Востраўскае пагадненьне
Во́страўскае пагадне́ньне (па-польску: Ugoda w Ostrowie) — дамова паміж Каралём Польшчы Ягайлам і князем гарадзенскім і троцкім Вітаўтам, падпісаная ў 1392 годзе ў маёнтку Востраў непадалёк ад Ліды. Паводле пагадненьня Вітаўт атрымліваў у карыстаньне землі Троцкага княства, а таксама станавіўся вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім, але прызнаваў сябе васалам караля Ягайлы. Пагадненьне адзначыла канчатак Грамадзянскай вайны ў Літве.
Востраўскае пагадненьне | |
Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае ў 1386—1434 гадах | |
Тып дамовы | мірная дамова |
---|---|
Падпісаная | 4 жніўня 1392 |
· месца | Востраў каля Ліды, Вялікае Княства Літоўскае |
· умовы | Перадача Вітаўту пасады Вялікага князя літоўскага |
Тэрмін дзеяньня | пажыцьцёвы |
Страціла моц | 27 кастрычніка 1430 |
Падпісанты | Вітаўт Ягайла |
Статус | Нядзейнае |
Перадумовы
рэдагавацьУ канцы 1380-х гадоў разгарэўся і выліўся ў адкрыты канфлікт паміж Гарадзенскім князем Вітаўтам і князем Скіргайлам (братам Ягайлы) і намесьнікам апошняга. Скіргайла валодаў Трокамі, вотчынай Кейстута і Вітаўта, якую Ягайла пасьля першай вайны абяцаў вярнуць уладальніку. Шматлікія літоўскія баяры былі незадаволеныя ростам польскага ўплыву ў іх краіне[1]. На ўмовах перадачы тэўтонцам Жамойці Вітаўт заручыўся падтрымкай Ордэну. Сумесныя атрады правялі шэраг вайскоўцаў кампаній у Літве, самая буйная зь якіх адбылася ў пачатку 1390 году, калі Вітаўт амаль пяць тыдняў абложваў Вільню[2]. Тэўтонцы разбурылі Крывы замак, які ўжо ніколі ня быў адбудаваны, а таксама зьнішчылі амаль усе збудаваньні за межамі гарадзкой сьцяны, аднак, горад узяць не атрымалася. Неўзабаве стала ясна, што ніводзін з бакоў ня мае відавочнай перавагі, а пастаянныя вайсковыя паходы толькі руйнуюць літоўскую зямлю. Тым часам, польская шляхта пачала выяўляць незадаволенасьць тым, што Кароль Уладзіслаў Ягайла надае залішне шмат увагі літоўскім справам, а таксама таму, што дагэтуль не была выканана ўмова Крэўскай уніі — поўнае хрышчэньне Літвы ў каталіцкую веру[3]. Паміж Ягайлам і Вітаўтам пачаліся перамовы.
Перамовы і пагадненьне
рэдагавацьПерамовы
рэдагавацьЯшчэ ўвесну 1392 году Ягайла паслаў да Вітаўта свайго прадстаўніка біскупа плоцкага Генрыха Мазавецкага для абмеркаваньня ўмоў міру. Ягайла прапанаваў саступіць Вітаўту тытул Вялікага князя літоўскага, калі той прызнае яго вярхоўным кіраўніком Літвы[4]. Вітаўт прыняў прапанову Ягайлы не адразу, верагодна гэта адбылося з-за таго, што шматлікія яго сваякі і набліжаныя знаходзіліся ў Ордэне ў якасьці закладнікаў. Пасьля таго, як дамова ўпотай была дасягнута, Вітаўт запрасіў тэўтонскіх рыцараў на сьвята ў сваю рэзыдэнцыю — замак Рыттэрсвэрдер, які знаходзіўся на высьпе на Нёмне[4]. Большасьць нічога не падазраваўшых гасьцей Вітаўта былі ўзятыя ў палон, пасьля чаго літоўскі князь спаліў гэты замак, а таксама Мэттэнбург, Нойгартэн (каля Горадні) і іншыя драўляныя замкі, збудаваныя рыцарамі падчас паходу на Вільню[5]. Падчас гэтай кампаніі ў палон да Ордэну патрапіў брат Вітаўта Жыгімонт, які знаходзіўся пры двары Вялікага магістра аж да падпісаньня Салінскай дамовы у 1398 годзе[6].
Падпісаньне дамовы
рэдагаваць4 ліпеня 1392 году адбылася сустрэча Ягайлы і Вітаўта ў маёнтку Востраў каля Ліды. Там і пачаліся афіцыйныя перамовы, вынікам якіх стала пагадненьне, якое фармальна завяршыла вайну. Вітаўт быў прызнаны Вялікім князем літоўскім, яму была вернута ягоная вотчына — Троцкае княства. Скіргайла атрымаў у валоданьне Кіеўскае княства, дзе і сканаў празь 5 год[7]. Вітаўт, які зараз насіў тытул «Вярхоўны князь літоўскі» фармальна прызнаў Ягайлу сваім сюзэрэнам. Таксама Вітаўт паабяцаў, што пасьля ягонай сьмерці зямлі Вялікага Княства стануць уласнасьцю караля Польшчы.
Наступствы
рэдагавацьВостраўска пагадненьне было ратыфікавана ў шэрагу дамоў, складзеных паміж Польшчай і Літвой, а таксама шэрагу дакумэнтаў, падпісаных жонкай Вітаўта Ганнай і жонкай Ягайлы Ядзьвігай. Пагадненьне спрыяла ўмацаваньню цэнтралізаванай улады ў літоўскай дзяржаве[8]. Вітаўт апынуўся залежным ад Ягайлы толькі фармальна. Больш таго, па запэўненьні некаторых дасьледнікаў, Ягайла сам быў у залежнасьці ад Вітаўта — больш здольнага і папулярнага кіраўніка[9]. Неўзабаве Вітаўт зрынуў некаторых братоў Ягайлы (сваіх стрыечных братоў) зь іх княжаньняў: Скіргайла пазбавіўся Трокаў і Вільні (наўзамен пасьля атрымаў княжаньне ў Кіеве), Сьвідрыгайла быў выгнаны зь Віцебску, Карыбут — з Ноўгарада-Северскага, Уладзімер — з Кіеву. Пазбавіліся валадарстваў і іншыя князі-Гедзімінавічы: падольскі князь Фёдар Карыятавіч і Фёдар Любартавіч.
Пагадненьне адзначыла канчатак амаль паўвекавой вайны за галіцка-валынскую спадчыну, у якой з 1340 па 1392 год Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае змагаліся спачатку адзін з адным, даказваючы правамоцнасьць сваіх дамаганьняў на Галіцкі пасад, а затым, пасьля Крэўскай уніі 1385 году, сумесна супраць валынскага князя Фёдара Любартавіча. У 1387 годзе Ягайла адабраў у Фёдара Луцк, а ў 1390 годзе — Уладзімер. Па ўмовах дамовы ў Востраве Галічына, Груд і Белз адыходзілі да Польшчы, а Валынь, Луцак і Уладзімер — да Літвы. Галіцка-Валынскае княства перастала існаваць.
У 1398 годзе на зборы шляхты літоўскай і рускай князі і баяры абвясьцілі Вітаўта самастойным кіраўніком дзяржавы. Аднак параза ў бітве на Ворскле ад татараў хана Тымура Кутлуга ў 1399 годзе, дзе Вітаўт ледзь не патануў і страціў амаль усё войска, паслабіла ягоныя пазыцыі[7]. Акрамя таго, пачаліся паўстаньні ў Смаленскам княстве, а таксама ў Наўгародзкай і Пскоўскай рэспубліках[10]. У гэтых умовах Вітаўт быў змушаны пацьвердзіць вярхоўную ўладу Ягайлы, пайдучы на складзеньне Віленска-Радамскай уніі[3].
Тым ня менш, Вітаўт працягваў палітыку па ўзмацненьню дзяржавы. Ён замяняў князёў на месцах сваімі намесьнікамі, дамогся посьпехаў на ўсходзе: межы Вялікага Княства Літоўскага дайшлі да вярхоўяў Акі і да Мажайску, ён адабраў у татараў Паўднёвую Падолію, склаў саюзы з цьвярскім, разанскім і пронскім князямі. Зяць Вітаўта Васіль I Дзьмітрыевіч па завяшчаньні, складзенаму ў 1423 годзе, пакінуў яго рэгентам[a] пры малалетнім Вялікім Князю Маскоўскім Васілю II[11].
Умацаваньню аўтарытэту Вітаўта спрыяла перамога ў Грунвальдзкай бітве і вяртаньне Жамойці па ўмовах Торуньскага міру 1411 году. Палітыка Вітаўта была ацэненая па заслугах эўрапейскімі кіраўнікамі на зьезьдзе ў Луцку ў студзені 1429 году[12]. Імпэратар Жыгімонт Люксембурскі прапанаваў Вітаўту прыняць каралеўскую карону, на што ён адказаў згодай. Перамовы ішлі таемна, бо палякі былі катэгарычна супраць узмацненьня Вітаўта. Нават Ягайла быў згодзен на каранаваньне, заявіўшы, што пасьля сьмерці Вітаўта карона пяройдзе да аднаго зь ягоных сыноў, бо ў Вітаўта не было спадчыньнікаў мужчынскай стаці[12]. Незадоўга да каранаваньня, 27 кастрычніка 1430 году Вітаўт нечакана сканаў у Троках[12].
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Рэ́генцтва (па-лацінску: regens, «той, хто кіруе») — часовае ажыцьцяўленьне паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы калегіяльна (рада рэгентаў) ці аднаасобна (рэгент) пры малых гадах, хваробе, адсутнасьці манарха.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Jakštas, Juozas. «Lithuania to World War I». In Albertas Gerutis. Lithuania: 700 Years. translated by Algirdas Budreckis (6th ed.). New York: Manyland Books, 1984. p. 60.
- ^ Turnbull, Stephen. Crusader Castles of the Teutonic Knights, Vol. 2: The Stone Castles of Latvia and Estonia, 1185—1560. Osprey Publishing. pp. 53-54.
- ^ а б Kiaupa Z., Kiaupiene. J., Kunevičius A. The History of Lithuania Before 1795 (English ed.). — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — pp. 135—137. — ISBN 9986-810-13-2.
- ^ а б Koncius J. B. Vytautas the Great, Grand Duke of Lithuania. — Miami: Franklin Press, 1964. — pp. 21-23.
- ^ Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuviu; kataliku; mokslo akademija, 1978. — pp. 307—308.
- ^ Maroszek J. Evidence of a stormy history. My Little Europe (Cross-border Centre for Civil Education and Information in Bia?ystok). — 4: 32.
- ^ а б Stone D. Z. The Polish-Lithuanian State, 1386—1795. — Seattle: University of Washington Press, 2001. — p. 18. — ISBN 0-295-98093-1.
- ^ Gudavičius E.. Lietuvos istorija. Nuo seniausiu; laiku; iki 1569 metu;. — Vilnius: Lietuvos ras(ytoju; sa;jungos leidykla, 1999. — pp. 173—174. ISBN 9986-39-112-1.
- ^ Барбашев А. И. Витовт и его политика до Грюнвальдской битвы (1410 г.). Санкт-Петербург: Типография Н. Н. Скороходова, 1885. С. 10.
- ^ Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuviu; kataliku; mokslo akademija, 1978. — pp. 319.
- ^ Зимин А. А. ВіцязьВитязь на распутье: феодальная война в России XV в. — Москва: Мысль, 1991. — С. 30. — 286 с — ISBN 5-244-00518-9.
- ^ а б в Барбашев А. И. Очерки литовско-русской истории XV века. Витовт. Последние двадцать лет княжения (1410—1430). — Санкт-Петербург: Типография Н. Н. Скороходова, 1891. — С. 239—261. — 341 с.
Літаратура
рэдагаваць- Барбашев А. И. Витовт и его политика до Грюнвальденской битвы (1410 г.) — СПб.: Типография Н. Н. Скороходова, 1885.
- Koncius J. B. Vytautas the Great: Grand Duke of Lithuania. — Vol. 1. — Maiami: Franklin Press, 1964. — 211 p.