Андрэй Мельнікаў

беларускі сьпявак

Андрэ́й Міха́йлавіч Ме́льнікаў (нар. 24 лістапада 1965 году, г. Гомель, БССР) — аўтар і выканаўца аўтарскай песьні (гітара), літаратар, журналіст, эсэіст, навеліст, заснавальнік фэстаў беларускай аўтарскай песьні «Аршанская бітва», Талькаўскі фэст(be), аўтар больш за 2 дзясяткі альбомаў на тэму нацыянальнага адраджэньня і жыцьця ў постсавецкіх рэаліях.

Андрэй Мельнікаў
Дата нараджэньня 24 лістапада 1965(1965-11-24) (59 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак паэт, пісьменьнік, музыка
Навуковая сфэра паэзія[1] і музыка[1]
Жанры аўтарская песьня
Інструмэнты гітара
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Мельнікаў.

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў цэнтральным раддоме горада Гомель (адпаведна дакументаў, у в. Доўск Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласці, куды быў перавезены праз тыдзень пасля нараджэння). Сярэднюю адукацыю атрымаў у Воршы, у СШ №5. У гэтым горадзе жыў з 1969 па 2002 гг., там на могілках пахаваныя яго бацькі: Міхаіл Васільевіч (1924—1990) і Раіса Афанасьеўна (1924—2004, у дзявоцтве Ванюшкіна), бабуля Пелагея Андрэеўна (1899—1991, у дзявоцтве Першына) і брат Аляксандр (1954—2010).

Служыў у войску, працаваў рабочым, загадчыкам фоталябараторыі, настаўнікам і кіраўніком дзіцячых гурткоў.

У 1999 годзе скончыў завочны факультэт ГДУ імя Ф.Скарыны па спэцыяльнасьці «Беларуская мова і літаратура».

Жыве ў г. Гомлі.

Сябра беларускага ПЭН-цэнтру, Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.

Творчасьць

рэдагаваць

Сваю беларускую творчую дзейнасьць пачаў у 1987 г., калі напісаў мелёдыю на верш Сяржука Сокалава-Воюша «За спіною прыстанкі…». Уласная беларускія тэксты з’явіліся ў Мельнікава напачатку 1989 г. («Песьня зь мінуўшчыны», «Казка»), і ў тым жа годзе сталі шырока вядомымі ў беларускіх нацыянальна арыентаваных колах. Так, «Песню з мінуўшчыны» летам 1989 г. прадставіла ў жывым этэры Беларускага ТБ Алеся Сёмуха — дачка вядомага перакладчыка Васіля Сёмухі і хросная дачка Уладзіміра Караткевіча.

Альбом «За сьцягі, за волю!» быў запісаны ў 1989 годзе самапалам аршанцам Юркам Каплунам з ініцыятывы іншага аршанца — Юркі Копціка і быў прадстаўлены як менавіта альбом газетай «Чырвоная змена» у 1990 г. з ініцыятывы Ігара Міхно. Ён атрымаў шырокую папулярнасць у нацыянальных колах і ў 1995 г. Амаль усе песьні першага альбома былі прысьвечаны тэме нацыянальнага адраджэньня і адразу знайшлі свайго слухача.

У 1991 г. 13 студеня ў Оршы з дапамогаю Юркі Каплуна быў запісаны альбом «Успамін». Адзін зь нешматлікіх альбомаў барда, у якім пераважае лірычная тэма. У альбом увайшло больш за 20 песень.

У 1991 г. 13 студзеня ў Оршы з дапамогаю Юркі Каплуна быў запісаны і альбом «Да апошняга камісара». У песьнях альбома, як і ў ранейшых, пераважае гістарычная тэма, вялікая заклапочанасьць лёсам нацыі.

Цалкам з паэзіі беларускай дыяспары склаўся альбом Андрэй Мельнікава «Песьні выгнаньня» (1994). Песьні з альбома адкрылі для многіх беларусаў паэтаў Тодара Лебяду, Марка Шагала, Алеся Гаруна, Ігара Паўлоўскага.

13 кастрычніка 1996 году на адной з кватэраў Зялёнага Лугу ў Мінску (кшталту, на студыі «Анархія-рэкардз») быў запісаны з дапамогаю Рамана Марзы альбом «Гэта МЫ». Песьні альбома — гэта адлюстраваньне падзей першых гадоў незалежнасьці Беларусі. Песьня «Гэта Мы» з аднайменнага альбома стала гімнам патрыятычнай моладзі тых часоў. Празь некалькі гадоў песьня выйшла ў рокавай аранжыроўцы ў выканьні гурта «Новае Неба» з Касяй Камоцкай. У канцы 90-ых песьні з альбома можна была пачуць амаль на кожнай беларускай вечарыне[2]. У 2007 годзе альбом быў перавыдадзены і таксама даволі хутка раскуплены. У 2020 г. песня «Гэта Мы» была апрацаваная Сяргеем Доўгушавым і прагучала ў той даработцы ў выкананні «Вольнага хору».

У снежні 1996 годзе ў Польшчы на студыі Радыё-Беласток быў запісаны альбом «Шлях». У склад альбома ўвайшло больш за 2 дзясяткі песень як на словы самога Андрэя Мельнікава, так і на словы А.Сыса, А. Змагара , А. Тананы, К. Атраховіча, а таксама «народная» (аўтар быццам бы жыве ў Англіі) песьня «Продразьвёрстка».

У ліпені 2008 г. у Мінску з дапамогаю Рамана Марзы быў запісаны альбом «Між светам і мурам», а у Польшчы на студыі «Tower» ва Уроцлаве быў запісаны альбом «Пад знакамі Арла і Пагоні». На іх, як і на ранейшых, пераважае тэма нацыянальнага адраджэньня.

У 2012 годзе быў запісаны з дапамогаю Анджэя Браньскего на яго прыватнай студыі ў Беластоку і выдадзены ў Польшчы альбом «Як з-за выспы на фарвацер» пры падтрымцы «Радыё Рацыя». У тым жа годзе ў Беларусі на адным з заходнепалескіх хутароў з дапамогаю Рамана Марзы быў запісаны альбом Андрэя Мельнікава «Зубы на далоні». Альбом зьяўляецца пэўнай рэакцыяй барда на падзеі Плошчы 2010.

Асноўная тэма песень барда — Бог, Радзіма, каханьне. Андрэй Мельнікаў першым сярод музыкаў зьвярнуўся да постаці С.Булак-Балаховіча і падзей Слуцкага збройнага чына. У ягонай творчай скарбонцы — больш за 2 дзясяткі альбомаў на тэму нацыянальнага адраджэньня і жыцьця ў постсавецкіх рэаліях. Песьні А. Мельнікава сталі клясыкай беларускай бардаўскай песьні[2].

У рэпэртуары барда песьні на вершы М. Багдановіча, А. Гаруна, У. Караткевіча, Т. Лебяды, Н. Арсеньневай, Я. Купалы, К. Крапівы, А. Змагара, Р. Барадуліна, І. Паўлоўскага, Л. Галубовіч, Л. Сом, А. Тананы, А. Сьпіцына, А. Сыса, А. Мізулы, Л. Дранько-Майсюка, Л. Баршчэўскага, Зьніча (А. Бембеля), Я. Качмарскага, С. Яновіча, Ю. Славацкага, І. Малковіча. Асобнае месца ў творчай біяграфіі барда займаюць песьні на вершы Анатоля Сыса і Зьніча (Алега Бембеля), да жыцьця і творчасьці якіх Мельнікаў неаднойчы зьвяртаўся ў сваіх творах.

Заснавальнік фэстываляў беларускай аўтарскай песьні і паэзіі «Аршанская бітва», "Талькаўскі фэст(be), «Гэта МЫ».

Трыб’ют на песьні А. Мельнікава рабілі Зьміцер Бартосік, Чырвоным па Белым, Вальжына Цярэшчанка, Зьміцер Вінаградаў.

Дыскаграфія

рэдагаваць

Выдадзенае на CD

рэдагаваць
  • За сьцягі, за волю! (1997)
  • Камяні майго вогнішча (1997)
  • Песьні выгнаньня (1997)
  • Шлях (1998)
  • Гэта мы! (1999)
  • Пад знакамі Арла і Пагоні (2008)
  • Паміж сьветам і мурам (2008)
  • Як з-за выспы на фарвацер
  • Зубы на далоні (2012)[3]

Альбомы, якія можна паслухаць на лічбавых пляцоўках

рэдагаваць
  • За сьцягі, за волю! (1994)
  • Камяні майго вогнішча (1994)
  • Салам саўкам (1994)
  • Успамін (1995)
  • Песьні выгнаньня (1995)
  • Да апошняга камісара (1995)
  • Гэта МЫ! (1996)
  • Зубы на далоні (2012)
  • Па кім б’юць званы (2021)

Слухаць на лічбавых пляцоўках

рэдагаваць

Андрэй Мельнікаў на Youtube Music

Андрэй Мельнікаў на Apple Music

Андрэй Мельнікаў на Soundcloud

Андрэй Мельнікаў на Spotify

Андрэй Мельнікаў на Deezer

Андрэй Мельнікаў на Amazon

Літаратурная творчасьць

рэдагаваць

Літаратурны дэбют адбыўся ў 1987 г. на старонках газеты «Ленінскі прызыў» (Орша).

У далейшым, апроч уласнага імя, друкаваўся пад псеўданімамі ЯнКаКупала, Якуб Колапс, Шымон Блудны, Андрыян Меленік.

Аўтар кнігі «Анатоль Сыс — псальмяр дэфармаванай Беларусі» (Гомель,2017), 17 кніг сэрыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» (2017—2019, 7 першых з іх выйшлі накладам 500 ас.кожная ў выдав-ве «Харвест» у Мінску, астатнія 10 — накладам 40 ас.кожная ў Рызе (Латвія)). Друкаваўся ў рэспубліканскай пэрыёдыцы (часопісы «Беларусь», «Arche», «Фрагменты», газеты «Наша ніва», «Звязда», «Чырвоная змена»), калектыўных зборніках, творчы партрэт разам з цыклем вершаў зьмешчаны ў часопісе «Роднае слова» (1994, № 10).

Прэміі і ўзнагароды

рэдагаваць

Пераможца фэстываляў «Залатая горка-1994», «Бардаўская восень» (1996 год), 30-га гіт-параду радыё «Свабода» (1994). Ляўрэат прэміі імя Вацлава Ластоўскага (2017)[4].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Сац.сеткі

рэдагаваць