Вербная нядзеля
Увахо́д Гаспо́дні ў Ерусалі́м (Вербніца, Ве́рбная або Пальмавая нядзе́ля) — хрысьціянскае вясновае сьвята ўваходу Ісуса ў Ерусалім, якое адзначаецца ў апошнюю нядзелю перад Вялікаднем.
Хрысьціянская традыцыя | |
Значэньне | Угодкі ўезду Ісуса ў Ерусалім |
---|---|
Дата | Нядзеля перад Вялікаднем |
Праваслаўная традыцыя
рэдагавацьСьвяткаваньне Ўваходу Гасподняга ў Ерусалім распачалося ў старажытныя часы і прысьвечана ўспаміну вядомай эвангельскай падзеі, калі Ісус Хрыстос прыйшоў у горад для прыняцьця пакут і сьмерці на Крыжы.
Эвангеліст Іаан апісвае ўрачыстае вітаньне Яго: «…мноства людзей, якія прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім, узялі пальмавыя галіны і выйшлі насустрач Яму, і ўсклікалі: Асанна! Благаславёны Той, Хто прыходзіць у імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!» (Ін.12:12,13).
Вось чаму ў гэты дзень існаваў здаўна звычай асьвячаць вярбу, таму сьвята называецца Вербнай нядзеляй. І мы, трымаючы ў руках першыя расквітнелыя вясною галінкі, услаўляем Збавіцеля як Пераможцу сьмерці.
Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.
Трапар сьвята Ўваходу Гасподняга ў Ерусалім, глас 1
рэдагавацьАгульнае уваскрасеньне
яшчэ перад Тваімі пакутамі сьцьвярджаючы,
зь мёртвых падняў Ты Лазара, Хрысьце Божа.
Таму і мы, як дзеці, несучы сімвалы перамогі,
Табе, Пераможцу сьмерці, усклікаем:
Аса́нна ў вышніх! Дабраславёны Той, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!
Кандак сьвята Ўваходу Гасподняга ў Ерусалім, глас 6
рэдагавацьНа прастоле — на нябёсах,
а на зямлі — на асьля́няці се́дзячы, Хрысьце Божа,
прыняў Ты ангелаў усхвале́ньне і сьпевы дзяцей, усклікаючых да Цябе:
благаславёны Ты, Які прыходзіш Адама заклікаць.
Задастойнік сьвята Ўваходу Гасподняга ў Ерусалім
рэдагавацьБог Гасподзь і зьявіўся нам, зьбяры́це сьвята і, зь весяло́сьцю прыдзі́це, узьвялі́чым Хрыста, з ва́іямі і галінкамі, усклікаючы ў песьнях: Благаславёны Той, Хто прыходзіць у імя Госпада, Спасіцеля нашага.
Каталіцкая традыцыя
рэдагавацьКасьцёл, падрыхтаваны саракадзённым велікапосным пакаяньнем, у Пальмовую нядзелю пачынае перажываць цэнтральную таямніцу хрысьціянскай веры — пасхальную таямніцу сьмерці і ўваскрасеньня Езуса Хрыста. У гэты дзень на ўспамін уваходу Хрыста ў Ерузалем для зьдзяйсьненьня пасхальнай таямніцы адбываецца працэсія або ўрачысты ўваход перад сьвятой Імшою, а таксама асьвячаюцца галінкі пальмаў і іншых дрэваў. Гэта могуць быць таксама галінкі аліўкавых дрэваў або, як здаўна прынята ў нас, вярбы (адсюль выводзіцца папулярная назва сьвята — Вербная нядзеля).
Гэтая традыцыя грунтуецца на эвангельскім апісаньні мэсіянскага ўваходу Хрыста: «У той час мноства людзей, якія прыйшлі на сьвята, калі пачулі, што Езус ідзе ў Ерузалем, узялі пальмовая галінкі і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана, Валадар Ізраэля!» (пар. Ян 12, 12-13). Пальмовая нядзеля прысьвечаная асабліваму разважаньню пра муку Пана і непасрэдна рыхтуе нас да перажываньня яе ў літургічных абрадах Вялікага тыдня. Эвангельскае апісаньне мукі Езуса Хрыста і Яго сьмерці на крыжы чытаецца ў гэты дзень на кожнай сьвятой Імшы.
Народная традыцыя
рэдагавацьНа Вербніцу паўсюдна асьвячалі ў царкве ці касьцёле галінкі вярбы, якімі ў гэты дзень традыцыйна прынята было сьцябаць адзін аднаго. Асьвячонай вярбе надаваліся магічныя ўласьцівасьці, таму яе доўга захоўвалі ў хаце (ёю выганялі на першы выпас жывёлу, існавала павер’е, што зьедзеныя з галінкі пупышынкі засьцерагаюць ад пэўных хваробаў).