Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар кармэлітаў (Ліда)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар кармэлітаў
| |
Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар кармэлітаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Ліда |
Каардынаты | 53°53′24″ пн. ш. 25°18′08″ у. д. / 53.89° пн. ш. 25.30222° у. д.Каардынаты: 53°53′24″ пн. ш. 25°18′08″ у. д. / 53.89° пн. ш. 25.30222° у. д. |
Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар кармэлітаў | |
Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар кармэлітаў на Вікісховішчы |
Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар кармэлітаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Лідзе. Знаходзіўся ў цэнтры места, на рагу Віленскай і Каменскай вуліцаў[a]. Твор архітэктуры барока і клясыцызму.
Комплекс складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса. У 1832 годзе ўлады Расейскай імпэрыі зачынілі кляштар, а ў 1908 годзе зруйнавалі касьцёл. У 1950-я гады савецкія ўлады зьнішчылі сьцены кляштарнага корпуса.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагаваць20 траўня 1672 году лідзкі войскі Адам Нарбут з жонкай Кацярынай надалі кармэлітам у Лідзе пляц пад будаваньне касьцёла. Касьцёл і кляштар фундаваў Мікалай Рыла. Апроч яго, многія шляхцічы і месьцічы надалі кармэлітам землі, пляцы ў месьце і грошы. У 1684 годзе гэтыя фундушы на канвакацыйным сойме зацьвердзіў кароль і вялікі князь Ян Сабескі. У канцы XVІІ ст. у кляштары было 6—7 манахаў.
5 верасьня 1714 году віленскі біскуп Канстантын Казімер Бжастоўскі асьвяціў новазбудаваны касьцёл. Магчыма, будаваньне зацягнулася праз тое, што кляштар моцна пацярпеў у Вялікую Паўночную вайну. У першай палове XVІІІ ст. лічба манахаў-кармэлітаў пры кляштары дасягнула 10 чалавек, а ў 1774 годзе іх было ўжо 14, што выводзіла Ліду на трэцяе месца колькасьцю манахаў у Літоўскай кармэліцкай правінцыі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Ліда апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. У 1820 годзе праводзіўся рамонт фасаду, карнізаў і дахаў. 20 траўня 1826 году пажар зьнішчыў дах і пашкодзіў скляпеньні. У 1829 годзе збудавалі новую кляштарную званіцу, якая стаяла на чатырох дубовых слупах і мела тры званы. Бібліятэка кляштару мела больш за сто тамоў, пераважна тэалягічнай літаратуры. Пры кляштары дзеялі школа і шпіталь.
У XIX ст. першы паверх кляштару часта выкарыстоўваўся дзеля сьвецкіх мэтаў. Апроч павятовага архіву, тут месьціліся павятовая каса і суд з канцылярыяй. Перад вайной 1812 году трапезную кляштару забралі пад царкву расейскага драгунскага палка пад камандаю генэрала Корфа. Апошні таксама забраў сабе кляштарны дом, скаргі манахаў расейскім уладам былі марнымі. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар. У 1845 годзе будынак кляштару перарабілі пад вайсковы шпіталь. У 1908 годзе расейскія ўлады зруйнавалі касьцёл. Цэгла выкарыстоўвалася дзеля будаваньня кашараў Паўночнага вайсковага гарадку.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў кляштарным корпусе разьмясьціўся клюб салдатаў Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагавацьУ 1927 годзе ў кляштарным корпусе разьмясьцілася староства Лідзкага павету. Сярод іншага, тут праводзіліся розныя імпрэзы: увесну 1932 году гісторык Міхал Шымялевіч прачытаў цыкль лекцыяў зь лідзкай гісторыі. У 1938 годзе лідзкі павятовы староста Станіслаў Гансоўскі пачаў рэстаўрацыю кляштарнага корпуса.
За часамі Другой сусьветнай вайны кляштарны корпус згарэў па бамбаваньні 23 чэрвеня 1941 году, учыненым войскамі Трэцяга Райху. У 1950-я гады савецкія ўлады зьнішчылі сьцены кляштарнага корпуса[1].
Архітэктура
рэдагавацьКасьцёл
рэдагавацьКасьцёл — магутны прастакутны аб’ём пад 2-схільным дахам. Над вялікім алтаром быў купал з сыгнатуркай. Роўнічны галоўны фасад завяршаўся трыкутным франтонам з карнізамі на сухарыках, падзеленым высокімі пілястрамі і апярэзаным тонкапрафіляваным карнізам. Бакавыя фасады рытмічна падзяляліся магутнымі аркавымі аконнымі праёмамі з глыбокімі адхіламі і пілястрамі ў прасьценках[2].
Усярэдзіне касьцёл аздабляўся 6 алтарамі, 2 зь іх былі пазалочанымі. У галоўным алтары разьмяшчаўся абраз Маці Божай, маляваны на палатне, над ім — абраз Найсьвяцейшай Тройцы і скульптура Сьвятога Ільлі. У другім алтары Пана Езуса быў абраз Сьвятога Сымона Стока. Трэці алтар меў тытул Маці Божай Шкаплернай. У чацьвертым алтары Сьвятога Ільлі быў абраз гэтага сьвятога ў пазалочанай раме, маляваны на палатне, вышэй — абраз Сьвятога Яна Непамука. У пятым алтары пад тытулам Сьвятога Язэпа Абручніка быў абраз гэтага сьвятога ў пазалочанай раме, маляваны на палатне, над ім — абраз Сьвятога Антонія Падуанскага. У шостым алтары Сьвятой Тэрэзы быў абраз гэтай сьвятой у пазалочанай раме, маляваны на палатне, вышэй — абраз Сьвятой Марыі Магдалены. Алтары Маці Божай Шкаплернай і Сьвятога Язэпа знаходзіліся ў асобных капліцах. Апроч гэтых капліцаў, касьцёл меў закрысьцію і скарбніцу, у якой знаходзіліся земскі павятовы архіў. Пад касьцёлам месьціліся мураваныя крыпты дзеля пахаваньня законьнікаў.
Кляштар
рэдагавацьКляштарны корпус — 2-павярховы будынак, накрыты гонтай. Ён далучаўся да закрысьціі касьцёла з поўдня і меў форму літары «L» з паўночным і ўсходнім крыламі. Усярэдзіне меў 1-пралётнае разьмяшчэньне памяшканьняў і калідор з двару. На другім паверсе было 7 жылых памяшканьняў і склады.
Каля кляштару ў бок ракі знаходзіўся агарод і гаспадарчыя пабудовы[3].
Галерэя
рэдагаваць-
каля 1900 г.
-
каля 1900 г.
-
1914 г.
-
1915—1918 гг.
-
1915—1918 гг.
-
1916 г.
-
1919—1921 гг.
-
1941 г.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Цяпер на гэтым месцы будынак музычнага каледжа
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Пазьняк В. Падарожжа па старадаўніх вуліцах Ліды, Лідская газета, 21 ліпеня 2016 г.
- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 432.
- ^ Лаўрэш Л. Лідскія касцёлы // Лідскі Летапісец. № 4 (64), 2014.
Літаратура
рэдагаваць- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
- Лаўрэш Л. Лідскія касцёлы // Лідскі Летапісец. № 4 (64), 2014.