МЗКЦ-543

4-восевы цягач, які «Менскі завод колавых цягачоў» вырабляе з 1962 году.

«МЗКЦ-543» — 4-восевы цягач, які «Менскі завод колавых цягачоў» вырабляе з 1962 году[1].

«МЗКЦ-543»
Агульныя зьвесткі
Вытворца«Менскі завод колавых цягачоў»
Іншыя назвы «Волат 543»
Гады вытворчасьці з 1962-га
Месца вытворчасьці Менск (Беларусь)
Зьнешні выгляд
Кляса цягач
Кузаў ланжэрон, 4-дзьверны
Кампанаваньне заднерухавіковае
Плятформа «МАЗ-543»
Колькасьць дзьвярэй
Сілавы блёк
Рухавік V-падобны: 38,8 літры, наўпроставы ўпрыск
Трансьмісія аўтаматычная: 4 ступені
Прывад поўны (8х8)
Габарыты
Колавая база 220+330+220 см
Даўжыня 1146,5 см
Шырыня 305 см
Вышыня 290 см
Клірэнс 40 см
Маса 21 тона
Поўная маса 40,6 тоны
Грузападымальнасьць 19,4 тоны
Максымальная хуткасьць 60 км/гадзіна
Гісторыя
Дызайнэр Барыс Шапашнік
Папярэднік «МАЗ-535»
Наступнік «МАЗ-7311»
Падобныя «МАЗ-7410»

На 2018 год у 72-і Аб’яднаны навучальны цэнтар (Барысаў, Менская вобласьць) рыхтаваў мэханікаў-кіроўцаў «МАЗ-543» у сваёй 59-й школе[2].

Уласьцівасьці

рэдагаваць

На 2018 год цягач «МЗКЦ-543» меў здольнасьць пераадольваць пад’ём да 60% і ехаць з бакавым ухілам да 35%. Найменшы радыюс развароту складаў 15,5 мэтру. Цягач пераадольваў брод глыбінёй да 1,4 мэтру і траншэю глыбінёй да 2 мэтраў. «МЗКЦ-543» меў 2 паліўныя бакі па 350 літраў кожны, што дазваляла мець запас ходу звыш 1000 км (70 літраў/100 км). Дыяпазон працоўных тэмпэратураў складаў ад -45°C да +50 °C. Разьмеркаваньне поўнай масы па восях складала: на 1-2 восі — па 9,8 тоны на кожную; на 3-4 восі — па 10,5 тоны на кожную[3].

На 2018 год у «МЗКЦ-543» ставілі расейскі 12-цыліндравы дызэльны рухавік «Д12А-525А» вытворчасьці ААТ «Барнавултрансмаш» (Алтайскі край, Сыбірская фэдэральная акруга). Рухавік меў магутнасьць 386 кіляват (510 конскіх сілаў) пры 2100 абаротах на хвіліну (АНХ) і момант сілы — 2315 ньютан-мэтраў. Дзьвюххуткасная раздатачная скрынка была з блякавальным міжвосевым дыфэрэнцыялам. Разразныя вядучыя масты былі з цэнтральнымі рэдуктарамі і мелі міжколавыя і міжвосевыя дыфэрэнцыялы з блякаваньнем. Незалежная тарсійная падвеска была на ўсіх 4-х восях. Стырно разьмяшчалася зьлева і мела гідраўзмацняльнік. Пагатоў 1-ы і 2-і масты былі кіраванымі[3].

Барабанны тормаз калодкавага віду быў з пнэўмагідраўлічным кіраваньнем і меў 2-контурную схему. Выкарыстоўваліся беларускія шыны ВІ-203 вытворчасьці ААТ «Белшына» (Бабруйск, Магілёўская вобласьць) памерам 1500х600-635: вонкавы дыямэтар — 1500 мм, шырыня профілю — 610 мм і вобад — 500-635 мм. Шыны мелі пазадарожны пратэктар і сыстэму цэнтральнай напампоўкі. Рама абсталёўвалася пярэднім і заднім буксірамі. Абедзьве 2-дзьверныя 2-мясцовыя шклоплястыкавыя кабіны мелі сыстэмы вэнтыляцыі і ацяпленьня. Аднадротавае электраабсталяваньне мела намінальную напругу — 24 вольты. Зарад кожнага з 4-х акумулятараў складаў па 190 ампэр-гадзіна[3].

Можа перавозіцца 7 відамі самалётаў, што вырабляюць у 3 краінах Эўропы і ЗША: Ан-124 (Украіна), Ан-22 (Украіна), Іл-76 (Расея), Аэробус А400М Атляс (Гішпанія), Боінг C-17 (ЗША), Локхід C-130 Гэракл (ЗША) і Локхід C-5 Галяктыка (ЗША)[3].

 
МЗКЦ-543М на парадзе ў Баку (Азэрбайджан, 2013 г.) з ЗРК С-300
  • МЗКЦ-543М. У адрозьненьне ад МЗКЦ-543А мае большую грузападымальнасьць — 22,2 тоны і поўную масу — 43,5 тоны. Мае толькі адну 2-дзьверную 2-мясцовую кабіну[4].
  • МЗКЦ-741060. Мае меншую грузападымальнасьць — 17,9 тоны, даўжыню — 1018 см і колавую базу — 220+265+170 см[5].

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 1961 годзе Спэцыяльнае канструктарскае бюро («СКБ-1») «Менскага аўтамабільнага заводу» (Беларуская ССР) стварыла досьледны ўзор цягача МАЗ-543 для ракеты «Тэмп-С» з дальнасьцю палёту 600 км. Шасі мела дызэльны рухавік Д12А-525А магутнасьцю 525 конскіх сілаў. Грузавік аснасьцілі аўтаматычнай трансьмісіяй з 4-ступеннай скрынкай перадачаў (3 наперад і 1 назад). Чатырохвосевы цягач меў колавую формулу 8х8 (то бок быў поўнапрывадным) і грузападымальнасьць 19 тонаў. Поўная маса складала 39 тонаў. Радыюс павароту — 13,5 мэтру. Дарожны прасьвет — 44 см. МАЗ-543 пераадольваў пераадольваў пад’ём 30° і брод глыбынёй 110 см. Найбольшая хуткасьць складала 60 км/гадзіна. Чатыры вядучыя масты аснасьцілі аднаскатнымі коламі з шыракапрофільнымі шынамі, якія мелі высокапраходныя пратэктары. Грузавік абсталявалі сыстэмай цэнтральнай напампоўкі шынаў і незалежнай тарсійнай падвескай з кіраванымі коламі 1-й і 2-й восяў[6].

 
«МАЗ-543» з ракетай Р-17 «Эльбрус» на вучэньні (штат Нэвада, ЗША, 2000 г.)

За савецкім часам на шасі «МАЗ-543» разьмясьцілі звыш 60 відаў узбраеньня, сярод якіх: ракета Р-17 «Эльбрус» (1962—1987 гады, 300 км), рэактыўная сыстэма залпавага агню (РСЗА) «Ураган» (1975—1991 гады), зэнітны ракетны комплекс С-300 (з 1975 году), берагавы артылерыйскі комплекс «Рубеж» (з 1978 году), РСЗА «Сьмерч» (з 1987 году) і артылерыйскі комплекс «Бераг» (з 1988 г.)[6]. 7 лютага 1991 году «Вытворчасьць спэцыяльных колавых цягачоў» («ВСКЦ») МАЗа пераўтварылі ў асобнае ААТ «Менскі завод колавых цягачоў». У выніку 4-восевы цягач «МАЗ-543» атрымаў сучасную назву «МЗКЦ-543». З 1996 году цягач сталі выпускаць пад таварным знакам «Волат». На 2013 год «МАЗ-543» расходаваў 125—170 літраў дызэльнага паліва на 100 км у залежнасьці ад загрузкі[7].

  1. ^ Пераадоленьне чарговага рубяжа (рас.) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2018 г. Праверана 20 жніўня 2018 г.
  2. ^ Арганізацыйная структура 72-га Аб’яднанга навучальнага цэнтру // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2018 г. Праверана 20 жніўня 2018 г.
  3. ^ а б в г Тэхнічная спэцыфікацыя МЗКЦ-543А (рас.) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2018 г. Праверана 20 жніўня 2018 г.
  4. ^ Тэхнічная спэцыфікацыя МЗКЦ-543М (рас.) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2018 г. Праверана 20 жніўня 2018 г.
  5. ^ МЗКЦ-741060 (рас.) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2018 г. Праверана 20 жніўня 2018 г.
  6. ^ а б Зьяўленьне легенды (рас.) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2018 г. Праверана 20 жніўня 2018 г.
  7. ^ Мікалай Макарэвіч. І вучаць сумленна, і паліва не просяць // Плацдарм. — 8 жніўня 2013. — № 17 (25). — С. 3, 4.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Сямейства 543 (рас.) // ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», 2018 г. Праверана 20 жніўня 2018 г.