Ліда — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся замак вялікага князя Гедзіміна, выдатны помнік гісторыі і абарончай архітэктуры. Апроч таго, у месьце знаходзяцца Фарны касьцёл у стылі віленскага барока і комплекс былога кляштару піяраў з касьцёлам Сьвятога Язэпа ў стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша і кармэліцкі касьцёл, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама кляштар кармэлітаў, помнік архітэктуры XVIII ст., зьнішчаны савецкімі ўладамі.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Найбольш раньнія археалягічныя матэрыялы, выяўленыя на тэрыторыі Ліды, датуюцца пачаткам XIV ст.[1] Афіцыйна[2] адлік гісторыі места вядзецца ад 14 верасьня 1323 году — пачатку будаваньня вялікім князем Гедзімінам Лідзкага замка[3], вакол якога паступова вырасла паселішча.

У XIV ст. Ліда беспасярэдне належала вялікім князям Гедзіміну, Кейстуту, Альгерду, Ягайле, Вітаўту. У гэты час места ўваходзіла ў склад Троцкага ваяводзтва і неаднаразова цярпела ад нападаў крыжакоў. У 1360-я гады ў Лідзе існавала францішканская місія, а ў 1387 годзе Ягайла заснаваў тут адзін зь першых касьцёлаў у Вялікім Княстве Літоўскім. У 1396—1398 гадох у Лідзе жыў з сваім дваром выгнаны Тымурам хан Залатой Арды Тахтамыш, а ў 1411—1412 гадох — ягоны сын Джэлал ад-Дзін, які камандаваў татарскімі аддзеламі войска Вялікага Княства Літоўскага ў Грунвальдзкай бітве. З 1413 году места знаходзілася ў складзе Віленскага ваяводзтва[1].

У XV—XVI стагодзьдзях Ліда была значным цэнтрам рамяства і гандлю, зьвязаным зь Вільняй, Наваградкам, Менскам, Полацкам. У гэты час места складалася з Рынка і 4 вуліцаў, таксама існавала прадмесьце Зарэчча. У сярэдзіне XVI ст. у Лідзе зьявіліся кальвіністы, прычым іхная колькасьць неўзабаве так павялічылася, што мескі касьцёл некаторы час ня дзеяў празь недахоп вернікаў[1].

   
Мескі (1840 г.) і павятовы (1846 г.) гербы

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Ліда стала цэнтрам павету. 17 верасьня 1590 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «поле шчыта расьсечанае на дзьве часткі: правая — чырвоная з залатым ільвом, левая — блакітная з двума залатымі скрыжаванымі ключамі»[4].

Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Ліды і ваколіцаў ліцьвінамі: «Мишковский Ян Семенов… литвин, шляхтич Лидского повета» (1633 год)[5]. У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1722 годам значыцца Nowicki Ignat., Lithvan. ex districtu Lidensi[6].

За часамі Крывавага патопу (1654—1661) у 1659 годзе маскоўскае войска Івана Хаванскага штурмам узяла замак і спаліла яго[1]. У другой палове XVII ст. у выніку войнаў з Маскоўскай дзяржавай і Швэцыяй Ліда прыйшла ў заняпад, толькі зь сярэдзіне XVIII ст. пачалося гаспадарчае ажыўленьне. У 1672 годзе тут заснавалі кляштар кармэлітаў.

У 1756[1]—1834 гадох у Лідзе існавала сярэдняя навучальная ўстанова — піярскі калегіюм, выпускнікі якога пакінулі прыкметны сьлед у навуцы і літаратуры. У калегіюме навучаўся будучы прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Станіслаў Юндзіл. На 1792 год у месьце было 242 будынкі[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ліда апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам павету Слонімскай губэрні (з 1797 году ў складзе Літоўскай, з 1801 году — Гарадзенскай, з 1842 году — Віленскай губэрні). На 1837 год у месьце было 324 будынкі.

У 1863 і 1873 гадох у Лідзе збудавалі 2 бровары, у 1870—1880-я гады — гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвую фабрыку, крухмальны завод. У 1884 годзе празь места праклалі чыгуначную лінію Вільня — Лунінец, у 1907 годзе — Маладэчна — Масты. У 1899 годзе ў Лідзе адкрылася лякарня на 25 ложкаў. У 1901 годзе адбыўся запуск чыгуналіцейнага, у 1903 годзе — лесапільнага, у канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў — 2 цагельных заводаў. Фальклярыст і этнограф Міхал Федароўскі, які зьбіраў этнаграфічную беларушчыну ў 1877—1904 гадох, засьведчыў пра Лідзкі павет, што сярод беларускага жыхарства назва ліцьвін азначала мясцовага жыхара («лідзяніна»)[7].

На 1904 год у Лідзе было 1000 жылых дамоў (зь іх 275 мураваных), 14 дробных прадпрыемстваў (400 работнікаў), 170 рамесных майстэрань, 4 лякарні на 115 ложкаў, 6 пачатковых навучальных установаў (700 вучняў). На 1914 год у месьце працавала каля 40 прадпрыемстваў[8].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Ліду занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ліда абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Лідзкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[9]. Увосень 1918 году ў Лідзе сфармавалася Самаабарона Лідзкай зямлі, якая пачала кіраваць местам па адыходзе немцаў, а таксама Нацыянальная рада Лідзкай зямлі і Кола полек у Лідзе. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Ліда ўвайшла ў склад Беларускай ССР, дзе стала цэнтрам павету («падраёну») Гарадзенскага раёну[10], неўзабаве места занялі бальшавікі. 16—17 красавіка 1919 году Ліду адбілі польскія войскі. Чырвоная Армія, якая моцна змагалася за кантроль над местам пацярпела паразу — польскія войскі здабылі панцэрны цягнік, шмат зброі і ўзялі ў палон каля 350 салдатаў. Частка бальшавіцкіх войскаў справабала зьбегчы зь Ліды на ўсход, аднак польская кавалерыя дагнала іх у Ліпнішках і таксама ўзяла ў палон. У часе змаганьняў за Ліду жыдоўская частка насельніцтва места актыўна падтрымоўвала бальшавікоў[11]. 7 чэрвеня 1919 году места разам з паветам трапіла ў склад Віленскай акругі Грамадзянскай управы ўсходніх земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[12]. Улетку 1920 году Ліду зноў занялі бальшавікі, 30 верасьня 1920 году — часткі польскага войска. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Ліда апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам павету ў Наваградзкім ваяводзтве. За польскім часам найбольшым прамысловым прадпрыемствам у Лідзе, вядомым вытворцай гумовага абутку, была фабрыка «Ардаль», заснаваная ў 1929 годзе. У месьце таксама працавалі прадпрыемствы па вытворчасьці сельскагаспадарчых прыладаў, вырабаў з дроту, гумы, піва і алею, а таксама кафлярні, тартакі і пякарні. 1 красавіка 1938 году да Ліды далучылі населены пункт з аднайменнай гміны — вёску Росьлякі[13]

У 1939 годзе Ліда ўвайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стала цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 20 верасьня 1944 году ў складзе Гарадзенскай вобласьці). З 27 чэрвеня 1941 да 9 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1989 годзе ў Лідзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка Адаму Міцкевічу, у 1993 годзе — помніка Францішку Скарыну. У 2010 годозе ўпершыню з часоў падзеяў 1939 году ў цэнтральную частку Ліды вярнуліся назвы, беспасярэдне зьвязаныя з дасавецкай гісторыяй места: Грунвальдзкая і Замкавая вуліцы, а таксама бульвар імя вялікага князя Гедзіміна.

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ а б в г д е Баравы Р. Ліда // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 197.
  2. ^ История, Лидский районный исполнительный комитет
  3. ^ Маргарыта Сідар. Усе — у Ліду, каб выпіць квасу з Гедымінам // Зьвязда : газэта. — 14 верасьня 2013. — № 173 (27538). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  5. ^ Служилые люди Сибири конца XVI – начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 576.
  6. ^ Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 315.
  7. ^ Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 4. — Warszawa, 1935. S. 453.
  8. ^ Коўкель І. Ліда // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 362.
  9. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  10. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  11. ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 87—90.
  12. ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
  13. ^ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 21 marca 1938 r. o rozszerzeniu granic miasta Lidy w powiecie lidzkim województwie nowogródzkim, Dz. U. Nr 21, poz. 183 (пол.)

Літаратура

рэдагаваць