Клецкая бітва
Кле́цкая бі́тва (5 жніўня 1506) — бітва паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю Міхала Глінскага і крымскімі татарамі на чале з сынамі Мэнглі-Гірэя Біці і Бурнашом, якая адбылася пад Клецкам.
Клецкая бітва | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
ВКЛ | Крымскае ханства | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Міхал Глінскі | Біці і Бурнаш Мэнглі-Гірэй | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
6—7 тыс. чал. | ад 6 да 12 тыс. чал. | ||||||||
Клецкая бітва была найбольш значнай паразай татараў на тэрыторыі сучаснай Беларусі і паклала канец іх буйным набегам за Прыпяць[1].
Перадгісторыя
рэдагавацьМэтай татарскага нападу, арганізаванага ханам Мэнглі-Гірэем, акрамя захопу палонных, маёмасьці і жывёлы быў націск на ўрад Вялікага Княства Літоўскага, каб прымусіць яго ад ганаровага вязьня былога хана Вялікай Арды і сьмяротнага ворага крымчакоў Шах-Ахмата (забіць яго або выдаць жывым у Крым).
На тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага татары ў колькасьці 12 тыс. (паводле іншых зьвестках 6 тыс.) уварваліся ў ліпені, дайшлі да Слуцку і Клецку, адтуль распускалі загоны на Наваградак і Ліду. Асобныя іхныя чамбулы дасягалі Менску.
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандар пра татарскі наезд даведаўся ў Лідзе, куды толькі што прыехаў з жонкай Аленай Іванаўнай, дваром і скарбам. Хворы Аляксандар загадаў адвезьці яго назад у Вільню, а кіраўніцтва дзяржаўнымі справамі даручыў гетману Станіславу Кішку і маршалку дворнаму Міхалу Глінскаму.
3 панскіх поштаў і наёмнай коньніцы сабралося 6—7-тысячнае войска. Яно некалькі дзён стаяла каля Наваградку, а 4 жніўня, калі зьявілася інфармацыя, што галоўны татарскі кош знаходзіцца пад Клецкам, войска рушыла туды. Па дарозе захварэў С. Кішка, і кіраўніцтва войскам пераняў М. Глінскі.
Ход і вынікі бітвы
рэдагавацьРаніцай 5 жніўня коньніца падышла да Клецку і спынілася перад Ланьню. На супрацьлеглым беразе ракі стаялі падрыхтаваныя да бітвы татары. Некалькі гадзін ішла перастрэлка. За гэты час войска ВКЛ падрыхтавала 2 гаці, па якіх коньнікі пачалі пераправу. Па правай гаці пераправа ішла хутчэй, татары атакавалі правае крыло, нанесьлі вялікія страты. М. Глінскі прысьпешыў рух левага крыла і імклівым ударам коньніцы разрэзаў татарскае войска на дзьве часткі. Правае крыло таксама перайшло ў наступленьне. Частка татараў трапіла ў абцугі, іншыя пачалі ўцякаць. Харугвы М. Глінскага пайшлі ў пагоню, бралі палонных каля Слуцку, Петрыкава, на ўкраінскіх шляхах.
Яшчэ некалькі дзён войска ВКЛ перахоплівала асобныя татарскія атрады, якія вялі пад Клецак палон з навакольных мясьцінаў. Было вызвалена каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары зьбіраліся весьці ў Крым, узята 30 тыс. коней.
Хан Мэнглі-Гірэй пад уражаньнем ад вынікаў бітвы стаў на пэўны час хаўрусьнікам ВКЛ.
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Валерый Пазднякоў. Клецкая бітва 1506 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 107.
- ^ Вольга Бебеніна. Край, дзе волаты жывуць(недаступная спасылка) // «Народная газета», 31 кастрычніка 2009.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Варонін В. Два лісты пра бітву пад Клецкам у 1506 г. // Беларускі гістарычны агляд. Т. 2. Сш. 2. 1995.
- Генадзь Сагановіч. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001.— 412 с. ISBN 985-6374-34-2.
- Чаропка В. Храм без Бога. — Менск: Мастацкая літаратура, 1992. — 262 с. — (Першая кніга празаіка). — 12 800 ас. — ISBN 5-340-00705-7
- Бітва пад Клецкам // Чарняўскі М. Дзесяць бітваў. — Вільня: «Наша Будучыня», 2004. — 64 с.