Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт

(Перанакіравана з «Менгарвыканкам»)

Ме́нскі гарадзкі́ выкана́ўчы камітэ́т — выканаўча-распарадчы орган мясцовага кіраваньня Менску, створаны ў сакавіку 1917 году.

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт
Даведка
СкаротМенскі гарвыканкам
Дата ўтварэньнясакавік 1917 году
Відгарадзкі
Праўны станвыканаўчы камітэт
Задачавыкананьне мясцовага бюджэту
Сядзібапрасп. Незалежнасьці, д. 8[1]
МесцазнаходжаньнеМаскоўскі раён Менску
Каардынаты53°53′42″ пн. ш. 27°32′58″ у. д. / 53.895° пн. ш. 27.54944° у. д. / 53.895; 27.54944Каардынаты: 53°53′42″ пн. ш. 27°32′58″ у. д. / 53.895° пн. ш. 27.54944° у. д. / 53.895; 27.54944
Дзейнічае ў месцахМенск
Службовыя мовыбеларуская, расейская
СтаршыняУладзімер Кухараў
1-ы намесьнікЗьміцер Мікулёнак
НамесьнікіАляксандар Дараховіч, Юры Трушчанка, Арцём Цуран
Кіраўніца справаміГанна Мацельская[2]
Галоўная ўправапрэзыдэнт Беларусі
Зьвязаныя службыадміністрацыі 9 раёнаў
Старонка ў сецівеminsk.gov.by/be

Паводле 21-га артыкула Статуту Менску 2001 году, «у сваёй дзейнасьці падсправаздачны і падкантрольны прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь і Савету міністраў Рэспублікі Беларусь у пытаньнях, якія ўваходзяць у кампэтэнцыю Ўраду Рэспублікі Беларусь, а таксама адказны перад Саветам у пытаньнях, якія адносяцца да кампэтэнцыі Савету». Забясьпечвае гаспадарчае, грамадзкае і культурнае разьвіцьцё Менску, а таксама паляпшэньне стану навакольля ў горадзе. Згодна з 25-м артыкулам «рашэньні выканаўчага камітэту прымаюцца простай большасьцю галасоў ад яго складу, падпісваюцца старшынёй і кіраўніком справаў выканаўчага камітэту». У 26-м артыкуле вызначалася, што «старшыня прызначаецца на пасаду прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь і зацьвярджаецца Саветам» дэпутатаў Менску. Пры гэтым, «першы намесьнік, намесьнікі старшыні выканаўчага камітэту прызначаюцца на пасаду старшынёй выканкаму па ўзгадненьні з прэзыдэнтам» Беларусі. Тым часам, «паўнамоцтвы першага намесьніка, намесьнікаў старшыні вызначаюцца старшынёй». Паводле 28-га артыкула, паседжаньні Менскага гарвыканкаму ладзяць «прынамсі 2 разы на месяц». Яго паседжаньні «правамоцныя, калі ў іх прымае ўдзел прынамсі 2/3 ўстаноўленага складу выканкаму»[3].

Паўнамоцтвы

рэдагаваць

Паводле 22-га артыкула Статуту Менску 2001 году, Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт меў паўнамоцтвы ў 5 галінах: 1) плянаваньні, бюджэтнай палітыцы і фінансах; 2) кіраваньні камунальнай уласнасьцю, узаемінах з прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі і аб'яднаньнямі на тэрыторыі гораду; 3) горадабудаўніцтве, землекарыстаньні і жыльлёва-камунальнай гаспадарцы; 4) сацыяльнай галіне і абароне навакольнага асяродзьдзя; 5) ладжаньні кіраваньня[3].

У 1-й галіне Менскі гарвыканкам:

  • ладзіць рэвізію стану бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў адміністрацыяў раёнаў Менску;
  • надае льготы ў выплаце дзяржаўнага мыта і іншых абавязковых плацяжоў, якія пастапуюць у гарадзкі бюджэт;
  • усталёўвае цэны, расцэнкі, надбаўкі і зьніжкі на тавары і паслугі, на якія ўстаноўлена дзяржаўнае рэгуляваньне;
  • наглядае за выкананьнем заканадаўства аб цэнаўтварэньні ў межах Менску;
  • бярэ ўдзел у заснаваньні ўстановаў на долевых пачатках і садзейнічае ўзьнікненьню ў горадзе ўстановаў розных формаў уласнасьці;
  • разьмяшчае вольныя сродкі ва ўклады і каштоўныя паперы, у тым ліку ў паі, а таксама выдае пазыкі пад адсотак і безь яго ды ладзіць лятарэі;
  • выступае заснавальнікам юрыдычных асобаў, у тым ліку страхавых і фінансава-крэдытных, такіх як банкаў;
  • прымае рашэньне аб аўкцыёне і ладзіць атрыманьне ды мэтавае выкарыстаньне даходаў гарадзкога бюджэту;
  • падае ў Міністэрства фінансаў Беларусі праект бюджэту горада на чарговы фінансавы год і справаздачу аб выкананьні бюджэту за папярэдні год;
  • распрацоўвае і падае за зацьвярджэньне Менскаму гарадзкому Савету дэпутутаў праект бюджэту горада, а таксама прымае захады дзеля яго выкананьня;
  • распрацоўвае і падае на ўхваленьне Савету дэпутатаў праекты стратэгічнага пляну, гадавога і пэрспэктыўнага прагнозу і праграмы грамадзка-гаспадарчага разьвіцьця Менску, а таксама забясьпечвае іх выкананьне;
  • распрацоўвае стратэгію ўстойлівага разьвіцьця Менску і кіраваньня ім[3].

У 2-й галіне Менгарвыканкам:

  1. вядзе ўлік уласьнікаў нерухомасьці на землях Менску на падставе тэхнічнай інвэнтарызацыі;
  2. ладзіць дзяржаўны ўлік і спыненьне дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў;
  3. распараджаецца камунальнай уласнасьцю паводле ўсталяванага Саветам дэпутатаў парадку;
  4. ажыцьцяўляе разьдзяржаўленьне і прыватызаваньне камунальнай уласнасьці;
  5. ухваляе рашэньні стварэньні, пераўтварэньні і закрыцьці камунальных установаў паводле вызначанага Саветам парадку, зацьвярджае парадак іх працы і ўзгадняе парадак працы ўстановаў іншых формаў уласнасьці;
  6. атрымлівае ад установаў Менску ўсіх формаў уласнасьці зьвесткі пра іх пляны і праекты мерапрыемстваў, якія закранаюць зацікаўленасьці месьцічаў праз грамадзкія, навакольныя і народанасельніцкія наступствы, а таксама ладзіць абавязковае ўзгадненьне такіх плянаў і праектаў;
  7. дае ў першачарговым парадку ў арэнду камунальныя будынкі і збудаваньні дзяржаўным органам Беларусі і дыпляматычным прадстаўніцтвам і консульствам замежных дзяржаваў, а таксама прадстаўніцтвам міжнародных арганізацыяў у Беларусі;
  8. ажыцьцяўляе на рашэньне прэзыдэнта і ўраду Беларусі паўнамоцтвы на валоданьне, карыстаньне і распараджэньне разьмешчанымі ў Менску будынкамі і збудаваньнямі ў рэспубліканскай уласнасьці[3].

У 3-й галіне Менгарвыканкам:

  • узгадняе дзейнасьць установаў перавозак, вода- і энэргазабесьпячэньня ды наглядае за яе надзейнасьцю;
  • перадае ва ўласнасьць, дае ў пажыцьцёвае спадчыннае валоданьне, карыстаньне і арэнду ды забірае зямельныя дзялянкі для разьмяшчэньня жылых дамоў, будынкаў і збудаваньняў;
  • наглядае за выкананьне правілаў утрыманьня і выкарыстаньня дзяржаўнага і прыватнага жытла, а таксама прымяняе захады адказнасьці за іх парушэньне;
  • вядзе гарадзкія зямельны і горадабудаўнічы кадастры;
  • выдае дазвол на пошукавыя працы на зямельных дзялянках на тэрмін да году па ўзгадненьні зь іх уласьнікамі і карыстальнікамі;
  • вырашае зямельныя спрэчкі;
  • выкупае ў грамадзянаў зямельныя дзялянкі ў межах гораду;
  • перадае паўнамоцтвы адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Менск» на адбіраньне і перадачу ў арэнду дзялянак;
  • дае зямельныя дзялянкі ў карыстаньне, арэнду і пажыцьцёвае спадчыннае валоданьне, перадае іх ва ўласнасьць і адбірае іх;
  • апавяшчае грамадзянаў пра наданьне зямельных дзялянак для разьмяшчэньня пабудоваў пры закрананьні іх зацікаўленасьцяў;
  • усталёўвае парадак крэдытаваньня грамадзянаў у будаўніцтве жытла з выкарыстаньнем сродкаў жыльлёва-інвэстыцыйных фондаў і будуе сацыяльнае жытло;
  • усталёўвае парадак вызначэньня памеру і пакрыцьця выдаткаў за створаную інфраструктуру шляхоў зносінаў пры наданьні зямельных дзялянак;
  • прыцягвае сродкі юрыдычных асобаў у стварэньне грамадзкай і транспартнай інфраструктуры Менску;
  • прыцягвае сродкі ўласьнікаў зь іх згоды на разьвіцьцё земляў Менску;
  • ладзіць будаўніцтва, перабудову і ўтрыманьне ў Менску пабудоваў для сталічных функцыяў;
  • заьвярджае горадабудаўнічыя, будаўнічыя і эксплюатацыйныя нормы і правілы Менску па ўзгадненьні з адпаведнымі дзяржаўнымі органамі;
  • зацьвярджае праекты дэталёвай пляніроўкі Менску, правілы яго забудовы, нормы забесьпячэньня месьцічаў жылой плошчай і культурна-побытавымі пабудовамі;
  • распрацоўвае з улікам меркаваньня адміністрацыяў раёнаў Менску і падае на ўхваленьне Менскіх гарадзкога і абласнога Саветаў дэпутатаў праекты адпаведнага генэральнага пляну разьвіцьця гораду і яго прадмесьцевай паласы;
  • перадае частку паўнамоцтваў адміністрацыям раёнаў Менску ў праектаваньні будаўніцтва і эксплюатацыі пабудоваў і нагляду за імі;
  • ладзіць адзіную палітыку ў галіне архітэктуры, будаўніцтва, добраўпарадкаваньня, утрыманьня, рамонту і перабудовы жыльлёвага фонду і жыльлёва-камунальных пабудоваў[3].

У 4-й галіне Менскі гарвыканкам:

  1. ладзіць экалягічную асьвету, адукацыю і выхаваньне месьцічак і месьцічаў, а таксама забясьпечвае іх патрэбнымі зьвесткамі ў галіне аховы навакольля;
  2. ажыцьцяўляе ў Менску дзяржаўны нагляд за выкарыстаньнем і аховай земляў, нетраў, вадаёмаў, лясоў, жывёльнага і расьліннага сьвету, а таксама за аховай атмасфэрнага паветра;
  3. распрацоўвае і падае на ўхваленьне ў Савет дэпутатаў тэрытарыяльныя праграмы і мерапрыемствы аховы навакольля і ўстойлівага выкарыстаньня прыродных багацьцяў, а таксама прымае захады дзеля іх ажыцьцяўленьня;
  4. прыпыняе будаўніцтва, перабудову, капітальны рамонту і выкарыстаньне пабудоваў у выпадку парушэньня будаўнічых, санітарных і экалягічных нормаў і правілаў на землях Менску;
  5. пляне і ажыцьцяўляе ахову навакольля ды наглядае за выкананьнем экалягічных нарматываў;
  6. бярэ ўдзел у стварэньні і забесьпячэньні працы краёвых і міжнародных сетак сувязі і інфармацыйных сетак;
  7. забясьпечвае законнасьць і грамадзкую бясьпеку ў Менску;
  8. садзейнічае выкананьню закону Беларусі аб вайсковай службе ўсімі службоўцамі, грамадзянамі і разьмешчанымі ў Менску ўстановамі;
  9. бярэ ўдзел у вызначэньні рэклямнай палітыкі ў Менску, каб вонкавая і іншая рэкляма была добрасумленнай, дакладнай, этычнай, даступнай для ўспрыманьня і бясшкоднай для месьцічак і месьцічаў;
  10. выступае заснавальнікам адукацыйных і навуковых установаў, а таксама сродкаў масавай інфармацыі Менску;
  11. садзейнічае разьвіцьцю народных традыцыяў і звычаяў на землях Менску;
  12. уносіць прапановы аб абвяшчэньні асабліва ахоўваных прыродных земляў і мясьцінаў, помнікаў гісторыі і культуры ў межах Менску і прадмесьцевай паласы;
  13. вырашае справы аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны і культурнага забесьпячэньня гандлёвага, транспартнага, камунальнага і побытавага абслугоўваньня грамадзянаў у Менску, а таксама бароніць правы ўцекачоў[3].

У 5-й галіне Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт:

  • прадстаўляе сталіцу Беларусі дачыненьнях з замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі;
  • уносіць прапановы аб наданьні дзяржаўных узнагародаў і заахвочваньняў;
  • разглядае звароты грамадзянаў і прымае па іх рашэньні;
  • ладзіць прыём насельніцтва кіраўнікамі Менскага гарвыканкаму і яго падразьдзяленьняў;
  • узаемадзейнічае з грамадзкімі аб’яднаньнямі і органамі тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня (ТГС);
  • узаемадзейнічае з прафэсійнымі саюзамі ў вырашэньні грамадзка-гаспадарчых задачаў на падставе грамадзкай супрацы;
  • апавяшчае насельніцтва пра найважнейшыя грамадзка-гаспадарчыя і грамадзянскія падзеі ў жыцьці Менску;
  • забясьпечвае і бароніць зацікаўленасьці Менску ў судовым парадку і вышэйстаячых ды іншых органах дзяржаўнага кіраваньня;
  • утварае камісіі, вызначае іх паўнамоцтвы і кіруе іх дзейнасьцю;
  • адмяняе рашэньні адміністрацыяў раёнаў Менску, супярэчныя рашэньне Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў і выканаўчага камітэту ды прынятыя з парушэньнем заканадаўства;
  • усталёўвае межы кварталаў і мікрараёнаў у межах раёнаў Менску;
  • ладзіць выбары, рэфэрэндумы і абмеркаваньне гарадзкіх і агульнакраёвых справаў;
  • накіроўвае і ўзгадняе працу адміністрацыяў раёнаў Менску, наглядае за ёй і спрыяе іх дзейнасьці;
  • стварае надзённую арганізацыйную будову дзеля ўдалай дзейнасьці гарадзкой выканаўчай улады, распрацаваную на навуковай аснове;
  • распрацоўвае і падае на ўхваленьне Менскаму гарадзкому Савету дэпутатаў статут Менску і зьмяненьні ў яго[3].

Падразьдзяленьні

рэдагаваць

На 2021 год Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт улучаў:

Менгарвыканкам мае Галоўную ўправу ўнутраных справаў, якая мае ў сваім падпарадкаваньні 9 раённых управаў унутраных справаў (РУУС): Заводзкую, Кастрычніцкую, Ленінскую, Маскоўскую, Партызанскую, Першамайскую, Савецкую, Фрунзэнскую і Цэнтральную.

Адміністрацыі

рэдагаваць

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт мае ў падпарадкаваньні адміністрацыі 9 раёнаў: Заводзкага раёна[7], Кастрычніцкага[8], Ленінскага[9], Маскоўскага[10], Партызанскага[11], Першамайскага[12], Савецкага[13], Фрунзэнскага[14] і Цэнтральнага[15].

Старшыні

рэдагаваць
  1. Барыс Позерн (сакавік—ліпень 1917)
  2. Ісідор Любімаў (ліпень—жнівень 1917)
  3. Карл Ландар (верасень—кастрычнік 1917)
  4. Віктар Яркін (сакавік—травень 1919)
  5. Казімер Ціхоўскі (ліпень—верасень 1919)
  6. Віктар Яркін (сакавік—травень 1919)
  7. Кюсэ Фрыц (сьнежань 1920 — сьнежань 1921)
  8. Адольф Гетнер (студзень 1922 — сьнежань 1923)
  9. Сяргей Карп (студзень—сакавік 1924)
  10. Адам Славінскі (сакавік—ліпень 1924)
  11. Сьцяпан Яцкевіч (жнівень 1924 — красавік 1929)
  12. Нічыпар Аксючыц (красавік 1929 — сьнежань 1930)
  13. Восіп Валадзько (люты 1931 — сакавік 1933)
  14. Антон Каранеўскі (травень 1933 — студзень 1934)
  15. Емяльян Жуковіч (сакавік 1934 — чэрвень 1937)
  16. Канстанцін Бударын (верасень 1940 — чэрвень 1941, ліпень 1944 — жнівень 1945)
  17. Іван Паромчык (жнівень 1945 — сакавік 1946)
  18. Канстанцін Длугашэўскі (красавік 1946 — ліпень 1954)
  19. Васіль Шарапаў (ліпень 1954 — студзень 1968)
  20. Міхаіл Кавалёў (студзень 1968 — студзень 1977)
  21. Генадзь Барташэвіч (студзень—чэрвень 1977)
  22. Станіслаў Лукашэвіч (чэрвень 1977 — студзень 1980)
  23. Георгі Таразевіч (студзень 1980 — жнівень 1983)
  24. Валер Пячэньнікаў (жнівень 1983 — сьнежань 1985)
  25. Уладзімер Міхасёў (сьнежань 1985 — травень 1990)
  26. Міхаіл Марыніч (кастрычнік 1990 — красавік 1991)
  27. Аляксандар Герасіменка (красавік 1991 — студзень 1995)
  28. Уладзімер Ярмошын (студзень 1995 — люты 2000)
  29. Міхаіл Паўлаў (сакавік 2000 — чэрвень 2009)
  30. Мікалай Ладуцька (чэрвень 2010 — лістапад 2014)
  31. Андрэй Шорац (лістапад 2014 — лістапад 2018)
  32. Анатоль Сівак (лістапад 2018 — верасень 2020)
  33. Уладзімер Кухараў (зь верасьня 2020 году)[16]
  1. ^ Кантакты // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2 лістапада 2020 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
  2. ^ Кіраўніцтва // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 30 верасьня 2021 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
  3. ^ а б в г д е ё Статут гораду // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 23 студзеня 2019 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
  4. ^ Камітэты // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2021 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
  5. ^ Управы // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2021 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
  6. ^ Служба «адно акно» // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2021 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
  7. ^ Заводзкі раён
  8. ^ Кастрычніцкі раён
  9. ^ Ленінскі раён
  10. ^ Маскоўскі раён
  11. ^ Партызанскі раён
  12. ^ Першатравенскі раён
  13. ^ Савецкі раён
  14. ^ Фрунзэнскі раён
  15. ^ Цэнтральны раён
  16. ^ Кіраўнікі гораду (з 1879 году) // Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, 2 лістапада 2020 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць