Язэп Руцкі
Язэп Руцкі[a] (сьвецкае імя: Іван Велямін-Руцкі, па-польску: Józef Welamin Rucki [1]; 1573 або 1574[2], маёнтак Рута каля Наваградку — 5 лютага 1637, Дэрмань, цяпер Ровенская вобласьць Украіны, быў пахаваны ў Вільні) — царкоўны і грамадзкі дзяяч, пісьменьнік і багаслоў. Стваральнік Ордэна базылянаў сьвятога Язафата, яго першы протаархімандрыт (1617—1621), мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі (з 1613).
![]() Язэп Руцкі | |
![]() Герб «Букраба (Шэліга)» | |
III мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі | |
---|---|
1613 — 1637 | |
Папярэднік | Іпаці Пацей |
Наступнік | Рафал Корсак |
Асабістыя зьвесткі | |
Імя пры нараджэньні | Ян |
Нарадзіўся | 1574 маёнтак Рута каля Наваградку |
Памёр | 5 лютага 1637 Дэрмань, цяпер Ровенская вобласьць Украіны |
Пахаваны | Вільня |
Род | Руцкія |
Бацькі | Фэлікс Руцкі Багуміла з Корсакаў |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар |
Язэп Руцкі — аўтар ідэі стварэньня з Кіеўскай мітраполіі асобнага патрыярхату, які б аб’ядноўваў усіх вернікаў грэцкага абраду (уніятаў і праваслаўных) і быў бы адначасова ў сулучнасьці як з Рымам, так і з Канстантынопалем.
Паходжаньне, адукацыяРэдагаваць
Прадстаўнік шляхецкага роду Велямінаў-Руцкіх гербу «Букраба (Шэліга)»,[3] сын Фэлікса (Шчаснага) (? — 1590) і Багумілы з Корсакаў. Прозьвішча Руцкі паходзіць ад назвы маёнтку Рута. Доўгі час лічылася, што карані роду Велямінаў выводзяцца з тэрыторыі Маскоўскай дзяржавы, адкуль прадстаўнікі роду трапілі ў ВКЛ у час Лівонскай вайны. Пазьней час зьяўленьня Велямінаў на беларускіх землях быў «адсунуты» на першую палову XVI ст. Новаадшуканыя беларускім архівістам Германам Брэгерам дакумэнты, а таксама аналіз пячатак дазволілі гісторыку Дзянісу Лісейчыкаву скласьці генэалёгію роду і зрабіць выснову, што Веляміны (альбо Велямінавічы) пражывалі на Наваградчыне ўжо ў канцы XV ст.[3] Бацькі будучага ўніяцкага мітрапаліта вызнавалі ўжо кальвінскую веру і свайго сына Івана (Яна) ахрысьцілі, верагодна, паводле абраду менавіта гэтай плыні пратэстантызму.
У 1580-я навучаўся ў наваградзкіх анабаптыстаў Ліцынія, Майсея, Цімоха, пасьля — у Віленскай кальвінскай школе. Пазьней навучаўся ў Празе ў Карлавым унівэрсытэце (ад 1590). Там, у 1592 годзе, пад уплывам езуітаў перайшоў у каталіцтва, за што маці пазбавіла яго спадчыны. Стаў вучыцца на сьвятара і свае філязофскія студыі праходзіў у 1593—1596 гг. у Вюрцбурскім унівэрсытэце. Каля 1600 г. дзеля працягу сваіх багаслоўскіх студыяў паступіў у Грэцкі калегіюм ў Рыме і на асабістую просьбу папы Клімэнта VIII, верагодна, на падставе таго, што яго продкі раней вызнавалі праваслаўе, прыняў там усходні абрад дзеля служэньня справе Уніі.
У 1603 прызначаны рэктарам Віленскае ўніяцкае сэмінарыі[4]. У 1605 падрыхтаваў навукова-пэдагагічны трактат «Дыскурс», у якім абгрунтаваў неабходнасьць сур’ёзных рэформаў у галіне адукацыі й выхаваньня Ўніяцкай Царквы. Прапанаваў пераймаць досьвед замежных адукацыйных установаў і мкнуцца стварыць магчымасьці для атрыманьня добрай адукацыі ў межах Вялікага Княства Літоўскага, удасканальваючы свае адукацыйныя ўстановы. У 1606 выехаў у Маскву да цара Дзьмітрыя, прапаноўваў яму накіроўваць юнакоў у ВКЛ для навучаньня. Тады ж разам з кармэлітам Паўлам няўдала спрабаваў зьдзейсьніць місіянэрскае падарожжа ў Пэрсію, пасьля чаго вярнуўся ў ВКЛ.
Царкоўная дзейнасьцьРэдагаваць
У Вільні Ян Руцкі зблізіўся з манахам уніяцкага манастыра Сьвятой Тройцы Язафатам Кунцэвічам. Верагодна, пад яго ўплывам 6 верасьня 1607 Ян Руцкі вырашыў пайсьці ў манастыр і стаць манахам, каб прысьвяціць сябе справе абнаўленьня ўсходняга манаства і пашырэньню уніі. 1 студзеня 1608 прыняў манаскі пострыг пад імем Язэп. У тым самым годзе быў высьвячаны на дыякана, пасьля на прасьвітара. Выдаў «Тэзісы», скіраваныя супраць пратэстанцтва.
У ліпені 1608 Кіеўскі мітрапаліт Іпаці Пацей намінаваў Язэпа Руцкага сваім намесьнікам у Віленскім манастыры Сьвятой Тройцы, што выклікала канфлікт зь ераманахамі — Самуэлем Сянчылам і Баўтрамеем Рашкоўскім. У 1609 прызначаны архімандрытам Віленскага Траецкага манастыра, мусіў абараняць яго ад нападаў праваслаўных. За місіянэрскую дзейнасьць Я. Руцкага віленскі месьціч Максім Шэмбель учыніў на яго замах.
Схіліў да ўніяцтва Рыгора Трызну й Яна Мялешку. Зь іх дапамогаю разам зь Язафатам Кунцэвічам стварыў уніяцкія манастыры ў Быцені, Жыровічах, Наваградку. 16 лістапада 1611 архімандрыт Язэп Руцкі абраны на каад’ютара Кіеўскага ўніяцкага мітрапаліта. 16 чэрвеня 1613 як каад’ютар Кіеўскага мітрапаліта атрымаў прывілей і быў высьвячаны на біскупа Галіцкага. Далучыў да уніі Менскі Ўзьнясенскі манастыр.
Пасьля сьмерці Іпація Пацея ў 1613 стаў 3-м уніяцкім мітрапалітам Кіеўскім. 8 жніўня 1613 г. атрымаў годнасьць архібіскупа-мітрапаліта Кіеўскага. 5 красавіка 1614 атрымаў булу ад папы Рымскага Паўла V, паводле якой быў зацьверджаны Кіеўскім уніяцкім мітрапалітам.
Яго галоўнай заслугай зьяўляецца рэфармаваньне ўсходняга манаства і заснаваньне ў 1617 Ордэну базылянаў. Да гэтага часу Зьяднаная (унійная) Царква мела ўжо сваю супольнасьць манахаў у пяці манастырах, якія падтрымлівалі місійныя намаганьні мітрапаліта Язэпа Руцкага і архімандрыта Язафата Кунцэвіча. Гэта былі манастыры ў Вільні, Быцені, Жыровічах, Наваградку і Менску, дзе пражывала каля ста манахаў. Уласна яны былі пакліканыя для ажыцьцяўленьня пляну мітрапаліта Язэпа Руцкага па адраджэньні заняпалай Усходняй Царквы і для працы над падвышэньнем асьветы сярод вернікаў грэцкага абраду. У Вільні, Наваградку і ў Менску былі адкрытыя школы для моладзі, у Жыровічах адноўлена паломніцкае месца, а ў манастыры ў Быцені пад духоўным кіраўніцтвам айцоў езуітаў створаны навіцыят і распачалася фармацыя тых, хто абраў для сябе шлях манаства і служэньня еднасьці. Дзякуючы намаганьням мітрапаліта Язэпа Руцкага Зьяднаная Царква перад яго сьмерцю мела на 1636 год 160 манахаў у 36 манастырах (пераважна на землях сучаснай Беларусі). Пры ім Уніяцкая Царква па-сапраўднаму ўмацавалася і пачала разьвівацца.
Мітрапаліт Язэп Руцкі памёр у манастыры ў Дэрмані на Валыні. Ён быў пахаваны ў Вільні, дзе яго магіла стала аб’ектам глыбокай пашаны. У 1655 годзе, пасьля захопу Вільні маскоўскімі войскамі, труну зь яго парэшткамі яны вывезьлі ў невядомым кірунку. У 1937 годзе Грэка-Каталіцкая Царква распачала падрыхтоўку да працэсу бэатыфікацыі мітрапаліта Язэпа Руцкага.
ТворыРэдагаваць
Актыўна ўдзельнічаў у літаратурнай палеміцы зь Мялеціем Сматрыцкім, у адказ на палемічныя трактаты якога выдаў «Двайную вайну» і «Экзамэн абароны» (абодва 1621). Пісаў на старабеларускай і старапольскай мовах[4].
Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну, бараніў ідэі хрысьціянскай еднасьці.
Папярэднік — |
Протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Язафата 1617—1626 |
Наступнік Рафал Корсак |
Папярэднік Іпаці Пацей |
мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі 1613—1637 |
Наступнік Рафал Корсак |
ЗаўвагіРэдагаваць
- ^ Іншая форма імя: Ёсіф Руцкі
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Valer Bulhakaŭ. Geopolityczne miejsce Białorusi w Europie i świecie, 2006. — С. 11, ISBN 978-83-60694-02-2. https://books.google.pl/books?id=UJw73EycbKoC&pg=PA11&dq=J%C3%B3zef+Welamin-Rucki&hl=pl&sa=X&ved=0ahUKEwjFrPCK7L7fAhVph4sKHbXKBhkQ6AEIKTAA#v=onepage&q=J%C3%B3zef%20Welamin-Rucki&f=false
- ^ Уладзімір Кароткі. Руцкі (Велямін-Руцкі) Іосіф // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0. С. 522.
- ^ а б Дзяніс Васільевіч Лісейчыкаў. Мітрапаліт Іосіф Вельямін-Руцкі і яго тастамент
- ^ а б Уладзімір Кароткі. Руцкі (Велямін-Руцкі) Іосіф // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0. С. 523.
ЛітаратураРэдагаваць
- Іван Саверчанка. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. — Мн.: «Навука і тэхніка», 1994. ISBN 5-343-1330-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Язэп Руцкі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў