Тахтамыш
Тахтамыш хан (па-татарску: Туктамыш хан, Tuqtamış xan; ? — 1406) — хан Залатой Арды (з 1380 году), адзін з нашчадкаў Джучы, старэйшага сына Чынгіс-хана; быў спачатку заяіцкім ханам. У 1377 годзе малады хан Тахтамыш пры падтрымцы войскаў Тамэрляна прыступіў да заваёвы Залатой Арды. Увесну 1378 году пасьля таго, як пала ўсходняя частка са сталіцай у Сыгнаку, Тахтамыш уварваўся ў заходнюю частку, якая кантралявалася Мамаем. Да красавіка 1380 году Тахтамыш здолеў захапіць усю Залатую Арду да Азова, уключаючы сталіцу — Сарай.
Тахтамыш | |
хан | |
---|---|
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1342 |
Памёр | 1406, |
Нашчадкі | Джэлал ад-Дзін, Джабар-Бэрды[d], Керым-Бэрды[d], Кебэк-хан[d], Кадыр-Бэрды[d], Чэгрэ[d], Саід Ахмад I[d] і Джаніке[d] |
Дынастыя | Чынгізіды[d] |
Сужэнец | Тагайбэк[d] |
Бацька | Туі Ходжа[d] |
Пасьля Кулікоўскай бітвы Тахтамыш, пры дапамозе Тымура, авалодаў пасадам Залатой Арды і накіраваў паслоў да залескіх князёў зь весткай аб сваім узыходжаньні. Князі прынялі паслоў з гонарам і, у сваю чаргу, адправілі паслоў з дарункамі для новага хана. Жадаючы ўтаймаваць залескіх князёў, Тахтамыш загадаў парабаваць залескіх госьцяў і захапіць іх судны, а сам у 1382 годзе зь вялікім войскам пайшоў да Масквы. Ніжагародзкі князь Дзьмітры Канстанцінавіч, пазнаўшы аб паходзе Тахтамыша і жадаючы выратаваць сваю зямлю ад спусташэньня, паслаў да яго сваіх сыноў Васіля і Сямёна. Алег Разанскі, кіруючыся тымі жа матывамі, паказаў яму брады на Ацэ. Дзьмітрыя Данскога татары засьпелі зьнянацку. Ён пакінуў Маскву і зьбег спачатку ў Пераяслаўль Залескі, а затым у Кастраму. Калі Тахтамыш узяў Серпухаў, у Маскве, з прычыны поўнай бездапаможнасьці яе, падняўся мяцеж. На дапамогу маскавітам прыйшлі ліцьвіны пад кіраўніцтвам літоўскага князя Осьцея.
24 жніўня 1382 году Тахтамыш падышоў да Масквы. Два дні маскавіты і ліцьвіны ўпарта абараняліся. Тахтамыш узяў Маскву хітрасьцю, падаслаўшы ніжагародзкіх князёў Васіля Кірдзяпу і Сямёна Дзьмітрыевіча, якія пакляліся, што Тахтамыш нічога благога маскавітам ня зробіць, калі яны здадуцца. 26 жніўня Масква здалася. Абяцаньне не было выкананае: мноства народу было перабіта, горад быў разрабаваны. Пасьля гэтага татары ўзялі Пераяслаўль Залескі, Уладзімер, Юр’еў, Зьвянігарад, Мажайск і іншыя залескія гарады. Дзьмітры Данскі зьбег у Кастраму, мітрапаліт Кіпрыян атуліўся ў Цьверы. Цьвярскі князь Міхаіл Аляксандравіч даслаў да Тахтамыша пасла з заявай аб пакоры.
На зваротным шляху ён разрабаваў Разанскую зямлю. Пераемнік Дзімітрыя Данскога, ягоны сын Васіль I, купіў у Ардзе цэтлік на княства ніжагародзкае. Татары яшчэ некалькі разоў рабілі невялікія набегі на залескую зямлю, разрабавалі Разань, Вятку; але распачаць вялікі і сур’ёзны паход супраць залескіх княстваў Тахтамыш ня мог, бо ў гэты час уступіў у барацьбу з Тымурам, якому ён быў абавязаны пасадам кіпчацкім. У 1395 годзе Тахтамыш атрымаў на берагах Цераку паразу ад Тымура; ён быў пазбаўлены пасады і прымушаны весьці сталую барацьбу з ханамі, пастаўленымі Тымурам. У 1406 годзе Тахтамыш быў забіты цемнікам Эдыгеем.
Папярэднік Арабшах-хан |
Хан Залатой Арды 1380—1395 |
Наступнік Тымур Кутлуг-хан |
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Цэтлік хана Тахтамыша — пераклад і фота на сайце «Сусьветная археалёгія»