Наступствы Чарнобыльскай катастрофы

Чарнобыльская катастрофа спрычынілася да выкідаў 5,2 млн тэрабэкерэляў[1] радыяцыі ў атмасфэру ў выглядзе як цьвёрдых, так і газападобных радыяцыйных ізатопаў. Да сёньняшняга дня гэта найбольш буйны нязмушаны выкід радыяцыі ў навакольнае асяродзьдзе.

Распаўсюджаньне радыяцыйнага воблака

рэдагаваць

Выбух і пажар на АЭС утварылі радыяцыйнае воблака, якое прайшло над Украінай, Беларусьсю, Расеяй, эўрапейскай часткай Турэччыны, Грэцыяй, Малдовай, Румыніяй, Баўгарыяй, Летувой, Фінляндыяй, Даніяй, Нарвэгіяй, Швэцыяй, Аўстрыяй, Вугоршчынай, Чэхаславаччынай, Югаславіяй, Польшчай, Эстоніяй, Швайцарыяй, Нямеччынай, Італіяй, Ірляндыяй, Францыяй[2], Канадай[3] і Вялікабрытаніяй.

Ліквідатары

рэдагаваць
 
Савецкі значык, якім былі ўзнагароджаныя больш за 600 000 ліквідатараў

Удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, празваныя «ліквідатарамі», атрымалі вялікія дозы апраменьваньня. Найчасьцей гэтыя выратавальнікі ня мелі індывідуальных дазімэтраў для вымярэньня атрыманага апраменьваньня, таму пра іхнія дозы можна толькі меркаваць. Іх агульны лік склаў звыш 880 тыс. чалавек.

Ад Беларусі ў 30-кілямэтровай зоне адсяленьня працавалі звыш 16 тыс. чалавек[4]. На 2011 г. у Беларусі пражывалі 115 тыс. ліквідатараў аварыі[5].

Цывільнае насельніцтва

рэдагаваць

Дзеці ў забруджанай зоне атрымалі дозы да 50 грэеў (Гр) праз радыеактыўны ёд-131, параўнальна кароткажывучы ізатоп з пэрыядам паўраспаду 8 дзён, які ўтрымоўваўся ў мясцовым малацэ. Некаторыя дасьледваньні паказалі, што выпадкі раку шчытападобнай залозы сярод дзяцей у Беларусі, Украіне і Расеі рэзка ўзрасьлі.

Да 2008 г., за амаль 22 гады, у выніку аварыі 64 чалавекі памерлі ад прамянёвай хваробы, 10 тыс. дзяцей нарадзіліся ў Эўропе з выродзтвамі і яшчэ 10 тыс. чалавек захварэлі на рак шчытападобнай залозы[1].

Наступствы для Беларусі

рэдагаваць
 
Колькасьць захворваньня на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі

У зоне радыеактыўнага забруджваньня аказалася больш за 3600 населеных пунктаў, у тым ліку 27 местаў, у якіх пражывалі 2,2 млн чалавек — каля пятай часткі ўсяго насельніцтва Беларусі. Паступова пераселеныя 137,7 тысячы жыхароў з найбольш забруджаных 470 населеных пунктаў Гомельскай і Магілёўскай абласьцей. Сумарны ўрон ад катастрофы ў разьліку на 30-гадовы пэрыяд пераадоленьня яе наступстваў ацэньваецца ў 235 млрд даляраў. Радыёэкалягічная абстаноўка ў краіне ў будучым будзе вызначацца дзеяньнем доўгажывучых ізатопаў цэзу-137 і стронцу-90[6].

Забруджваньне цэзам-137 закранула 66% плошчы краіны (звыш 130 тысячаў квадратных кілямэтраў), у тым ліку са шчыльнасьцю вышэйшай за 1 Кюры/кв.км амаль 20% сельскагаспадарчых угодзьдзяў (звыш 18 тыс. кв.км) і чвэрць лесу (амаль 20 тыс. кв.км)[7]. У 1991 годзе на пераадоленьне наступстваў Чарнобыльскага бедзтва вылучылі да 20% каштарысу Рэспублікі Беларусь. У 2000 г. — каля 7% каштарысу. На люты 2001 г. 312 тыс. дзяцей і падлеткаў жылі ў паселішчах з узроўнем забруджаньня 1—5 кюры/км²[8].

У лютым 2010 г. у 5-ы «Пералік населеных пунктаў і аб’ектаў, якія адносяцца да зоны радыёактыўнага забруджваньня» ўвайшлі 2402 паселішчы. З 1992 г. зь Пераліку выбылі 1111 паселішчаў (32%). На забруджаных радыёнуклідамі землях засталося 1,1 млн жыхароў[5] (12% насельніцтва Беларусі). На 2011 г. «Дзяржаўны рэгістар грамадзянаў, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на ЧАЭС», створаны ў 1993 г., налічваў 1,5 млн жыхароў краіны[9] (16% насельніцтва). У 2011 годзе ўрад Беларусі вылучыў і асвоіў 1,305 трлн рублёў ($233 млн)[10] на пераадоленьне наступстваў Чарнобыльскага бедзтва паводле адпаведнай дзяржаўнай праграмы. Зь іх 565,5 млрд рублёў (43%) накіравалі на выплату льготаў і кампэнсацыяў, 162,8 млрд рублёў (13%) — на санаторна-курортнае аздараўленьне 107,6 тыс. пацярпелых (у тым ліку 99,4 тыс. дзяцей), 115,2 млрд рублёў (9%) — на бясплатнае харчаваньне навучэнцаў. Выдаткі на аднаўленьне пацярпелых паселішчаў склалі 675,3 млрд рублёў ($121 млн), зь іх 475,7 млрд рублёў (70%) пайшлі на будаўніцтва 134 кватэраў, 246,48 км газаправодных і 16 км водаправодных сетак, каля 17 км дарог і вуліцаў, газіфікаваньне 4168 жылых дамоў. Яшчэ 176,4 млрд рублёў (26%) накіравалі на ахоўныя захады ў сельскагаспадарчай вытворчасьці. 50,5 млрд рублёў ($9 млн) выдаткавалі на стварэньне ў пацярпелых раёнах вытворчых прадпрыемстваў[11].

За 27 гадоў плошча адчужэньня і адсяленьня скарацілася на 15,6% да 2661 кв.км. У абарот вярнулі амаль 170 кв.км земляў. Невыкарыстоўванымі засталіся 2400 кв.км. На 1 студзеня 2013 г. забруджанымі цэзам-137 заставаліся 14,5% плошчы краіны (30 100 кв.км), у тым ліку 11,1% выкарыстоўваных сельскагаспадарчых земляў (9819 кв.км) і 18,6% лесу (15 046 кв.км) Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. 69,3% такіх земляў (20 860 кв.км) мелі шчыльнасьць забруджваньня 1-5 Кюры/кв.км, 21,9% (6600 кв.км) — 5-15 Кюры/кв.км, 7,4% (2220 кв.км) — 15-40 Кюры/кв.км, 1,4% (420 кв.км, зь іх 370 кв.км у Гомельскай вобласьці і 50 кв.км у Магілёўскай) — звыш 40 Кюры/кв.км.

Асноўная частка Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка (плошча — 2160,93 кв.км, Гомельская вобласьць) застанецца па-за гаспадарчым карыстаньнем нават у аддаленай будучыні праз забруджваньне глебы доўгажывучымі ізатопамі плютону і амэрыцу са шчыльнасьцю да 5 Кюры/кв.км[7].

Грамадзкія аб’яднаньні

рэдагаваць

25 сакавіка 2021 году Савет міністраў Беларусі ухваліў Пастанову № 168, паводле якой зацьвердзіў «Пералік грамадзкіх аб’яднаньняў…, у дачыненьні якіх пры арэндзе нерухомасьці да базавых ставак прымяняецца паніжальны каэфіцыент 0,1». Сярод 102 грамадзкіх аб’яднаньняў у Пераліку, 6 дабрачынных мелі ў назьве слова «Чарнобыль»: «Белы голуб над Чарнобылем» (Гомельская вобласьць), «Дапамога дзецям Чарнобылю» (міжнароднае), «Інваліды Чарнобылю», «Мэдыцына і Чарнобыль» (міжнароднае), «Праект дапамогі дзецям Чарнобылю» (міжнароднае) і «Чарнобыльскі бусел»[12].

Маніторынг

рэдагаваць

На 2023 год сетка пастаяннага маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі ўлучала 181 рэпэрную пляцоўку і 19 краявідна-геахімічных палігонаў. На 56 пастах мэтэаралягічнай сеткі вымяралі гама-выпрамяненьне ў прыземным слоі атмасфэры, на 30 пастах — радыяактыўныя выпадзеньні з атмасфэры, на 6 пастах — аэразоляў. Адпаведныя пасты дзейнічалі на пяці вялікіх і сярэдніх рэках у забруджаным асяродзьдзі. Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі мела 92 пастаянныя пункты назіраньня. На іх вымяралі гама-выпраменьваньне і запас радыянуклідаў у глебе. Таксама вывучалі грыбы і ягады, дрэвы і хмызьнякі, лясную падсьцілку і жывое наглебавае покрыва. Сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі дасьледавалі аднойчы ў 4 гады. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі мела 517 лябараторыяў і пастоў з 2000 радыямераў і спэктромэтраў. Яшчэ каля 500 адпаведных падразьдзяленьняў мелі Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Белспажыўсаюз. За 2022 год зрабілі звыш 11 млн пробаў на ўтрыманьне цэзу-137 і каля 18 000 — стронцу-90[13].

  1. ^ а б Наступствы «Фукусімы» могуць пераўзысьці Чарнобыль // Зьвязда : газэта. — 14 красавіка 2011. — № 69 (26933). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Tchernobyl, 20 ans après (фр.). RFI (24 красавіка 2006). Праверана 24 красавіка 2006 г.
  3. ^ Chernobyl plume: country-by-country summary (Canada) (анг.) RADNET. Information about source points of anthropogenic radioactivity. Davistown museum. Праверана 2 траўня 2011 г.
  4. ^ Папрасіўся добраахвотнікам // Ахова. — 26 красавіка 2011. — № 4 (20). — С. 6.
  5. ^ а б Надзея Дрыла. Трэба раскрыць і разьвіваць сацыяльна-эканамічны патэнцыял чарнобыльскіх тэрыторыяў // Насуперак Чарнобылю. — 26 красавіка 2011. — № 1 (6). — С. 3-4.
  6. ^ Надзея Дрыла. Лічбы і факты // Насуперак Чарнобылю. — 26 красавіка 2011. — № 1 (6). — С. 3.
  7. ^ а б Палескаму дзяржаўнаму радыяцыйна-экалягічнаму запаведніку 25 гадоў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 красавіка 2013 г. Праверана 4 красавіка 2017 г.
  8. ^ Валеры Чарняўскі. Дзеці, «часова незапатрабаваныя» // Зьвязда : газэта. — 27 лютага 2001. — № 43 (24159). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ Ірына Асташкевіч. Ёд праз 25 год // Насуперак Чарнобылю. — 26 красавіка 2011. — № 1 (6). — С. 5.
  10. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2011 год (5605,84 рублёў за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2012 г. Праверана 12 чэрвеня 2017 г.
  11. ^ Надзея Дрыла. Актыўнасьць жыхароў у адраджэньні пацярпелых рэгіёнаў толькі вітаецца // Насуперак Чарнобылю. — 26 красавіка 2012. — № 1 (7). — С. 3.
  12. ^ Раман Галоўчанка. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2021 г. № 168 «Аб зьмяненьні пастановы Савета міністраў РБ ад 30 красавіка 2013 г. № 327» // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 30 сакавіка 2021 г. Праверана 13 красавіка 2021 г.
  13. ^ Да 37-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 красавіка 2023 г. Праверана 28 красавіка 2023 г.