Арысто́тэль (па-старажытнагрэцку: Ἀριστοτέλης; 384 да н. э., Стагір — 322 да н. э., Халкіда на Эўбэі) — старажытнагрэцкі філёзаф і навуковец, стваральнік асобнае філязофскае плыні й фармальнае лёгікі.

Арыстотэль, копія бюста працы Лісіпа

БіяграфіяРэдагаваць

Паходзіў з высакароднае сям’і (бацька, Нікамах, быў лекарам македонскага караля Аміны ІІІ, маці — Фэстыда). Нарадзіўся ў месьце Стагіры на поўначы Грэцыі[1]. Арыстотэль рана страціў бацькоў. У 18-гадовым веку пачаў жыць у Ватэнах, дзе захапіўся лекцыямі Плятона. У хуткім часе адасобіўся для незалежных філязофскіх разважаньняў.

У 343 годзе да н. э. македонскі кароль Філіп (Піліп) даверыў Арыстотэлю выхаваньне свайго сына Аляксандра (будучы Аляксандар Македонскі). Выхаваньне працягвалася каля трох-чатырох гадоў, пасьля яго заканчэньня Арыстотэль быў шчыра ўзнагароджаны праз караля.

У 334 годзе да н. э. Арыстотэль заснаваў у Ватэнах сваю школу ў ліцэі, якая атрымала назву перыпатэтычнай. Пасьля сьмерці Аляксандра Македонскага жыхары Атэнаў паднялі паўстаньне для ўзнаўленьня незалежнасьці. Арыстотэль праз свае былыя стасункі з Македоніяй не карыстаўся сымпатыяй у ватэнянаў. Арыстотэль адчуваў пагрозу ў сваім далейшым прабываньні ў Ватэнах, таму перасяліўся ў Халкіс на Эўбэі, дзе й памёр у 322 годзе да н. э..

Навуковыя поглядыРэдагаваць

Арыстотэль лічыў, што ўсе рэчы, якія рэальна існуюць, створаныя з формы й матэрыі. Паводле яго, матэрыя — субстанцыя бяз формы, яна матэрыял для ўсіх рэчаў. Форма ж робіць матэрыю нейкім канкрэтным прадметам, іншымі словамі — гэта сутнасьць кожнае рэчы. Форма ня можа існаваць без матэрыі й наадварот. Пачатак усяго існага — Бог. Арыстотэль сыстэматызаваў і разьвіў практычна ўсе галіны тагачасных ведаў — лёгіку, філязофію, прыродазнаўства, гісторыю, палітыку, этыку, літаратуру, эстэтыку.

Ім напісаны сотні кнігаў («Катэгорыя», «Аналітыкі», «Мэтафізыка», «Фізыка», «Гісторыя жывёлаў», «Пра душу», «Палітыка», «Паэтыка»). Арыстотэль лічыў, што людзі пачалі філязофстваваць, каб пазбавіцца няведаньня, і трэба стварыць асаблівую навуку, якая б дасьледавала «пачаткі й прычыны». Пазьней гэта навука была названая «мэтафізыкай». Арыстотэль крытыкаваў вучэньне Плятона пра ідэі як першакрыніцу рэальнага сьвету. У васнове быцьця бачыў 4 пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу рух і мэты. Паводле ягонага вучэньня форма (актыўны пачатак) пераўтварае матэрыю (пасіўны пачатак) як магчымасьць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком сьвету й вышэйшай мэтай ягонага разьвіцьця лічыў Бога. Гэта абумовіла аб’ектыўна-ідэалістычны характар ягонае філязофіі. Працэс пазнаньня ён разумеў як рух ад адчуваньняў да агульных паняцьцяў, паколькі «ўсялякія навуковыя веды ёсьць веды пра агульнае». У касмалёгіі Арыстотэль стаяў на пазыцыях геацэнтрызму (Зямля — цэнтар). Прызнаваў мэтазгоднасьць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёлаў. Падчас разгляданьня ўзаемаадносінаў індывіда й грамадзтва, прыйшоў да высновы, што чалавек «істота палітычная, …, грамадзкая». Таму важную ролю адводзіў дзяржаве. Лепшай формай дзяржаўнага ладу лічыў такую ўладу, пры якой выключаліся б злоўжываньне ўладай, падаўленьне свабодаў грамадзянаў, прычыненьне шкоды дабрабыту й годнасьці людзей. Але пры гэтым ён праўдзіў рабаўладальніцкі характар антычнага грамадзтва й лічыў, што рабства існуе «ад прыроды». У эстэтычных трактатах разьвіваў тэорыю мастацтва, якое набліжаецца да рэальнасьці. Ягонае вучэньне моцна паўплывала на пазьнейшае разьвіцьцё філязофскае думкі й амаль 2 тыс. гадоў існавала як плынь арыстотэлізму ў філязофіі й прыродазнаўстве. Арыстотэль быў заснавальнікам фармальнае лёгікі, стваральнікам сылягістыкі, якія паслужылі філязофскай асновай схалястыкі.

Навуковая спадчынаРэдагаваць

Творы Арыстотэля былі вядомыя на Русі, у XIV—XV стагодзьдзях распаўсюджваліся зборнікі, што ўключалі ўрыўкі ягоных твораў. У Вялікім Княстве Літоўскім цікавасьць старабеларускае грамадзкае думкі да ідэяў Арыстотэля ўзрасла ў эпоху Адраджэньня. Глыбока ведаў ягоныя творы Францыск Скарына, які пісаў пра неабходнасьць злучэньня «Саламонавай і Арыстотэлевай мудрасьці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху прадстаўнікі прагрэсіўнае грамадзкае думкі Вялікага Княства Літоўскага асаблівае значэньне надавалі сацыяльна-палітычным і эстэтычным дактрынам Арыстотэля (Сымон Будны, Ляўрэнці Зізаній, Андрэй Волян і інш.). У 1568 годзе Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалоданьня вучэньнем Арыстотэля». Элемэнты філязофіі Арыстотэля вывучаліся ў брацкіх школах. У XVII—XVIII стагодзьдзях у навучальных установах Вялікага Княства Літоўскага вучэньне Арыстотэля трактавалася ў духу рэлігійна-каталіцкае артадоксіі; у той жа час значна ўзрасла цікавасьць да ягоных прыродазнаўчых канцэпцыяў. Эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстотэля з новай навукай. Але ў канцы 18 ст. адбыўся адыход навуковае думкі ад схалястызаванага арыстотэлізму.

Творы Арыстотэля перакладаў арабскі філёзаф і лекар, прадстаўнік арабскага арыстатэлізму Авэроэс.

ТворыРэдагаваць

Творы Арыстотэля, якія цалкам альбо часткова дайшлі да нашага часу: «Катэгорыі», «Аб тлумачэньні», «Першыя аналітыкі», «Другія аналітыкі», «Топіка», «Аб сафістычных абвяржэньнях», «Фізыка», «Аб паходжаньні й зьнішчэньні», «Аб небе», «Мэтыяралёгіка», «Гісторыя жывёлаў», «Аб частках жывёлаў», «Аб узьнікненьні жывёлаў», «Аб руху жывёлаў», «Пра душу», «Нікамахава этыка», «Эўдэмава этыка», «Палітыка», «Атэнская палітыя», «Рыторыка», «Паэтыка».

Шматлікія творы Арыстотэля ахопліваюць амаль усю вобласьць даступных тады ў той час ведаў, якія ў ягоных працах атрымалі найбольш глыбокае філязофскае абґрунтаваньне, было прыведзенае ў строгі, сыстэматычны парадак, і ягоны эмпірычны базіс значна ўзрос. Некаторыя з гэтых твораў не былі выдадзеныя ім самім пры жыцьці, а многія іншыя падложна яму прыпісаныя ў наступстве. Але нават некаторыя месцы тых твораў, якія бясспрэчна належаць яму, можна паставіць пад сумнеў, і ўжо старажытныя стараліся патлумачыць сабе гэту няпоўнасьць рукапісаў Арыстотэля. Паводле паданьня, якое захавалася ў Страбона й Плютарха, Арыстотэль завяшчаў свае творы Фэафрасту, ад якога яны перайшлі да Нэлія са Скепсіса. Наступнікі Нэлія схавалі каштоўныя рукапісы ад хцівасьці пэргамскіх цароў у 1111, дзе яны моцна пацярпелі ад сырасьці й цьвілі. У 1 стагодзьдзі да н. э. яны былі праданыя за высокую цану багачу й аматару кнігаў Апэлікону ў вартым жалю стане, і ён пастараўся аднавіць пацярпелыя месцы ў рукапісах сваімі ўласным прыбаўкамі, але не заўжды пасьпяхова. Пазьней, пры Суле, яны трапілі ў ліку іншай дабычы ў Рым, дзе Тыраніян і Андронік Радоскі выдалі іх у сучасным выглядзе. Паводле меркаваньня некаторых дасьледчыкаў, гэты аповед можа быць верным толькі адносна вельмі невялікага ліку другасных сачыненьняў Арыстотэля.

Філязофскія погляды АрыстотэляРэдагаваць

Арыстотэль лічыў, што ўсе рэчы, якія рэальна існуюць, створаныя з формы й матэрыі. Паводле яго, матэрыя — субстанцыя бяз формы, матэрыял для ўсіх рэчаў. Форма ж робіць матэрыю нейкім канкрэтным прадметам, іншымі словамі — гэта сутнасьць кожнае рэчы. Форма ня можа існаваць без матэрыі й наадварот. Пачатак усяго існага — Бог.

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Голин Г. М. Хрестоматия по истории физики. Классическая физика. / [Сост. Голин Г. М.]. — Мн.: Выш. школа, 1979. — С. 5.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Арыстотэльсховішча мультымэдыйных матэрыялаў