Дамавік (дамавы, дамавой, хатнік, гаспадар, падпечнік, хоплік) — у славянскіх народаў хатні дух, міталягічны гаспадар і заступнік хаты, які забясьпечвае нармальнае жыцьцё сям’і, здароўе людзей і жывёлаў, урадлівасьць.

Іван Білібін, «Дамавік»

Забабоны

рэдагаваць

На працягу году было некалькі дзён, калі дамавіку неабходна было выказаць свае адносіны да яго. Часьцей за ўсё гэта былі гасьцінцы — кілішак віна, луста хлеба, кавалак сала й што-небудзь з салодкага. Іх пакідалі на стале на ноч, каб дамавік пачаставаўся. Казалі, што апоўначы дамавік абавязкова выйдзе са свайго патаемнага месца й прыме ежу. І тады раніцай можна будзе заўважыць сьляды яго сьняданку й адчуць, як зьменіцца атмасфэра ў хаце.

Пакідаючы ежу дамавіку, абавязкова прыгаворвалі прыблізна так: «Гаспадар-бацюхна, захавай маю хацінку й маю скацінку»; «Гаспадурушка, батухна, хлеб-соль прымі, скацінку вадзі»; «Дамавішка-дзядуля, усіх паі, кармі авечушак, наладжвай лад, глядзі гладка й сьцялі мякка».

Калі гаспадыня забывала пакінуць дамавіку прысмакі, той мог пакрыўдзіцца й перастаць дапамагаць гаспадарам хаты, і тады ўсё пойдзе наперакос: зьнікне жаданьне працаваць, пахісьнецца гаспадарка, апануюць хваробы й нястачы.

Нашымі продкамі дамавік звычайна ўспрымаўся як ашчадны, клапатлівы гаспадар, які ва ўсім дапамагае працаздольнай і дружнай сям’і.

Тых, хто дрэнна вёў гаспадарку, не клапаціўся аб чысьціні й парадку, ленаваўся, ён пужаў, па-свойму шкодзіў, імкнуўся чамусьці навучыць гаспадароў такім чынам.

Пры пераезьдзе ў новую хату дамавіка запрашалі з сабой: «Дамавік, дамавік, не заставайся тут, а ідзі з нашай сям’ёй».

Дамавік, які жыў у згодзе з гаспадарамі, абавязкова папярэджваў аб надыходзячай бядзе ці нястачы. Той, хто пачуе гэтыя перасьцярогі, здолее перамагчы непрыемныя падзеі.

З пакаленьня ў пакаленьне перадаваліся пэўныя забароны ў адносінах да дамавіка: заходзячы ў хлеў, моцна не размаўлялі, каб лішні раз не «турбаваць» дамавіка; калі прыносілі ў хату дровы, не кідалі іх долу з грукатам; жанчыны не павінны былі хадзіць па хаце з распушчанымі й не пакрытымі хустай валасамі.

Пра дамавіка, яго гарэзы й жарты, пра тое, як ён выглядае й калі зьяўляецца ў сем’ях, асабліва шмат распавядалі ў тыя дні, калі па традыцыі яго неабходна было ўлагоджваць. Адным з такіх дзён зьяўляецца 10 лютага.

Літаратура

рэдагаваць
  • Хто ў доме гаспадар? // «Народная газета» № 186(5852), 10 ліст. 2010.