам: МЗКЦ у 2016 годзе павысіў эфэктыўнасьць сваёй дзейнасьці // БелаПАН, 18 сьнежня 2016 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Сяргей Грышчанка, газэта «Аўтабізнэс». Аўтобусы «Нёман» будуць выходзіць у новым дызайне // Газэта «Наша ніва», 20 студзеня 2017 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Прэзэнтацыя аўтамабіля «Кайман» пройдзе на «МілЭкс-2017» // Газэта «Зьвязда», 31 студзеня 2017 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Беспілотны авіяцыйны комплекс беларускай распрацоўкі прыме ўдзел у вучэнні «Захад-2017» // БелТА, 13 верасьня 2017 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Раўкоў: аптымізацыя баявога і колькаснага складу УС - прыярытэт будаўніцтва беларускай арміі // БелТА, 25 кастрычніка 2018 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Ігар Карней, Алена Літвінава. РЛС для Ўзброеных сіл Украіны базуюцца на беларускім шасі «Волат» // Радыё «Свабода», 25 чэрвеня 2018 г. Праверана 23 ліпеня 2019 г.
- ^ Удасканаленае шасі для сыстэмы «Палянэз-М» пасьпяхова вытрымала дзяржвыпрабаваньні // БелТА, 17 ліпеня 2018 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Расейскія журналісты наведалі Менскі завод колавых цягачоў // Белтэлерадыёкампанія, 12 сьнежня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2019 г.
- ^ Уладзіслаў Лукашэвіч. Лукашэнка заклікаў павялічыць удвая грашовыя паступленьні Дзяржкамваенпрама // Газэта «Зьвязда», 12 сьнежня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2019 г.
- ^ Галоўчанка: Ніякіх размоў пра продаж Расеі МЗКЦ не ідзе // Газэта «Зьвязда», 7 лютага 2019 г. Праверана 22 ліпеня 2019 г.
- ^ Rikard Jozwiak. (2020-12-17) EU Officially Slaps More Economic Sanctions On Belarus Over Crackdown (анг.). Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Праверана 2021-07-21 г. Архіўная копія ад 2021-07-21 г.
- ^ Council Implementing Regulation (EU) 2020/2129 of 17 December 2020 implementing Article 8a(1) of Regulation (EC) No 765/2006 concerning restrictive measures in respect of Belarus (анг.). EUR-Lex(en). Праверана 2021-07-24 г.
- ^ CONSOLIDATED LIST OF FINANCIAL SANCTIONS TARGETS IN THE UK (анг.). Office of Financial Sanctions Implementation HM Treasury (2021-06-25).
- ^ Michael Shields; Kevin Liffey. (2021-07-07) Swiss widen sanctions list against Belarus (анг.). Reuters. Праверана 2021-07-10 г. Архіўная копія ад 2021-07-07 г.
- ^ Sanctions program: Belarus: Verordnung vom 11. Dezember 2020 über Massnahmen gegenüber Belarus (SR 946.231.116.9), Anhang 1 Origin: EU Sanctions: Art. 2 Abs. 1 (Finanzsanktionen) und Art. 3 Abs. 1 (Ein- und Durchreiseverbot) (анг.). Дзяржаўны сакратарыят па эканамічных пытаньнях(de) (2021-07-07). Праверана 2021-07-10 г. Архіўная копія ад 2021-07-07 г.
- ^ Declaration by the High Representative on behalf of the European Union on the alignment of certain countries concerning restrictive measures against Belarus (анг.). Рада Эўрапейскага зьвязу (2021-01-26). Праверана 2021-09-09 г.
- ^ U.S. Treasury Targets Belarusian Support for Russian Invasion of Ukraine (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША (2022-02-24). Праверана 2022-02-25 г.
- ^ Відкрите акціонерне товариство «Мінський завод колісних тягачів»
- ^ РІМАШЕВСЬКИЙ Олексій Іванович
- ^ ВЕТЕНЕВИЧ Олександр Петрович
- ^ Прэзыдэнт Беларусі прыняў кадравыя рашэньні // БелТА, 16 сакавіка 2015 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Электронныя звароты грамадзянаў // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2019 г. Праверана 19 ліпеня 2019 г.
- Стаць дылерам(недаступная спасылка)
- Абаронная тэхніка «Волат»