Кезгайла Валімонтавіч
Кезгайла Валімонтавіч (у каталіцтве Міхал; каля 1380 — каля 1449) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Староста генэральны жамойцкі (1412—1432, 1440 і з 1443), маршалак гаспадарскі (1413), кашталян віленскі (з 1445). Пачынальнік роду Кезгайлаў.
![]() Герб «Задора» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1380 |
Памёр | каял 1449 |
Род | Кезгайлы |
Бацькі | Валімонт Бушкавіч |
Жонка | Алена |
Дзеці | Міхайла, Ян, Пётар, Дабяслаў, Бутрым |
Валодаў часткай Дзявалтава, Солаў і Сьвядасьці. Ад вялікага князя Вітаўта атрымаў Крожы, Плоцеле ды іншыя маёнткі ў Жамойці[1]. Быў старостам вількамірскім (1409—1412).
ІмяРэдагаваць
- Асноўны артыкул: Кезгайла
Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Кезгайла складаецца з фармантаў -кес-, які паходзіць ад гоцкага gais 'суліца, кап’ё', і -гайл-, які паходзіць ад гоцкага і бургундзкага gails 'жвавы, свавольны, ганарысты'[2]. Такім парадкам, імя Кезгайла азначае «жвавае кап’ё»[3].
Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Kesgaylo Wolymuntonis (18 студзеня 1401 году)[4], Kynsgail (1404 год), па(н) Кезкаилъ (20 траўня 1407 году)[5], Michel andirs Kynsegail hauptman czu Wylkomirye (1410 год), Nicolaus alias Kynsgal (1411 год), Kynsgal capitaneus Samagittarum (1412 год), Michael Kinsgall capitaneus Samagitarum (27 верасьня 1422 году)[6], Kinsgail hauptmann in Samagitten (1425 год), Dominus Mychell alias Kenzegall capitaneus terre Samogittarum (1426 год), Kekzgal capitanei Samaijti (8 верасьня 1431 году)[7], Kiezygal capitaneo Samogitarum (Kiezygal capitaneus Samogitarum[8]; 24 верасьня 1432 году)[9], пан Кезкгаило староста Жомоитский[10] (27 верасьня 1432 году)[11], Michael alias Keszgal, Kesgaylo Wolymunthowicz, Kesgal, Kinsgal, Kynsegal, Kisegal, Kiesgal, Кезкгаил(о)[12], Kynszgail (7 лістапада 1432 году)[13].
БіяграфіяРэдагаваць
Зь літоўскага баярскага роду, сын Валімонта Бушкавіча. Меў братоў Румбольда, Яўнута, Шадзібора, Гудзігерда і Судзівоя.
Упершыню ўпамінаецца ў 1401 годзе пры складаньні Віленска-Радамскай уніі. Быў заўзятым прыхільнікам Вітаўта, пры падтрымцы якога стаў старостам жамойцкім. Актыўна спрыяў хрысьціянізаціі паганцаў-жамойтаў, у 1418 годзе здушыў сялянскае паўстаньне, а ў 1419 годзе выкрыў змову жамойцкага баярства супраць вялікага князя.
У 1413 годзе ад літоўскай дэлегацыі браў удзел у разьвязаньні справы Бэнэдыкта Макры. У 1425 (двойчы), 1430, 1437, 1444 і 1446 гадох езьдзіў да вялікага магістра. У 1431 годзе быў у складзе пасольства да караля Польшчы.
Па сьмерці Вітаўта ў 1430 годзе разам з братамі Румбольдам і Яўнутам падтрымаў абраньне вялікім князем Сьвідрыгайлы. Быў сярод падпісантаў антыпольскай Скірстымонскай умовы (1431 год). Па тым, як у 1432 годзе ў выніку перавароту да ўлады прыйшоў Жыгімонт Кейстутавіч, Валімонтавічаў узялі ў палон. Румбольда і Яўнута пакаралі сьмерцю, тым часам Кезгайлу вярнулі ўсе ягоныя ўладаньні. Магчыма, да гэтага прычынілася тое, што ягоная дачка ажанілася зь Янам Гаштольдам — уплывовым хаўрусьнікам Жыгімонта. Пазьней браў удзел у складаньні Гарадзенска-Троцкай уніі.
Ажаніўся з Аленаю (нявысьветленага паходжаньня), меў сыноў Міхайлу, Яна, Пятра, Дабяслава, Бутрыма і, магчыма, Таліята, а таксама дачок Даратэю (жонка Яна Гаштольда) і Мілохну (жонка Пятра Гедыгольдавіча).
У 1444 годзе фундаваў касьцёл у Дзявалтаве. У 1445 годзе з ініцыятывы жонкі яго ўпісалі ў кнігі Кракаўскага ўнівэрсытэту[14].
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Насевіч В. Кезгайлы // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 2. С. 80.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17—18.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 23.
- ^ Akta unji Polski z Litwą, 1385—1791. — Kraków, 1932. S. 38.
- ^ Українські грамоти XV ст. — Київ, 1965. С. 35.
- ^ Dokumenty strony polsko-litewskiej pokoju mełneńskiego z 1422 roku. — Poznań, 2004. S. 11.
- ^ Дополнения к Актам историческим, относящимся к России : Собраны в иностранных архивах и библиотеках и изданы Археографической Комиссией. — СПб., 1848. С. 306.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 163.
- ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 144.
- ^ Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам: Ч. 1. — Вильно, 1843. С. 6.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 327.
- ^ Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.. — 2-е выд. — Смаленск, 2014. С. 252.
- ^ Liv-, Esth- und Curländisches Urkundenbuch nebst Regesten / Hrsg. von F. G. von Bunge. Bd. 8. — Riga; Moskau, 1884. S. 373.
- ^ Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.. — 2-е выд. — Смаленск, 2014. С. 253.
ЛітаратураРэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
- Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.: Склад — структура — улада / пераклад А. Мікус. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 386 с. — ISBN 978-5-00076-015-4
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Semkowicz W. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle r. 1413 // Miesięcznik Heraldyczny. Organ Towarzystwa Heraldycznego we Lwowie. R. 6, Nr. 11—12, 1913.