Міжнародны саюз электрасувязі

спэцыялізаваная агенцыя ААН

Міжнаро́дны зьвя́з электрасу́вязі — міжнародная арганізацыя, заснаваная 17 траўня 1865 году ў Парыжы (Францыя) 20 дзяржавамі мацерыковай Эўропы пад назовам Міжнародны тэлеграфны саюз[3] для забесьпячэньня хутчэйшай перадачы паведамленьняў[4]. З 1934 г. мае сучасны назоў[5]. З 1948 г. галаўная сядзіба месьціцца ў Жэнэве (Швайцарыя). Выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасьці 6 службовых моваў (ангельскую, арабскую, гішпанскую, кітайскую, расейскую і францускую).

Міжнародны саюз электрасувязі
анг. International Telecommunication Union

Галоўная сядзіба ў Жэнэве
Абрэвіятура МСЭ
Дэвіз Адданы злучэньню сьвету
Дата ўтварэньня 17 траўня 1865 (159 гадоў таму)
Тып Міжурадавая
Юрыдычны статус Міжнародная арганізацыя
Мэта Пашырэньне даступнасьці сувязі
Месцазнаходжаньне Жэнэва, Швайцарыя
Дзейнічае ў рэгіёнах 90 краінаў (2018 г.)
Сяброўства 193 дзяржавы (2018 г.)
Афіцыйныя мовы ангельская, арабская, гішпанская, кітайская, расейская, француская
Генэральны сакратар Хоўлінь Чжао(en)
Кіроўны орган Рада
Матчына кампанія Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў
Бюджэт 150,229 млн швайцарскіх франкаў[1] (2016 г.; $152,517 млн)[2]
Колькасьць супрацоўнікаў 700 (2018 г.)
Сайт itu.int
Колішняя назва Міжнародны тэлеграфны саюз (да 1 студзеня 1934 г.)

На 2018 год Міжнародны саюз электрасувязі ўлучаў:

Абавязкі

рэдагаваць

Паводле 2-га Пункта 1-га Артыкула Статута, на МСЭ ўскладаліся абавязкі:

  1. разьмяркоўваць палосы радыёчастотнага спэктру, вылучаць радыёчастасьці і ўлічваць радыёчастотныя прысваеньні і арбітальнае разьмяшчэньне спадарожнікаў для пазьбяганьня перашкодаў між радыёстанцыямі розных краінаў;
  2. узгадняць намаганьні ў пераадоленьні перашкодаў між радыёстанцыямі розных краінаў і ў паляпшэньні выкарыстаньня спэктру радыёчастасьцяў і спадарожнікавых арбітаў;
  3. спрыяць міжнароднаму стандартызаваньню электрасувязі задавальняльнай якасьці;
  4. заахвочваць міжнародную тэхнічную дапамогу разьвіцьцёвым краінам у стварэньні, разьвіцьці і ўдасканаленьні абсталяваньня і сетак электрасувязі;
  5. узгадняць намаганьні разьвіцьця касьмічных сродкаў электрасувязі дзеля поўнага выкарыстаньня іх магчымасьцяў;
  6. заахвочваць дзяржавы-ўдзельніцы да ўстанаўленьня найменшых цэнаў на паслугі, сумяшчальных зь іх выніковасьцю, з улікам патрэбы захаваньня незалежнага фінансавага кіраваньня электрасувязьзю;
  7. садзейнічаць захадам аховы жыцьця шляхам супрацы службаў электрасувязі;
  8. праводзіць дасьледаваньні, устанаўліваць правілы, прымаць пастановы, выказваць парады і меркаваньні, зьбіраць і выдаваць зьвесткі датычна электрасувязі;
  9. садзейнічаць выдачы міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі выгадных, ільготных пазыкаў на пашырэньне паслугаў электрасувязі ў найбольш адасобленых мясцовасьцях краінаў[8].

Кіраваньне

рэдагаваць
 
Паштовая марка СССР зь лягатыпам МСЭ (1990 г.)
  • Нарада. Складаецца з прадстаўнікоў усіх дзяржаваў-удзельніцаў. Склікаецца аднойчы на 4 гады. Вызначае памежны памер выдаткаў каштарысу і заробкі супрацоўнікаў. Абірае склад Рады, генэральнага сакратара, яго намесьніка, кіраўнікоў Бюро трох Аддзелаў, сябраў Радыёпрадпісальнай управы.
  • Рада. Налічвае да 1/4 прадстаўнікоў усіх дзяржаваў-удзельніцаў. Склікаецца штогод. Наглядае за выдаткамі Сакратарыяту і трох Аддзелаў. Штогод абірае сабе старшыню і яго намесьніка. Ухваляе 2-гадовы каштарыс і лік супрацоўнікаў. Пасылае дзяржавам-удзельніцам справаздачу аб сваім пасяджэньні праз 30 дзён пасьля яго сканчэньня.
  • Сакратарыят. Узначальваецца генэральным сакратаром, які прызначае супрацоўнікаў. Выконвае пастановы Нарады і Рады. Складае штогадовую справаздачу перад Радай[8].

Удзельнікі

рэдагаваць

Першапачаткова Саюз заснавалі ўрады 20 дзяржаваў Эўропы: Асманская імпэрыя, Аўстрыйская імпэрыя, Баварыя, Бадэн(de), Бэльгія, Вюртэмбэрг, Гамбург, Гановэр, Гішпанія, Грэцыя, Данія, Італія, Нідэрлянды, Партугалія, Расейская імпэрыя, Швайцарыя, Швэдзка-нарвэская ўнія, Прусія, Саксонія і Францыя[4]. У 1868 г. далучыліся тэлеграфныя службы Ангельшчыны (Брытанскай Індыі), Люксэмбургу, Пэрсіі і Сэрбіі[9]. У 1906 г. лік урадаў-удзельнікаў вырас да 27: далучыліся Аргентына, Баўгарыя, Бразылія, ЗША, Манака, Мэксыка, Румынія, Уругвай, Чылі і Японія[10]. На 1932 г. колькасьць дзяржаваў-удзельніцаў дасягнула 57[5]. У 1947 г. лік урадаў-удзельнікаў вырас да 64, у тым ліку далучыўся ўрад Беларускай ССР[11]. На 1982 г. лік урадаў-удзельнікаў дасягнуў 132[12]. На 2015 г. МСЭ налічваў 193 урады-ўдзельнікі.

Беларусь

рэдагаваць

У 1947 г. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стала дзяржавай-удзельніцай МСЭ. 2 кастрычніка 1947 г. ў Атлантык-Сіці(en) (штат Нью-Джэрзі, ЗША) Міжнароднае пагадненьне аб электрасувязі падпісаў ад БССР Леанард Касьцюшка[11]. 30 кастрычніка 2002 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь Пастановай № 1504 «Аб супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь зь міжнароднымі арганізацыямі» прызначыў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь галоўным ведамствам для супрацы з МСЭ[13].

Мінуўшчына

рэдагаваць

17 траўня 1865 г. ў Парыжы, пасьля 2,5 месяцаў перамоваў, прадстаўнікі 20 дзяржаваў мацерыковай Эўропы падпісалі Міжнароднае тэлеграфнае пагадненьне. Артыкул 2 Пагадненьня прадпісваў пастаянную, кругласутачную і безупынную перадачу паведамленьняў між сталіцамі. Звычайныя аддзяленьні мелі штодня падаваць паслугі сувязі цягам 13 гадзінаў (8:00—21:00 паводле мясцовага часу). Артыкул 3 прадугледжваў выкарыстаньне азбукі Морзэ для перадачы паведамленьняў. Арт. 11 згадваў першачарговасьць перасылкі паведамленьня: 1) дзяржаўнае, 2) службовае, 3) прыватнае. Арт. 18 прадугледжваў зьнішчэньне паведамленьня пры адсутнасьці атрымальніка звыш 6 тыдняў. Арт. 21 прадпісваў захоўваць перасланыя паведамленьні цягам году. Арт. 27 дапускаў перасылку паведамленьня ў адразу некалькі месцаў і некалькім асобам. Артыкул 62 прадугледжваў набыцьцё моцы Пагадненьнем 1 студзеня 1866 году[4].

21 ліпеня 1868 г. ў Вене (Аўстра-Вугоршчына) Міжнародная тэлеграфная нарада, што пачалася 12 чэрвеня, пастанавіла ўтварыць да 1 студзеня 1869 г. Міжнароднае бюро тэлеграфных кіраўніцтваў[9], якое заснавалі з трох асобаў у Бэрне (Швайцарыя). Кіраўнік Бюро прызначаўся ўрадам Швайцарыі (да канца 1947 г.). У 1885 г. ў Бэрліне (Нямецкая імпэрыя) Міжнародная тэлеграфная нарада абмежавала ў Тэлеграфных правілах працягласьць тэлефанаваньня 10 хвілінамі пры наяўнасьці іншых запытаў на выкарыстаньне тэлефоннай лініі. 3 лістапада 1906 г. ў Бэрліне (Нямецкая імпэрыя) прадстаўнікі 27 дзяржаваў падпісалі Міжнароднае радыётэлеграфнае пагадненьне[10]. Таксама нарада зацьвердзіла «СОС» (лац. SOS) у якасьці міжнароднага марскога знака бедзтва для сувязі пры здарэньні. 1 траўня 1907 г. пачаў працу Радыётэлеграфны аддзел Бюро.

5 ліпеня 1912 г. ў Лёндане (Ангельшчына) Міжнародная радыётэлеграфная нарада зацьвердзіла агульную даўжыню радыёхвалі для знака бедзтва ад караблёў. Артыкул 21 папраўленага Пагадненьня, якое набыло моц 1 ліпеня 1913 г., забавязаў найперш перадаваць знак бедзтва і нават спыняць для таго ўсе іншыя паведамленьні[14]. 27 лістапада 1927 г. ў Вашынгтоне (ЗША) Нарада разьмеркавала палосы радыёчастасьцяў між наземнымі, марскімі, паветранымі, вяшчальнымі, аматарскімі і досьледнымі службамі[15]. 9 сьнежня 1932 г. ў Мадрыдзе (Гішпанія) прадстаўнікі 57 дзяржаваў падпісалі Міжнароднае пагадненьне аб электрасувязі, што набыло моц 1 студзеня 1934 году і зьмяніла назоў арганізацыі на Міжнародны саюз электрасувязі. Артыкул 21 Пагадненьня дапусьціў выкарыстаньне ангельскай мовы пры абмеркаваньні поруч з францускай[5].

У жніўні 1947 г. ў вёсцы Лэйк-Саксэс(en) (акруга Насаў(en), шт. Нью-Ёрк, ЗША) МСЭ падпісаў пагадненьне аб ператварэньні ва ўстанову ААН, што набыло моц 1 студзеня 1949 году. 2 кастрычніка 1947 г. ў Атлантык-Сіці(en) (штат Нью-Джэрзі, ЗША) 64 дзяржавы-ўдзельніцы, у тым ліку Беларуская ССР, ухвалілі папраўленае Міжнароднае пагадненьне аб электрасувязі, што набыло моц 1 студзеня 1949 году. Бюро стала называцца Сакратарыятам, а яго кіраўнік генэральным сакратаром, якога цяпер мела выбіраць Нарада. Артыкул 2 Пагадненьня вызначыў Жэнэву ў якасьці сядзібы Саюза. Артыкул 4 дадаў да ўстановаў Саюза: Раду (з 18 абраных Нарадай прадстаўнікоў), Частасьце-ўліковую ўправу і 3 дарадчыя камітэты (радыё, тэлефон і тэлеграф). Артыкул 10 прадугледжваў скліканьне Нарады аднойчы на 5 гадоў. Артыкул 15 дазволіў абмеркаваньне на 3 мовах (ангельскай, гішпанскай і францускай) з апорай на францускі тэкст у спрэчцы. Пастановы Нарады і службовыя паперы мелі выдавацца Сакратарыятам на 5 мовах: ангельскай, гішпанскай, кітайскай, расейскай і францускай[11]. У 1948 г. сядзібу перанесьлі ў Жэнэву. У 1949 г. ўхваляюцца першыя правілы перадачы тэлебачаньня. У 1963 г. Нарада МСЭ разьмеркавала радыёчастасьці ў космасе. У наступным пачалося разьмеркаваньне арбітальнай прасторы для спадарожнікаў. 6 лістапада 1982 г. ў Найробі (Кенія) Нарада 132 дзяржаваў-удзельніцаў МСЭ папраўкай у Пагадненьне дадала 6-й мовай абмеркаваньня і выданьня пастановаў арабскую (Арт. 16)[12]. У 1983 г. Нацыянальная акадэмія тэлевізійных мастацтваў і навук ЗША(en) (НАТМН ЗША; Нью-Ёрк) упершыню надала МСЭ Тэхналягічна-інжынэрную ўзнагароду «Эмі» за спрыяньне міжнароднаму вяшчаньню (наступныя ў 2008 і 2012 гг.).

22 сьнежня 1992 г. ў Жэнэве падпісалі новы Статут МСЭ і Пагадненьне аб МСЭ. Таксама ў 1992 г. разьмеркавалі частасьці для спадарожнікавай мабільнай тэлефаніі. У 1993 г. Нарада МСЭ разьмеркавала радыёчастасьці для сотавай сувязі 2-га пакаленьня (2G). У 1994, 1998, 2002, 2006 і 2010 гг. Нарада МСЭ ўхваліла папраўкі да Статута і Пагадненьня[16]. У 2000 г. Нарада МСЭ ўхваліла патрабаваньні да сотавай сувязі 3-га пакаленьня (3G) пад назовам Міжнародная рухомая сувязь 2000 (МРС-2000), што дазволіла забясьпечыць адзіны парадак перадачы зьвестак між сотавымі сеткамі і Сецівам. У 2012 г. Сход МСЭ па радыёсувязі зацьвердзіў патрабаваньні да сотавай сувязі 4-га пакаленьня пад назовам Перадавая міжнародная рухомая сувязь (Перадавая МРС), што дазволіла аказваць узаемадзейныя сотавыя паслугі. У 2014 годзе каштарыс МСЭ склаў 166,311 млн швайцарскіх франкаў[17] (2014; $181,701 млн[18]).

Кіраўнікі

рэдагаваць
 
Люі Кюршо, 1-ы кіраўнік
 
Эміль Фрэй, 6-ы кіраўнік (1891)
 
Амадун Турэ, 18-ы ген. сакратар (2010)
 
Хоўлінь Чжао, 19-ы ген. сакратар (2015)
  1. Люі Кюршо(en) (1 студзеня 1869 — 24 траўня 1872)
  2. Шарль Ляндзі (24 траўня 1872 — 12 студзеня 1873)
  3. Люі Кюршо (23 лютага 1873 — 18 кастрычніка 1889)
  4. Аўгуст Фрэй (25 лютага — 28 чэрвеня 1890)
  5. Тымаці Ротэн (25 лістапада 1890 — 11 лютага 1897)
  6. Эміль Фрэй(de) (11 сакавіка 1897 — 1 жніўня 1921)
  7. Анры Эт’ен (2 жніўня 1921 — 16 сьнежня 1927)
  8. Жозэф Рабэр (1 лютага 1928 — 30 кастрычніка 1934)
  9. Франц Эрнст (1 студзеня 1935 — 31 сьнежня 1949)
  10. Леон Мюляцье (Францыя; 1 студзеня 1950 — 31 сьнежня 1953)
  11. Марко Андара (Аргентына; 1 студзеня 1954 — 18 чэрвеня 1958)
  12. Джэралд Грос (ЗША; 20 чэрвеня 1958 — 29 кастрычніка 1965)
  13. Манохар Сарватэ (Індыя; 30 кастрычніка 1965 — 19 лютага 1967)
  14. Мухамэд Мілі(en) (Туніс; 20 лютага 1967 — 31 сьнежня 1982)
  15. Рычард Батлер (Аўстралія; 1 студзеня 1983 — 31 кастрычніка 1989)
  16. Пэка Тар’янэ (Фінляндыя; 1 лістапада 1989 — 31 студзеня 1999)
  17. Ёшыо Уцумі(en) (Японія; 1 лютага 1999 — 31 сьнежня 2006)
  18. Амадун Турэ(en) (Малі; 1 студзеня 2007 — 31 сьнежня 2014)
  19. Хоўлінь Чжао (Кітай; зь 1 студзеня 2015 г.)[19]
  1. ^ Фінансы (каштарыс за 2018—2019 гады — заплянаваныя выдаткі па галінах) // Пастановы і рашэньні Рады Міжнароднага саюзу электрасувязі за 2017 год = Resolutions and Decisions of the Council of the International Telecommunication Union 2017. — Жэнэва: Міжнародны саюз электрасувязі, 2017. — С. 17. — 269 с. — ISBN 978-92-61-24981-6
  2. ^ Абменны курс за 1 даляр ЗША ў 2015—2017 гадах (0,9850 швайцарскага франка ў 2016 годзе) (анг.) // Швайцарскі нацыянальны банк, 2018 г. Праверана 3 кастрычніка 2018 г.
  3. ^ Аляксей Арэшка. Міжнародны саюз электрасувязі выдзеліць адоранай моладзі Беларусі стыпэндыі на 2009 год // БелаПАН, 3 сакавіка 2009 г. Праверана 2 кастрычніка 2015 г.
  4. ^ а б в Рыхард Мэтэрніх(de), Аўгуст Вэндланд(en), Яўген Бэенс(nl), Эдуар Друэн дэ Луіс(fr), Канстантыно Нігра(it), Леанард Ліхтэнвэльт(nl), Андрэй Будбэрг(ru), ... . Парыскае Міжнароднае тэлеграфнае пагадненьне // Дыпляматычныя дакумэнты Міжнароднай тэлеграфнай нарады ў Парыжы = Documents diplomatiques de la conférence télégraphique internationale de Paris. — Парыж: Імпэрская друкарня, 1865. — С. 1-41. — 321 с.
  5. ^ а б в Герман Гес(de), Люіш Гімараэш(pt), Альфрэд Дзюранлё(fr), Джузэпэ Джанфранчэскі(de), Юджын Сайкс(en), Клеопас Гайгаліс(lt), Жэнаро Эстрада(es), ... . Міжнароднае пагадненьне аб электрасувязі. Мадрыд, 1932 г. = International Telecommunication Convention. Madrid, 1932. — Лёндан: Каралеўская канцылярыя, 1933. — 44 с.
  6. ^ Аддзелы Галоўнага сакратарыяту (анг.) // Міжнародны саюз электрасувязі, 2018 г. Праверана 12 верасьня 2018 г.
  7. ^ Рэгіянальная прысутнасьць (анг.) // Міжнародны саюз электрасувязі, 2018 г. Праверана 12 верасьня 2018 г.
  8. ^ а б Статут. Разьдзел I (анг.) // Міжнародны саюз электрасувязі, 2014 г. Праверана 2 кастрычніка 2015 г.
  9. ^ а б Фрэдэрык Голдсьмід(en), ... . Міжнароднае тэлеграфнае пагадненьне, перагледжанае ў Вене // Дакумэнты Міжнароднай тэлеграфнай нарады ў Вене = Documents de la conférence télégraphique internationale de Vienne. — Вена: Імпэрска-каралеўская друкарня Двара і дзяржавы, 1868. — С. 1-48. — 459 с.
  10. ^ а б Рэйнгольд Крэтке(de), Шарлемэйн Таўэр(en), Генры Бабінгтан-Сьміт(en), ... . Міжнароднае радыётэлеграфнае пагадненьне // Дакумэнты Міжнароднай радыётэлеграфнай нарады ў Бэрліне 1906 г. = Documents de la Conférence radiotélégraphique internationale de Berlin, 1906. — Бэрлін: Імпэрская друкарня(de), 1906. — С. 343-351. — 374 с.
  11. ^ а б в Леанард Касьцюшка, ... . Міжнароднае пагадненьне аб электрасувязі = International Telecommunication Convention. — Бэрн: Бюро МСЭ, 1947. — 112 с.
  12. ^ а б Іван Грыцук, ... . Міжнароднае пагадненьне аб электрасувязі = International Telecommunication Convention. — Жэнэва: Галоўны сакратарыят МСЭ, 1982. — С. 16. — 364 с. — ISBN 92-61-01651-0
  13. ^ Міжнародны саюз электрасувязі // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, 2014 г. Праверана 2 кастрычніка 2015 г.
  14. ^ Генры Бабінгтан-Сьміт, ... . Міжнароднае радыётэлеграфнае пагадненьне = International Radiotelegraph Convention. — Лёндан: Каралеўская канцылярыя, 1913. — С. 196. — 217 с. — (Сэрыя дамоваў).
  15. ^ Ота Арэнт(de), Густаў Ялаяс(et), Гэрбэрт Гувэр, ... . Вашынгтонскае Міжнароднае радыётэлеграфнае пагадненьне 1927 году = International Radiotelegraph Convention of Washington, 1927. — 2-ое выд. — Лёндан: Каралеўская канцылярыя, 1929. — 171 с. — (Сэрыя дамоваў).
  16. ^ Міжнародныя арганізацыі // Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, 2014 г. Праверана 2 кастрычніка 2015 г.
  17. ^ Двухгадовы каштарыс Міжнароднага саюза электрасувязі на 2014—2015 гады // Пастановы і рашэньні Рады Міжнароднага саюза электрасувязі за 2014 год = Resolutions and Decisions of the Council of the International Telecommunication Union, 2014 edition. — Жэнэва: Галоўны сакратарыят МСЭ, 2015. — С. 16. — 259 с.
  18. ^ Валютныя курсы (0,9153 франка за даляр на міжбанкаўскім рынку ў 2014 г.)  (анг.) = Foreign exchange rates // Штомесячны статыстычны бюлетэнь : бюлетэнь. — Цюрых: Швайцарскі нацыянальны банк, жнівень 2015. — С. 83. — ISSN 1661-0296.
  19. ^ Былыя і цяперашнія старэйшыя службоўцы (анг.) // Міжнародны саюз электрасувязі, 2015 г. Праверана 2 кастрычніка 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць