Трокі

места ў Летуве
(Перанакіравана з «Тракай»)

Тро́кі (лет. Trakai) — места ў Летуве, сярод Троцкіх азёраў. Адміністрацыйны цэнтар Троцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва на 2010 год — 5266 чалавек. Знаходзяцца за 28 км на захад ад Вільні, за 9 км ад чыгуначнага вузла Ляндварова. Вузел аўтамабільных дарог, чыгуначная станцыя.

Трокі
лац. Troki
лет. Trakai
Троцкі замак на высьпе
Троцкі замак на высьпе
Герб Трокаў
Першыя згадкі: 1337
Магдэбурскае права: XV стагодзьдзе
Краіна: Летува
Павет: Віленскі
Плошча: 11,5 км²
Вышыня: 155 м н. у. м.
Насельніцтва (2010)
колькасьць: 5266 чал.
шчыльнасьць: 457,91 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Паштовы індэкс: LT-21001
Геаграфічныя каардынаты: 54°38′0″ пн. ш. 24°56′0″ у. д. / 54.63333° пн. ш. 24.93333° у. д. / 54.63333; 24.93333Каардынаты: 54°38′0″ пн. ш. 24°56′0″ у. д. / 54.63333° пн. ш. 24.93333° у. д. / 54.63333; 24.93333
Трокі на мапе Летувы
Трокі
Трокі
Трокі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.trakai.lt/

Трокі — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся комплекс Новага (на высьпе) і Старога (на паўвысьпе) замкаў вялікіх князёў літоўскіх, Фарны касьцёл, кляштар дамініканаў і караімская кенэса, помнікі архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Мікалая, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Паводле найбольш папулярнай вэрсіі, вядомай з XIX ст., тапонім Трокі ўтварыўся ад балтыйскага trakas — 'вырубка'[1]. Тым часам, на думку беларускага мовазнаўцы Язэпа Лёсіка, гэты тапонім паходзіць ад беларускага слова трокнуцца — 'здагадацца', 'раптам успомніць'[2]. Таксама тлумачэньне назвы места знаходзяць у «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага: ад слова тарокі (у хроніцы ўпамінаецца польск. troki, што адпавядае ст.-бел. тороки, троки[3]) — 'рамяні каля задняй лукі сядла, паляўнічая сетка (дзеля здабычы)'[4], якімі сьвіта і паляўнічыя вялікага князя Гедзіміна мусілі скарыстацца, каб прывесьці ў княскую рэзыдэнцыю вялікую колькасьць дзічыны, напаляванай у гэтай мясцовасьці[5] (сярод іншага, у 1784 годзе адзначалася ваколіца Toroki каля Вількаміру[6]). Тым часам ў складзенай на аснове гэтага твору беларускамоўнай «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» сьцьвярджаецца, што «Гедзімін збудаваў замак <…> і назваў яго Трокі, для таго, жа што жыва так дваране яка асочніцы і мысьліўцы, кухцікаве і хлапята, зайцаў, лісіц, куніц, і іншага зьверу ў тароках каля ярчакоў прад сабою, за сабою і па старанах навязаўшы, вазілі, зьверу тэж вялікага, ласей, яленей, сарн, поўны вазы многія наклалі», што з улікам ужываньня менавіта поўнагалоснай формы слова «тарокі» дазваляе меркаваць пра вылучэньне выразу «жыва так» і повязь з германскімі мовамі (як і ў выпадку Кернава, Эйраголы, Юрбарку ды пэўных іншых старажытных паселішчаў ліцьвінаў) — ад гоцкага þroc ― 'імклівасьць, спрытнасьць'[7].

Паводле летапіснага сьведчаньня, у сярэдзіне XV ст. цьвярскі князь Барыс Аляксандравіч збудаваў на Вялікім возеры — за 50 км на паўночны ўсход ад Цьверы, сярод балота Аршынскага моху (за ракой Воршай(ru)) — замак з назвай Трокі[8]: «заложи… город среди езера и нарекы ему Троки»[9].

«Lexicon universale historico-geographico-chronologico-poetico-philologicum» 1677 году паведамляў, што на мове народа Літвы места мае назву Трокі (Troki)[a]. У 1721 годзе кашталян троцкі Ян Фрыдэрык Сапега, апісваючы гісторыю места Троцкага (лац. Trocensis) у «Monumenta Antiquitatum Marianarum, In Imagine Vetustissima, vulgo Gregoriana», таксама адзначаў, што «на мясцовай мове места завецца Трокамі» (Troki)[b].

Паводле адной з вэрсіяў, назва вёскі Тракеляў на гістарычнай Лідчыне мае зьвязак з Трокамі і перакладаецца як «маленькія Трокі»[12].

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: писан оу Торокох (22 ліпеня 1440 году)[13].

Гісторыя

рэдагаваць
 
Герб Троцкага княства

Полацкае княства

рэдагаваць
 
Замкі. Т. Макоўскі, 1600 г.

Паводле паданьня, Трокі ў 1045 годзе заснаваў Яраслаў, сын полацкай князёўны Рагнеды і князя кіеўскага Ўладзімера. Пазьней паселішча разам з замкам стала паляўнічай рэзыдэнцыяй нашчадкаў князёўны Рагнеды[14].

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Вітаўт Вялікі

Па сьмерці вялікага князя Гедзіміна (1341 год) Трокі перайшлі да Кейстута, які пачаў менавацца князем троцкім і жамойцкім. Сваю сталіцу ён перанёс на выспу, дзе заснаваў Новыя Трокі. Паступова прыдомак «Новыя» страціўся і за папярэднім паселішчам замацавалася назва Старыя Трокі, а за кейстутавай сталіцай проста — Трокі.

 
Агульны выгляд, 1846 г.

У XIV стагодзьдзі ў Троках збудавалі замкі на высьпе і паўвысьпе. 2 чэрвеня 1377 году[15] крыжакі спрабавалі ўзяць фартэцыю, але безвынікова. Крыжацкая хроніка пад 1367, 1372 і 1391 гадамі менавала Трокі і Коўну землямі Русі (in Rusiam)[16]. У 1384 годзе вялікі князь Вітаўт, на жаданьне сваёй жонкі Ўльяны, вылучыў тут зямлю манастыру Раства Багародзіцы. Гэты манастыр (у статусе архімандрыі) упамінаецца ў пісьмовых крыніцах да XVIII ст. Пазьней Сапегі збудавалі ў Троках мураваную Юраўскую царкву (існавала ў 1630 годзе). У пачатку XVIII ст. упамінаецца старажытная Траецкай царква, а таксама месцы, дзе стаялі цэрквы Нараджэньня Хрыстова і Сьвятога Мікалая.

 
Герб Троцкага ваяводзтва

У канцы XIV ст. Трокі зазначаюцца ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх»: «Трокы старыи каменны. А Новые Трокы на езере две стены камены. А вышние древян. А в острове камен». 11 верасьня 1393 году Вітаўт з дапамогаю крыжакоў захапіў замкі і ўтрымліваў іх 2 месяцы. У 1387 годзе Ягайла пацьвердзіў свайму брату Скіргайлу права валодаць Троцкім княствам. Згодна з Востраўскім пагадненьнем 1392 году места перайшло ў склад уладаньняў Вітаўта. У 1402—1403 гадох у Троках пасяліліся 383 радзіны выхадцаў з Крыму — караімаў, а пазьней і крымскіх татараў. У 1405 годзе вялікі князь Вітаўт заснаваў у Старых Троках бэнэдыктынскі кляштар, а ў 1409 годзе ў Новых Троках — касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, якому паводле паданьня перадаў цудоўны абраз, падарунак імпэратара бізантыйскага Мануіла II Палеалога[17].

У 1413 годзе Трокі сталі сталіцай ваяводзтва і павету. Паводле некаторых зьвестак, у пачатку XV ст. вялікі князь Вітаўт надаў месту Магдэбурскае права[14] (у 1444 годзе мескія правы пацьвердзіў вялікі князь Казімер). У 1430 годзе тут адбыўся сход манархаў Эўропы з нагоды меркаванай каранацыі Вітаўта[18], аднак 27 лістапада вялікі князь памёр у замку. У 1440 годзе ў Троках забілі Жыгімонта Кейстутавіча. У 1469 годзе вялікі князь Казімер запрасіў у места бэнэдыктынаў славянскага абраду з паўднёва-славянскіх зямель[19]. У 1516 годзе Трокі атрымалі прывілей на 2 кірмашы штогод. У канцы XVI ст. тут праходзілі сэсіі Галоўнага Трыбуналу. У 1617 годзе ў Троках заснавалі кляштар бэрнардынаў, у 1638 годзе — манастыр базылянаў.

Захавалася меркаванае сьведчаньне азначэньня жыхароў Трокаў і ваколіцаў ліцьвінамі: «литвин Петрушка Янов… шляхтич… Троицкого повету» (1632 год)[20]. У матрыкуле Гайдэльбэрскага ўнівэрсытэту пад 1591 годам значацца Johannes Hlebowicz in Dambrowna, Lituanus. Nicolaus Hlebowicz in Dambrowna, palatinus Trocensis, Lituanus[21].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1665 годзе места спалілі маскоўскія захопнікі. У 1678 годзе ў Троках пачаў дзеяць кляштар дамініканаў. 4 верасьня 1718 году адбылася ўрачыстастая каранацыя мясцовага абраза Маці Божай.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Трокі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе сталі цэнтрам павету Віленскай губэрні. У 1839—1842 гадох Трокі мелі статус заштатнага места. 18 сакавіка 1860 году зьявіўся праект расейскага мескага гербу «ў залатым полі чырвоная брама зь вежамі па бакох; над імі два чырвоныя скрыжаваныя мечы». На 1880 год у Троках было 178 будынкаў (зь якіх 3 мураваныя), 39 крамаў, 1 двухклясная школа; сакральныя будынкі практычна ўсяго спэктру вызнаньняў. У пачатку XX ст., паводле этнаграфічнай мапы, складзенай Яўхімам Карскім, на захадзе ад Трокаў праходзіла мяжа расьсяленьня беларусаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Трокі занялі войскі Нямецкай імпэрыі

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Трокі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1920 годзе яны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Віленскім павеце Віленскага ваяводзтва.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году Трокі занялі савецкія войскі. 10 кастрычніка 1939 году, згодна зь летувіска-савецкай дамовай, бальшавікі перадалі места ў склад Летувы. У чэрвені 1941 — ліпені 1944 году Трокі знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1955—1962 гадох праводзілася маштабная рэканструкцыя Троцкага замка.

У 1994 годзе ўтварылася Беларускае таварыства Троцкага раёну (узначальвае М. Рулінскі)[22].

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XIX стагодзьдзе: 1870 год — 2191 чал.; 1880 год — 2174 чал., зь іх паводле веры 900 каталікоў, 224 праваслаўныя, 8 раскольнікаў, 2 эвангелісты, 2 кальвіністы, 585 юдэяў, 434 караімы, 19 мусульманаў; паводле стану 278 шляхты, 12 духоўнага стану, 30 ганаровых грамадзянаў, 1631 мяшчанін, 12 сялянаў, 206 вайскоўцаў і 5 іншых станаў[23]; 1897 год — 2800 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1901 год — 2390 чал., зь іх 746 каталікоў, 309 праваслаўных, 3 лютэраніны, 818 юдэяў, 424 караімы, 90 мусульманаў[24]; 1921 год — 1587 чал.; 1939 год — 3,1 тыс. чал.; 1959 год — 3,1 тыс. чал.; 1970 год — 4691 чал.; 1976 год — 6 тыс. чал.; 1979 год — 5763 чал.; 1989 год — 6703 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 6,1 тыс. чал.[25]; 2007 год — 5406 чал.; 2010 год — 5266 чал.

Адукацыя

рэдагаваць

У Троках працуюць гімназія Вітаўта Вялікага, сярэдняя і пачатковая школа.

Культура

рэдагаваць

Дзеюць бібліятэка і тэатар.

Эканоміка

рэдагаваць

Прадпрыемствы харчовай і мясцовай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Інфраструктура

рэдагаваць

Трокі — буйны турыстычны цэнтар. У месьце працуюць некалькі музэяў. Дзее ляндшафтавы заказьнік.

Славутасьці

рэдагаваць

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Кляштар бэрнардынаў (ХVІІ ст.)
  • Сынагога

Месты-сябры

рэдагаваць
Пералік местаў-сяброў Трокаў
  1. ^ лац. «Troca, vulgo Troki, urbs Lithuaniæ...»[10]
  2. ^ лац. «Lingva patria Troki vocantur»[11]
  1. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 378.
  2. ^ Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы. — Менск, 2016. С. 17.
  3. ^ ГСБМ. Вып. 34. — Менск: Беларуская навука, 2014. С. 31.
  4. ^ ЭСБМ. Т. 13. — Менск: Беларус. Навука, 2010. С. 244.
  5. ^ Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi Maciejá Stryjkowskiego. — Warszawa, 1846. S. 369.
  6. ^ Ukmergės dekanato vizitacija 1784 m. Fontes Historiae Lituaniae. Wol. VIII. — Vilnius, 2009. P. 94.
  7. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 31.
  8. ^ На Вялікім возеры шукалі «цвярскія Трокі», Svajksta, 12 траўня 2015 г.
  9. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 671.
  10. ^ «Lexicon universale historico-geographico-chronologico-poetico-philologicum. — Basileae, 1677. P. 493.
  11. ^ Sapieha J. F. Monumenta Antiquitatum Marianarum, In Imagine Vetustissima, vulgo Gregoriana. — Varsav. Soc. Jesu, 1721. P. 30.
  12. ^ Культавічанка П. Беларуская нацыянальная айканімія // Наша Ніва. 30 лістапада 1999 г.
  13. ^ Jaworski R. Z najdawniejszych dokumentów do dziejów domeny Radziwiłłowskiej // Studia Źródłoznawcze = Commentationes. T. 39, 2001. S. 113.
  14. ^ а б Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 244.
  15. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 667.
  16. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 55.
  17. ^ Ярашэвіч А. Троцкі абраз Маці Божай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 669.
  18. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 668.
  19. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 179.
  20. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 434.
  21. ^ Die Matrikel der Unversität Heidelberg. Th. 2. — Heidelberg, 1886. S. 153.
  22. ^ Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў (Мінск, 21—25 мая, 4—7 снеж. 2000 г.) / Уклад. Т. Пятровіч; рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Менск: «Беларускі кнігазбор», 2001. — 312 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 17). ISBN 985-6638-15-1.
  23. ^ Krzywicki J. Troki // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 485.
  24. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  25. ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 499.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць